Мэрылін Манро

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з М. Манро)
Мэрылін Манро
Marilyn Monroe
Імя пры нараджэнні Норма Джын Мортэнсан
Дата нараджэння 1 чэрвеня 1926(1926-06-01)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 4 жніўня 1962(1962-08-04)[4] (36 гадоў) ці 5 жніўня 1962(1962-08-05)[5] (36 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Charles Stanley Gifford[d]
Маці Gladys Monroe[d][7]
Муж Джым Догерці[d], Джо Дзі Маджа[d] і Артур Мілер
Адукацыя
Прафесія кінаактрыса, мадэль, кінапрадзюсар, спявачка, аўтабіёграф, мадэль Playboy, фотамадэль, акцёрка
Кар’ера 1947—1962
Узнагароды «Залаты глобус» (1959)
IMDb ID 0000054
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мэрылі́н Манро́; ММ, сапр.: Но́рма Джын Мо́ртэнсан (англ.: Marilyn Monroe, англ.: Norma Jean Mortenson, англ.: Norma Jeane Baker; 1 чэрвеня 1926, каля Лос-Анджэлеса — 5 жніўня 1962, Лос-Анджэлес) — амерыканская кіназорка, актрыса, спявачка, мадэль. Найпапулярнейшая актрыса ЗША сярэдзіны XX стагоддзя. У 1950-я гады ў ЗША, асобных еўрапейскіх краінах склаўся своеасаблівы культ Мэрылін Манро — «манраманія»[9].

Маленства[правіць | правіць зыходнік]

Пасведчанне аб нараджэнні Нормы Джын Мортэнсан

Норма Джын Мортэнсан нарадзілася каля 9:30 раніцы 1 чэрвеня 1926 года ў гарадской бальніцы Лос-Анджэлеса і была трэцім дзіцем кінамантажоркі RKO Pictures Глэдзіс Пёрл Бэйкер (у дзявоцтве — Манро, 27 мая 1902 года — 11 сакавіка 1984 года). Яе бабка па маці — Дэла Манро — была з Ірландыі, дзед — Оціс Манро[10], прыбыў з Шатландыі. Біялагічны бацька дзяўчынкі невядомы, у пасведчанні аб нараджэнні ўказаны Марцін Эдвард Мортэнсан, і сама дзяўчынка таксама была запісаная, як Норма Джын Мортэнсан, але пазней, калі яе ў шэсць месяцаў хрысцілі ў Касцёле Евангелля ў Хоусране, маці змяніла даччыно прозвішча на Бэйкер, якое было прозвішчам яе першага мужа (і якое яна сама да гэтага часу насіла).

Бацькава прозвішча з невядомых прычын было напісана ў дакументах з арфаграфічнай памылкай, бо ў рэальнасці прозвішча нарвежскага эмігранта Марціна Эдварда (1897—1981), за якога Глэдзіс выйшла замуж 11 кастрычніка 1924 года, пісалася як Мортэнсен, а не Мортэнсан. Гэтая памылка прывяла ў свой час да блытаніны наконт таго, біялагічнага бацькі актрысы. З Мортэнсенам Глэдзіс разлучылася 26 мая 1925 года (канчаткова развяліся 15 жніўня 1928 года)[11]. У канцы 1925 года Глэдзіс зразумела, што цяжарная; да таго моманту ў яе было шмат каханкаў пасля Мортэнсена — Чарлз Стэнлі Гіфард, Гаральд Руні, Клэйтан Мак-Намара. Некаторыя біёграфы Манро мяркуюць, што Глэдзіс выкарыстала імя Мортэнсена, каб пазбегнуць ярлыка маці-адзіночкі. Сама Манро заўсёды адмаўляла тое, што Мортэнсен быў яе бацькам і аднойчы заявіла, што калі яна была маленькай, Глэдзіс паказала ёй фатаграфію коміваяжора RKO Pictures Чарлза Стэнлі Гіфарда і сказала, што гэта ён быў яе бацькам. Па словах Манро, у Гіфарда былі вусы, што рабіла яго вельмі падобным на Кларка Гейбла і часам яна забаўляла сябе думкамі, што Гейбл мог быць яе бацькам. Лічыцца, што Норму Джын Мортэнсан назвалі ў гонар дзвюх вялікіх актрыс таго часу: брунеткі Нормы Толмадж і бландзінкі Джын Харлаў, аднак, на момант нараджэння Мэрылін Манро, Джын Харлаў звалі Харлін Карпэнтэр, і Джын Харлаў яна стала толькі ў 1928 годзе, калі Норме Джын было ўжо два гады. На дзіцячых фотаздымках валасы Нормы Джын кучаравыя, рудавата-каштанавыя.

Глэдзіс мела псіхічныя і фінансавыя праблемы, ад чаго шмат часу ў дзяцінстве Нормы прайшло ў прыёмных сем'ях і прытулках. Ва ўзросце ўсяго двух тыдняў Глэдзіс аддала дачку ў прыёмную сям'ю суседзям Дэллы Манро — Ідзе і Альберту Болендэрам[12] у Хотарне ў Каліфорніі. Аднойчы Глэдзіс прыехала да Болендэраў і паспрабавала сілай павезці Норму (яна запіхнула дачку ў вайсковы рэчавы мяшок, пасля чаго паміж жанчынамі пачалася бойка, а Норма зайшлася плачам ад страху). З Болендерамі Норма Джын пражыла да 7 гадоў, але ўвосень 1933 года Глэдзіс забрала дачку і пераехала з ёй ва ўласны дом[13]. Але праз некалькі месяцаў у Глэдзіс пачаліся перапады настрою (як ўспамінала Манро ў яе кнізе «Мая Гісторыя», Глэдзіс адначасова «плакала і смяялася»), што і стала прычынай таго, што ў снежні 1934 года Глэдзіс трапіла ў псіхіятрычную клініку ў Наруолку[14] і Норма Джын стала жыць у сяброўкі Глэдзіс Грэйс Мак-Кі, якая стала яе законнай апякункай. Менавіта Грэйс сказала Манро, што калі-небудзь тая стане кіназоркай. Разам з Грэйс Норма стала хадзіць у кінатэатры і карыстацца касметыкай. Калі Норме было 9 гадоў, 17 жніўня 1935 года Грэйс выйшла замуж за Эрвіна Сілімана Годарда і 13 верасня таго ж года Норму Джын змясцілі ў Сіроцкі Прытулак Лос-Анджэлеса, дзе яе нумарам стаў 3463[15]. У прытулку Норму некалькі разоў хацелі ўдачарыць, але Глэдзіс адмовілася падпісаць адпаведныя дакументы. У чэрвені 1937 года Грэйс забрала Норму Джын назад і тая нейкі час расла з дачкой Эрвіна ад папярэдняга шлюбу, але тады, з-за сексуальнага дамагання Эрвіна Грэйс адправіла Норму да яе стрыечнай цёткі Алівіі Брунінгс у Комптан. Але і там Норма пражыла нядоўга (адзін з сыноў Алівіі таксама спрабаваў згвалціць яе) і ў пачатку 1938 года Грэйс адправіла Норму Джын да яе іншай цёткі Ані Лоуэ, якая жыла ў Ван-Найс. Пазней Манро называла перыяд жыцця з Лоуэ, як адзін з некалькіх перыядаў яе жыцця, калі яна сапраўды адчувала сябе спакойна. Але ў Ані былі праблемы са здароўем і ў 1942 годзе Норма вярнулася да Грэйс[16].

Норма Джын Догерці і Radioplane TDD-2/OQ-3, 26 чэрвеня 1945 года

Падчас вучобы ў «Van Nuys High School» Норма Джын сустрэла Джэймса Эдварда Догерці і паміж імі пачаўся раман[17][18]. У студзені 1942 года сям'я Годдард прыняла рашэнне з'ехаць на ўсходняе ўзбярэжжа ў Заходнюю Вірджынію, але для Нормы Джын у гэтым пераездзе месца не было, у сувязі з чым для 16-гадовай дзяўчыны знайшлася альтэрнатыва і 19 чэрвеня 1942 года Норма выйшла замуж за Джыма Догерці, пасля чаго кінула школу і пасялілася ў яго. Праз год пасля вяселля ён наняўся ў гандлёвы флот, а Норма Джын пайшла працаваць на авіяцыйны завод фірмы Radioplane Co., які выпускаў ДПЛА TDD/OQ. У чэрвені 1945 года, калі Норма Джын яшчэ працавала ў Radioplane, там з’явіўся армейскі фатограф Дэвід Конавер, той, што па ўказанні свайго начальніка Рональда Рэйгана рабіў прапагандысцкія здымкі жанчын на ваенных заводах[19]. Пасля гэтай здымкі Конавер прапанаваў Норме Джын пазіраваць за 5 долараў у гадзіну, і яна пагадзілася[15]. Неўзабаве Норма Джын пакідае працу на заводзе, каб пачаць кар'еру мадэлі.

2 жніўня 1945 года дзевятнадцацігадовая мадэль па імі Норма Джын Догерці кансультавалася ў агенцтве мадэлей Blue Book, размешчаным у гасцініцы Ambassador у Лос-Анджэлесе, Каліфорнія, пасля якога, у камандзе з кіраўніком агенцтва Blue Book Modeling Эммелайн Снайвли і фатографам Андрэ дэ Дьенеса, пачала набываць папулярнасць і вядомасць[20].

Кар'ера ў Галівудзе[правіць | правіць зыходнік]

У жніўні 1946 года яна атрымала прапанову заключыць кантракт на кінастудыі 20th Century Fox, куды яе бралі статысткай. На студыі ёй прапанавалі імёны Кэрал Лінд, Клэр Норман, Мэрылін Мілер, але ў выніку спыніліся на імя, пад якім яна пасля і стала знакамітай, — Мэрылін Манро. Прозвішча Манро — дзявочае прозвішча яе маці.

У кастрычніку 1948 года выйшаў у пракат фільм «Харысткі», створаны на кінастудыі Columbia Pictures. Гэта быў першы фільм, у якім Мэрылін гаварыла і спявала. Мэрылін Манро атрымлівае сямігадовы кантракт са студыяй 20th Century Fox і ролю ў фільме «Асфальтавыя джунглі».

Здымалася фільмах розных жанраў, пераважна ў камедыйных. Сярод найбольш вядомых фільмаў з яе ўдзелам меладрама «Ніягара» (1953), «Джэнтльмены аддаюць перавагу бландзінкам» (1953), вестэрн «Рака, адкуль не вяртаюцца» (1954), камедыі «Свёрб сёмага года» (1955), «Прынц і танцоўшчыца» (1957), «Некаторыя любяць больш гарачае» (у савецкім пракаце «У джазе толькі дзяўчаты», 1959), прычым апошняя стужка ў 2000 Амерыканскім інстытутам кінематаграфіі прызнана лепшай амерыканскай камедыяй усіх часоў. Дыяпазон яе драматычных магчымасцей асабліва раскрыўся ў фільмах «Аўтобусны прыпынак» (1956), «Непрыкаяныя» (1960).

У сакавіку 1954 года Мэрылін атрымала ўзнагароду «Самая папулярная актрыса». У студзені 1955 года Мэрылін абвясціла аб стварэнні ўласнай карпарацыі «Мэрылін Манро прадакшнс», у якой яна з’яўлялася прэзідэнтам і ўладальніцай кантрольнага пакета акцый.

8 сакавіка 1960 года Мэрылін Манро была ўдастоена зоркі на галівудскай «Алеі славы»[21].

Асабістае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Неўзабаве пасля першага вяселля Манро пачатку задумвацца аб сваёй кар'еры, якая пасля і разбурыла гэты шлюб. Пара развялася ў верасні 1946 года.

У студзені 1954 года яна выйшла замуж за бейсбаліста Джо Ды Маджыа. Як пасля аказалася, Ды Маджыа вар'яцка раўнаваў Мэрылін да ўсіх мужчын на свеце і часцяком падымаў на яе руку. На глебе рэўнасці яны і развяліся ў кастрычніку 1954 года. Аднак да канца свайго жыцця Джо любіў Мэрылін і толькі ён з усіх яе палюбоўнікаў прыйшоў на яе пахаванне. Менавіта Ды Маджыа ўсе наступныя гады працягваў апекаваць Мэрылін і стараўся аказваць маральную падтрымку ў яе кар'еры. Пасля вяселля з Ды Маджыа кінастудыя 20th Century Fox запрасіла яе зняцца ў мюзікле «Няма лепш бізнэсу, чым шоў-бізнэс».

Яшчэ ў 1950 годзе Мэрылін пазнаёмілася з драматургам Артурам Мілерам, але потым яны расталіся і зноў сустрэліся ў 1955 годзе. Да таго часу ён быў разведзены, і ад ранейшага шлюбу ў яго было двое дзяцей. Афіцыйна яны пажаніліся 29 чэрвеня 1956 года, а праз два дні пасля гэтага правялі яўрэйскую вясельную цырымонію (Артур быў яўрэем). Гэты шлюб аказаўся самым доўгім з усіх, бо дакладна вядома, што Манро заўсёды марыла пра разумнага мужчыну, які змог бы запоўніць яе прабелы ў адукацыі і стаць яе настаўнікам. Гэты шлюб быў не самым шчаслівым: яны пражылі разам чатыры з паловай гады і развяліся 20 студзеня 1961 года. Пазней стала вядома, што Артур праз некалькі тыдняў пасля вяселля зрабіў запіс у дзённіку, дзе казаў: «Мне здаецца, што яна малое дзіця, я яе ненавіджу!». Мэрылін ўбачыла гэты запіс і была шакаваная, пасля чаго яны з Артурам пасварыліся. Мэрылін заўсёды хацела мець дзяцей, пры кожным шлюбе яна спрабавала зацяжарыць, але ў яе гэта не атрымлівалася. Ад Артура яна зацяжарыла, але цяжарнасць апынулася пазаматкавай[22][23].

З Джэйн Расел 26 чэрвеня 1953 года.

У 1961 года Мэрылін пазнаёмілася з Джонам Кенэдзі, які пасля стаў прэзідэнтам ЗША. Хадзілі чуткі аб іх рамане, а таксама пра раман Мэрылін з яго братам Робертам Кенэдзі, да якога Мэрылін ставілася вельмі добра. Усе гэтыя чуткі доказаў не маюць.

Палітычныя погляды[правіць | правіць зыходнік]

Паводле сведчання сяброўкі і сакратара Мэрылін Манро, Патрысіі Ньюкомб, Мэрылін беспаспяхова прасіла рэпарцёра, які браў у яе апошняе інтэрв'ю, каб ён скончыў артыкул пра яе яе выказваннем: «Тое, у чым сапраўды мае патрэбу свет, гэта рэальнае пачуццё сваяцтва. Усё: зоркі, рабочыя, негры, габрэі, арабы — мы ўсе браты. Калі ласка, не выстаўце мяне несур'ёзнай. Скончыце інтэрв'ю тым, у што я веру»[24].

Манро сябравала з афраамерыканскай джаз-спявачкай Элай Фіцджэральд і дапамагла той у яе кар'еры. Эла Фіцджэральд пазней апавядала: «Я па-сапраўднаму абавязаная Мэрылін Манро… гэта з-за яе я стала гуляць у „Mocambo“, вельмі папулярным начным клубе 50-х гадоў. Яна асабіста патэлефанавала ўладальніку клуба і сказала яму, што хоча, каб я была неадкладна прынятая, і калі ён зробіць гэта, яна брала б пярэдні столік (у гэтым клубе) кожную ноч. Яна сказала яму, — і гэта была праўда, з-за яе статусу суперзоркі, — што прэса будзе схадзіць з розуму. Гаспадар адказаў „так“, і Мэрылін была там, за столікам, кожны вечар. Прэса пайшла за борт. Пасля гэтага мне ніколі ўжо не даводзілася гуляць у невялікім джаз-клубе. Яна была незвычайнай жанчынай, трохі наперадзе свайго часу. І яна пра гэта не ведала»[25].

У Мексіцы ў 1962 годзе, яна была адкрыта звязана з амерыканцамі, якія былі вызначаны ў ФБР, як камуністы, такімі, як Фрэдэрык Вандэрбільт Філд. Дачка апошняга псіхіятра Манро, Джаана Грынсан, сказала, што Манро была «захоплена роўнымі правамі, правамі для чарнаскурых, правамі для бедных. Яна атаясамляла сябе з рабочымі»[26].

Смерць[правіць | правіць зыходнік]

Склеп Мэрылін Манро на Вествудскіх могілках

4 жніўня 1962 года, як вынікае з паказанняў хатняй прыслужніцы Мэрылін — Юніс Мюрэй, Манро, спасылаючыся на стомленасць, рана пайшла ў спальню, узяўшы з сабой тэлефон. Пасля шматлікія апавядалі, што размаўлялі з Мэрылін у яе апошнія гадзіны, але гэтыя сцвярджэнні ніякім чынам не пацвердзіліся (уключаючы знакамітую фразу «Развітайся за мяне з Пэт, з прэзідэнтам і з самім сабой, таму што ты слаўны хлопец», сказаную Піцеру Лоуфарду, паводле яго сцвярджэння, языком, што ледзь варочаўся)[27].

Праз некалькі гадзін, пасля паўночы, Юніс Мюрэй, устрывожаная тым, што з-пад дзвярэй Мэрылін прабіваецца святло, выйшаўшы ў сад і зазірнуўшы ў акно спальні, выявіла нежывое цела Манро, якое ляжала на ложку.

Устрывожыўшыся, Юніс Мюрэй патэлефанавала псіхіятра зоркі, доктару Ральфу Грынсану, і яе асабістаму лекару, доктару Хайману Энгелбергу. Грынсан прыбыў і выявіў цела Мэрылін. Праз некалькі хвілін з’явіўся Энгелберг, канстатавалі смерць. Яе прычынай, як паказала экспертыза, стала «вострае атручванне барбітуратамі, пераральная перадазіроўка». У паліцэйскай справаздачы было запісана: «Верагодна, самагубства».

Мэрылін Манро была знойдзеная мёртвай, з тэлефоннай трубкай у руцэ, у ноч з 4 на 5 жніўня 1962 года, ва ўласным доме ў Лос-анджэлескім раёне Брэнтвуд, па адрасу 12305 Fifth Helena Drive, Брэнтвуд, Каліфорнія. Каля ложка была пустая ўпакоўка ад снатворных пілюль. Чатырнаццаць іншых бурбалак ад лекаў і таблетак былі на начным століку. Манро не пакінула ніякіх перадсмяротных цыдулак. Цела было прынята ў моргу для выкрыцця, якое было выканана патолагаанатамам доктарам Цунэтомі Нагуці, пасля чаго было абвешчана, што Мэрылін Манро памерла ад перадазіроўкі снатворнага.

Адразу пасля смерці актрысы версія аб перадазаванні шырока абмяркоўвалася ў амерыканскім друку, выклікаўшы так званы «эфект Вертэра», у выніку чаго сотні амерыканцаў рушылі ўслед яе прыкладу[28].

Яе пахавалі ў сценах склепе 8 жніўня 1962 года на Вествудскіх могілках.

Рознае[правіць | правіць зыходнік]

Мэрылін Манро сказала «крылатыя» фразы «Не хвалявацца, а хваляваць», «Я люблю прыгожых мужчын! Але сярод нас іх вельмі мала… Вы можаце назваць імя прыгожага мужчыны? Радж Капур, Кларк Гейбл, Лоўрэнс Аліўе і ўсё, мабыць!», «Дайце дзяўчыне пару туфляў на шпільках і яна заваюе ўвесь свет!».

Фотаздымак Мэрылін Манро быў на вокладцы першага нумара часопіса «Playboy» ў 1953 годзе.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Зорка Мэрылін Манро на «Алеі славы» ў Галівудзе

Мэрылін Манро прысвечаныя песні Лэдзі Гагі «Government Hooker» і «Dance in the Dark», Blue System «The Wind Cries (Who Killed Norma Jean)», Марка Эшлі «Marilyn's Dream», Фларана Мота «Marylin», Глена Данцыга «Who Killed Marylin» і Элтана Джона «Candle in the Wind», Джэйн Біркін «Norma Jean Baker», Нікі Мінаж «Marilyn Monroe», Ланы Дэль Рэй «Marilyn Monroe», Фарэла Уільямса «Marilyn Monroe».

У 2010 годзе на экраны выйшаў ролік «Coco Mademoiselle», у аснову сюжэту якога была пакладзена гісторыя рамантычных адносін Мэрылін і фатографа Дугласа Кіркланда.

19 чэрвені 2011 года знакамітая «ляцячая сукенка» Мэрылін Манро (вядомы кадр з кінастужкі «Сверб сёмага года») прададзена на таргах аўкцыённага дома «Profile in History» у Лос-Анджэлесе за 4,6 мільёна долараў[29].

15 ліпеня 2011 года ў Чыкага адкрыта 8-метровая скульптура «Мэрылін назаўжды» якая паказвае Манро ў момант, калі яна ў кінакамедыі «Сверб сёмага года», створанай у 1955 годзе, стаяла на вентыляцыйнай рашотцы на скрыжаванні 52-й вуліцы і Лексингтон-авеню ў Нью-Ёрку, а струмень паветра ўздымаў уверх яе сукенку. Скульптар — Сьцюарда Джонсан[30].

У 2011 годзе ў сусветны пракат выйшаў фільм «7 дзён і начэй з Мэрылін», ролю Манро ў якім выканала Мішэль Уільямс. Фільм распавядае аб праведзеным артысткай часу з Лоўрэнсам Аліўе ў працы над «Прынцам і танцоркай».

Фільмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароды і намінацыі[правіць | правіць зыходнік]

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з The Guardian, аб Манро напісана каля 300 кніг, дысертацый і інш.[31]. Першая і адзіная прыжыццёвая публікацыя была ў 1961 годзе — «Мэрылін Манро» біёграфа Морыса Золатава.

  • «Мэрылін Манро» Дональда Спота
  • «Тайнае жыццё Мэрылін Манро» Рэндзі Тарабарэлі
  • «Сімвал» Алвы Бэс
  • Грачев А. В. Мэрилин Монро, М., 1990. — 64 с., ил. — 150 000 экз.
  • Гомбо А. Мэрилин Монро: Блондинка на Манхэттене / Пер. с фр. Е. Головиной. М.: КоЛибри, Азбука-Аттикус, 2012. — 176 с., ил. — (Персона). — 4000 экз., ISBN 978-5-389-02857-9
  • В. Головской. Мэрилин Монро. Жизнь и смерть, М. : «Захаров», 2007, 2008
  • Мэрилин Монро: Страсть, рассказанная ею самой / Пер. с англ. Н. Павлищевой. — М.: Яуза-пресс, 2012. — 320 с. — (Уникальная автобиография женщины-эпохи). — 10000 экз., ISBN 978-5-9955-0429-0
  • Ренер С. Трагедия Мэрилин Монро / Пер. с фр. Л. Завьяловой. М.: Прогресс, 1970. — 230 с., ил.
  • Тараборелли Р. Мэрилин Монро: Тайная жизнь самой известной женщины в мире / Пер. с англ. А. Степановой. М.: Эксмо, 2012. — 608 с., 3000 экз., ISBN 978-5-699-56861-1
  • Чеботарь С. А., Вульф В. Я. Мэрилин Монро. Немеркнущая «звезда». М.: Яуза, Эксмо, 2013. — 160 с. — (Виталий Вульф о великих женщинах XX века). 5000 экз., ISBN 978-5-699-61059-4
  • «Роковые женщины от Клеопатры до Мэрилин Монро» (Вечное сияние женственности) Виталий Вульф, Серафима Чеботарь. 2013

Зноскі

  1. Marilyn Monroe Biography
  2. birth certificate — 1926.
  3. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 10 снежня 2014.
  4. Marilyn Monroe // https://www.mymovies.it/persone/-/810
  5. Internet Movie Database — 1990.
  6. Find a Grave — 1996.
  7. Pas L. v. Genealogics — 2003.
  8. https://www.nndb.com/edu/710/000079473/ Праверана 7 мая 2022.
  9. Культуралогія: Энцыкл. даведнік / Уклад.: Э. Дубянецкі. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6
  10. Мэрилин Монро. Жизнь в мире мужчин\Софья Бенуа.- М.:Алгоритм, 2012. — 12
  11. AP (February 13, 1981). "Mortensen's Death and documents". New York Times. Праверана March 2, 2010.
  12. Статья «Мэрилин Монро: Взлёты и падения» на сайте «Женские штучки».
  13. Мэрилин Монро. Немеркнувшая «звезда» \ Виталий Вульф, Серафима Чеботарь. — М.: Яуза : Эксмо, 2013. — с.34
  14. Мэрилин Монро \Анна Плантажене; пер. с фр. и вступ.ст. Е. В. Колодочкиной. — М.: Молодая гвардия; Палимпсест, 2011. — 265(7) с.: ил. — (Жизнь замечательных людей: Малая серия: сер.биогр.;вып.14). — 53
  15. а б Мэрилин Монро \Анна Плантажене; пер. с фр. и вступ.ст. Е. В. Колодочкиной. — М.: Молодая гвардия; Палимпсест, 2011. — 265(7) с.: ил. — (Жизнь замечательных людей: Малая серия: сер.биогр.;вып.14). — 54-56
  16. Мэрилин Монро \Анна Плантажене; пер. с фр. и вступ.ст. Е. В. Колодочкиной. — М.: Молодая гвардия; Палимпсест, 2011. — 265(7) с.: ил. — (Жизнь замечательных людей: Малая серия: сер.биогр.;вып.14). — 57, 65
  17. McLellan, Dennis (August 18, 2005). "James Dougherty, 84; Was Married to Marilyn Monroe Before She Became a Star". Los Angeles Times. Праверана May 13, 2011.
  18. "Personal Letter from a 16-Year Old Marilyn Monroe Sells for $52,460 at Bonhams & Butterfields"(недаступная спасылка). artdaily.org (20 красавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 8 жніўня 2013. Праверана 7 мая 2011.
  19. The Radioplane Target Drone.
  20. Мэрилин Монро. Немеркнувшая «звезда» \ Виталий Вульф, Серафима Чеботарь. — М.: Яуза : Эксмо, 2013. — с.48
  21. Marilyn Monroe(недаступная спасылка). Walk of Fame. Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2012. Праверана 14 жніўня 2012.
  22. "Marilyn Monroe: Still Life"(недаступная спасылка). PBS (19 ліпеня 2006). Архівавана з першакрыніцы 15 жніўня 2012. Праверана 8 мая 2011.
  23. "Tony Curtis: 'Marilyn Monroe miscarried my baby'"(недаступная спасылка). The Telegraph (7 жніўня 2009). Архівавана з першакрыніцы 26 чэрвеня 2012. Праверана 8 мая 2011.
  24. Marilyn Monroe - Still Life | American Masters. PBS (19 ліпеня 2006). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2012. Праверана 6 верасня 2012.
  25. The Official Web Site of Ella Fitzgerald(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2012. Праверана 6 верасня 2012.
  26. Marilyn Monroe | Reader's Digest Version(недаступная спасылка). Rd.com. Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2012. Праверана 6 верасня 2012.
  27. Мэрилин Монро \Анна Плантажене; пер. с фр. и вступ.ст. Е. В. Колодочкиной. — М.: Молодая гвардия; Палимпсест, 2011. — 265(7) с.: ил. — (Жизнь замечательных людей: Малая серия: сер.биогр.;вып.14). — 96-97
  28. Причины самоубийств
  29. «Улетающее» платье Мэрилин Монро продано за $4,6 млн
  30. В Чикаго появилась огромная скульптура Мэрилин Монро: каждый может заглянуть ей под платье
  31. Happy birthday, Marilyn(недаступная спасылка). guardian.co.uk (29 мая 2001). Архівавана з першакрыніцы 3 жніўня 2012. Праверана 6 верасня 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Манро // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
  • Манро Мэрылін // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад.: Э. Дубянецкі. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6
  • Беленький И., Мэрилин. — М., 1993. (руск.)
  • Грачев А., Мэрилин Монро. — М., 1991. (руск.)
  • Разлогов К., Мэрилин Монро. — М., 1991. (руск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]