Міхал Антонавіч Зяновіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхал Антонавіч Зяновіч
Герб «Дэспат»
Герб «Дэспат»
Докшыцкі павятовы маршалак
1795 — 1797
Папярэднік няма (пасада заснавана)
Пераемнік няма (пасада скасавана)
Барысаўскі павятовы маршалак
1811 — 1814
Папярэднік граф Дамінік Феліцыянавіч Тышкевіч (1763—1813)
Пераемнік граф Пій Феліцыянавіч Тышкевіч (1756—1858)
Мінскі губернскі маршалак
1814 — 1823
Папярэднік граф Людвік Міхалавіч Ракіцкі (1775—пасля 1829)
Пераемнік Леў Францавіч Оштарп (1785—1851)

Нараджэнне 1768(1768)
Вялікае Княства Літоўскае
Смерць пасля 1823
Расійская імперыя
Род Зяновічы
Бацька Антон Жыгімонтавіч Зяновіч (Дэспат-Зяновіч), полацкі падкаморы (1764—1795)
Маці Элеанора-Магдалена Важынская (Скарбек-Важынская)
Жонка Ганна Крыштофаўна Шчыт (Неміровіч-Шчыт)
Дзеці Ігнат, Ян, Геранім, Антон, Людвік, Юсціна, Віргінія
Веравызнанне каталік
Аўтограф Выява аўтографа
Узнагароды ордэн Святой Ганны 2 ступені (1816), ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені (1816),

Міхал Антонавіч Дэспат-Зяновіч (польск.: Michał Despot-Zenowicz, руск.: Михал Антонович Деспот-Зенович), 1768—пасля 1823, грамадскі дзеяч, докшыцкі павятовы маршалак (1795—1797), барысаўскі павятовы падкаморы (1799—1802), барысаўскі павятовы маршалак (1811—1814), мінскі губернскі маршалак (1814—1823).

Паходжанне і сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Зяновічаў гербу «Дэспат», які паходзіў з Полацкага ваяводства ВКЛ.

Нарадзіўся ў 1768 у сям'і шляхціца Антона Жыгімонтавіча Зяновіча і яго жонкі шляхцянкі Элеаноры-Магдалены Важынскай (Скарбек-Важынскай), шлюб якіх адбыўся ў 1764. Бацька Антон Зяновіч адносіўся да сярэднезаможнай каталіцкай шляхты Полацкага ваяводства ВКЛ, дзе і займаў мясцовыя земскія пасады — полацкага войскага (18.12.1762—18.04.1763) і полацкага падкаморага (07.03.1764—6.03.1795); валодаў фальваркамі Окунева і Забор'е ў Полацкім ваяводстве; атрымліваў ад манарха Рэчы Паспалітай у пажыццёвае валоданне Шнітаўскае староства, арэндныя Чэрніцкае староства (прывілеем ад 1 ліпеня 1768) і Бельчыцкае староства (прывілеем 19 красавіка 1784) у Полацкім ваяводстве і ў спадчыннае валоданне фальваркі Якшыцы і Свіла ў Менскім ваяводстве (прывілеем 23 лістапада 1768), Глінаўшчына, Воранаў, Гняздзілава, Альбяровічы, Енкі і Пісарэўшчына (тым жа прывілеем 23 лістапада 1768) у Аршанскім павеце ВКЛ. Маці Міхала Элеанора-Магдалена Важынская паходзіла з каталіцкай шляхты Ашмянскага павета ВКЛ.

Міхал Антонавіч Зяновіч ажаніўся з Ганнай Крыштофаўнай Шчыт (Неміровіч-Шчыт), ад якой меў сем дзяцей: Ігнат, Ян, Геранім, Антон, Людвік, Юсціна, Віргінія.

Службовая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Сваю публічную і палітычную кар'еру пачаў з таго, што быў выбраны ў 1789 на сойміку Полацкага ваяводства ВКЛ дэпутатам ад Полацкага ваяводства ў Галоўны Літоўскі Трыбунал, а ў 1790 — паслом ад Полацкага ваяводства на «Вялікі сойм» (1788—1792). У 1791 ён стаў дэкрэтовым пісарам, шамбялянам манарха Рэчы Паспалітай і кавалерам ордэна Святога Станіслава.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, ужо пры расійскай уладзе, у Мінску на дваранскіх выбарах выбіраўся павятовымі дваранамі на пасаду докшыцкага павятовага маршалка (1795—1797), меўшы ў Докшыцкім павеце 679 рэвізскіх душ, а пасля скасавання Докшыцкага павета (і ўключэння яго тэрыторыі ў склад суседніх паветаў) — падкаморым (1799—1802) Барысаўскага павета, дзе меў зямельную маёмасць. У 1800 Зяновіч упамінаецца як пісар літоўскай асэсорыі.

На дваранскіх выбарах у Мінску быў абраны 28 верасня (ст.ст.) 1811 на пасаду барысаўскага павятовага маршалка (1811—1814). 20 лютага 1812 быў таксама прызначаны Віленскім універсітэтам на пасаду ганаровага наглядальніка вучэльняў Барысаўскага павета.

Першая старонка газеты «Kuryer Litewski» (№28, 1799 г.), дзе ўказваецца аб просьбе да ўлад Міхала Зяновіча падараваць яму арэнднае Чэрніцкае староства ўзамен на пяцігадовыя даходы Шнітаўскага строства

Сваю пасаду барысаўскага павятовага маршалка захаваў за сабой, хоць пасля прыходу ў 1812 у літоўска-беларускія губерні Расійскай імперыі французскіх войск падчас франка-расійскай вайны Міхал Зяновіч увайшоў у склад створанай французскімі ўладамі мясцовай адміністрацыі: паводле дэкрэта князя Экмлюльскага (французскага маршала Луі-Нікаля Даву) ад 13 ліпеня (25 ліпеня) 1812 была створана Камісія Часовага Урада Мінскай правінцыі для кіравання справамі ў захопленай Мінскай губерні і прызначаны асобы (у тым ліку Зяновіч), якія павінны ўвайсці ў яе склад. У Мінску гэтая Камісія выбрала са свайго кола старшыню (князя Міхала Крыштафавіча-Дамінікавіча Пузыню) і генеральнага камісара пры маршале князе Экмюльскім (ім як раз і стаў Міхал Антонавіч Зяновіч). Паводле дэкрэта князя Экмлюльскага Камісія падзялілася на тры аддзелы (гаспадарчы, паліцыі і фінансавы), размеркаваўшы ў аддзелах асоб, выбраных князем Экмюльскім членамі Камісіі. Міхал Зяновіч увайшоў членам (разам з Антонам Тадэвушавічам Ваньковічам) у склад гаспадарчага аддзела, узначаленага старшынёй — Ігнатам Станіслававічам Манюшкам (1787—1869). Паводле дэкрэта французскага імператара Напалеона І ад 19 чэрвеня (1 ліпеня) 1812 для кіравання захопленымі французамі тэрыторыямі, дзе было прагалошана Вялікае Княства Літоўскае, ствараліся дэпартаменты на чале са сваёй адміністрацыяй: па паступовым захопе тэрыторыі былі створаны Віленскі, Гродзенскі, Мінскі і Беластоцкі дэпартаменты — у межах адпаведных расійскіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Толькі 27 ліпеня (8 жніўня) 1812 Камісія Часовага Урада Мінскай правінцыі была ліквідавана французскай уладай, аднак усе яе члены былі пакліканы на пасяджэнне ў складзе аддзелаў Адміністрацыі Мінскага дэпартамента. Хоць Зяновіч у склад новай адміністрацыі не ўвайшоў, але быў з 15 ліпеня (27 ліпеня) да канца жніўня 1812 прэфектам падпрэфектуры Барысаўскага дыстрыкта (павета), пры князі Экмюльскім (маршале Даву) — генеральным камісарам. Пасля адыходу французскіх войск з тэрыторыі літоўска-беларускіх зямель і вяртання расійскага панавання, многія з мясцовай шляхты, якія ўдзельнічалі ў вайне супраць Расіі на баку Францыі, атрымалі амністыю паводле маніфеста расійскага імператара Аляксандра I ад 23 снежня 1812 (6 студзеня 1813).

25 красавіка 1814 у Санкт-Пецярбургу адбыўся надзвычаны сход членаў Сената, Дзяржаўнай Рады і Сінода Расійскай імперыі для абмеркавання пытання аб прынясенні расійскаму імператару Аляксандру I (1777—1825) «ад імя святкуючай Расіі ахвяравання падзякі за вялікія Яго подзвігі, праславіўшыя і ўзнёсшыя айчыну Нашу над усімі дзяржавамі». 15 мая 1814 быў выдадзены ўказ Сената аб зборы ахвяраванняў на спаруду помніка імператару Аляксандру І у гонар перамогі ў вайне 1812 года над Напалеонам І. А 18 чэрвеня 1814 у Мінску для разгляду справы па выкананні гэтага ўказу Сената аб зборы ахвяраванняў адбыўся сход, на які з'ехаліся губернскі маршалак (1811—1814) граф Людвік Міхалавіч Ракіцкі і павятовыя маршалкі Мінскай губерні (у тым ліку, Зяновіч).

Аўтограф Міхала Зяновіча з назвай пасады (па-польску): "Michał Zenowicz Mars Pttu Borys" (г.зн. "Michał Zenowicz Marszałek Powiatu Borysowskiego" — "Міхал Зяновіч маршалак павета Барысаўскага"), 1814 г.

У верасні 1814 на дваранскіх выбарах у Мінску Міхал Зяновіч быў зноў выбраны павятовым дваранствам аднагалосна (140 баламі) на пасаду барысаўскага павятовага маршалка, аднак гэту пасаду не заняў, бо быў выбраны пазней, 7 верасня 1814, на тых жа дваранскіх выбарах на пасаду мінскага губернскага маршалка. Вакантную пасаду барысаўскага павятовага маршалка (1814—1820) заняў граф Пій Феліцыянавіч Тышкевіч (1756—1858), бацька вядомага этнографа, археолага, гісторыка і культурнага дзеяча Яўстаха Тышкевіча (1814—1873), які таксама ў 1844 быў выбраны барысаўскім павятовым маршалкам (1844—1847). Паводле дадзеных за 1814 Міхал Зяновіч валодаў маёнткам Янушаў у Барысаўскім павеце Мінскай губерні, што налічваў 644 рэвізскія душы. У 1816 паводле царскага ўказа стаў кавалерам ордэна Святога Уладзіміра 4-й ступені і ордэна Святой Ганны 2-й ступені.

На наступных дваранскіх выбарах у Мінску ў 1817 і 1820 быў пераабраны дваранамі губерні на пасаду мінскага губернскага маршалка, зацвярджаўся, адпаведна, расійскай уладай на гэтай пасадзе, атрымаў чын стацкага саветніка. Як і многія прадстаўнікі краіннай і рэгіянальнай эліты, стаў членам мясцовых масонскіх лож, што было вельмі папулярным і распаўсюджаным у тыя часы, – «Паўночная паходня» (прамоўца з 1818 і майстар кафедры з 1819), «Гара Табар», «Шчаслівае вызваленне», «Уладзіслаў Ягела», «Святыня пакоя».

Пасля таго як прыйшлі звесткі аб смерці ў 1817 Тадэвуша Касцюшкі ў Швейцарыі, 21—21 лютага (7—8 сакавіка) 1818 мінскі губернскі маршалак Міхал Зяновіч выступіў з прамовай на ўрачыстым ушанаванні героя ў кафедральным касцёле ў Мінску.

Упамінаецца ў 1822 як правадзейны член Маскоўскага таварыства сельскай гаспадаркі, ганаровы наглядальнік вучэльняў Барысаўскага павета.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Раюк, А.Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863–1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі / А.Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. артыкулаў. — Мінск : Бел. навука, 2022. — Вып. 1. — С. 79—89.
  • Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Мінскай губерні ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Гісторыя і грамадазнаўства. — 2020. — № 1. — С. 58—63.
  • Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж губернскім дваранствам у Беларусі ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фалькларыстыкі / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нац. акад. навук Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2008. — Вып. 4. — С. 406—412.
  • Часовая мінская газета. 1812 год: Перакл. з польск. мовы / пад рэд. канд.гіст. навук Я. Анішчанкі. — Мінск : Хурсік, 2008. — 184 с.
  • Швед, В.В. Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVIII — першая чвэрць XIX ст.) : біябібліягр. слоўн. / В.В. Швед. — Гродна : ГрДУ, 2007. — 275 с.