Прыпяцкая праўда
| «Прыпяцкая праўда» | |
|---|---|
| | |
| Тып | штотыднёвік |
| Фармат | А3 |
| Выдавец | Установа «Рэдакцыя газеты "Прыпяцкая праўда"» |
| Рэдактар | Міхаіл Валер’евіч Шаўчэнка |
| Штатныя карэспандэнты | 2 чалавекі (2022 г.)[1] |
| Заснавана | 23 студзеня 1932 г.; (паўторна заснавана) красавік 1965 |
| Мова | беларуская, руская |
| Галоўны офіс | Беларусь, Гомельская вобласць, г. Нароўля, вул. Макаранкі, д.5. |
| Вэб-сайт | narovlya.by |
«Прыпяцкая праўда» — галоўная афіцыйная дзяржаўная газета Нараўлянскага раёна (орган Нараўлянскага раённага Савета дэпутатаў), заснаваная 23 студзеня 1932 г. і друкаваная ў Нароўлі (Беларусь, Гомельская вобласць)[2]. Па гістарычным прычынам некалькі разоў змяняла сваю назву. У час Другой сусветнай вайны ў 1941—1944 гг. газета часова спыніла выпуск нумароў. У 1963—1965 гг. газета не выдавалася па прычыне скасавання Нараўлянскага раёна, тэрыторыя якога ўвайшла ў склад Ельскага раёна. З адміністрацыйным аднаўленнем Нараўлянскага раёна 6 студзеня 1965 г., у красавіку 1965 г. зноў пачалося выданне сваёй раённай газеты ў Нароўлі — пад назвай «Прыпяцкая праўда». Тэматыка газеты — афіцыйна-палітычная, эканамічная і культурная: асвятляе галоўным чынам падзеі і працэсы, якія адбываюцца ў Нараўлянскім раёне і Беларусі. Друкуе таксама гісторыка-этнаграфічныя і побыта-дарадчыя артыкулы, літаратурныя і мемуарныя творы (у тым ліку, анекдоты); размяшчае ілюстрацыі (фатаграфіі, малюнкі і г.д.), прыватныя аб’явы, некралогі і інш. Выкарыстоўвае беларускую і рускую мовы артыкулаў, паведамленняў, літаратурных твораў і г.д. Выходзіць адзін раз на тыдзень. Мае свой сайт у Інтэрнэце. Дэвіз: «Раёнка — ваш компас у свеце гарачых навін!»[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гістарычныя назвы: «За калектывізацыю» (1932—1938), «За бальшавіцкія перамогі» (1938—1952), «Сталінскі сцяг» (1952—1956), «Ленінская праўда» (1956—1962), «Прыпяцкая праўда» (з красавіка 1965 года)[2].
Перыядычнае папяровае выданне было заснавана ў пасёлку Нароўля як афіцыйная газета Нараўлянскага раёна (орган Нараўлянскага райкама КПБ(б), Нараўлянскага выканкама і Нараўлянскага райпрафсавета) пад назвай «За калектывізацыю» — 23 студзеня 1932 г. выйшаў яе першы нумар[2]. Спачатку выдавалася накладам да 60 экзэмпляраў, а яе першым рэдактарам стаў Рыгор Іванавіч Шаркоў[4]. Друкавалася раённая газета на абсталяванні рэдакцыі. Газета мела ў той час усяго дзве старонкі (адзін аркуш) і выдавалася выключна на беларускай мове[5]. У архівах газеты не захавалася падрабязных звестак аб дзейнасці газеты да 1941 г.[2]
У той перыяд публікацыі ў афіцыйнай газеце Нараўлянскага раёна адлюстроўвалі галоўныя працэсы ў савецкай дзяржаве: развіццё калектыўнага сельскай гаспадаркі ў СССР і БССР, першыя эканамічныя пяцігодкі краіны, дзейнасць камуністычнай партыі. Калектывізацыя ў Нараўлянскім раёне завяршылася ў 1938 г., таму для газеты была абрана новая назва — «За бальшавіцкія перамогі»[2].
Калі ў чэрвені 1941 г. нямецка-фашысцкія войскі напалі на СССР, то кіраўніцтва Нараўлянскага раёна прыняло рашэнне спыніць выданне газеты і схаваць друкарскі станок да вяртання ў раён савецкіх войск, бо не было шмат магчымасцей эвакуіраваць матэрыяльныя рэсурсы. Аўрам Лаўрэнцевіч Кліменка і яго пляменнік, выконваючы распараджэнне раённага кіраўніцтва, закапалі друкарскае абсталяванне на яўрэйскіх могілках у Нароўлі. Але нейкім чынам пра гэта стала вядома нямецкім акупантам, якія прышлі ў Нароўлю ў жніўні 1941 г. Аўрама Кліменку прымусілі адкапаць усё, што ён схаваў[2].
Толькі ў снежні 1944 г., калі з Нароўлі былі выгнаны нямецка-фашысцкія акупанты, раённая газета аднавіла сваю працу і распавяла, як ідзе працэс гераічнага аднаўлення эканомікі і развіваецца культурнае жыццё Нараўлянскага раёна. У той час некалькі гадоў галоўным рэдактарам газеты быў Іван Філоненка[2].
Са снежня 1952 па ліпень 1956 г. газета выходзіла пад назвай «Сталінскі сцяг»[2]. А пазней, пасля смерці кіраўніка СССР Іосіфа Сталіна і афіцыйнага развянчання культу яго асобы ў СССР, была зацверджана новая для раённага перыядычнага выдання назва — «Ленінская праўда»[2]. У 1950-х гг. рэдакцыяй газеты кіраваў Майсей Дварэцкі[2]. Была створана шырокая сетка сельскіх карэспандэнтаў па раёне, у лік якіх ўліваліся лепшыя прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі і перадавікі сельскай гаспадаркі. Уласнага транспарту ў газеты не было, таму яе супрацоўнікі карысталіся папутным транспартам ці нават дабіраліся пешшу ў далёкія калгасы[2]. У розныя гады ў газеце журналістамі працавалі пісьменнікі Давід Рыгоравіч Сімановіч і Іван Чыгрынаў, паэт Уладзімір Шпадарчук, журналістка Беларускага Радыё Валянціна Чайка і іншыя прыкметныя асобы[2][6][7].
25 снежня 1962 г. Нараўлянскі раён скасаваны, а яго тэрыторыя ўключана ў склад Ельскага раёна, таму ў Нароўлі было спынена выданне афіцыйнай раённай газеты[2]. 6 студзеня 1965 г. зноў створаны Нараўлянскі раён — яго тэрыторыя вылучаецца са складу Ельскага раёна і Нароўля зноў атрымала статус райцэнтра. Таму ў красавіку 1965 г. раённая газета атрымлівае сваё «другое нараджэнне» і ўпершыню выходзіць пад назвай «Прыпяцкая праўда» (орган Нараўлянскага раённага Савета дэпутатаў), якое яна мае дагэтуль. Галоўным рэдактарам штонядзельнага выдання быў прызначаны Павел Бозікаў[2]. У 1966 г. у нараўлянскай газеце «Прыпяцкая праўда» працавала літаратурным супрацоўнікам Святлана Аляксандраўна Алексіевіч (нар. 1948 г.), будучая лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2015).
Пасля Паўла Бозікава, з 1969 да 1980 г., выданнем кіраваў Георгій Даўгіцкі[2]. Вялікі ўклад у стварэнне газеты ўнеслі журналісты Валянціна Шынкевіч, Мікалай Мікалаевіч Ждановіч (нар. 1957) і Віктар Гузік, адказны сакратар Юліян Новік, карэктар Людміла Зязётка, фотакарэспандэнты Марат Стораж і Ганна Тушынская і іншыя[2]. Для многіх супрацоўнікаў раённая газета ў тыя часы стала першай прыступкай у журналісцкай дзейнасці і школай майстэрства. А для раённай адміністрацыі, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна газета ў сваю чаргу была важнай пляцоўкай для паведамленняў аб развіцці эканомікі, культуры і паляпшэнні быту гарадскага і сельскага насельніцтва Нараўляншчыны, ушанаванні ветэранаў вайны і заслужаных асоб[2].
У канцы 1980 — пачатку 1990-ых гг. газета надзяляла шмат увагі мерапрыемствам па ліквідацыі наступстваў Катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (у 1986 г.), а таксама зменам палітычнага і эканамічнага ладу краіны пасля самароспуску СССР у 1991 г., атрыманнем Беларуссю дзяржаўнага суверэнітэту і пераходу да новых, капіталістычных адносін у грамадстве[2].
Пачаткова рэдакцыя і друкарня месціліся ў Нароўлі на плошчы Леніна, а з 1978 года ў будынку №5 на вуліцы Макаранкі[8]. У цяперашні час газета друкуецца ў КПУП «Калор»[2], а штатнымі супрацоўнікамі газеты з’яўляюцца: галоўны рэдактар; намеснік галоўнага рэдактара; карэктар; два карэспандэнты; рэдактар інтэрнэт-рэсурсу і аператары электроннага набору і вёрсткі; фотакарэспандэнт; галоўны бухгалтар. Адным з карэспандэнтаў газеты працуе Васіль Васілевіч Чайка (нар. у 1965 г.), мясцовы школьны настаўнік, краязнавец і арганізатар музеяў.
У апошнія гады на першай паласе папяровай газеты з’явіўся анонс публікуемых артыкулаў, палосныя рубрыкі, усё часцей выходзіць аўтарская калонка. Газета таксама стварыла свой сайт у Інтэрнэце, які карыстаецца папулярнасцю не толькі ў мясцовых жыхароў, але і далёка за межамі Нараўлянскага раёна[2].
23 студзеня 2022 г. міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Барысавіч Пярцоў афіцыйна павіншаваў газету з 90-годдзем[9].
12 ліпеня 2023 г. рэдакцыю газеты афіцыйна наведаў старшыня Нараўлянскага райвыканкама Уладзімір Пятровіч Антоненка, каб абмеркаваць з калектывам рэдакцыі пытанні працы самой рэдакцыі, а таксама будаўніцтва, рамонту дарог у Нароўлі, захавання мясцовых помнікаў культуры, добраўпарадкавання, адказнасці жыхароў горада, адносіны кіраўнікоў арганізацый і адказных службаў да публікуемых у газеце крытычных матэрыялаў і многае іншае[10].
Рэдактары
[правіць | правіць зыходнік]Адказнымі / галоўнымі рэдактарамі газеты былі[2]:
- з 23 студзеня 1932 — ? — Рыгор Іванавіч Шаркоў, адказны рэдактар
- 1934 — Васіль Конанавіч Аўдзюшын (1901—1972)[11], адказны рэдактар
- 1935 — (выконаў абавязкі адказнага рэдактара) Б. Газман[12]
- 1936 — Е. П. Прусак[13], адказны рэдактар
- 1940-ыя гг. — Іван Філоненка,
- 1950-ыя — Майсей Дварэцкі
- 1965—1969 — Павел Бозікаў
- 1969—1980 — Георгій Даўгіцкі
- 1980—1988-? — Мікалай П. Кохна[14]
- Мікалай Чэпікаў
- ?-1994-? — (выконваў абавязкі) Юліян Новік, адказны сакратар, загадчык аддзела сельскага жыцця[15][16]
- ?-1994—1995-? — Л. Я. Кавалеўскі[17]
- А. Карпенка
- Уладзімір Крыжаноўскі
- 2000—? — Алена Крупа
- Валянціна Варанцова
- Алена Румянцава
- Іван Валянцінавіч Грушэўскі[18][19]
- ?-2012—2014 — Сяргей Васілевіч Канавод (27.09.1971—19.03.2014)[20][21][22][23][24], галоўны рэдактар
- (2014?)-2015— 25 лістапада 2021 — Наталля Аляксандраўна Лапаціна[25], галоўны рэдактар
- з 26 лістапада 2021 — Міхаіл Валер’евіч Шаўчэнка (нар. 1998), галоўны рэдактар[26].
Адрас
[правіць | правіць зыходнік]Установа «Рэдакцыя газеты „Прыпяцкая праўда“» — 247802, Беларусь, Гомельская вобласць, г. Нароўля, вул. Макаранкі, д.5. prypjac_prav@cmi.by, pravda@narovlya.by
- сайт газеты «Прыпяцкая праўда» — narovlya.by/ Архівавана 1 ліпеня 2022.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Кантакты газеты "Прыпяцкая праўда"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 снежня 2022. Праверана 16 снежня 2022.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 Невмержицкая, Л. Юбилей районной газеты — важное событие для всей Наровлянщины // Прыпяцкая праўда. — 2022, 22 студзеня. — № 3, — С. 4.
- ↑ Прыпяцкая праўда // belsmi.by
- ↑ Наровлянщина самобытная и современная. — Гомель, 2015. — С. 21.
- ↑ Прыпяцкая праўда. — 1934. — № 5; Прыпяцкая праўда. — 1935. — № 1, 5.
- ↑ «Прыпяцкая праўда» празднует День рождения
- ↑ Партыко, О. «Прыпяцкая праўда» — надежный компас в мире новостей / О. Партыко // Прыпяцкая праўда. — 2026. — № 3. — 17 студзеня 2026. — С. 9.
- ↑ Невмержицкая, Л. Юбилей районной газеты — важное событие для всей Наровлянщины / Л. Невмержицкая // Прыпяцкая праўда. — 2022, 22 студзеня. — № 3, — С. 4.
- ↑ «Прыпяцкай праўдзе» — 90!
- ↑ Председатель Наровлянского райисполкома Владимир Антоненко посетил редакцию(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 жніўня 2023. Праверана 3 жніўня 2023.
- ↑ За калектывізацыю: [газета]. — [месца друку : Нароўля (БССР)]. — 1934. — № 5.
- ↑ За калектывізацыю: [газета]. — [месца друку : Нароўля (БССР)]. — 1935. — № 1, 5.
- ↑ За калектывізацыю: [газета]. — [месца друку : Нароўля (БССР)]. — 1936. — № 70, 145.
- ↑ Прыпяцкая праўда. — 5 мая 1987. — № 53; Прыпяцкая праўда. — 23 красавіка 1988. — № 49.
- ↑ Прыпяцкая праўда. — 19 красавіка 1994. — № 28.
- ↑ Невмержицкая, Л. Юбилей районной газеты — важное событие для всей Наровлянщины / Л. Невмержицкая // Прыпяцкая праўда. — 2022, 22 студзеня. — № 3, — С. 4.
- ↑ Прыпяцкая праўда. — 19 ліпеня 1994. — № 30; Прыпяцкая праўда. — 21 студзеня 1995. — № 6.
- ↑ Невмержицкая, Л. Иван Грушевский: Беларусь стала родной / Л. Невмержицкая // Прыпяцкая праўда. — 2024, 30 сакавіка. — № 12, — С. 1.
- ↑ Грушевский, И. В память о редакторе наровлянской районки Сергее Коноводе / И. Грушевский // Прыпяцкая праўда. — 2024, 18 студзеня. — № 3, — С. 7.
- ↑ Сергей Коновод
- ↑ Сергей Коновод
- ↑ В Наровле планируют открыть новый туристический маршрут
- ↑ Журналисты постараются донести нюансы диалога с Президентом до читателей
- ↑ Грушевский, И. В память о редакторе наровлянской районки Сергее Коноводе / И. Грушевский // Прыпяцкая праўда. — 2024, 18 студзеня. — № 3, — С. 7.
- ↑ Прыпяцкая праўда. — 2015. — № 37; 2021. — № 47.
- ↑ Прыпяцкая праўда. — 2021. — № 48. — С. 2.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Наровлянщина самобытная и современная / под общ. ред., пред. В. В. Шляги. — Гомель : Редакция газеты «Гомельская праўда», 2015. — 119 с.
- Наровля и Наровлянский район / сост.: Н. В. Кузьменкова, Н. И. Данильченко, С. В. Коновод. — Мозырь : Колор, 2005. — 25 с.
- Наровлянский район: рекламное издание на русском и английском языках / автор текста В. Минков. — Гомель : редакция газеты «Гомельская правда», [б. д.]. — 26 с.
- Памяць: Нараўлянскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад.: П. П. Рабянок, К. Ф. Ярмоленка. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — 445 с.
- Невмержицкая, Л. Юбилей районной газеты — важное событие для всей Наровлянщины / Л. Невмержицкая // Прыпяцкая праўда. — 2022, 22 студзеня. — № 3, — С. 4.
- Партыко, О. «Прыпяцкая праўда» — надежный компас в мире новостей / О. Партыко // Прыпяцкая праўда. — 17 студзеня 2026. — № 3. — С. 9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Гісторыя газеты Архівавана 16 снежня 2022.
- «Прыпяцкая праўда» празднует День рождения
- Прыпяцкая праўда // belsmi.by