Цімафей Хведашчэня

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Цімафей Хведашчэня
Цімафей Хведашчэня.jpg
Род дзейнасці: вайсковец, настаўнік
Дата нараджэння: 9 чэрвеня 1893(1893-06-09)
Месца нараджэння: в. Заравічы, Пінскі павет, Мінская губерня, Паўночна-Заходні край, Расійская імперыя
Дата смерці: 1977
Месца смерці:
Месца пахавання:
Жонка: Алена з Ваўкавыцкіх (1905—1993)
Дзеці: Тамара

Цімафе́й Хведашчэ́ня (Федашчэня, Федасеня; 1893—1977) — беларускі вайсковы і грамадска-палітычны дзеяч, настаўнік, адзін з камандзіраў беларускага антыбальшавіцкага руху. Псеўданімы: Вішнеўскі, Кулеўскі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне і адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1893 г. у вёсцы Заравічы пад Лунінцам Пінскага павету ў Расійскай імперыі[1]. Навучаўся ў гімназіі ў Слуцку, у 1916 г. скончыў шосты клас.

Пачатак вайсковага змагання за Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

У 1916 г. скончыў 6‑месячныя афіцэрскія курсы. У 1917 г. быў дэмабілізаваны з расійскай арміі. У снежні 1917 г. быў паручнікам 1-га беларускага пяхотнага палка ў Мінску, які фармаваўся з дазволу бальшавіцкага галоўнакамандуючага расійскай арміі М. Крыленкі, аднак камандзір Заходняга фронту А. Мяснікоў загадаў ліквідаваць полк і далучыць яго жаўнераў да 289-га запаснага палка. Калі немцы рушылі на ўсход, Цімох Хведашчэня быў сярод беларускіх вайскоўцаў, якія 19 лютага 1918 г. паднялі ў Мінску паўстанне і перанялі ўладу ў горадзе. Прымаў удзел у стварэнні 1-ага Мінскага Беларускага нацыянальнага полку. Аднак немцы не дазволілі сфармаваць беларускую армію.

Пасля гэтага Хведашчэня, падобна, вярнуўся ў родную старонку, бо ў канцы 1918 г. ён служыў у Пінска-Валынскім батальёне валанцёраў. У 1919 годзе ён быў ужо камандзірам батальёна Чырвонай арміі ў Слуцку.

Партызанка на Барысаўшчыне[правіць | правіць зыходнік]

Падчас польскага наступу ў Беларусі Хведашчэня падняў антыбальшавіцкі рокаш у сваім батальёне і далучыўся да 1-га беларускага партызанскага атрада пад камандаваннем Лукаша Сяменіка, які дзейнічаў у раёне Барысава. Выціснуты бальшавіцкай карнай экспедыцыяй, атрад хаваўся ў лясах. Калі польскія войскі падышлі пад Барысаў, кіраўніцтва атраду паразумелася з польскім камандаваннем і вывела свой атрад разам з польскім 3-м уланскім палком на тылы бальшавікоў, што паскорыла іх адыход з Барысава. Атрад Сяменіка, у якім ваяваў Хведашчэня, заставаўся на фронце да лістапада 1919-га.

У арміі генерала Балаховіча[правіць | правіць зыходнік]

З ліпеня 1919 да лета 1920 Хведашчэня служыў у Войску Польскім як супрацоўнік ІІ аддзелу (выведка і контрвыведка) пры камандаванні 2-й дывізіі (пазней 6-й дывізіі).

Увосень 1920 года Хведашчэня як камандзір групы мінскіх партызанскіх атрадаў разам з Вячаславам Адамовічам-старэйшым, старшынём Беларускага палітычнага камітэту, Паўлам Алексюком і інш. з мэтай распачаць супрацоўніцтва дзеля вызвалення Беларусі падпісаў тэлеграму-зварот на адрас старшыні Расійскага палітычнага камітэту на чале з Барысам Савінкавым і Станіславам Булак-Балаховічам, у якой гаварылася : «Пакутуючы пад ігам захопнікаў-бальшавікоў, беларускі народ кліча дапамагчы яму вызваліцца і здзейсніць запаветную мару многіх пакаленняў аб самастойнай дэмакратычнай Беларусі».

Затым капітан Хведашчэня займаўся вярбоўкай дабраахвотнікаў у Слуцку ў войска генерала С. Булак-Балаховіча. Зноў утварыў свой партызанскі атрад, які ў 1920 годзе далучыўся да балахоўцаў. Ва ўмовах той вайны атрад Хведашчэні, як адзначалі сучаснікі, вылучаўся ў лепшы бок у пляне маралі і дысцыпліны. Яго атрад меў свой сцяг і нават невялікі аркестр. Атрад капітана Хведашчэні быў далучаны як Асобны Беларускі батальён (разам з кавалерыйскім узводам налічваў 700 чал.) да 2-й Мінскай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Мэдарда Мікошы.

Капітан Хведашчэня прыняў удзел у Палескім вайсковым паходзе генерала Булак-Балаховіча супраць бпльшавікоў. У складзе групы палкоўніка Мікошы, якой была пастаўлена задача захапіць Жлобін, браў удзел баях пад Мазыром, Петрыкавым, Калінкавічамі, Даманавічамі.

Капітан Хведашчэня належаў да тых, што вырашылі не здавацца і працягваць змаганне з бальшавіцкай уладай. Пасля інтэрнавання арміі генерала С. Булак-Балаховіча палякамі ў канцы лістапада 1920 года Хведашчэня прабраўся з сваім атрадам у Слуцк, дзе выступаў як камандзір Мінскага аддзелу народнай дабраахвотніцкай арміі. Варожа прыняты эсэраўскім кіраўніцтвам Рады Случчыны, ён накіраваўся ў Вызну. Урэшце, калі дайшло да баёў з бальшавікамі, Хведашчэня стаў афіцэрам 1-й Слуцкай брыгады. З-пад Морача, апошняга апорнага пункту паўстанцаў, разам з іншымі жаўнерамі ён адступіў у Давыд-Гарадок. Пасля таго, як брыгада скончыла баявыя дзеянні і была інтэрнаваная палякамі, Хведашчэня быў сярод тых случчакоў, якія ўсё яшчэ хацелі працягваць змаганне.

Партызанскі атаман у «Зялёным дубе»[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вызвалення Хведашчэня накіраваўся ў Лунінец, дзе размяшчаўся галоўны штаб атрадаў Сялянскай партыі «Зялёнага Дуба», узброеныя атрады якога перыядычна ладзілі напады на памежныя тэрыторыі, занятыя бальшавікамі. З канца снежня 1920 г. Хведашчэня быў адным з атаманаў «Зялёнага Дуба» (меў псеўданім «Вішнеўскі»; карыстаўся таксама псеўданімам «Кулеўскі»).

Польскае камандаванне спрабавала арганізаваць некалькі тысячаў беларускіх вайскоўцаў, што былі сканцэнтраваныя пад Нясвіжам, ствараючы з іх г. зв. рабочыя дружыны. Яны займаліся адбудовай мастоў, рамонтам дарог і да т. п. працамі ў прыфрантавой зоне. Гэтыя дружыны служылі базай для фармавання з самых надзейных і па-антыбальшавіцку настроеных асобаў дыверсійных груп, якіх перакідалі на савецкі бок. У лютым 1921 г. камандзірам гэтых дружын быў Хведашчэня. Аднак ужо вясной 1921 г. польскае камандаванне вырашыла распусціць беларускія атрады, якія праз свае ўзброеныя акцыі прыносілі шмат клопатаў і самім палякам тым, што парушалі мірныя дамоўленасці. У канцы красавіка 1921 г. капітан Хведашчэня быў арыштаваны палякамі і перададзены для пакарання атаману Адамовічу-«Дзергачу».

Пасля вызвалення з-пад арышту 10 чэрвеня 1921 г. Хведашчэня падаўся на тэрыторыю Савецкай Беларусі і пачаў арганізоўваць падполле на тэрыторыі Бабруйскага і Слуцкага паветаў, прызваўшы ў пакрытыя лесам Вераб’ёвы горы сваіх колішніх жаўнераў і зялёнадубцаў, за якімі пацягнуліся і дэзертыры з Чырвонай арміі. Хведашчэня падзяліў іх на чатыры атрады па 250 чалавек пад камандаваннем сваіх афіцэраў, хутка стварыў сетку інфарматараў па вёсках і арганізаваў пяцёркі, якія распаўсюджвалі літаратуру, вялі агітацыю сярод сялянаў і жаўнераў Чырвонай арміі ды займаліся выведкай.

Хведашчэня ня быў доўга ў Савецкай Беларусі, магчыма, што ён знаходзіўся там толькі да 29 чэрвеня 1921 г. Пасля вяртання ён звязаўся з арганізацыяй Народны хаўрус «За Бацькаўшчыну», створанай случчаком Арсенем Паўлюкевічам летам 1921, якая ставіла сабе за мэту «вызваленне Бацькаўшчыны з рук камуністаў і ўтварэнне Незалежнай Непадзельнай Беларусі ў яе этнаграфічных межах». Штаб Паўлюкевіча стварыў партызанскія атрады, на чале якіх стаяў Хведашчэня. У кастрычніку 1921 г. ён быў арыштаваны ІІ аддзелам 2-й арміі Войска Польскага ў мясцовасці Морач па абвінавачанні ў службовых і фінансавых злоўжываннях, але 24 снежня быў вызвалены з-пад варты ў Брэсце. Незразумела, чым быў сапраўды выкліканы гэты арышт, але якраз перад тым арганізацыя «За Бацькаўшчыну» стала пераходзіць на антыпольскія пазыцыі.

У Белавежы[правіць | правіць зыходнік]

У ліпені 1923 г. капітан Хведашчэня жыў ужо ў Белавежы. Камендантура Палітычнай паліцыі на г. Вільня, якая тады рабіла верыфікацыю беларускіх дзеячаў, палічыла яго прапольска настроеным беларускім вайскоўцам. Атаман Хведашчэня, падобна, патрапіў у гэтую пушчанскую мясцовасць разам з сотнямі іншых балахоўцаў, паселеных там сваім камандзірам. Белавежац Георгій Ваўкавыцкі ўспамінаў, што Хведашчэня «ажаніўся з тутэйшай жанчынай, мусіць з Ваўкавыцкіх, якіх называлі Цярэнцьевымі, ад бацькі Цярэнція. Жыў на жончыным, на Заставе (цяпер вул. Вольгі Габец). Мужчына быў вельмі высокі, мажны, мусіць самы моцны на Заставе. Да Другой сусветнай вайны абуваў белавежцаў у гумовыя лапці — прадаваў матацыклавыя і самаходавыя шыны, зякіх рабілі лапці, у параўнанні з традыцыйнымі — вечныя».

11 лістапада 1928 года Хведашчэня быў узнагароджаны медалем «Удзельнік вайны 1918—1921». У студзені 1939 г. ён звярнуўся да Міністэрства вайсковых справаў з просьбай разгледзець яго заяву ў справе ўзнагароджання Крыжам Незалежнасці. У гэты час ён жыў у Гайнаўцы. У 19391941 г. настаўнічаў у Белавежы.

Падчас нямецкай акупацыі стаў старшынём філіі Беларускага аб’яднання ў Белавежы, якое налічвала 84 асобы. Арганізаваў беларускую школу і стаў яе кіраўніком. Займаўся таксама культурнай дзейнасцю. У 1942 г. арганізаваў канцэрт спевака Забэйды-Суміцкага. Хведашчэні належала таксама крама з пісьмовымі матэрыяламі і газетамі, у якой гандлявала старэйшая дачка — Тамара. У ёй можна было купіць беларускія газеты, беластоцкую «Новую Дарогу» і берлінскую «Раніцу». Пад канец вайны, у 1944 г., перад надыходам Саветаў, разам з сям’ёй выехаў з немцамі.

Пасля вайны быў палкоўнікам Войска Польскага і служыў у авіяцыі. Дачка Тамара вучылася ў 1947 г. у Акадэміі палітычных навук на факультэце журналістыкі. У 1947 годзе ён быў арыштаваны. У 1954 годзе ён быў вызвалены з турмы, жыў у Варшаве. Памёр Цімафей Хведашчэня ў 1977. Быў пахаваны ў Варшаве: у 2013 годзе сябры Беларускай нацыянальнай памяці адшукалі на варшаўскіх Паўночных камунальных могілках ягоную магілу[2].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]