Поўны збор рускіх летапісаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з ПСРЛ)
Jump to navigation Jump to search
Радзівілаўскі летапіс

«По́ўны збор ру́скіх ле́тапісаў» (руск.: «Полное собрание русских летописей», ПСРЛ) — шматтомнае выданне помнікаў летапісання ўсходніх славян.

Выдаваўся з 1841 Археаграфічнай камісіяй у Пецярбургу, з 1922 АН СССР. Да 1921 выдадзена 24 тамы, усяго выйшла 38 тамоў.

Тэксты публікуюцца на мове арыгінала; змяшчаюцца не толькі асобныя летапісныя помнікі, але і іх рэдакцыі з розначытаннямі па іншых спісах і з палеаграфічна-тэксталагічным каментарыем.

Беларускія і беларуска-літоўскія летапісы і хронікі змешчаны ў 17-м (1907), 32-м (1975) і 35-м (1980) тамах. У 17-м томе апублікаваны летапісныя помнікі паводле 20 спісаў, у т.л. «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Пахвала Вітаўту», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хроніка Быхаўца, змешчаны і іншыя гісторыка-літаратурныя матэрыялы, звязаныя з гэтымі творамі сваім паходжаннем. У 32-м томе змешчаны Хроніка Быхаўца і творы, якія раней не друкаваліся ў гэтым выданні: «Хроніка літоўская і жамойцкая», Баркулабаўскі летапіс і Віцебскі летапіс. У 35-м томе надрукаваны агульнадзяржаўныя беларуска-літоўскія летапісы і хронікі 15—16 ст. паводле 12 спісаў, Валынскі кароткі летапіс, упершыню ўведзена ў шырокі навуковы ўжытак Магілёўская хроніка. У 38-м томе (1989) упершыню ў гэтай серыі надрукаваны Радзівілаўскі летапіс. У некаторых іншых тамах змешчаны помнікі старажытнарускага летапісання, якія непасрэдна датычаць гісторыі беларускага народа: летапіс Аўрамкі (т. 16, 1889), Іпацьеўскі летапіс (т. 2, 1962), Лаўрэнцьеўскі летапіс (т. 1, 1962) і іншыя.

На аснове матэрыялаў, змешчаных у розных тамах ПЗРЛ, падрыхтавана асобнае выданне летапісных помнікаў у перакладзе на сучасную беларускую мову — «Беларускія летапісы і хронікі» (1997).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]