Напалеон Казіміравіч Чарноцкі
| Напалеон Казіміравіч Чарноцкі | |
|---|---|
| | |
| Асабістыя звесткі | |
| Дата нараджэння | 13 ліпеня 1866 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 14 лютага 1937 (70 гадоў) |
| Грамадзянства | |
| Бацька | Казімір Чарноцкі |
| Альма-матар | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | публіцыст, перакладчык, пісьменнік, урач |
| Мова твораў | беларуская |
Напалеон Казіміравіч Чарно́цкі (13 ліпеня 1866, Нача, Мінская губерня — 14 лютага 1937) — беларускі публіцыст, перакладчык.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Са шляхецкага роду Чарноцкіх герба «Ліс», сын Казіміра Чарноцкага. Нарадзіўся ў сямейным маёнтку Нача Слуцкага павету. Выхоўваўся ў дэмакратычнай атмасферы. Скончыў Слуцкую гімназію (1887), у час навучання ўваходзіў у тайны гурток самаадукацыі. Быў адказным за тайную школьную бібліятэку, у якой апрача рускамоўных сацыялістычных выданняў было некалькі дзясяткаў польскіх кніжак, падараваных Эмай Дмахоўскай-Яленскай. Разам з Антонам Ражавым і іншымі гімназістамі перапрацаваў польскамоўную агітацыйную брашуру «Ojciec Szymon» («Бацька Шыман»), якую выдалі ў беларускамоўным варыянце на гектографе пад назвай «Дзядзька Антон» (1885).
Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт (1894), атрымаў медыцынскую адукацыю. У Маскве ўваходзіў у тайныя студэнцкія гурткі сацыялістычнай накіраванасці. За ўдзел у хваляваннях 1890 быў выключаны з універсітэта і сасланы ў маёнтак бацькі пад нагляд паліцыі.
Працаваў урачом на Беларусі — у Міры, Іўі, Нясвіжы, Навагрудку і Свіслачы. У 1904—1905 гадах мабілізаваны на Маньчжурскі фронт.
У 1906 годзе ў Пятроўшчыне пад Мінскам на сядзібным двары здзейснена пастаноўка аднаактовай п’есы-вадэвіля «Па рэвізіі» ўкраінскага драматурга Маркі Крапіўніцкага, імаверна, у беларускім перакладзе Напалеона Чарноцкага (на той час відаць ужо ўладальніка гэтай сядзібы па смерці бацькі).
У 1908—1912 гадах у эміграцыі ў Канадзе. 3 1918 года ў Варшаве, пасля ў Вільні. У 1922 годзе ўступіў у Польскую партыю сацыялістычную (ППС). 3 1928 года працаваў лекарам на Валыні, з 1931 года ў Лідзе. У 1934 годзе пакінуў лекарскую практыку. 3 1936 года жыў у маёнтку Вялікая Лябёдка (цяпер Шчучынскі раён), заснаваў там плантацыю лекавых раслін. Памёр у Вялікай Лябёдцы, пахаваны ў Скрыбаўцах[1].
Творчасць, публіцыстыка
[правіць | правіць зыходнік]Першая літаратурная праца — удзел у перакладзе і выданні першага варыянта рэвалюцыйнай брашуры «Дзядзька Антон» (1885, не выяўлена); браў удзел у выданні другога варыянта (1892; з М. Абрамовічам). Пераклаў на польскую мову апавяданне У. Караленкі «У дрэннай кампаніі» (каля 1887, не выяўлена, захаваліся 2 лісты Н. Чарноцкага да пісьменніка), на беларускую мову п’есы «Сватанне» А. Чэхава і «Пашыліся ў дурні» М. Крапіўніцкага (1910). У артыкуле «Да пытання пра беларускую народную школу» (1908) выступіў у абарону беларускай мовы, з прыязнасцю пісаў пра творчасць Я. Коласа, паказаў добрае веданне беларускага фальклору. Аўтар сацыяльна-эканамічных брашур «Як будзе з зямлёю?» (1907) і «Што дзяліць, а што не, каб супакой быў на свеце», успамінаў пра рэвалюцыйны рух, М. Абрамовіча, публіцыстычных артыкулаў у «Нашай ніве» і «Вольнай Беларусі». Як публіцыст выступаў таксама ў выданнях «Минский курьер», «Głos» (Варшава), «Źródła mocy» (Вільня) і інш.
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Przyczynki do historii PPS // Księga Pamiątkowa PPS. Warszawa, 1923.
- Marian Abramowicz (wspomnienie pośmiertne) // Przegląd Wileński. 1925. № 1.
- Батлейкі з ваколіц Начы // Народны тэатр. Мн., 1983.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971.
- Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2.
- Туронак Ю. Вакол абставін публікацыі «Дзядзькі Антона» / пер. з пол. // Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2006.
- Каханоўскі Г. Таямніцы за чортавым мостам // Маладосць. 1992. № 5.
- Нарадзіліся 13 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1866 годзе
- Нарадзіліся ў Слуцкім павеце
- Памерлі 14 лютага
- Памерлі ў 1937 годзе
- Выпускнікі Слуцкай гімназіі
- Выпускнікі медыцынскага факультэта МДУ
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Перакладчыкі Беларусі
- Перакладчыкі з украінскай мовы
- Перакладчыкі прозы і драматургіі на беларускую мову
- Публіцысты Беларусі
- Перакладчыкі на польскую мову
- Перакладчыкі з рускай мовы
- Нарадзіліся ў Ляхавіцкім раёне
- Чарноцкія герба «Ліс»