Перайсці да зместу

Мікалай Мікалаевіч Улашчык

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Мікалаевіч Улашчык
Дата нараджэння 1 (14) лютага 1906
Месца нараджэння
Дата смерці 14 лістапада 1986(1986-11-14) (80 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мемуарыст, перакладчык, пісьменнік, гісторык, этнограф
Навуковая сфера гісторыя[1], археаграфія[1] і этнаграфія[1]
Месца працы
Навуковая ступень доктар гістарычных навук
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Нікалай Георгіевіч Беражкоў
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мікалай Мікалаевіч Улашчык (1 (14) лютага 1906, в. Віцкаўшчына, Койданаўская воласць, Мінскі павет, Мінская губерня — 14 лістапада 1986, Масква) — беларускі гісторык, археограф, этнограф, краязнавец, літаратар. Доктар гістарычных навук (1964). Аўтар навуковых прац па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, па праблемах летапісання, крыніцазнаўства і археаграфіі.

Біяграфічныя звесткі

[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 1 (14) лютага 1906 года ў в. Віцкаўшчына Койданаўскай воласці Мінскага павета (цяпер — Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) ў сялянскай сям’і.

У 1924 годзе, па заканчэнні 2-й мінскай вячэрняй школы для дарослых, паступіў на сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1929 годзе. У 1924—1930 гадах працаваў у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы і Кніжнай палаце БССР. Удзельнічаў у нацыянальна-культурным (асабліва краязнаўчым) руху, садзейнічаў заснаванню і выпуску «Летапісу беларускага друку». Пачаў публікавацца з 1924 года. У 1929 годзе з’явілася яго першая навуковая публікацыя пад назвай «Беларускі друк у 1927—1928 гадах».

Пасля ўніверсітэта М. Улашчыка прызвалі на вайсковую службу ў Ленінград. Там жа яго арыштавалі 16 чэрвеня 1930 года па абвінавачванні ў кіраўніцтве маладзёжным цэнтрам не існуючага «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 года высланы на 5 гадоў у Налінск Вяцкай вобласці. Арыштаваны зноў у ліпені 1932 года і 10 чэрвеня 1933 года асуджаны паўторна; этапіраваны ў Марыінскі лагер; потым у пасёлак Суслава Кемераўскай вобласці[2]. Вызвалены вясной 1935 года без права вяртання ў Беларусь. Працаваў выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў розных навучальных установах Расіі. З 1939 года ў Ленінградзе. Арыштаваны 23 чэрвеня 1941 года; высланы ў Златавуст Чалябінскай вобласці.

Пры садзеянні акадэміка Л. Арбелі 28 лістапада 1942 года вызвалены, займаўся вывучэннем аграрнай гісторыі Беларусі і Літвы ХІХ ст. У 1948 годзе выкладаў у Маскоўскім універсітэце. У 1949 годзе звольнены з працы. Арыштаваны 23 снежня 1950 года; этапіраваны ў лагер пры пасёлку Суслава ў Сібіры. Вызвалены 25 сакавіка 1955 года.

Вярнуўся ў Маскву. Да 1986 года працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН СССР.

Памёр 14 лістапада 1986 года ў Маскве. Пахаваны ў Мінску на Чыжоўскіх могілках.

Навукова-даследчыцкая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Галоўныя кірункі даследаванняў — праблемы аграрнай гісторыі, крыніцазнаўства, археаграфіі Беларусі, айчыннага летапісання. Першыя публікацыі прысвечаны нацыянальнаму кнігазнаўству, археалагічным раскопкам Банцараўскага гарадзішча (сааўтар С. С. Шутаў). У манаграфіі «Перадумовы сялянскай рэформы 1861 г. ў Літве і Заходняй Беларусі» (1965) паказаў спецыфіку аграрнага ладу на літоўска-беларускіх землях, узмацнення там эканамічных і сацыяльных зрухаў, а ў выніку развіццё тэндэнцыі, набліжанай да заходнееўрапейскіх краін, па т.зв. прускім шляху, якая стрымлівалася феадальна-прыгонніцкай сістэмай царскай Расіі.

У «Нарысах па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду» (1973) прааналізаваў актавы матэрыял па гісторыі Беларусі, часткова Літвы і Украіны паводле археаграфічных публікацый за 1824—1940 гады, паказаў дзейнасць даследчыкаў І. Грыгаровіча, І. Лабойкі, І. Даніловіча, С. Пташыцкага, П. Бяссонава, Я. Галавацкага, Дз. Даўгялы, М. Доўнар-Запольскага, У. Пічэты і інш. у стварэнні аб’ектыўнай, дакументальна абгрунтаванай карціны беларускай мінуўшчыны, раскрыў палітыка-ідэалагічную тэндэнцыйнасць тагачасных афіцыйных выданняў, у т.л. Віленскай археаграфічнай камісіі. 2-я частка гэтага твора (захавалася ў рукапісе, выдадзена пасмярртна пад назвай «Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі», уклад. Я. М. Кісялёва, В. У. Скалабан, 1999) прысвечана крытычнаму разгляду зборнікаў дакументаў па гісторыі Беларусі XVII — першай паловы XIX стагоддзяў, па руска-беларускіх сувязях XVI—XVII стагоддзяў, выданняў Інстытута літаратуры АН БССР, крыніцазнаўчых матэрыялаў па беларускай літаратуры XIX стагоддзя, выданняў пра жыццё і творчасць Я. Купалы і Я. Коласа. 3 задуманага 3-га раздзела археаграфічных прац (разгляд публікацый мемуарных крыніц па гісторыі Беларусі XIX — пачатку XX стагоддзяў) прааналізаваў успаміны Э. Вайніловіча.

Упершыню пераклаў на рускую мову і падрыхтаваў да выдання «Хроніку Быхаўца» (1966), складальнік і рэдактар 32-га (1975) і 35-га (1980) тамоў беларуска-літоўскіх летапісаў у серыі Поўны збор рускіх летапісаў. Адшукаў і апісаў Ленінградскі і Краснаярскі спісы «Хронікі літоўскай і жамойцкай». Сістэматызацыя, навуковыя каментарыі, гістарыыяграфічны і археаграфічны аналіз летапісаў вызначаюцца грунтоўнасцю меркаванняў і аб’ектыўнасцю.

Навуковую значнасць маюць і гіпатэтычныя меркаванні М. Улашчыка пра дзяржаўна-кансалідуючую ролю старажытнага Наваградка, мажлівае летапісанне ў ім, пра 15 страчаных «рускіх» (беларускіх) летапісаў, выкарыстаных у «Хроніцы» М. Стрыйкоўскага, і інш.

Спалучэнне даследчыцкай дакладнасці з апавядальнай займальнасцю характэрна для гісторыка-этнаграфічных, краязнаўчых, мемуарных прац «Была такая вёска» (1989), «Хроніка» («Скарыніч», вып. 1—3, 1991—97), «Краязнаўства» («Маладосць», 1999—2000).

  • Збор твораў: [ у 3 т. ] / Мікалай Улашчык. Т. 1 : Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству. — Смаленск : Інбелкульт, — 2017. — 1359 с.
  • Збор твораў: [ у 3 т. ] / Мікалай Улашчык. Т. 2 : Працы па гісторыі. — Смаленск : Інбелкульт, — 2019. — 1279 с.[3]
  • Даць народу гісторыю: успаміны, лісты / Мікалай Улашчык. — Мн. : Лімарыус, 2016. — 559 с., [6] л. іл. — (Беларуская мемуарная бібліятэка)
  • Деревня Вицковщина 1880—1917 гг.: Историко-этнографический очерк / Н. Н. Улащик. — М. : ИМЛИ, 2003. — 192 с.
  • Выбранае / Мікалай Улашчык. — Мн. : МГА «Бел. кнігазбор», 2001. — 604 с., [4] л. іл. — (Беларускі кнігазбор. Серыя 2, Гісторыка-літаратурныя помнікі)
  • Мемуары і дзённікі як крыніцы па гісторыі Беларусі: З рукапіснай спадчыны / Мікалай Улашчык. — Мн. : Пейто, 2000. — 85 с.
  • Краязнаўства: Нататкі пра бадзянні ў 1924—1929 гг.: З рукапіснай спадчыны / Мікалай Улашчык. — Мн. : Пейто, 1999. — 158 с.
  • Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі: З рукапіснай спадчыны / Уклад.: Я. М. Кісялёва, В. У. Скалабан. — Мн. : БелНДІДАС, 1999. — 119 с.
  • Была такая вёска: гісторыка-этнаграфічны нарыс / Мікола Улашчык. — Мн. : Мастацкая літаратура, 1989. — 172, [2] с.
  • Введение в изучение белорусско-литовского летописания / Н. Н. Улащик. — М. : Наука, 1985. — 258, [6] с.
  • Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода / Н. Н. Улащик. — М. : Наука, 1973. — 302, [1] с.
  • Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии / Н. Н. Улащик. — М. : Наука, 1965. — 478, [1] с.

Артыкулы ў перыядычных і серыйных выданнях

[правіць | правіць зыходнік]
  • Введение обязательных инвентарей в Белоруссии и Литве // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1958. — М., 1959. — С. 256—277.
  • Заметки о черной металлургии Белоруссии в начале XIX в. // Из истории рабочего класса и революционного движения: Памяти академика А. М. Панкратовой: Сб. ст. — М., 1958. — С. 122—123.
  • Изменения в хозяйстве крепостной Литвы и Западной Белоруссии в связи с введением новых культур (картофель) // Материалы по истории сельского хозяйства и крестьянства СССР. Сб. 5. — М., 1962. — С. 308—337.
  • Крепостная деревня Литвы и Западной Белоруссии накануне реформы 1861 года // Вопросы истории. — 1948. — № 12. — С. 51-56.
  • Обезземеливание крестьян Литвы и Западной Белоруссии накануне отмены крепостного права // Революционная ситуация в России 1859—1861 г. — М., 1960. — С. 49—61.
  • Орудия производства и системы земледелия в помещичьем хозяйстве Литвы и Западной Белоруссии в период разложения феодально-крепостнического строя // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1959. — М., 1961. — С. 173—185[4].

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]

Асабісты архіў М. Улашчыка захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай АН Беларусі, часткова — у БДАМЛіМ, Нацыянальным архіве Беларусі.

У г. Старыя Дарогі М. Улашчыку ўстаноўлены помнік[5].

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.;
  • Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
  • Буганов В. Н. Н. Улащик — источниковед и археограф // Источниковедение отечественной истории, 1975. — М., 1976;
  • Ялугин Э. Только камни. — Мн., 1989;
  • Міхнюк У. «Невінаватым ад нас не выйдзеш…» // Беларуская мінуўшчына. 1995, № 6;
  • М. М. Улашчык: Бібліяграфічны паказальнік. — Мн., 1996;
  • М. М. Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі: (да 90-х угодкаў вучонага). — Мн., 1997;
  • Казаў Улашчык // Каўка А. Будам жыць! Пра тое самае. — Мн. — М., 1998;
  • Станішэўскі В. Чатыры арышты Міколы Улашчыка // Спадчына. 1999, № 4;
  • Станішэўскі В. Радавод сям’і Улашчыкаў: Гістарычны нарыс. — Мн., 2001;
  • Каўка А. Мікалай Улашчык як постаць беларускага замежжа: старонка з гісторыі дыяспары ў Маскве // Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы III Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый» (Мінск, 21-25 мая, 4-7 снеж. 2000 г.) / Уклад. Т. Пятровіч; рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш.. Масква, 2001;