Малая Іліяда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Малая Іліяда
Ἰλιὰς μικρά
Выданне
Спрэчка паміж Адысеем і Аяксам, малюнак XVIII ст.
Жанр Эпас
Аўтар Лесх
Мова арыгінала Старажытнагрэчаская
Дата напісання VII ст. да н. э.
Папярэдні Эфіяпіда
Наступны Аблога Троі

Малая Іліяда (стар.-грэч.: Ἰλιὰς μικρά) — старажытнагрэчаская паэма, частка эпічнага цыклу пра падзеі Траянскай вайны. Аўтарства прыпісваецца Лесху з Лесбаса (VII ст. да н. э.).

Да нашага часу не захавалася.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Захавалася толькі 14 фрагментаў і спасылак на падзеі «Малой Іліяды», пакінутых старажытнагрэчаскімі пісьменнікамі. Аднак найбольш поўны выклад падзей застаўся дзякуючы пераказу Еўтыхія Прокла (II ст.).

Змест[правіць | правіць зыходнік]

«Малая Іліяда» апавядае пра падзеі дзясятага года Траянскай вайны, якія храналагічна ідуць паміж падзеямі, апісанымі ў Эфіяпідзе і Аблозе Троі. Цэнтральнай постаццю «Малой Іліяды» фактычна з’яўляецца Адысей. Паэма пачынаецца з яго перамогі над Аяксам у спаборніцтве за даспехі Ахіла. Аякс у вар’яцтве робіць напад на натоўп ахейцаў, а потым скончвае жыццё самагубствам.

Калхас прадракае, што грэкі здолеюць захапіць Трою, калі вернуць стрэлы Геракла, што засталіся ў героя Філактэта, які на шляху да Троі быў атручаны змяёй і быў вымушаны спыніцца на Лемнасе. Адысей і Дыямед вяртаюцца за Філактэтам. Махаон загойвае яго рану. Пасля з’яўлення ля муроў Троі Філактэт змагаецца з Парысам і забівае яго. Менелай здзекуецца з цела мёртвага суперніка, аднак траянцы выносяць яго з поля бою.

Пасля смерці Парыса яго браты спрачаюцца за права ажаніцца з Аленай. Перамагае Дэіфоб. Гелен у роспачы пакідае Трою і ідзе да гары Іда, дзе трапляе ў палон да Адысея. Ён прадракае, што Троя будзе захоплена, калі грэкі вывезуць рэшткі Пелапа з Пісы Элідскай, выкрадуць статую Палады з траянскага храма і прывязуць Неапталема, сына Ахіла. Ахейскі карабель адплывае ў Эліду. Адысей прывозіць Неапталема і перадае яму даспехі бацькі. Перад юнаком з’яўляецца прывід Ахіла і натхняе яго на бітву. Адысей і Дыямед пераапранаюцца ў жабракоў і трапляюць у Трою. Алена пазнае іх, але не выдае траянцам. У выніку героі паспяхова выкрадаюць статую.

Па парадзе Афіны грэкі будуюць Траянскага каня, куды месцяцца выбраныя воіны. Астатнія адступаюць на востраў Тэнедас. Траянцы бураць частку мура і зацягваюць каня ў свой горад.

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Відавочна, у адрозненне ад вялікай «Іліяды», «Малая Іліяда» не мела адзінай рэдакцыі, таму ў канспекце Еўтыхія Прокла некаторыя падзеі, апісаныя Лесхам, паўтараюць тое, што было ўключана ў «Аблогу Троі» Стасіна. Тым не меней, Арыстоцель заўважаў, што «Малая Іліяда» дала сюжэт для 8 старажытнагрэчаскіх трагедый.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]