Міхаіл Восіпавіч Без-Карніловіч
Міхаіл Восіпавіч Без-Карніловіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 29 верасня (10 кастрычніка) 1796 ці 29 верасня 1796[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 (19) студзеня 1862 (65 гадоў) ці 7 студзеня 1862[1] (65 гадоў) |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | навуковец |
Навуковая сфера | краязнаўства, гістарыяграфія і этнаграфія |
Альма-матар | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Міхаіл Восіпавіч Без-Карніловіч (29 верасня (10 кастрычніка) 1796, Падольская губерня, цяпер Украіна — 7 (19) студзеня 1862) — гісторык, краязнавец і этнограф, ваенны тапограф, статыстык, генерал-маёр[2].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў дваранскай сям’і кантралёра мытні Магілёва-Падольскага Осіпа Якаўлевіча Карніловіча. Дзяцінства прайшло ў маёнтку Карніловічы[3]. Старэйшы брат дзекабрыста Аляксандра Карніловіча.
У афіцыйных паперах і дакументах прозвішча Міхаіла Восіпавіча пісалася «Бескарніловіч» або «Без-Карніловіч». Пасля ён звяртаўся ў Дэпартамент герольдыі і непасрэдна да імператара Мікалая I па дазвол пісаць сваё прозвішча, як і ўсе яго сваякі, «Карніловіч». Аднак такога дазволу не атрымаў, і яму было загадана надалей называцца «Без-Карніловіч»[4]
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]У 1816 годзе кончыў 1-ы кадэцкі корпус[2]. Удзельнік руска-турэцкай вайны (1828—1829). Узнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4-ай ст. (1841).
Пад яго кіраўніцтвам у 1831—1847 гадах праводзілася тапаграфічнае і ваенна-статыстычнае вывучэнне Мінскай, Наўгародскай, Віцебскай, Валынскай губерняў і Беластоцкай акругі[2]. За трыганаметрычную здымку ў Наўгародскай губерні атрымаў чын падпалкоўніка.
Haпіcaў ваенна-статыстычны агляд Віцебскай губерні, у якім даў ацэнку правіянтных і дарожна-транспартных магчымасцей краю. Пры правядзенні геадэзічных работ на Віцебшчыне зацікавіўся зборам інфармацыі пра аб’екты старажытнай гісторыі: курганы, гарадзішчы, замчышчы, земляныя валы, фартэцыі і іншыя помнікі даўніны.
З 1852 года ў адстаўцы.
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Збіраў гістарычны і этнаграфічны матэрыялы, на падставе якіх напісаў кнігу «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі…» (СПб, 1855) (руск.), дзе між іншым разгледжаны пытанні этнічнай тэрыторыі, побыту і культуры беларусаў. Тэрыторыю Беларусі абмяжоўваў Віцебскай і Магілёўскай губернямі, астатнія землі называў Літвой. Беларусамі лічыў толькі нашчадкаў крывічоў[2], гаварыў пра беларусаў як пра асобны народ і ставіў іх у «адзін шэраг з суседнімі народамі». Выключнае значэнне надаваў дзяржаўнасці Полацка, лічыў яго цэнтрам крывічоў. Адзначыў згуртаванасць Полацкай зямлі ў 1230-1240-я гады ў барацьбе з нямецкай агрэсіяй, даказваў паходжанне вялікага князя літоўскага Віценя з роду полацкіх князёў[2].
Апісаў жыццё беларускага селяніна, характэрызуючы яго як цяжкае, але як памешчык для паляпшэння сялянскай гаспадаркі прапанаваў ссяляць сялян у вялікія вёскі, захоўваць патрыярхальныя сем’і і нават злучаць у адзін двор невялікія сем’і суседзяў. Асобныя раздзелы кнігі прысвяціў апісанню народных абрадаў, звычаяў, вытворчай дзейнасці, народнай метэаралогіі.
Важным метадалагічным дасягненнем М. Без-Карніловіча быў той факт, што ён імкнуўся вывучаць гісторыю асобных гарадоў або мясцовасцей у непарыўнай сувязі з агульнадзяржаўнай і агульнаеўрапейскай гісторыяй. Таксама імкнуўся браць для свайго даследавання толькі падмацаваныя пісьмовымі крыніцамі матэрыялы. Так, разглядаючы гісторыю Віцебска, М. Без-Карніловіч не назваў дату заснавання горада ці першага яго ўпамінання, не будучы перакананым у яе дакладнасці. Даследчык акрамя гістарычнага экскурсу ў мінулае адным з першых сярод краязнаўцаў расказаў аб яго эканоміцы, мясцовых промыслах.
Даследаваў замчышча каля вёскі Сакалішча Полацкага павета. Ужываў звесткі, атрыманыя ад даследаванняў і аналізу легенд і паданняў, для тлумачэння абрадаў, вераванняў старажытнага чалавека. Напрыклад, запісаў са слоў полацкіх старажылаў, што поруч з колішнім возерам Валоўе, якое знаходзіцца на левым беразе Палаты, амаль насупраць Багародзіцкага манастыра, было капішча Перуна.
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- У часопісе «Северная пчела» надрукаваны «Историко-статистические описания города Валдая» (1832), «Статистическое описание города Боровичи» (1834), «Нашествие литовцев на Устюжну, поветовый город Новгородской губернии» (1836), «Шведы в Тихвине в XVIII столетии» (1837).
- Витебская губерния. СПб., 1852;
- Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии: с присовокуплением и других сведений, к ней же относящихся. СПб, 1855 (рэпр. выд. Мн., 1995).
Зноскі
- ↑ а б Library of Congress Authorities — Library of Congress. Праверана 16 жніўня 2024.
- ↑ а б в г д Без-Корнилович Михаил Осипович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 48. — 737 с.
- ↑ Літаратура і мастацтва, № 51, 24 декабря 2010, с. 12
- ↑ ФЭБ: Пискунова. Комментарии: Корнилович. Письмо императору Николаю. — 2004 (текст)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 373. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 340. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7. С. 103.
- Яновіч М. Міхаіл Без-Карніловіч: генерал ад краязнаўства / М. Яновіч // Народная воля. — 2001. — 29 сак. — С. 3.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Нарадзіліся 10 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1796 годзе
- Нарадзіліся 29 верасня
- Нарадзіліся ў Падольскай губерні
- Памерлі 19 студзеня
- Памерлі ў 1862 годзе
- Памерлі 7 студзеня
- Выпускнікі Першага кадэцкага корпуса
- Кавалеры ордэна Святога Георгія IV класа
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Гісторыкі Беларусі
- Гісторыкі Расійскай імперыі
- Краязнаўцы Беларусі
- Этнографы Беларусі
- Удзельнікі руска-турэцкай вайны 1828—1829
- Постаці Магілёўскай губерні
- Генерал-маёры (Расійская імперыя)