Меншавікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Меншавік)
Павел Аксельрод, Юлій Мартаў і Аляксандр Мартынаў у Стакгольме (16 мая 1917 года)

Меншавікі — члены памяркоўнага крыла Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), якую ўзначальвалі Юлій Мартаў, Фёдар Дан, Іраклій Цэрэтэлі, Павел Аксельрод і іншыя.

Палітычныя погляды[правіць | правіць зыходнік]

Гумарыстычная выява бальшавікоў і меншавікоў на паштоўцы. 1917 г.

Раскол РСДРП на бальшавікоў і меншавікоў адбыўся на II з’ездзе РСДРП пры галасаванні па 1-м параграфе статуту партыі. Бальшавікі трымалі курс на гегемонію пралетарыяту ў будучай рэвалюцыі. Уладзімір Ленін хацеў стварыць згуртаваную, баявую, выразна арганізаваную, дысцыплінаваную пралетарскую партыю. «Мартаўцы» выступалі за больш свабодную асацыяцыю, арыентаваліся на ліберальную буржуазію. Прыхільнікі Леніна адстойвалі «праграму максімум», у якой прапаноўвалася поўнае знішчэнне буржуазнага класа і стварэння працоўнага руху, а прыхільнікі Мартава «праграму мінімум», у якой улічваліся інтарэсы дробных буржуа і сялян. З гэтай прычыны яны і атрымалі пазначэнні «бальшавікоў» і «меншавікоў» адпаведна. Надалей гэтыя групы то намагаліся аб’яднацца, то разыходзіліся, але, як выявілася, раскол адбыўся канчатковы, хоць неаднаразова былі пераходы як ад меншавікоў да бальшавікоў (напрыклад, Льва Троцкага), так і наадварот.

У адрозненне ад бальшавікоў, якія аж да XIX з’езда партыі называлі сябе так афіцыйна (РСДРП (б) — РКП (б) — ВКП (б), дзе (б) азначала «бальшавікоў»), слова «меншавік» заўсёды было нефармальным — партыя менавалася сацыял-дэмакратычнай.

Меншавікі не выступалі за ўстанаўленне пралетарскай дыктатуры і не знакамітыя такімі гістарычнымі постацямі, як Уладзімір Ленін ці Іосіф Сталін (Троцкі стаў граць вялікую гістарычную ролю, стаўшы бальшавіком), але іх ідэйны і тэарэтычны ўзровень, як правіла, быў вышэйшы за бальшавіцкі. Калі сярод старых бальшавікоў акрамя Леніна і Бухарына практычна не было вялікіх ідэолагаў і тэарэтыкаў-марксістаў, дык сярод меншавікоў можна назваць імёны тэарэтыкаў Георгія Пляханава, Юлія Мартава, Мікалая Чхеідзэ, Фёдара Дана. Аднак ва ўмовах Расіі палітычны ўплыў меншавікоў быў менш значным, чым бальшавікоў.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі меншавікі ўвайшлі ў склад Часовага ўрада і атрымалі вялікі ўплыў у Саветах (тут трэба асабліва адзначыць ролю М. Чхеідзэ, І Цэрэтэлі, Ф. Дана, М. Лібера).

Пасля 1917 года[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі часта выступалі супраць бальшавікоў. Дзейнасць партыі то забаранялі, то дазвалялі, пакуль канчаткова не забаранілі.

Доля большасці меншавікоў была трагічнай — частка з іх зазнала рэпрэсіі падчас «чырвонага тэрору» часоў грамадзянскай вайны, іншым давялося эміграваць, некаторыя былі рэпрэсаваныя падчас расправы над так званым «Саюзным бюро ЦК меншавікоў» (працэс 1931 года).

Увесну 1931 года ў Маскве пачаўся чарговы публічны працэс. Гэтым разам на лаве падсудных апынуліся 14 асоб з «Саюзнага бюро ЦК меншавікоў». З 1 па 9 сакавіка 1931 яны выслухалі набор стандартных абвінавачванняў: ад развалу савецкай эканомікі да ўстанаўлення сувязі з урадамі імперыялістычных дзяржаў. Сярод тых, хто праходзіў па гэтым працэсе, выявіліся член Прэзідыума Дзяржплана Уладзімір Громан, вядомы эканаміст і журналіст Мікалай Суханаў, член праўлення Дзяржбанка СССР Шэр. Усе яны «прызналі» сябе вінаватымі і атрымалі ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Канчатковую кропку паставіў «вялікі тэрор» 1936—1938 гг.

Тым не менш, асобным меншавікам, якія афіцыйна змянілі перакананні, удалося выжыць і нават дасягнуць значных пасад, напрыклад Андрэю Вышынскаму, які стаў Генеральным пракурорам, пазней міністрам замежных спраў і кандыдатам у члены Прэзідыума (Палітбюро) ЦК КПСС, дыпламатычныя кар’еры зрабілі таксама Іван Майскі, Аляксандр Траяноўскі.

Меншавіцкая Грузія[правіць | правіць зыходнік]

Ноэ Жарданія, прэм’ер-міністр Грузіі (1918—1921)

Вялікіх поспехаў дасягнулі меншавікі ў Грузіі. 26 мая 1918 яны абвясцілі незалежную дэмакратычную рэспубліку. Кіраўніком урада стаў Ноэ Жарданія, важную ролю гралі Чхеідзэ і Цэрэтэлі. Аднак у 1921 Чырвоная армія заняла Грузію і ўсталявала там савецкую ўладу.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Меньшевики в 1918 году / Отв.ред. З.Галили, А.Ненароков; Отв.сост. Д.Павлов. — М.: РОССПЭН, 1999. — 798 с.
  • Меньшевики в 1919—1920 гг. / Ответ. ред.: Галили З., Ненароков А.; Отв. сост. Павлов Д. — М.: РОССПЭН, 2000. — 935 с.
  • Меньшевики в 1921—1922 гг. / Ответ. ред.: Галили З., Ненароков А.; Отв. сост. Павлов Д. — М.: РОССПЭН, 2002. — 622 с.
  • Меньшевики в 1922—1924 гг. / Ответ. ред.: Галили З., Ненароков А.; Сост. А.Ненароков. — М.: РОССПЭН, 2004. — 728 с.
  • Меньшевики в советской России: Сб.док. — Казань: [Б.и.], 1998. — 228 с.
  • Урилов И. Х. История российской социал-демократии (меньшевизма). — Ч.1. Источниковедение. — М.: Раритет, 2000. — 286 с.; Ч.2. Историография. — М.: Раритет, 2001. — 350 с.
  • Тютюкин С. В. Меньшевизм: Страницы истории / С. В. Тютюкин. — М.: РОССПЭН, 2002. — 560 с.
  • Liebich A. From the Other Shore. Russian Social Democracy after 1921. — Harvard: Harvard University Press, 1997. — 476 p.
  • Brovkin V. The Mensheviks after October: Socialist Opposition and the Rise of the Bolshevik Dictatorship. — Ithaca and London: Cornell University Press, 1987. — 329 p.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]