Ніжняя Бургундыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каралеўства Праванс,
Каралеўства Ніжняя Бургундыя

лац.: Regnum Provinciae,
фр.: Basse Bourgogne

Flag of None.svg
879 — 933


Flag of None.svg


Burgundies 3.png
Бургундскія дзяржавы ў 925 годзе
     Каралеўства Ніжняя Бургундыя     Каралеўства Верхняя Бургундыя      Заходнефранкскае каралеўства     Усходнефранкскае каралеўства     Каралеўства Італія Пункцірам пазначана тэрыторыя Бургундыі, якая адышла ў 843 годзе да Заходнефранкскага каралеўства (будучае герцагства Бургундыя)
Сталіца В'ен,
Арль (з 928 года)

Каралеўства Ніжняя Бургундыя (фр.: Basse Bourgogne) — адна з дзяржаў, якія ўтварыліся падчас распаду імперыі Карла Вялікага. Каралеўства ўключала паўднёва-ўсходнюю частку сучаснай Францыі: Праванс, Дафінэ, Канта-Венесен, Савою, а таксама некаторыя тэрыторыі на правым беразе Роны (Ліянэ і Вівары). Утвораная ў 879 годзе, дзяржава праіснавала да 933 года, калі яна была аб’яднана з Верхняй Бургундыяй у адзінае Бургундскае каралеўства (Арэлат). З прычыны таго, што палітычны цэнтр Ніжняй Бургундыі знаходзіўся ў Правансе, дзяржаву таксама часта называюць каралеўства Праванс (лац.: Regnum Provinciae).

Узнікненне каралеўства[правіць | правіць зыходнік]

Каралеўства Ніжняя Бургундыя ўзнікла ў час распаду імперыі Карла Вялікага ў другой палове IX стагоддзя.

Падзел Сярэдзіннага каралеўства[правіць | правіць зыходнік]

У 855 годзе Лотар I, старэйшы ўнук Карла Вялікага, адпісаў сваё Сярэдзіннае каралеўства тром сваім сынам (Прумскі дагавор). Самы малодшы, Карл, атрымаў Праванс і землі паміж далінай Роны і Альпамі (Цысюранская Бургундыя). Так узнікла буйное тэрытарыяльна-палітычнае ўтварэнне, якое ахапіла большую частку былога Франкскага каралеўства Бургундыя ад Юрскіх гор да Міжземнага мора.

Падзел уладанняў Карла Праванскага[правіць | правіць зыходнік]

У год смерці свайго бацькі Карл быў непаўналетнім. Яго апекуном і фактычным кіраўніком каралеўства стаў ягоны дзядзька, Жэрар, герцаг Ліёна і В'ена. Карл пакутаваў на эпілепсію, і атачэнне караля сумнявалася, што ў яго могуць нарадзіцца дзеці. У 859 годзе Жэрар падпісаў дагавор, паводле якога Карл прызнаў сваім спадчыннікам брата Лотара II, караля Латарынгіі.

Аднак, калі 25 студзеня 863 года Карл памёр, іншы ягоны брат, кароль Італіі Людовік II, раней Лотара прыбыў у Праванс. Ён далучыў уладанні Карла да сваіх, і Лотар не змог прымусіць Людовіка выканаць пагадненне 859 года. Жэрар здолеў захаваць за сабой Ліёнскае герцагства (раёны Ліёна, В’ена, Грэнобля і Юзеса), і яно ўвайшло ў склад каралеўства Лотара II.

Калі ў 869 годзе памёр Лотар II, яго ўладанні былі падзелены (Мерсенскі дагавор) паміж Заходнефранкскім (будучая Францыя) і Усходнефранкскім каралеўствамі (будучая Германія). Пры гэтым землі ўздоўж ніжняга і сярэдняга цячэння Роны дасталіся заходнефранкскаму каралю Карлу II Лысаму. У 871 годзе ён перадаў В’ен і Ліён свайму швагру Базону. Астатнія землі Ніжняй Бургундыі (у тым ліку Праванс) перайшлі да Карла II Лысага пасля смерці ў 875 годзе караля Італіі Людовіка II, сына Лотара I.

Сыход ад каралінгскага дому[правіць | правіць зыходнік]

У 879 годзе пасля смерці караля заходніх франкаў Людовіка II, сына Карла II Лысага, арыстакратыя і духавенства Праванса адмовіліся прызнаць уладу яго пераемнікаў Людовіка III і Карламана II. На сінодзе ў Мантайлі яны выбралі сваім каралём графа В'енскага Базона, мужа Ірменгарды, дачкі памерлага караля Італіі Людовіка II. Ён апынуўся першым за апошнія сто гадоў манархам на тэрыторыі Франкскай імперыі, які не належаў да дынастыі Каралінгаў. Тэрыторыя дзяржавы Базона адпавядала паўднёвай частцы былога Франкскага каралеўства Бургундыя, землям былых рымскіх дыяцэзій Арля, Экса, В'ена, Ліёна, а таксама Савоі і Вівары.

Палітычная гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дзяржава Базона адразу падверглася атацы заходнефранкскіх каралёў. У 880 годзе быў захоплены Макон і шэраг тэрыторый на поўнач ад Ліёна, аднак узяць В'ен не ўдалося, і ў цэлым каралеўства Базона захавала сваю тэрытарыяльную цэласнасць.

Кіраванне Людовіка Сляпога[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Базона ў 887 годзе імператар Карл III Тоўсты прызнаў правы яго сына Людовіка на Ніжнюю Бургундыю. У жніўні 890 года на сходзе баронаў і прэлатаў каралеўства ў Валансе Людовік быў афіцыйна выбраны каралём Арля, Праванса і Ніжняй Бургундыі. У 890-х гадах Людовіку прыйшлося адбіваць набегі арабскіх піратаў, якія абгрунтаваліся ў вусці Роны.

Кароль Ніжняй Бургундыі Людовік, па маці быў унукам імператара Людовіка II. У 900 годзе ён пачаў барацьбу за імператарскую карону, распачаўшы паход у Італію, і ў 901 годзе быў каранаваны ў Рыме. Аднак неўзабаве войскі Людовіка былі разбіты маркграфам Фрыуля Берэнгарам, і ён быў вымушаны вярнуцца ў Праванс. У 905 годзе Людовік патрапіў у палон да Берэнгара, быў аслеплены і адмовіўся ад прэтэнзій на Італію.

Пасля вяртання ў Праванс Людовік перадаў значную частку сваіх паўнамоцтваў Гуга, графу Арльскаму, жанатаму на сястры караля.

Кіраванне Гуга Арльскага[правіць | правіць зыходнік]

Гуга да самай смерці Людовіка Сляпога ў 928 годзе быў фактычным кіраўніком Ніжняй Бургундыі, а пасля стаў яго афіцыйным пераемнікам. Ён перанёс сталіцу дзяржавы з В'ена ў свой радавы горад Арль, што рэзка павялічыла значэнне Праванса ў складзе каралеўства. У 925 годзе, атрымаўшы тытул караля Італіі, Гуга працягнуў барацьбу за пашырэнне сваёй улады на Апенінскім паўвостраве. Там яго галоўным праціўнікам быў кароль Верхняй Бургундыі Рудольф II, які таксама ўсклаў на сябе італьянскую карону. Для барацьбы з гэтым праціўнікам Гуга паспрабаваў прыцягнуць на свой бок заходне-франкскага караля Рауля, але той запатрабаваў сюзерэнітэта над Ліёнам і В'енскім графствам. Гэтая акалічнасць стала адной з прычын заключэння ў 933 годзе дагавора паміж двума бургундскімі манархамі: Рудольф II адмаўляўся на карысць Гуга ад сваіх прэтэнзій на Італію, а Гуга саступаў Рудольфу прастол Ніжняй Бургундыі.

Вынікам пагаднення 933 года стала аб’яднанне Верхняй і Ніжняй Бургундыі ў адзінае Бургундскае каралеўства, якое пазней па сваёй сталіцы Арлі атрымала другую назву — Арэлат.

У складзе аб’яднанай Бургундыі[правіць | правіць зыходнік]

Дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі Ніжняй Бургундыі да 1200 г.      Уладанні графаў Праванса     Уладанні графаў Тулузы     Уладанні графаў Савоі     Уладанні дафінаў В'енскіх     Уладанні каралёў Арагона     Царкоўныя ўладанні Чырвонай лініяй пазначаны граніцы Ніжняй Бургундыі, Францыі і Італіі на 1200 год

У Ніжняй Бургундыі найбуйнейшымі баронамі з’яўляліся графы В'енскія, якія кантралявалі паўночныя часткі каралеўства, і графы Арльскія, якія атрымалі ў 973 годзе пасля выгнанні арабаў большую частку Праванса.

На працягу XI стагоддзя ішоў працэс аслаблення цэнтральнай улады ў Бургундскім каралеўстве і пашырэння прэрагатыў мясцовых феадалаў.

У 1030 годзе В’енскае графства было падзелена на графства д’Альбон (будучае Дафінэ) і графства дэ Мар’ен (ці Савоя).

Страта незалежнасці[правіць | правіць зыходнік]

Рудольф III апынуўся апошнім манархам незалежнай аб’яднанай Бургундыі. Пасля яго смерці ў 1032 годзе каралём быў выбраны кароль Германіі і імператар Конрад II, а ў 1034 годзе абедзве Бургундыі былі ўключаны ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Сіла імператарскай улады ў Бургундыі была, аднак, слабой, і на ўсёй яе тэрыторыі фактычная ўлада апынулася ў руках мясцовых кіраўнікоў — на поўдні краіны ў руках графаў Праванса.

Хоць імператары да XIV стагоддзя працягвалі насіць тытул караля Бургундыі, у гэтым рэгіёне сталі ўзмацняцца пазіцыі Францыі, якая паступова падпарадкавала сваёй уладзе амаль усе дзяржаўныя ўтварэнні, якія склаліся на тэрыторыі былой Ніжняй Бургундыі[1].

Спіс каралёў Ніжняй Бургундыі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Даты далучэння ніжнебургундскіх графстваў да Францыі: 1137 — Фарэ, 1305 — Вівары, 1313 — Ліянэ, 1349 — Дафінэ, 1486 — Праванс, 1601 — Брэс і Бюжэ, 1672 — Аранж, 1791 — Канта-Венесен, 1860 — Савоя і Ніца.