Міхась Навумовіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Міхась Навумовіч
Дата нараджэння 3 кастрычніка 1922(1922-10-03)
Месца нараджэння
Дата смерці 8 сакавіка 2004(2004-03-08) (81 год)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці грамадскі дзеяч, мастак, фізіятэрапеўт
Вучоба
Член у

Міхась Навумовіч або Наўмовіч (нар. 3 кастрычніка 1922, в. Кашалева, цяпер Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць — 8 сакавіка 2004, Парыж, Францыя) — грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі, мастак, фізіятэрапеўт.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і Івана і Ганны Навумовічаў. Меў старэйшага брата Валодзю і сястру Соню. Сям’я была сярэдняга дастатку. У бацькі мелася дзялянка зямлі ў 5 гектараў, акрамя таго, ён быў бондарам, рабіў бочкі і прадаваў[1].

Першапачатковае навучанне атрымаў у весцы Кашалева, вучылі па-польску. Пасля бацькі аддалі яго ў школу у Навагрудку, дзе ён правучыўся да 7-га класа. Настаўнік геаграфіі Орса прапанаваў бацькам абавязкова паслаць Міхася ў гімназію. Пасля заканчэння сёмага класа Міхась пехатой хадзіў у Навагрудак здаваць агульны ўступны экзамен у гімназію. Для вучобы беларусам патрэбны былі немалыя грошы, таму ўсё лета сям’я працавала, каб можна было заплаціць за вучобу. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР гімназію зрабілі рускамоўнай. У гэты час ён далучыўся да групы, якая малявала, афармляў насценную школьную газету. Вучыўся ў прафесара па малюнку Рамашкевіча, які браў яго ў сваі вандроўкі па ваколіцах[1].

4 ліпеня 1941 года ў Навагрудак акупавалі нацысты. Гебітс-камісар дазволіў адчыніць беларускую школу, дзе Міхась працягнуў навучанне[1].

Пасля сканчэння ў 1944 годзе Навагрудскай беларускай гімназіі мабілізаваны ў Беларускую краёвую абарону, накіравалі ў Мінск, у арганізаваную афіцэрскую школу Краёвай абароны, потым у дывізію СС «Беларусь». Пасля пачатку наступлення савецкіх войскаў адступалі праз Вільню, дзе загінула вялікая колькасць вайскоўцаў дывізіі падчас савецкай бамбардзіроўкі чыгуначнай станцыі[1].

Міхась Наўмовіч, разам з некаторымі іншымі вайскоўцамі, вырашылі ўцячы ў лес. Яны апынуліся ў Безансоне[1]. Восенню 1944 года перайшоў да французскіх партызан. 3 канца 1944 у арміі Андэрса.[2]

3 чэрвеня 1945 года жыў у Італіі. Займаўся рэгістрацыяй дакументаў з жандармерыі для суда сёмай дывізіі Андэрса ў Сан-Базіліа, які працаваў на польскай мове. У 1947 годзе, пасля дэмабілізацыі пераехаў ў Парыж. Сустрэўшыся са знаёмым палякам-скульптарам Венгельскім, які, паглядзеўшы малюнкі, адразу запісаў яго ў мастацкую акадэмію. Скончыў факультэт скульптуры Нацыянальнай вышэйшай школы мастацтва ў 1953 годзе. У школе ад прафесара скульптуры, кіраўніка майстэрні, атрымаў прапанову ўдзельнічаць у стварэнні помніка дзеду егіпецкага караля Фарука, але са зменай улады праца над помнікам была спынена[1][2].

Міхась шмат працаваў. Некаторы час Міхась Наўмовіч жыў у інтэрнаце для моладзі, атрымліваючы невялікую стыпендыю з Ватыкана, якую для яго і сяброў даставаў айцец Леў Гарошка. У 1948 годзе са сваім сябрам Янкам Філістовічам стварылі «Беларускую Незалежніцкую Арганізацыю Моладзі», а таксама пачалі выпускаць часопіс «Моладзь»[1][3][4].

У 19531955 гадах прадаўжаў выдаваць гэты часопіс сумесна з Львом Гарошкам, які таксама выпускаў яшчэ адзін часопіс для беларускай эміграцыі «Божым шляхам»[1]. У 1955 годзе школу фізіятэрапіі ў Парыжы.

У 1956 г. ажаніўся, узгадаваў чацвера дзяцей, шмат працаваў, пабудаваў сваімі рукамі дамы[1].

Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзяржаўных і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва.

Памёр 4 сакавіка 2004 года ў Вальпене, пад Парыжам[1].

Грамадская дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Узначальваў з 1946 года Аб’яднанне беларускіх работнікаў у Францыі, у 19491952 гадах Беларускую незалежніцкую арганізацыю моладзі ў Францыі, Аб'яднанне беларускіх студэнтаў, Беларускае аб’яднанне камбатантаў. Рэдагаваў у 19481954 гадах часопіс «Моладзь».

Прадстаўнік у Францыі Беларускага камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі, арганізаванага ў 1989 годзе пры Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане з ініцыятывы айца Аляксандра Надсана.[5]

3 1991 года старшыня Беларускага саюзу. Радны БНР.[6]

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар больш як 10 скульптурных твораў з каменю, у тым ліку помніка на магіле М. Равенскага, скульптур для касцёлаў, моста Аляксандра III і Новага моста ў Парыжы, працы «Вяселле ў Кане Галілейскай». Пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк. У 19501960-я гг. аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Я. Купалы, «Сымон-музыка» Я. Коласа, «Матчын дар» А. Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Маляваў і акварэллю.

Некаторыя свае мастацкія працы Навумовіч перадаў у Беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны.[7]

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Узнагарода па анатоміі Prix Hugier (1949).

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д е ё ж з і Т. Наўмовіч (Навагрудок) Міхась Наўмовіч – беларускі мастак і скульптар на эміграцыі // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы), c. 158-161
  2. а б Міхась Наўмовіч. Мае ўспаміны // Месца выданьня – Парыж. Выбраныя старонкі часопіса моладзь "Моладзь" (1948-1954) – Менск: Згуртаванне Беларусаў Свету Бацькаўшчына, 2004, ISBN: 985-6730-39-2, с. 415-437
  3. Лукашук, А. Вяртанне нацыяналіста : дакументальныя творы. — Мінск : «Кнігазбор», 2013. — 774 с. іл. ISBN 978. С. 214
  4. Аляксандар Лукашук. Памяці Міхася Навумовіча. - Радыё Свабода, 9 сакавіка 2004.
  5. Айцец Аляксандр Надсан і дапамога ахвярам Чарнобыля, Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", 15.04.2020.
  6. Ганна Сурмач. СЬВЕТЛАЙ ПАМЯЦІ СЯБРОЎ РАДЫ БНР ВІТАЛЯ КАЖАНА І МІХАСЯ НАВУМОВІЧА. - Радыё Свабода, 10 сакавіка 2004.
  7. Гардзіенка, Н. С. Музей беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане як спроба захавання культурна-гістарычнай спадчыны беларусаў у замежжы / Н. С. Гардзіенка / / Этнокультурное развитие Беларуси в XIX – начале ХXI в.: материалы междунар. науч.-практ. конф. / редкол. : Т. А. Новогродский (отв. ред.) [и др.]. — Минск: БГУ, 2011. — С. 236 – 239.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]