Нарвежская арктычная экспедыцыя (1898—1902)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Другое плаванне «Фрама»
Fram 17 May 1899.jpg
«Фрам», упрыгожаны да Дня Канстытуцыі Нарвегіі — 17 мая 1899 года
Краіна Сцяг Нарвегіі са значком уніі Шведска-нарвежская унія
Дата пачатку 24 чэрвеня 1898 года
Дата заканчэння 20 верасня 1902 года
Кіраўнік Ота Свердруп
Склад

16 чалавек, у тым ліку

Маршрут
Norwegian Arctic Expedition (1898—1902) map-ru.svg
Дасягненні
  • Падрабязна абследаваная тэрыторыя астравоў Канадскага арктычнага архіпелага ў 260 тыс. км², што супастаўна з Нарвегіяй паўднёвей Тронхеймс-фіёрда.
  • Дастаўлены ўзоры горных парод, выкапні астанкі флоры і фаўны, шырокія заабатанічныя калекцыі (больш за 50 тысяч адзінак), 2000 узораў ніжэйшых жывёл, пробы планктону і грунту.
Страты
  • Суднавы лекар Ёхан Свендсен застрэліўся летам 1899 года
  • Качагар Уве Браскеруд памёр ад пнеўманіі зімой 1899 года

Нарве́жская паля́рная экспеды́цыя 1898—1902 гадоў (Друго́е пла́ванне «Фра́ма») пад кіраўніцтвам Ота Свердрупа праходзіла на тэрыторыі Канадскага арктычнага архіпелага. Пераследвала ў першую чаргу нацыянальна-палітычныя мэты, адкрыла і абследавала каля 260 тыс. км² астравоў, якія аб'яўляліся ўладаннямі Нарвегіі. У 1899 годзе былі страчаныя два чалавекі. У сілу шэрагу прычын апынулася менш вядомая, чым першае і трэцяе плаванні «Фрама»

Падрыхтоўка[правіць | правіць зыходнік]

Мэты і планы[правіць | правіць зыходнік]

Уздым нацыянальнай самасвядомасці ў Нарвегіі і поспех першай экспедыцыі «Фрама» прывёў да жадання пашырыць прысутнасць Нарвегіі ў высокіх шыротах Арктыкі — краіна станавілася цэнтрам палярных даследаванняў[1].

Папярэдні план новай экспедыцыі быў гатовы ўжо ў верасні 1896 года, калі Нансен і Свердруп толькі прыбылі ў Крысціянію. Падчас разгрузкі «Фрама» ў Люсакеры Нансен прапанаваў Свердрупу стаць кіраўніком новай палярнай экспедыцыі[2]. Ідэя была прапанаваная арматарамі «Фрама» — Акселем Хейбергам(англ.) бел. і піваварамі Элефам і Амундам Рынгнесамі. Яны ж бралі на сябе фінансаванне новай экспедыцыі, і першапачаткова хацелі, каб на чале яе ўстаў Нансен, але той толькі што ўз’яднаўся з сям’ёй[3].

Мэтай экспедыцыі быў в. Грэнландыя, да 1898 года амаль цалкам невядомы. «Фраму» мелася прайсці пралівам Дэвіса, далей — пралівам Сміта, залівам Кейна, пралівам Кенэдзі, залівам Хола і пралівам Робесана, а таксама, магчыма, настолькі магчыма на поўнач, наколькі дазволіць лядовая абстаноўка. Дрэйфу не меркавалася. Ад самога паўночнага пункту каманда на сабачых запрэжках павінна была ісці на паўночны ўсход уздоўж паўночнага ўскрайку Грэнландыі і дабрацца да больш вывучаных усходніх узбярэжжаў вострава. Мелася таксама вывучыць Зямлю Піры, якую амерыканскі даследчык адкрыў разам з Аструпам(нарв.) бел. у 1893 годзе і лічыў асобным палярным архіпелагам. Пытанне аб заваяванні Паўночнага полюса нават не ставілася[4].

Свердруп разумеў, што гэты амбіцыйны план практычна немагчыма рэалізаваць, паколькі ён будаваўся, зыходзячы з умовы, што лядовая абстаноўка будзе ідэальнай. Да паўночнага ўзбярэжжа Грэнландыі ў тыя часы не магло прабіцца ніводнае судна, таму Свердруп абгаварыў сваё права мяняць маршрут экспедыцыі, калі лядовая абстаноўка будзе неспрыяльнай[4].

Фінансаванне, рыштунак[правіць | правіць зыходнік]

Усе выдаткі ўзялі на сябе арматары «Фрама»: кожны ўнёс траціну агульнай сумы. Агульныя выдаткі на экспедыцыю склалі каля 220 тыс. крон (12 000 £)[5]. Аб рыштунку экспедыцыі Свердруп амаль нічога не пісаў, абмежаваўшыся згадваннем, што ўсё было зроблена як нельга лепш. Большая частка навуковага абсталявання і правіянту на 3 гады наперад паступілі з-за мяжы[6].

Паколькі «Фрам» быў дзяржаўнай уласнасцю, стортынг у 1897 годзе вылучыў 20 000 крон (каля 1100 £) на рэканструкцыю судна[7]. Экспедыцыя 1893—1896 гадоў паказала, што жылыя памяшканні былі занадта цеснымі і нязручнымі, акрамя таго, новыя задачы патрабавалі ўзрослага экіпажа — 16 чалавек. Мараходныя якасці «Фрама» таксама былі не найлепшымі: разлічаны на ціск ільдоў корпус быў хісткім, судна было капрызным у кіраванні і занадта хутка разварочвалася да ветру пад ветразямі, а таксама мела малую хуткасць.

У ліпені 1897 года «Фрам» быў адбуксіраваны на верф Коліна Арчэра(руск.) бел. ў Ларвік(бел. (тар.)) бел.. Усе змены ў канструкцыі судна абгрунтоўвалі самі суднабудаўнікі. Свердруп і Арчэр вырашылі надбудаваць на верхняй палубе «Фрама» спардэк ад машыннага аддзялення да самага носа. Надводны борт судна павялічваўся да 6 футаў (раней — максімум 2 футы). Для размяшчэння экіпажа ўтваралася надбудова даўжынёю каля 20 м і шырынёй у 10 м. Цяпер у верхнім памяшканні была вялікая кают-кампанія і 6 кают каманднага складу і навуковых супрацоўнікаў, а 10 чалавек радавога складу размяшчаліся ў старых жылых памяшканнях на карме. Каюты цеплаізаляваныя звычайным для «Фрама» спосабам, навінай была паветраная праслойка ў 1 фут, запоўненая коркам. У трумах былі навешаны столі, ізаляваныя коркам і кардонам для памяншэння кандэнсацыі вільгаці[8].

У новых жылых памяшканнях былі абсталяваны ілюмінатары, салон таксама атрымаў натуральнае асвятленне. Абаграваліся жылыя памяшканні печкай у кают-кампаніі, вентыляцыі памяшканні па-ранейшаму не мелі[9]. Электраабсталяванне было дэмантавана ў 1896 годзе, асвятляўся і абаграваўся «Фрам» газам.

Для паляпшэння мараходных якасцей быў дададзены фальшкіль 15 цаляў вышынёй. На 7 футаў была падоўжаная фок-мачта, яна зраўнавалася даўжынёй з бізань-мачтай. Сілавую ўстаноўку (паравую машыну трайнога пашырэння ў 220 к. с.) не змянялі. Паравы кацёл пры максімальнай нагрузцы спажываў прыкладна 2,8 т. вугалю ў суткі[8]. Абмеры пасля перабудовы паказалі, што ёмістасць «Фрама» склала 510 брута рэг. т. супраць 402 у 1893 годзе[9].

Каманда[правіць | правіць зыходнік]

Удзельнікі экспедыцыі перад адплыццём.
Стаяць: Ліндстром, Скей, Ольсен, Штольц, Нёдвед, Фасхейм, Сіманс, Хендрыкс, Браскеруд, Свендсен.
Сядзяць: Ізаксен, Баўман, Свердруп (у белым), Раанес, Бай, Хасель

Склад другой экспедыцыі «Фрама» не быў чыста нарвежскім:

  1. Ота Нейман Свердруп — камандзір карабля, начальнік экспедыцыі.
  2. Віктар Баўман — першы памочнік камандзіра, старшы лейтэнант ВМФ Нарвегіі (з 1895). Два гады вучыўся ў Берлінскім універсітэце на фізічным аддзяленні.
  3. Олаф Раанес — штурман «Фрама». Рыбак з Лафатэнскіх астравоў, здаўшы іспыт на штурмана, служыў у параходнай кампаніі Vesteraalen.
  4. Гунер Інгвальд Ізаксен — картограф, старэйшы лейтэнант кавалерыі.
  5. Герман Георг Сіманс — батанік, швед па нацыянальнасці. Скончыў універсітэт Лунда, у 1895 годзе ўдзельнічаў у батанічнай экспедыцыі на Фарэрскія астравы.
  6. Эдвард Бай — заолаг, датчанін па нацыянальнасці. Скончыў універсітэт Капенгагена, у 1891 годзе удзельнічаў у экспедыцыі Эйдэра ў Грэнландыю.
  7. Ёхан Свендсен — лекар. У 1893 гадах атрымаўшы навуковую ступень, служыў у шпіталі Бергена, непрацяглы час — суднавым лекарам у кампаніі Hamburg-America liners. Некалькі гадоў практыкаваў на Лафатэнскіх астравах. Застрэліўся 14 чэрвеня 1899 года[10]. Быў адзіным чальцом экспедыцыі, які не прайшоў медыцынскі агляд. Свердруп не хацеў браць яго ў экспедыцыю, ведаючы пра яго прыхільнасці да морфію[11].
  8. Пер Скей — геолаг і мінеролаг. Скончыў універсітэт Крысціяніі ў 1898 годзе.
  9. Педэр Леанар Хенрыксен — гарпуншчык, дасведчаны арктычны шкіпер. Удзельнік экспедыцыі на «Фраме» ў 1893—1896 гадах.
  10. Карл Ольсен — старэйшы машыніст. У 1893 годзе з адзнакай скончыў інжынернае вучылішча.
  11. Якаб Нёдвед — другі машыніст, качагар і майстар на ўсе рукі. Пазней удзельнічаў у экспедыцыях Амундсена ў Арктыку ў 1903—1906 і ў Антарктыду ў 1910—1912 гадах.
  12. Івар Фасхейм — паляўнічы і матрос. Вядомы ў Нарвегіі таго часу спартсмен, заснавальнік санаторыя ў Вальдрэсе.
  13. Адольф Хенрык Ліндстром — правіантмайстар і кок. Кокам служыў з ранняга юнацтва. Пазней удзельнічаў у экспедыцыі Амундсена ў Антарктыду ў 1910—1912 гадах.
  14. Сверэ Хасель — матрос. Служыў у ВМФ Нарвегіі, афіцэр кадэцкага корпуса ў Хортэне. Пазней удзельнічаў у экспедыцыі Амундсена ў Антарктыду ў 1910—1912 гадах.
  15. Рудольф Штольц — матрос. Да экспедыцыі служыў клеркам і бракёрам(бел. (тар.)) бел..
  16. Уве Браскеруд — качагар. Падобна Фасхейму і Штольцу да экспедыцыі не меў ніякага дачынення да флоту. Памёр ад цяжкай пнеўманіі і адсутнасці медыцынскай дапамогі (суднавы лекар быў ужо мёртвы) 6 снежня 1899 года[12].

Стыль кіраўніцтва Свердрупа адрозніваўся ад дэмакратыі Нансена і аўтарытарызму Амундсена. Паводле ўспамінаў:

«Рэдка мы бачылі ўсмешку на яго вуснах і рэдка чулі яго смех. Аднак з гэтага зусім не вынікала, што ён быў буркуном. Наадварот, ён быў заўсёды прыветлівы, аддаваў загады, пытаўся і адказваў заўсёды ва ўласцівай яму спакойнай манеры. Хоць ён і не належаў да тых, хто запальваў іншых сваім душэўным парывам, затое як ніхто іншы ўмеў абудзіць у людзях упэўненасць і стойкасць»[13].

Ход экспедыцыі[правіць | правіць зыходнік]

1898 год[правіць | правіць зыходнік]

«Фрам» выйшаў у другі рэйс 24 чэрвеня 1898 года, роўна праз 5 гадоў пасля пачатку першай экспедыцыі. Пры пераходзе да мыса Фарвель(руск.) бел. судна адчувала моцную гайданку, Грэнландыю ўбачылі толькі 18 ліпеня, прыбыўшы 28 ліпеня ў Эгедэсмінде, дзе прынялі на борт 36 эскімоскіх лаек. У Годхаўне ўзялі яшчэ 35 сабак, а таксама вугаль[14]. Сабак магло б быць і больш, але Свердруп даведаўся пра нейкую эпідэмію, і адмовіўся ад пакупкі.

17 жніўня «Фрам» адправіўся да в. Элсмір, але ўжо ў мыса Сабіне сутыкнуўся з шчыльнымі льдамі. Стала зразумела, што далей прайсці не атрымаецца. Каманда адразу ж занялася нарыхтоўкай маржоў, мноства якіх было паблізу: сабакам, якія хутка размножваліся, патрабавалася шмат корму. На зімоўку ўсталі ў бухце Форт Юльяна ў заліве Райс. Ізаксен адразу ж выступіў у разведвальны паход для картаграфавання мясцовасці.

6 кастрычніка Свердруп, Фасхейм і Бай адправіліся на паляванне, калі на лёдзе здаліся незнаёмыя людзі: гэта быў Роберт Піры з каюрам-эскімосам. Гутарка выйшла кароткай, Піры адмовіўся ад кавы і сняданку і паспешліва пайшоў. Свердруп успамінаў:

«Наведванне Піры стала галоўнай падзеяй дня ў нашым намёце. Мы не гаварылі ні аб чым іншым, толькі радаваліся, што нам пашчасціла паціснуць руку знакамітага палярніка, хоць бы яго візіт быў настолькі кароткі, што госць не паспеў нават толкам зняць рукавіцы»[15]

Характэрна, што сам Піры аб гэтым эпізодзе ніколі і нідзе не згадваў.

Свердруп упершыню стаў практыкаваць кароткачасовыя санкавыя паходы, для якіх «Фрам» служыў надзейнай базай. З 1 лістапада «Фрам» быў падрыхтаваны да зімы: для змяншэння цеплааддачы расцягнулі над палубай тэнт, ілюмінатары надзейна запрэсавалі снегам. Для сабак былі ўладкованыя будкі на снезе — усё гэта было апрабавана яшчэ ў рэйсе ў Ледавітым акіяне[16]. Свердруп тады яшчэ не пакінуў планаў на Грэнландыю, таму на ўсю зіму распланавалі работы па шыццю намётаў і пабудове каякоў і інш.[17]. Нёдвед зладзіў кузню прама на лёдзе[18]. Свае планы на Грэнландыю былі ў членаў каманды: Раанес і Фасхейм збіраліся налавіць жывых аўцабыкаў з тым, каб даставіць іх у Еўропу і распрадаць па заапаркам[19].

1899 год[правіць | правіць зыходнік]

Зіма была суровая — Педэр Хенрыкс, узведзены ў асістэнты доктара Свендсена, з цяжкасцю прабіваў двухмятровыя калодзежы ў лёдзе змёрзлага заліва для прамераў тэмпературы вады. Самыя нізкія тэмпературы паветра назіраліся ў студзені-лютым 1899 года — да −45 °C; у трумах і майстэрні тэмпература трымалася на ўзроўні −27 °C[20]. Нягледзячы на халады, 22 лютага 1899 года Свердруп, Баўман, Бай, Ізаксен і Хенрыксен вырашылі адправіцца на паляванне [21]. Свердруп і Хенрыксен як больш дасведчаныя аддзяліліся ад атрада і вырашылі заначаваць на свежым паветры. Паставіўшы палатку, яны распалілі прымус і тут жа пераканаліся, што палатка цалкам пакрылася інеем. Тэрмометр у іх быў ртутны, не разлічаны на такія маразы. Заснуць паляўнічым не ўдалося. Нечакана Хенрыксен паскардзіўся, што ў яго мерзне спіна: Свердруп пераканаўся, што замёрзла палярнае адзенне з воўчага футра. Свердрупу прыйшлося здзіраць ледзяны даспех з таварыша і адаграваць яго прымусам, які ён трымаў у руках[22]. Гэтай жа ноччу Піры (знаходзячыся ў 10 мілях ад Свердрупа) зафіксаваў тэмпературу -67 °C і адмарозіў восем пальцаў на нагах, якія давялося ампутаваць[23]. Ні Свердруп, ні Хенрыксен не пацярпелі, не лічачы таго, што на прасушку прамарожанага адзення сышлі не адны суткі.

7 сакавіка Скей, Штольц і Хасель паспрабавалі прайсці як мага далей на поўнач. Тэмпература трымалася на ўзроўні -42 °C. На пяты дзень паходу Скей адмарозіў пяць пальцаў на нагах і іх прыйшлося ампутаваць. Падвёў абутак: замест лапландскіх «каньгаў», якія набіваліся травой сены, ён насіў «камагі» з сырамятнай скуры[24].

Калі пацяплела, Свердруп і Бай здзейснілі некалькі паходаў, адзін з іх доўжыўся каля месяца. У чэрвені выйшлі два атрады: Скея і Свендсена і Свердрупа і Сіманса. Свендсен адчуваў сябе не вельмі добра, але жадаючы паназіраць за арктычнымі казуркамі, адмовіўся вярнуцца і застаўся ў намёце. Свердруп, вяртаючыся, убачыў доктара, які сядзеў за палаткай: згледзеўшы начальніка, Свендсен стрэліў сабе ў галаву. Самазабойцу пахавалі ў моры, апусціўшы цела ў заліў[25]. 15 чэрвеня на «Фраме» была абвешчана жалоба. Пра сапраўдную прычыну яго смерці камандзе абвясцілі ўжо пасля заканчэння экспедыцыі[26].

У ліпені льды сталі разыходзіцца, але прасунуцца на поўнач не ўдалося. У жніўні вызваліўся праліў Сміта, таму «Фрам» змог зайсці ў Фаулк-фіёрд у Грэнландыі. Там ужо размясціўся Піры на сваім экспедыцыйным судне Windward. У Піры быў Баўман, але асабістая сустрэча начальнікаў экспедыцый не адбылася: Піры быў пакрыўджаны на Свердрупа, і лічыў, што той збіраецца адабраць у яго галоўны прыз — Паўночны полюс[27].

Магіла Браскеруда.

Да сярэдзіны жніўня Свердруп канчаткова адмовіўся ад грэнландскіх планаў і прыняў рашэнне прайсці магчыма далей на захад пралівам Джонс, працягнуўшы картаграфаванне в. Элсмір. 22 жніўня атрымалася забіць 22 маржы. Для эканоміі часу іх паднялі прама на борт, і падчас шторму ў праліве Лэдзі-Ан маржы запэцкалі салам і крывёю ўсю палубу. Неўзабаве быў адкрыты раней невядомы фіёрд, названы імем судна, але ўвайсці ў яго не ўдалося. На другую зімоўку размясціліся толькі 1 верасня.

У верасні Свердруп, Штольц і Ізаксен паспрабавалі даследаваць праліў Джонса на шлюпцы. У выніку яны патрапілі ў суцэльныя льды, і былі вымушаныя весці жыццё палярных рабінзонаў, пакуль не дабраліся да «Фрама» 6 снежня таго ж года[28]. За некалькі дзён да іх прыходу памёр Браскеруд пасля двухтыднёвай пнеўманіі.

1900 год[правіць | правіць зыходнік]

Каляды былі маркотнымі: акрамя смерці Браскеруда, каманду прыгнятала цяжкая хвароба Сіманса і Ліндстрома, ад якой яны не хутка акрыялі. Роля кока была ўскладзена на Хасселя, і ён справіўся з новымі абавязкамі. Першы паход у 1900 годзе пачаўся 23 лютага — яго мэтай было вярнуць шлюпкі, кінутыя камандай Свердрупа ў іх рабінзанадзе. Адначасна высвятлілася, што склады для мяса — сабачага корму, закладзеныя ў 1899 годзе, былі разрабаваны белымі мядзведзямі. Новы склад, прызначаны для вялікай экспедыцыі на захад, быў названы Б'ёрнборгам «Мядзведжай крэпасцю», адзіным вартаўніком падахвоціўся быць Э. Бай, які тры месяцы пражыў там у поўнай адзіноце. 20 сакавіка ў вялікі санкавы паход адправіліся тры групы: Ізаксен і Хасель, Свердруп і Фасхейм, Хенрыксен і Скей. Баўман і Раанес курсіравалі паміж атрадамі, забяспечваючы іх правіянтам і газай. На борце засталося 5 чалавек, яны перасяліліся на ют; з мэтай эканоміі паліва ацяпляліся толькі кармавыя памяшканні[29].

Галоўным адкрыццём экспедыцыі стаў вузкі праліў паміж астравамі Элсмір і Норт-Кент. Яго дасягнулі ў моцны мароз і буран, даўшы перавалу імя Пякельныя Вароты: Хел-Гейт. Тут ледзь не загінула запрэжка сабак, якая праваліўся пад лёд. Праліў быў названы Свердрупам Нарвежскім. 30 сакавіка здаліся горы, але абследаваць іх было немагчыма. Тэмпература трымалася на ўзроўні -42 °C, у выніку чаго каньяк, узяты Раанесам, замёрз, і падчас святкавання экспедыцыянеры яго з'елі[30].

Ад Нарвежскага заліва Свердруп і Ізаксен, маючы 12 сабак, паспрабавалі прайсці на поўнач. Яны адкрылі востраў Аксель-Хейберг. Пастаянныя штармы вымусілі іх вярнуцца. Усе групы сабраліся ў Б'ёрнборгу 1 чэрвеня 1900 года. Бая на пасадзе захавальніка базы замяніў Фасхейм. За ўвесь гэты час Бай не бачыў ні аднаго мядзведзя.

Пажар на «Фраме» 27 мая 1900 года.

27 мая 1900 года экспедыцыя ледзь не пазбавілася «Фрама»: іскры з камбузнай трубы падпалілі тэнт, расцягнуты над усім суднам, заняўся дах рубкі, а затым успыхнулі піламатэрыялы і 16 каякоў, прасякнутых для воданепранікальнасці газай. Сталі гарэць і ванты, акрамя таго, на палубе стаяў бак з 200 л газы. Дзякуючы рашучасці Сіманса і зладжанасці дзеянняў, пажар удалося патушыць. Асноўным уронам быў расплаўлены кухонны посуд[31].

9 жніўня 1900 года «Фрам» рушыў далей, але трапіў у лядовыя палі на поўнач ад праліва Джонс. Свердруп вырашыў станавіцца на трэцюю зімоўку ў Гёсе-фіёрдзе. Тут былі багатыя статкі аўцабыкаў, неабходныя для пракорму сабак і разнастайнасці рацыёну каманды (на «Фраме» нават выкарыстоўвалі малако, якое даілі з забітых кароў). Новых экспедыцый арганізаваць не ўдалося з-за пастаяннага штармавога надвор'я.

1901 год[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак 1901 года не прынёс паляпшэння: штармы працягваліся да сакавіка. 12 сакавіка яны змяніліся маразамі да -50 °C. Тым не менш, Свердруп арганізаваў дзве групы з 4 чалавек, на 4 санках з 24 сабакамі. Група Ізаксена прайшла да заходняга краю вострава Аксель-Хейберг, паход доўжыўся 2 тыдні. Свердруп падчас двухтыднёвага паходу дабраўся да праліва паміж Аксель-Хейбергам і Элсмірам, названы ім Эўрыка. Ужо 8 красавіка пачаўся новы паход: Ізаксен і Хасель абследавалі заходнія астравы, адкрыўшы астравы Амунд-Рынгнес і Элеф-Рынгнес, Баўман і Штольц картаграфавалі фіёрды на ўсходзе Нарвежскага праліва. Тут яны знайшлі магутныя паклады вугалю і скамянелы дагістарычны лес, асобныя ствалы мелі ў дыяметры больш за метр[32].

Фасхейм і Раанес тады ж пераправіліся праз праліў Эўрыка і прасунуліся да Грылі-фіёрда. 13 чэрвеня яны вярнуліся на «Фрам», прарабіўшы 1550 км за 67 дзён. Адначасова Свердруп і Скей здзейснілі 77-дзённы паход, падчас якога знайшлі шматлікія сляды знаходжання эскімосаў, але людзей не бачылі.

Надвор'е змянілася: да 17 чэрвеня тэмпература дасягнула нулявой адзнакі. 12 жніўня Свердруп паспрабаваў пакінуць месца зімоўкі, аднак ільды не давалі праходу. Былі пачаты выбуховыя работы, але 5 верасня разыграўся ўраган, стала ясна, што прыйдзецца зімаваць яшчэ раз. Канчаліся запасы, таму разгарнулася бурная паляўнічая дзейнасць на лёдзе і на сушы. Акрамя таго, Свердруп распарадзіўся засыпаць пяском канал у льдах да вусця фіёрда, каб паскорыць вясновае раставанне льдоў.

1902 год. Вяртанне[правіць | правіць зыходнік]

У красавіку Баўман, Фасхейм і Хасель разведалі в. Коун у праліве Джонса. Тут былі ўсталяваныя гурыі з залітаванымі ў бляшаных скрынках справаздачамі аб экспедыцыі. У канцы красавіка Баўман, Фасхейм і Раанес здзейснілі паход да паўвострава Бічы, дзе Джон Рос пакінуў у 1850 годзе вялікі склад, калі шукаў зніклую экспедыцыю Франкліна. Аказалася, што склад разрабаваны невядома кім. Улетку праводзілася картаграфаванне вострава Дэван і Гёсе-фіёрда. Тут была знойдзена вялікая колькасць закамянеласцей. 6 жніўня ўскрыліся льды, пасля чаго «Фрам» змог пачаць прасоўвацца да Грэнландыі. Штармавое надвор'е прыйшлося чакаць у Хаўне-фіёрдзе, у Годхаўне экспедыцыя была толькі 17 жніўня.

Абмінуўшы мыс Фарвель, 20 верасня «Фрам» прыбыў у Ставангер. Тут каманда перайшла на борт браняносца «Хеймдаль» — флагмана нарвежскага флоту, які адбуксіраваў судна ў Крысціянію. «Хеймдалем» камандаваў Сігурд Скот-Хансен.

Ушанаванне экспедыцыі не саступала сустрэчы 1896 года. Усе члены экіпажа былі ўзнагароджаны сярэбраным медалём «Фрама», Свердруп ганараваны Вялікага крыжа ордэна св. Олафа, Хенрыкс — залатога медаля «За службу каралю».

Вынікі экспедыцыі[правіць | правіць зыходнік]

Экспедыцыя падрабязна абследавала тэрыторыю ў 260 тыс. км² — больш, чым якая-небудзь папярэдняя экспедыцыя (усяго было здзейснена 15 санных паходаў сумарнай працягласцю 762 дні, пройдзена 17515 км, не лічачы экскурсій у 30—40 км на некалькі дзён)[33]. Усе тэрыторыі аб'яўляліся ўладаннямі Нарвегіі. Свердруп накіраваў адпаведныя дакументы ўраду ў Стакгольм, аднак міністр замежных спраў Лагерхейм фактычна іх праігнараваў. Пасля распаду ўніі са Швецыяй пачалася зацяжная спрэчка з Канадай, якая далучыла гэтыя тэрыторыі ў адпаведнасці з канцэпцыяй палярных сектараў. Судовыя разборы цягнуліся да 1930 года, а апошнія дакументы аб адмове ад прэтэнзій Сведруп падпісаў літаральна за два тыдні да свайго скону. У 1930 годзе Канадскі ўрад выкупіў усе матэрыялы экспедыцыі Свердрупа за 67 тыс. долараў, якія захоўваюцца цяпер у Нацыянальным архіве Канадскай федэрацыі(англ.) бел..

Папулярнае апісанне экспедыцыі выйшла ў 1904 годзе пад назвай «Новая зямля», і было неадкладна перакладзена на англійскую мову. Свердруп быў няважным пісьменнікам, таму літаратурную апрацоўку яго дзённікаў вырабіў знакаміты празаік Якаб Брэда Буль[34].

У навуковым дачыненні экспедыцыя картаграфавала тэрыторыю, супастаўную з Нарвегіяй паўднёвей Тронхеймс-фіёрда(англ.) бел.[35]. Былі дастаўлены ўзоры горных парод, астанкі флоры і фаўны, шырокія заабатанічныя калекцыі (больш за 50 тысяч адзінак), 2000 узораў ніжэйшых жывёл, пробы планктону і грунту. Аднымі з найбольш цікавых знаходак былі секвоі і кіпарысы ўзростам 45 млн гадоў, якія добра захаваліся. Апрацоўка гэтых матэрыялаў заняла 20 гадоў. Публікацыя пяцітомнай справаздачы («Report of the Second Norwegian Arctic Expedition on the „Fram“ 1898—1902» — на англійскай мове) расцягнулася: два тамы пабачылі свет у 1907 годзе, па адным у 1911 і 1919 гадах, апошні том убачыў свет у 1930 годзе. Сумарны аб'ём выдання перавысіў 2000 старонак[36].

Экспедыцыя Свердрупа развіла і сістэматызавала спосабы і прыёмы падарожжаў і выжывання ў палярных краінах. Шмат у чым дасягненні Свердрупа спрыялі рэалізацыі планаў Руаля Амундсена.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Буманн-Ларсен, Тур. Амундсен. — м: Молодая гвардия, 2005.
  • Магидович И. П. и др. Очерки по истории географических открытий. — м: Просвещение, 1985. — Т. 4.
  • Саннес Т. Б. ««Фрам»: приключения полярных экспедиций. — : Судостроение, 1991.
  • Sverdrup Otto. New Land. Tr. by E. Hearn. Vol. 1 (англ.) . — London: Longmans, Green and Co, 1904.
  • Sverdrup Otto. New Land. Tr. by E. Hearn. Vol. 2 (англ.) . — London: Longmans, Green and Co, 1904.
  • Amundsen Roald. The South Pole: An Account of the Norwegian Antarctic Expedition in the Fram, 1910—1912. Vol. I—II. — London: John Murray, 1912.
  • Kenney Gerard. Ships of Wood and Men of Iron: A Norwegian-Canadian Saga of Exploration in the High Arctic. — Dundurn Press Ltd, 2005.
  • Guldborg Søvik, Lars Hole. Der isen aldri går: et år i Otto Sverdrups rike. — Mangschou, 2001. — ISBN 978-82-91948-08-9.