Кіпрыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ахвярапрынашэнне Іфігеніі, каля 1609 г.

Кі́прыі, або Кі́прыя (стар.-грэч.: Κύπρια) — старажытнагрэчаская эпічная паэма з цыклу твораў пра Траянскую вайну. Аўтарам лічыцца кіпрскі паэт Стасін, Гамер ці галікарнаскі паэт Кіпрый.

Да нашага часу не захавалася.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

«Кіпрыі» узгадваліся шматлікімі аўтарамі антычнасці, але арыгінал загінуў пры пажары Александрыйскай бібліятэкі. Лічылася, што Гамер перадаў яе кіпрскаму паэту Стасіну ў якасці пасага сваёй дачкі, а Стасін перапрацаваў. Пазнейшыя даследаванні захаваных урыўкаў паказалі, што «Кіпрыі» былі складзены пазней за «Іліяду», але маглі папярэднічаць «Адысеі». У 1995 г. быў знойдзены надпіс у Галікарнасе, у якім аўтарства паэмы прыпісвалася мясцоваму паэту Кіпрыю.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш поўнай крыніцай зместу «Кіпрый» з'яўляецца канспект, складзены граматыкам Еўтыхіям Проклам (II ст. н. э.), а таксама ўрыўкі ў выкладзе канстанцінопальскага патрыярха Фоція I (IX ст. н. э.). Захавалася толькі 52 арыгінальныя радкі, хаця ў першапачатковым выглядзе паэма змяшчала 11 раздзелаў і магла складацца з некалькіх тысяч радкоў.

Змест[правіць | правіць зыходнік]

Гея пакутвае ад перанаселенасці, і Зеўс вырашае пачаць вайну, каб скараціць колькасць людзей.

Падчас вяселля Пелея і Фетыды паміж багінямі Афрадытай, Афінай і Герай пачынаецца спрэчка, хто з іх найпрыгажэйшая. Парыс прысуджае перамогу Афрадыце і атрымоўвае ад яе абяцанне атрымаць у жоны Алену Цудоўную. Хірон дорыць Пелею магутны ствол дрэва, з якога Гефест і Афіна вырабляюць дзіду (пазней яна належыць Ахілу).

Афрадыта раіць Парысу пабудаваць флот для вандроўкі ў Спарту. Нягледзячы на прадказанні ганебнага лёсу, Парыс разам з Энеям адпраўляюцца за Аленай. У Спарце іх вітаюць Менелай, Кастар і Палідзеўк. Менелай загадвае Алене сачыць за гасцямі, а сам накіроўваецца на Крыт. Парыс карыстаецца гэтым для выкрадання Алены. Кастар і Палідзеўк гінуць, але Зеўс дорыць ім неўміручасць.

Менелай і Агамемнан збіраюць былых жаніхоў Алены для экспедыцыі ў Трою. Нестар пераказвае некалькі міфаў. Апавядаецца пра няшчырае вар'яцтва Адысея, што не жадае ісці на вайну. Агамемнану прадказваюць, што вайна працягнецца 10 гадоў. Ён вырашае прынесці ў ахвяру сваю дачку Іфігенію. У апошні момант дзяўчыну выратоўвае Артэміда.

Аб'яднаны флот грэкаў трапляе ў Мізію замест Троі і бярэ ў аблогу горад Тэўтрас. Паміж Ахілам і Агамемнанам адбываецца спрэчка. Ахіл знаходзіць памагатага для таго, каб дасягнуць Троі. Але траянцы паспяхова адбіваюць першую атаку. Грэкі патрабуюць вярнуць ім Алену і выкрадзены Парысам скарб. Ахіл упэўнівае паплечнікаў не пакідаць зямлю траянцаў. Грэкі рабуюць наваколле горада. Ахіл захоплівае ў палон Брысеіду, а Агамемнан — Хрысеіду. Такім чынам ствараецца падстава для будучага канфлікта Ахіла і Агамемнана.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]