Народная рада БНР
Народная рада Беларускай Народнай Рэспублікі — неафіцыйная назва Рады БНР, органа прадстаўнічай улады Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—1920 гадах, у час расколу Рады БНР. Дзейнічае з 13 снежня 1919 года ў Менску пасля выхаду часткі сяброў Рады з яе складу і ўтварэння Найвышэйшай Рады БНР праз супярэчнасці паміж у пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) выступілі супраць супрацоўніцтва сацыял-дэмакратычнага кіраўніцтва Рады БНР з польскімі ўладамі. Рада БНР падзялілася на 2 часткі: большая яе частка (50 чалавек) засталася ў складзе Рады БНР, якая пачала неафіцыйна звацца Народнай радай, меншая (37 чалавек) — утварыла Найвышэйшую раду БНР.
Старшынёй гэтак званай Народнай рады абраны Пётра Крэчэўскі (БПС-Ф), яго намеснікамі — Палута Бадунова (БПС-Р), Васіль Захарка (БПС-Ф), сакратарамі — Навум Козіч, Язэп Мамонька (БПС-Р). Яны склалі прэзідыум Народнай рады, які ў перыяд паміж сесіямі выконваў яе паўнамоцтвы. Раду міністраў узначаліў Вацлаў Ластоўскі (БПС-Р). Пастановай Рады было прадугледжана, што ўсе дзеянні ўрада ўзгадняюцца з прэзідыумам Рады.
Польскія акупацыйныя ўлады не прызналі Народную раду, выдалі загад пра яе роспуск, Бадунову, Ластоўскага і Мамоньку зняволілі ў турму. У студзені 1920 года патаемна выехалі з Менска ў Берлін Крачэўскі і Захарка. У траўні 1920 года Бадунова, Грыб, Ластоўскі і Мамонька атрымалі дазвол выехаць у Рыгу, дзе да іх далучыліся Крачэўскі і Захарка.
4 ліпеня 1920 пачалося паспяховае наступленне Чырвонай Арміі на савецка-польскім фронце. Паводле дагавора РСФСР і Літвы, Літоўскай Рэспубліцы была перададзена значная частка беларускіх зямель. Гэта выклікала абурэнне і Найвышэйшай, і Народнай рады. Захарка ўручыў ноту пратэсту наркаму замежных спраў РСФСР Георгію Чычэрыну. У адказ Чычэрын сарваў перагаворы. Стала зразумела, што РСФСР не прызнае БНР. Беларускія эсэры адмовіліся супрацоўнічаць з бальшавікамі і не падпісалі Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Яны патрабавалі абвясціць поўную незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах, стварыць самастойнае беларускае войска і кааліцыйны сацыялістычны ўрад, прызнаць беларускую мову дзяржаўнай. Марнымі аказаліся спадзяванні і Найвышэйшай рады БНР на тое, што беларускую дзяржаву прызнае Польшча. Пасля заключэння 12 кастрычніка 1920 прэлімінарнага міру паміж РСФСР і Польшчай у Рызе 20 кастрычніка адбылася нацыянальна-палітычная нарада з удзелам прадстаўнікоў БПС-Р, БПС-Ф і беларускіх сацыял-дэмакратаў.
Член прэзідыума Найвышэйшай рады БНР Кузьма Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Народную раду адзіным паўнамоцным прадстаўніком беларускага народа. З гэтага часу Народная рада стала ізноў звацца выключна Радай БНР.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сідарэвіч, А. Народная рада Беларускай Народнай Рэспублікі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 284—285