Аркадзь Антонавіч Смоліч

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Аркадзь Смоліч)
Перайсці да: рух, знайсці
Аркадзь Смоліч

Аркадзь Антонавіч СМОЛІЧ (Псеўд. — Л. Б. (Лаўрэн Будзіловіч), Сымон Бортнік[1]; 17 (29) верасня 1891, в. Бацэвічы Мінскай губ. Расійскай імперыі, цяпер Клічаўскі раён Магілёўскай вобл. — 17 чэрвеня 1938, НКУС Омск, РСФСР, СССР) — дзеяч беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, вучоны у галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, картаграфіі, геаграфіі. Прафесар (1927).

Біяграфічны нарыс[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям'і святара. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1905), Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах (Польшча, 1916), вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце.

З 1910 г. член Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Актыўны ўдзельнік клуба «Беларуская хатка» ў Мінску. У пачатку 1911 г. атрымаў пасаду тапографа-таксатара ў лясным бюро Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, што дазволіла былому апальнаму студэнту за два гады пабываць у многіх кутках Беларусі, асабліва ў Віленскай і Гродзенскай губернях, і было карысным для напісання кнігі «Геаграфія Беларусі» (1919)[2].

На канферэнцыі БСГ у чэрвені 1917 г. увайшоў у склад яе часовага ЦК, быў рэдактарам газеты «Грамада». Удзельнік Усебеларускага з'езда 1917 ў Мінску.

У 1918 г. Аркадзь Смоліч стаў адным з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1-м урадзе (Народным Сакратарыяце) БНР Смоліч займаў пасаду народнага сакратара асветы. Пасля распаду БСГ разам з іншымі беларускімі дзеячамі ў красавіку 1918 г. арганізаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, аўтар праекта яе праграмы, адзін з тэарэтыкаў беларускай сацыял-дэмакратыі. У 1918 г. знаходзіўся ў Гродне, у час паўторнага наступлення палякаў на Беларусь (верасень 1920 г.) пераехаў у Вільню. Удзельнічаў у стварэнні Таварыства беларускай школы і быў яго першым старшынём, працаваў настаўнікам у Віленскай беларускай гімназіі.

Вярнуўся ў Мінск з дазволу ўрада Савецкай Беларусі ў жніўні 1922 г. Працаваў загадчыкам планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР. Адначасова з 1923 г. дацэнт, прафесар (1927) і загадчык кафедры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У 1923 г. пад кіраўніцтвам А. Смоліча створаны часопіс «Плуг» і Цэнтральнае Бюро краязнаўства[3]. З 1925 г. намеснік старшыні Інбелкульта, кіраўнік сельскагаспадарчай секцыі і камісіі па раянаванні БССР, быў старшынёй Цэнтральнага бюро краязнаўства.

У 1928 г. абраны правадзейным членам Рускага геаграфічнага таварыства, узнагароджаны (1930) яго Малым залатым медалём за навуковыя працы «Размяшчэнне насельніцтва па тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг.: Папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі» (абедзве 1929). Пачынальнік айчыннай геаграфічнай навукі, аўтар першага акадэмічнага падручніка па «Геаграфія Беларусі» (1919; 4-е выд., 1993), які адкрываўся эпіграфам «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў». Зрабіў уклад у пераўтварэнне Інбелкульта ў Акадэмію навук Беларусі, быў адным з аўтараў яе першага статута. З 1929 член Прэзідыума БелАН.

Арыштаваны 26 чэрвеня 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 г. за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў пазбаўлення волі, сасланы на 5 гадоў у Осу Пермскай вобласці, потым у Ішым Цюменскай вобласці. Вызвалены ў жніўні 1935 г. Зноў арыштаваны ў ноч з 1718 чэрвеня 1937 г. Паводле рашэння тройкі УНКУС па Омскай вобласці прыгавораны да расстрэлу, расстраляны ў Омскай турме 17 чэрвеня 1938 г. Па першым прыгаворы рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 10 чэрвеня 1988 г., па другім прэзідыумам Цюменскага абласнога суда — 9 лютага 1957 г. Групавая справа А. Смоліча і іншых № 20951-с з фота­здымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Быў жанаты, гадаваў траіх дзяцей.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Арганізацыя сялянскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі. Мн., 1927;
  • Размяшчэнне насельніцтва на тэрыторыі Беларускай ССР. Мн., 1929;
  • Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг.: Папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі. Мн., 1929;
  • Геаграфія Беларусі / 4-е выд. Мн., 1995.

Зноскі

  1. Смоліч Аркадзь Антонавіч
  2. Ліс, А. Цяжкая дарога свабоды... С. 197—198.
  3. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 59—60. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кароль, А., Міхнюк, У. Аркадзь Смоліч: паказанні на допытах // Голас Радзімы. — 1992. — № . — 20 лютага — 19 сакавіка. — С.
  • Макарэвіч, А., Міхнюк, У. «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў»: (Публікацыя архіўных матэрыялаў) // Полацак. — 1993. — № 8. — С. 26 — 31. № 9. — С.; № 10. — С.; 1994. — № 1 — 8; 1995. — № 1—8.
  • Мяснікоў, А. «Беларус — грамадзянін будучыні…»: (Лёс і трагедыя Аркадзя Смоліча) // Маладосць. —1994. — № 7. — С.;
  • Ліс, А. Цяжкая дарога свабоды: Артыкулы, эцюды, партрэты / Арсень Ліс. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 414 с., 6 л. iл. — ISBN 5-340-01395-2.
  • Болатаў, А., Рыдзеўскі Г. Ахвяруючы сябе Бацькаўшчыне: Аркадзь Смоліч / Андрэй Болатаў, Генадзь Рыдзеўскі. — Мн.: Тэхналогія, 1999. — 59, [2] с., [8] л. iл. — (Нашы славутыя землякі). — ISBN 985-6234-55-7.
  • Міхнюк, У. М. Смоліч Аркадзь Антонавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 59—60. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]