Павал Орсаг Гвездаслаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Павал Орсаг Гвездаслаў
славацк.: Pavol Országh Hviezdoslav
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Павал Орсаг
Псеўданімы Jozef Zbranský і Hviezdoslav[1]
Дата нараджэння 2 лютага 1849(1849-02-02)[2][3][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 8 лістапада 1921(1921-11-08)[2][3][…] (72 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Мікулаш Орсаг (1816—1888)
Маці Тэрэзія Медзіградская (1819—1887)
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці мовазнавец, паэт, пісьменнік, перакладчык, драматург, адвакат, палітык, юрыст
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Hviezdoslavovo námestie v Bratislave
Hviezdoslavova busta v Maďarsku v meste Kiskőrös
Памятная дошка ў Прэшаве
Вуліца Гвездаславава

Па́вал Орсаг Гве́здаслаў (славацк.: Pavol Országh Hviezdoslav), сапраўднае імя Павал Орсаг (псеўданімы: Hviezdoslav, Jozef Zbranský, Syn ľudu[4][5]; 2 лютага 1849, Вышні Кубін — 8 лістапада 1921, Долны Кубін) — славацкі паэт, драматург, пісьменнік, перакладчык, юрыст, член Рэвалюцыйнага народнага сходу ЧСР (1918) і ганаровы старшыня Маціцы славацкай (1919)[6].

Гвездаслаў — адна з найвыдатнейшых з'яў у культуры канца XIX — пачатку XX стагоддзя і славацкай літаратуры ў цэлым[7], рэфарматар славацкай мовы і стылістыкі.

Жыццяпіс[правіць | правіць зыходнік]

Быў трэцім дзіцем у збяднелай сялянскай сям'і, меў брата і сястру. Першапачатковую адукацыю атрымаў у роднай Ораве (1854—1859) і ў суседніх вёсках Ясенава і Лешціны (1860). Вялікі ўплыў на яго светапогляд аказаў у гэты час лешцінскі настаўнік Адольф Медзіградскі, які вучыў іх славацкай мове. Ён жа пераканаў бацькоў накіраваць сына ў венгерскую гімназію ў Мішкальцы, зважаючы на яркі талент хлапца. Адзін год Павал дапамагаў на ферме свайму стрыю Яну[8], аднак урэшце сям'я вырашыла адаслаць яго ў Мішкальц да іншага стрыя, адносна заможнага і бяздзетнага краўца Паўла[5]. Так у 1862 годзе Павал Орсаг пачаў навучанне ў тамтэйшай гімназіі, дзе займеў веды венгерскай мовы, а ў дзядзькі прачытаў усю бібліятэку, захапіўшыся паэзіяй і творамі венгерскіх паэтаў. Па смерці стрыя ў 1865 годзе вярнуўся дадому ў Славакію і паступіў у евангельскі ліцэй у Кежмарку, які скончыў у 1870. Пасля пераехаў у Прэшаў, дзе навучаўся ў Юрыдычнай акадэміі (1870—1872).

Адвакацкую практыку праходзіў у Долным Кубіне, Марціне, Сеніцы. Іспыты на адваката здаў у 1875 годзе ў Будапешце[4], адкрыў у Наместаве ўласную адвакацкую кантору. Усё сваё творчае жыццё правёў на Ораве, дзе быў таксама членам суда і загадчыкам філіяла «Татрабанка».

У 1876 годзе пераехаў у Долны Кубін, дзе стаў суддзёй, у маі ажаніўся з Ілонай Новакавай, дачкою мясцовага евангельскага сеньёра  (славацк.). Іх шлюб быў бяздзетны, аднак па смерці яго маці ў 1887 і бацькі ў 1888, а праз год і брата Мікулаша яны з жонкай вырашылі ўсынавіць Мікулашавых дзяцей Яраслава і Сідоню.

У маі 1918 ўзначальваў славацкую дэлегацыю на святкаванні 50-годдзя заснавання Нацыянальнага тэатра ў Празе. У сваім выступленні выказаўся за магчымасць славацкага-чэшскага адзінства. І ўжо ў канцы таго ж года з энтузіязмам вітаў стварэнне Чэхаславакіі, а з ім і з'яўленне рэальных перспектыў для свабоднага развіцця славацкай нацыі.

У 1919 атрымаў званне ганаровага доктара філасофіі Карлавага ўніверсітэта ў Празе[9].

У 1921 стан здароўя рэзка пагоршыўся, прайшоў курс лячэння ў Празе і Лугачавіцах, сканаў у Долным Кубіне, дзе й пахаваны.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Пісаць вершы пачаў у час навучання па-венгерску і нямецку. Публікавацца пачаў у 60-х гадах XIX стагоддзя пад псеўданімам Jozef Zbranský. Дэбютаваў нізкай вершаў «Паэтычныя першынцы» (1868). У 1871 разам з Коламанам Баншэлам рэдагаваў альманах «Napred», але гэты зборнік выклікаў у старэйшага пакалення (Ёзаф Міласлаў Гурбан, Андрэй Сытнянскі і інш.) такі моцны адпор, што малады паэт не меў магчымасці друкавацца ў адзіным славацкім літаратурным месячніку «Orol». Сітуацыя змянілася толькі пасля сыходу Сытнянскага з рэдакцыі «Арла». Публікаваўся, акрамя гэтага, і ў часопісе «Slovenské pohľady».

Псеўданімам Hviezdoslav упершыню скарыстаўся ў 1877 у вершаваным некралогу па Вільяме Паўліні-Тоце, пасля чаго выкарыстоўваў яго да канца жыцця.

Аўтар цыклаў «Сны маладосці» (1877), «Санеты» (18821886), «Псалмы і гімны» (18821892), «Парасткі» (18851893), «Праходкі вясною» і «Праходкі летам» (абодва 1898), «Скрухі» (19001915), «Водгулле» (19091919), «Крывавыя санеты» (1914); эпічных паэм «Леснікова жонка» (1886), «Эжа Влкалінскі» (1890), «Табар Влкалінскі» (18971899); філасофска-этычных твораў на біблейскія сюжэты (паэмы «Рахіль», 1892; «Каін» і «Сон Саламона», абедзве 1900; трагедыя «Ірад і Ірадыяда», 1909, і інш.).

Перакладаў творы рускіх (Аляксандр Пушкін — «Цыганы», «Барыс Гадуноў», «Каўкаскі палонны» і іншыя, Міхаіл Лермантаў — «Дэман»), нямецкіх паэтаў (Ёган Вольфганг Гётэ — «Фаўст», Фрыдрых Шылер — «Песня пра звон»), польскія творы (Адам Міцкевіч, Юльюш Славацкі). Перакладаў і п'есы з англійскай (Уільям Шэкспір — «Гамлет», «Макбет», «Сон у летнюю ноч»), з венгерскай пераклаў вершы Шандара Пецёфі і п'есу Імрэ Мадач «Трагедыя чалавека».

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Лірычныя нізкі[правіць | правіць зыходнік]

  • 1882 / 1886 — Sonety
  • 1885 / 1896 — Letorosty I., Letorosty II. a Letorosty III.
  • 1885 / 1896 — Žalmy a hymny
  • 1898 — Prechádzky jarom
  • 1898 — Prechádzky letom
  • 1903 — Stesky
  • 1914—1918 — Krvavé sonety

Паэтычныя зборнікі ды іншае[правіць | правіць зыходнік]

  • 1868 — Básnické prviesenky Jozefa Zbranského
  • 1879 — Ilona Žltovlas
  • 1880 — Krb a vatra (толькі рукапіс, нявыдадзены)
  • 1888 — Čierny tok
  • 1888 — Mlyn v Tatrách
  • 1889 — Na obchôdzke
  • 1890 — V žatvu
  • 1891 — Poludienok
  • 1892 — Obed a večera
  • 1909 / 1911 — Stužková a Dozvuky

Эпічныя творы[правіць | правіць зыходнік]

  • 1882 — Agar
  • 1884 / 1886 — Hájnikova žena
  • 1888 — Bútora a Čútora
  • 1890 — Ežo Vlkolinský
  • 1884 / 1886 — Gábor Vlkolinský
  • 1892 — Ráchel
  • 1897 — Vianoce
  • 1900 — Kain (táto zbierka nebola vydaná)
  • 1900 — Sen Šalamúnov

Драмы[правіць | правіць зыходнік]

  • 1868 — Vzhledanie
  • 1869 — Pomsta
  • 1871 — Otčim
  • 1879 — Oblaky
  • 1904 — Na Luciu
  • 1909 — Herodes a Herodias

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]

  • З «Крывавых санетаў» // Славацкая паэзія. Мн., 1990;

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Імем Паўла Орсага названая вёска Гвездаславаў, некалькі плошчаў і вуліц, а таксама вадаспад і малая планета.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Czech National Authority Database Праверана 30 жніўня 2020.
  2. а б Hviezdoslav // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. а б Hviezdoslav // Brockhaus Enzyklopädie
  4. а б Hviezdoslav (vl. m. Pavol Ország). In: Slovenský biografický slovník E — J., 1987, s. 449.
  5. а б Pavol Ország Hviezdoslav: Spisovatelia. In: Osobnosti.sk.
  6. Hviezdoslav (vl. m. Pavol Ország). Tamže, 1987, s. 450.
  7. Hviezdoslav, vl. m. Pavol Ország. In: Encyklopédia Slovenska, II. zv. A — J, 1978, s. 378.
  8. BARÁTHOVÁ, Nora: Pavol Ország-Hviezdoslav. In: Oficiálna stránka múzea v Kežmarku.
  9. MAŤOVČÍK, Augustín: Pavol Országh Hviezdoslav. In: Knižnica, 2009, s. 43.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]