Пралетарый (кінатэатр, Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
кінатэатр
Пралетарый
Пролетарый
Пролетарый.jpg
53°54′07,10″ пн. ш. 27°33′41,30″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль канструктывізм[d]
Архітэктар Герасім Васілевіч Якушка
Дата заснавання 1934
Дата пабудовы 1934 год
Асноўныя
даты
жнівень 1934адкрыты

24 чэрвеня 1941зруйнаваны

Дата скасавання 1941
Статус знішчаны

«Пралета́рый» (арыг. «Пролета́рый») — колішні кінатэатр у Мінску. Размяшчаўся па вул. Савецкай, 87 насупраць Цэнтральнага сквера на месцы сучаснай Кастрычніцкай плошчы, недалёка ад скрыжавання вул. Энгельса з пр. Незалежнасці (тагачаснай Савецкай вуліцы). Будынак кінатэатра ў стылі канструктывізм пабудаваны паводле праекта вядомага беларускага архітэктара Герасіма Якушкі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

З 1907 года на вуліцы Захар’еўскай на першым паверсе правай часткі чатырохпавярховага дома ўладальніка Поляка працаваў кінатэатр «Ілюзіён», які меў вялікую папулярнасць. Паводле паведамлення газеты «Звязда», у чэрвені 1924 года ў былым памяшканні кінатэатра «Ілюзіён» адкрыўся новы кінатэатр «Пралетарый» на 300 месцаў. Пазней кінатэатр, верагодна, быў перайменаваны, бо ў шэрагу публікацый адзначалася, што 15 ліпеня 1924 года ў тым жа памяшканні па вул. Савецкай, 87 прыняў першых гледачоў новы кінатэатр «Чырвоны факел». У кастрычніку 1928 года тут арганізавалі прагляд фільмаў для дзяцей, і кінатэатр атрымаў назву «Юны піянер». У гэтым статусе ён праіснаваў некаторы час, пакуль да яго не вярнулася ранейшая назва — «Пралетарый»[1].

На пасяджэнні Сакратарыята Менскага гарадскога камітэта КП(б)Б 1 красавіка 1932 года было прынята рашэнне: «На працягу будаўнічага сэзону г.г. пераабсталяваць кіно „Пролетарый“, зрабіўшы яго на 600—700 мейсц, шляхам дабудовы глядзельнай залі». Праект рэканструкцыі быў выкананы Герасімам Якушкам у вельмі кароткі тэрмін і прадугледжваў не павелічэнне ўмяшчальнасці старой глядзельнай залы, а ўзвядзенне новага будынка[1].

Новы кінатэатр «Пралетарый» быў адкрыты ў жніўні 1934 года. Па ўмяшчальнасці ён быў другім паводле велічыні пасля кінатэатра «Чырвоная зорка». На яго экране дэманстраваліся як савецкія, у тым ліку і беларускія, так і замежныя фільмы. Напрыклад, 13 верасня 1938 года адбыўся паказ знакамітага фільма Чарлі Чапліна «Агні вялікага горада»[1].

У 1938 годзе кінатэатр закрылі на рэканструкцыю паводле праекта архітэктара Герасіма Якушкі, у выніку якой умяшчальнасць залы павялічылася да 1000 месцаў. Пасля рэканструкцыі кінатэатр атрымаў новую назву — «Радзіма»[1].

21 чэрвеня 1941 года ў кінатэатры «Радзіма» прайшло апошняе ў горадзе даваеннае грамадскае мерапрыемства: вячэрняя дэманстрацыя фільма «Франтавыя сяброўкі», паўночнае вясёлае выступленне «Тэа-джаза» і а 0:20, ужо 22 чэрвеня 1941, — дадатковы сеанс фільма. 24 чэрвеня 1941 года а 9:40 нямецкая авіяцыя пачала асабліва масіраваную эшаланаваную бамбардзіроўку Мінска. Кінатэатр і прылеглыя да яго будынкі цалкам выгарэлі і сталі скрынямі-руінамі. Пасля вайны гэты квартал горада не аднавілі[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Вуліца Савецкая і кінатэатр «Пралетарый» (крайні правы)

Фасад будынка быў заглыблены адносна фронту фасадаў суседніх будынкаў і рэзка кантраставаў з імі канструктывісцкім характарам свайго кампазіцыйнага рашэння. Паводле вобразнага рашэння і функцыянальнай структуры ён стэрэатыпна ўспрымаецца як фасад жылога дома з крамнымі вітрынамі на першым паверсе, што абумоўлена абмежаваннямі, у якіх ажыццяўлялася распрацоўка функцыянальна-планіровачнага рашэння — прыстасаванне вузкай прасторы, 15 м па шырыні, паміж будынкамі пад размяшчэнне аб’ёму глядзельнай залы значнай умяшчальнасці з забеспячэннем нарматыўных выхадаў з яго, а таксама фае з касавым вестыбюлем і шэрагам дапаможных памяшканняў. Пры гэтым вырашалася задача рацыянальнага выкарыстання параўнальна невялікай прасторы над аб'ёмам кінатэатра, якая была адведзена пад жылыя памяшканні. Пра прыналежнасць будынка інфармаваў толькі аб'ёмны надпіс на атыку — «КIНО» і ўнізе над сцяной-вітражом, зашклёнай вертыкальнымі палотнамі ў выглядзе «гармоніка»  — «ПРОЛЕТАРЫЙ»[1].

Уваход у новы кінатэатр прадугледжваўся праз ўваходную зону будынка, які прылягаў да яго злева — былога кінатэатра «Ілюзіён». Таксама на першым паверсе гэтага будынка размяшчаліся касавы вестыбюль, туалеты з курыльняй і невялікая більярдная[1].

Фае і кіназала планіровачна размяшчаліся паслядоўна ў глыбіню дваровай тэрыторыі. У фае з вышынёй столі 5,5 м быў запраектаваны балкон-антрэсоль, арыентаваны ў бок вітража вонкавай сцяны. Уваход у фае і на балкон размяшчаўся з боку вестыбюльнай зоны, у глядзельную залу — праз два праёмы ў тарцовай сцяне фае пад балконам. Кіназала з найбольшай вышынёй столі каля 8 м, шырынёй прыкладна 15 м і даўжынёй звыш 33 м у месцы размяшчэння месцаў для гледачоў мела нахіленую падлогу і невялікі балкон над кінаапаратнай. Праектная ўмяшчальнасць залы складала 600 месцаў. Выхад гледачоў пасля сеансу забяспечваўся праз 7 дзвярных праёмаў і праз тамбур на тэрыторыю ўнутранага двара[1].

Уваход на жылыя паверхі спраектаванага будынка ажыццяўляўся праз калідор і лесвічныя маршы ў аб'ёме жылога дому, які прылягаў справа да будынка кінатэатра[1].

Унутрывуглавыя балконы на жылых паверхах будынка кінатэатра ўспрымаліся як завяршэнні гарызантальных чляненняў фасадаў суседніх будынкаў, што забяспечыла іх кампазіцыйна-ансамблевую ўзаемасувязь. Памер і форма аконных праёмаў жылых паверхаў вырашаны ў канструктывісцкай манеры — амаль стужачнае шкленне з праёмамі на ўсю шырыню пакояў, з вузкімі міжаконнямі і трохстворкавымі рамамі. Паводле праекта ўсе паверхі мелі аднолькавае вырашэнне вокнаў, пазней форма і колькасць аконных праёмаў верхняга паверху былі зменены на шэраг вузкіх вертыкальных, што ў пэўнай ступені ажывіла агульную кампазіцыю фасада. Быў уведзены глухі франтон па вышыні да ўзроўню карнізаў суседніх будынкаў і казыркі над вуглавымі балконамі верхняга паверху, што ў яшчэ большай ступені забяспечыла кампазіцыйную сувязь з суседнімі фасадамі[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 1,7 1,8 1,9 Жутяев Ю. Кинотеатр «Пролетарий» [об архитектурном проекте: Минск] // Архитектура и строительство № 2, 2015. — С. 60-62.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]