Перайсці да зместу

Казімір Францавіч Градзіцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Казімір Францавіч Градзіцкі
Род дзейнасці акушэр-гінеколаг, хірург
Дата нараджэння 2 лютага 1891(1891-02-02)
Месца нараджэння
Дата смерці 27 ліпеня 1959(1959-07-27) (68 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Альма-матар
Узнагароды і прэміі
ордэн Чырвонай Зоркі медаль «Партызану Айчыннай вайны» I ступені медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Выдатнік аховы здароўя СССР Заслужаны ўрач Беларускай ССР

Казімір Францавіч Градзіцкі (руск.: Казимир Францевич Гродзицкий; 2 лютага 1891, горад Груец, Варшаўская губерня, Расійская імперыя — 27 ліпеня 1959, Нароўля, Нараўлянскі раён, Гомельская вобласць, Беларусь) — акушэр, гінеколаг, хірург, папулярызатар медыцынскіх ведаў, глаўурач (1921—1936) нараўлянскай раённай бальніцы, удзельнік Першай і Другой сусветных войн, партызан-медык, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі, выдатнік аховы здароўя (1949), заслужаны ўрач БССР (1956). Прысвяціў 40 гадоў медыцыне і ахове здароўя Нараўлянскага раёна і Палескага краю.

Паходжанне і сям’я

[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 2 лютага 1891 г. у горадзе Груец Варшаўскай губерні (Расійская імперыя) у сям’і Франца Аляксандравіча Градзіцкага (03.10.1863—1922) і яго жонкі Тэклі Андрэеўны Ліневіч (Ляневіч) (1861—1937)

Казімір Францавіч Градзіцкі быў унукам Андрэя Ліневіча (Ляневіча) (1814—01.01.1876), адміністратара маёнтка Нароўля паноў Горватаў, пахаванага Горватамі ў Нароўлі на тэрыторыі парку каля палаца Горватаў[1].

Разам з бацькамі Казімір у пяцігадовым узросце з Варшаўскай губерні пераехаў у мястэчка Нароўля Рэчыцкага павета Мінскай губерні (Расійская імперыя), дзе яго бацька Франц Градзіцкі пачаў працаваць садоўнікам у маёнтку Артура Даніэлевіча Горвата (1831—1903).

Ажаніўся з Янінай Юльянаўнай, ад якой меў дзяцей:

Адукацыю атрымаў за кошт заможнага дзядзькі ў Мазырскай прагімназіі, а пасля Бабруйскай гімназіі, якую скончыў у 1911 г.

У 1911—1916 гг. вучыўся ў Кіеўскім універсітэце Св. Уладзіміра на медыцынскім факультэце. Падчас летніх студэнцкіх канікул ездзіў у Нароўлю і працаваў у Нараўлянскай земскай бальніцы, каб атрымаць практычныя навыкі. Тут жа пад кіраўніцтвам дасведчаных урачоў С. В. Мароза і Л. М. Кухаржэўскай рабіў выскробанне маткі, дробныя ампутацыі, рэзекцыю рэбраў. Пад наглядам фельчара В. Ф. Крэменя тампаніраваў насаглотку пры дапамозе гумовага катэтара, часам самастойна праводзіў амбулаторны прыём хворых.

Калі быў студэнтам V курса, прымаў удзел у ліквідацыі эпідэміі азіяцкай халеры, зафіксаванай 15 чэрвеня 1915 г. падчас кірмашу «Івана» ў стражніка Дэйкуна. У вёсках Нараўлянскай воласці таксама былі выяўлены ачагі заражэння: мястэчка Нароўля, вёскі Заракітнае, Завайць, Дворышча і Канатоп. Казімір Градзіцкі быў прызначаны ўрачом у санітарны атрад, які працаваў у спецыяльна адкрытым у Нароўлі заразным бараку, каб ліквідаваць захворванне. Ужо да сярэдзіны верасня 1915 г. эпідэмія была цалкам ліквідавана.

Скончыў універсітэт з адзнакай, атрымаў званне ўрача і ў 1916 г. быў прызваны ў расійскае войска, калі ішла Першая сусветная вайна, служыць ваенным урачом.

Медыцынская дзейнасць у Нароўлі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля дэмабілізацыі з расійскага войска, у 1918 г. вярнуўся ў Нароўлю, каб працаваць дома, але рашэннем Рэчыцкага павятовага аддзела аховы здароўя быў накіраваны ў мястэчка Брагін.

У 1920 г. у Нароўлі па рашэнні нараўлянскага валаснога рэвалюцыйнага камітэта пад рэзідэнцыю бальніцы (амбулаторыю і стацыянар на 15 ложкаў) быў адведзены двухпавярховы драўляны жылы будынак, які ў 1912 г. нараўлянскі дваранін Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) пабудаваў для адміністратара свайго маёнтка Юзафа Андрэевіча Ліневіча, які быў дзядзькам Казіміра Градзіцкага. (Цяпер у тым будынку знаходзіцца Нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей). У жніўні 1920 г. Казімір Градзіцкі быў прызначаны на пасаду ўчастковага ўрача бальніцы ў Нароўлі, а ў 1921 г. стаў галоўным урачом нараўлянскай бальніцы і паралельна неаднаразова быў загадчыкам Рэчыцкага павятовага аддзела аховы здароўя.

Пасля Першай сусветнай вайны, сітуацыі грамадзянскай вайны на тэрыторыі былой Расійскай імперыі і агульных рэсурсных праблем, стан аховы здароўя ў Нароўлі і павеце быў у заняпадзе. Градзіцкі на сваёй пасадзе загадчыка Рэчыцкага павятовага аддзела аховы здароўя зрабіў вялікую працу па арганізацыі лячэбнай сеткі павета (аднаўлення дзейнасці фельчарскіх пунктаў): па яго рашэнні з Рэчыцы перадавалі медыкаменты і інструментар, перавозілі гужавым транспартам неабходную мэблю.

У 1925 г. лячэбная сетка Нараўлянскага раёна (створаны ў 1924 г.) пашырылася, быў павялічаны штат сярэдніх медыцынскіх работнікаў: складалася з нараўлянскай раённай бальніцы на 30 ложкаў, радзільнага аддзялення на 8 ложкаў, амбулаторыі і дзіцяча-жаночай кансультацыі.

У 1928 г. Казімір Градзіцкі быў незаслужана асуджаны і заключаны пад варту на пяць месяцаў. (17 лістапада 1992 г. Казімір Градзіцкі быў рэабілітаваны).

Да 1930 г. у Нараўлянскім раёне ўжо функцыянавалі 2 участковыя бальніцы (на 10 ложкаў стацыянара), 6 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, адкрываліся радзільныя дамы ў калгасах (для змяншэння высокай дзіцячай смяротнасці), а ў 1930-я гг. у вёсках Нараўлянскага раёна было арганізавана 25 дзяржаўных ясляў. Нараўлянская раённая бальніца ў 1930-ыя гг. лічылася адной з першых на беларускім Палессі па колькасці і дыяпазону хірургічных умяшальніцтваў. Прычым на развіццё хірургічнай дапамогі ў нараўлянскай бальніцы вялікі ўплыў аказалі «бацька Палескай хірургіі» Ф. В. Абрамовіч, а таксама яго вучні-хірургі А. І. Коган і Э. Я. Кёнігсберг. Шмат часу і энергіі Градзіцкаму прышлося аддаць і на ліквідацыю эпідэмій сыпнога тыфа, шкарлятыны, малярыі, халеры, крывавага паноса, якія лютавалі ў Нараўлянскім раёне.

Вялікую ўвага надаваў пытанням распаўсюлення навуковых ведаў і паляпшэнню медыка-санітарнай справы ў Нараўлянскім раёне. У 1920—1930 гг. скончыў курсы ўдасканалення ўрачоў у Петраградзе, у Цэнтральным інстытуце ўдасканалення ўрачоў у Маскве. Акрамя таго, удзельнічаў у акруговых з’ездах участковых урачоў Мазырскай акругі ў 1928—1929 гг.

Па прычыне пагаршэння свайго здароўя, у 1936 г. Казімір Градзіцкі перайшоў у нараўлянскай раённай бальніцы з пасады галоўнага ўрача на пасаду загадчыка радзільнага аддзялення і жаночай кансультацыяй, дзе прапрацаваў да 21 жніўня 1941 г.

Пасля пачатку вайны Германіі супраць СССР, у жніўні 1941 г. быў прызваны ў Чырвоную армію і прызначаны на пасаду ардынатара медыка-санітарнага батальёна 200-й стралковай дывізіі. У верасні 1941 г. у баі пад вёскай Тарасаўка Палтаўскай вобласці быў кантужаны, трапіў у нямецкі палон і неўзабаве адпраўлены ў лагер для савецкіх ваеннапалонных у пасёлак Аржыца. Разам з двума таварышамі Градзіцкаму ўдалося збегчы і вярнуцца ў акупаваную фашыстамі Нароўлю, дзе ён пачаў працаваць другім урачом у нараўлянскай раённай бальніцы. Праз студэнтку IV курса Мінскага медыцынскага інстытута Г. І. Кручок Казімір Градзіцкі наладзіў сувязь з савецкай партызанскай брыгадай імя С. М. Кірава, якую забяспечваў медыкаментамі, інструментарыем і каштоўнай інфармацыяй, бо добра ведаў нямецкую мову і меў даверлівыя стасункі з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў Нароўлі.

Паступова медыцынскі персанал Нараўлянскай раённай бальніцы пачаў таемна пераходзіць у партызанскія атрады. А 18 верасня 1943 г. усе ўрачы (у тым ліку Казімір Градзіцкі са сваімі сынамі Даніілам і Юзафам) і большасць сярэдняга персаналу, якія яшчэ працавалі ў бальніцы, захапіўшы з сабой інструменты, медыкаменты, перавязачны матэрыял, таемна пайшлі ў партызанскі атрад. Казімір Градзіцкі спачатку далучыўся да савецкай партызанскай брыгады імя С. М. Кірава, а пасля быў залічаны начальнікам санітарнай часткі дыверсійнага партызанскага атрада імя Ф. Э. Дзяржынскага, у складзе якога з баямі прайшоў тэрыторыю Заходняй Украіны і Польшчы. Разам з байцамі не раз хадзіў на адказныя баявыя заданні. У цяжкіх умовах ваеннага часу, нярэдка прама на партызанскіх вазах з саломай, Казімір Градзіцкі правёў больш за 50 складаных медыцынскіх аперацый, чым заслужыў у атрадзе паважлівую мянушку «партызанскі акадэмік» за свой прафесіяналізм.

У 1944 г. вярнуўся ў Нароўлю, дзе канца свайго жыцця працаваў акушэрам-гінеколагам нараўлянскай раённай бальніцы, уклаў шмат часу і энергіі ў справу аднаўлення сістэмы аховы здароўя ў Нараўлянскім раёне ў пасля ваенны час, асабліва ў галіне аховы мацярынства і дзяцінства. З’яўляўся ўзорам самаахвярнасці, мэтанакіраванасці і працавітасці. Напісаў мемуары.

Смерць і пахаванне

[правіць | правіць зыходнік]

Памёр 27 ліпеня 1959 г. у Нароўлі пасля працяглай хваробы ў бальніцы, якой прысвяціў 40 гадоў сваёй медычнай дзейнасці.

На пахаванне Казіміра Градзіцкага ў Нароўлі прышло шмат людзей (як мясцовых жыхароў, так і прылеглых паселішчаў), што з’явілася вялікім прызнаннем яго заслуг.

Побач з магілай Казіміра Градзіцкага на нараўлянскіх могілках знаходзіцца магіла яго сына Юзафа Казіміравіча Градзіцкага (12.08.1926—14.12.1982), і бацькоў — Франца Аляксандравіча Градзіцкага (03.10.1863—1922) і яго жонкі Тэклі Андрэеўны Градзіцкай (1861—1937) з роду Ліневічаў (Ляневічаў)[8].

Узнагароды і званні

[правіць | правіць зыходнік]

За баявыя заслугі, адданую службу людзям, выдатныя дасягненні ў медыцыне атрымаў узнагароды і званні:

Характарыстыка ад сяброў

[правіць | правіць зыходнік]

Практыкант Казіміра Градзіцкага, доктар медыцынскіх навук, прафесар Эдуард Іосіфавіч Збароўскі высока ацаніў чалавечыя якасці і прафесіяналізм свайго нараўлянскага настаўніка: «Яго праца ў глыбінцы была прыкладам. Ён не пакідаў радзільнага аддзялення па 2-3 сутак, калі бачыў небяспеку для жыцця маці і дзіцяці. І персанал працаваў з такой жа адказнасцю. Летам Казімір Градзіцкі хадзіў па мястэчку [Нароўлі], у белым ільняным касцюме, з кійком. Акуратная бародка выклікала асаблівы давер да яго аблічча».

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]
Школа мастацтваў і Алея Славы нараўлянцаў (2010). Фота 2017 г.

Імя і фатаграфія Казіміра Францавіча Градзіцкага ў Нароўлі былі размешчаны на пастаменце з таблічкай у Алеі Славы нараўляцаў[10].

На драўляным жылым доме Юзафа Ліневіча 1912 года, які цяпер служыць рэзідэнцыяй Нараўлянскага гісторыка-этнаграфічнага музея (1982), па вул. Кастрычніцкай (д. 12) была размешчана мемарыяльная шыльда з імем Казіміра Францавіча Градзіцкага[11].

Зноскі

  • Бобр, Р. Партизанский академик / Р. Бобр // Прыпяцкая праўда. — 2003. — 23 лістап.
  • Кульпанович, О. А. История медицины Беларуси в биографиях ее врачей. XVII—ХХ вв.: биобиблиограф. справ. от А до Я: 2000 биографий врачей. — Минск, 2011.
  • Памяць: Нараўлянскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад.: П. П. Рабянок, К. Ф. Ярмоленка. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — 445 с.
  • Зборовский, Э. И. // Тезисы докладов XXIII студ. науч. конф. 1965 г. с участием бывших кружковцев. — Минск, 1965. — С.43—44.
  • Зборовский, Э. И. Заслуженный врач БССР // Здравоохр. Белоруссии.— 1967. — № 1. — С.78—79.
  • Зборовский, Э. И. // Аргументы и факты. — 2013. — 27 марта. — С.3—4.
  • Кульпанович, О. А. // Здравоохранение. — 2015. — № 5. — С.68—73.
  • Змачинская, Н. Ф., Марченко, Л. Н. // Здравоохранение. — 2010. — № 6. — С.76—79.