Перайсці да зместу

Перамога (кінатэатр, Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кінатэатр
Кінатэатр «Перамога»
Кінатэатр «Перамога» ў Мінску
Кінатэатр «Перамога» ў Мінску
53°54′04,40″ пн. ш. 27°33′15,64″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Архітэктурны стыль сацыялістычны класіцызм
Архітэктар І. Лангбард, М. Бакланаў
Будаўніцтва 1929, 19471950
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000038шыфр 713Г000038
Стан працуе
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Кінатэа́тр «Перамо́га» — кінатэатр у горадзе Мінску, помнік архітэктуры пасляваеннага перыяду аўтарства Іосіфа Лангбарда і Міхаіла Бакланава ў стылі сацыялістычнага класіцызму. Месціцца па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 20.

Да 1920 года на месцы кінатэатра месціўся кляштар бенедыкцінак XVII стагоддзя. У 1920-я гады было прынятае рашэнне пра будаўніцтва ў Менску клуба харчавікоў на месцы былога кляштара бенедыктынак, праект распрацаваў Андрэй Бураў. Будынак клуба харчавікоў (пазней клуб імя Сталіна) быў пабудаваны ў 1929 годзе ў стылі канструктывізму і меў складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю з глыбокім курданёрам. Будынак клуба быў моцна пашкоджаны ў часе Другой сусветнай вайны ў 1944 годзе[1].

Праектныя работы па аднаўленні і рэканструкцыі будынка клуба пад кінатэатр «Перамога» пачаліся на пачатку 1946 года ў інстытуце «Белдзяржпраект» пад кіраўніцтвам Палкоўнікава[2]. Праектная прапанова прадугледжвала размяшчэнне кінатэатра з захаваннем і аднаўленнем усяго аб’ёму былога клуба. Варыянт праекта Палкоўнікава не прынялі.

У 1947—1948 гадах праект аднаўлення быў перапрацаваны пад кіраўніцтвам Іосіфа Лангбарда. Ён скарэктаваў папярэдняе праектнае рашэнне, значна скараціў бакавыя крылы галоўнага фасада ў даўжыні і правы рызаліт у шырыні, раскрыў плошчу перад будынкам і выдзеліў цэнтральную частку порцікам. Праектнае заданне, распрацаванае Лангбардам, было зацверджана Архітэктурным саветам Упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР 16 лістапада 1947 года. На яго аснове ў 1948 годзе распрацаваны тэхнічны і рабочы праекты рэканструкцыі былога клуба ў кінатэатр «Перамога». На гэтым этапе праектавання разам з Лангбардам узялі ўдзел архітэктар Міхаіл Бакланаў і інжынер-канструктар Арлоў[2].

Былі захаваны асноўныя канструктыўныя элементы былога клуба (акрамя часткі па вуліцу Інтэрнацыянальнай), а фасады былі выкананы ў формах сацыялістычнага класіцызму. Заканчэнне будаўніцтва і адкрыццё кінатэатра адбылося ў 1950 годзе[1].

У 1986—1989 гадах праведзены капітальны рамонт кінатэатра са заменай канструкцый і пакрыцця даху[2], поўнай зменай інтэр’ернага аздаблення.

Рэканструкцыя

[правіць | правіць зыходнік]

1 студзеня 2017 года будынак быў зачынены на рэканструкцыю, але фактычныя работы пачаліся толькі ў лютым 2022 года.

Падчас работ былі адноўлены гістарычны выгляд фасадаў помніка, аздабленне і каларыт часткі памяшканняў. Перад будынкам з дапамогай брукоўкі іншага колеру пазначылі страчаныя крылы клуба харчавікоў, якія калісьці выступалі да вуліцы Інтэрнацыянальнай і ўтваралі ўваходны курданёр.

Праект распрацаваны інстытутам «Мінскграмадзянпраект». У аўтарскі калектыў уваходзілі архітэктары А. Лакотка, Ю. Лыгіна, Н. Галіцкая. Канцэпцыя рэстаўрацыі і рэстаўрацыйныя рашэнні былі падрыхтаваныя ў супрацоўніцтве з Навукова-праектным цэнтрам «Рэстабіліс» пад кіраўніцтвам архітэктара-рэстаўратара Рамана Забелы[3].

У інтэр’ерах захаванне і аднаўленне гістарычнай аздобы спалучылі з сучаснымі тэндэнцыямі дызайну. Асаблівая ўвага нададзена захаванню агульнай стылістыкі 1950-х гадоў. У холе і бакавых кулуарах адноўлена па аўтарскіх чарцяжах 1940-х гадоў ляпніна, а таксама на падставе даследаванняў — гістарычны каларыт часткі памяшканняў[3][4]. Ва ўваходным вестыбюлі адрэстаўраваныя роспісы 1990 года (аўтарскі калектыў: Раман Заслонаў, Андрэй Задорын, Вячаслаў Лемачко, Васіль Баранаў)[5].

Праект атрымаў дыплом другой ступені ў намінацыі «Інтэр’еры грамадскіх будынкаў і збудаванняў» на XXI Рэспубліканскім конкурсе ў рамках XV Нацыянальнага фестывалю архітэктуры[6].

З пачатку ліпеня 2024 года кінатэатр зноў адкрыўся і цяпер працуе як мультыплекс з пяццю заламі на 284 месцы (у тым ліку галоўная зала на 186 месцаў). Кінатэатр абсталяваны новым праекцыйным, гукавым і акустычным абсталяваннем, мае два кінабары, канферэнц-залу і шматфункцыянальную аўдыторыю[4].

Пры будаўніцтве выкарыстаныя рэшткі разбуранага ў Другую сусветную вайну клуба харчавікоў (архітэктар Андрэй Бураў, 1929). Да прамавугольнага ў плане аб’ёму з 2 бакоў далучаныя больш нізкія аб’ёмы, якія выступаюць за агульныя контуры збудавання. Цэнтральная частка галоўнага фасада прыўзнятая, выканана ў выглядзе манументальнага чатырохкалоннага порціка, перад ёй высокі ганак. Бакавыя фасады расчлянёныя лапаткамі, дэкараваныя ляпнымі элементамі. Вокны прамавугольныя. Асновай кампазіцыі будынка ёсць глядзельная зала (першапачаткова на 600 месцаў), злучаная агульным фае з малой лекцыйна-канцэртнай залай. У малой зале 2 рады квадратных калон, уздоўж сцен вестыбюля калоны карынфскага ордара з развітым антаблементам, на які апіраюцца крыжападобныя скляпенні. У астатніх частках будынка столь плоская. У архітэктуры будынка, аздабленні фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаныя элементы класіцызму[7].

  1. а б Будынак кінатэатра «Перамога». spadchina.by. Архівавана з першакрыніцы 20 снежня 2018. Праверана 21-12-2018.
  2. а б в Пасля рэканструкцыі адкрыўся кінатэатр "Перамога"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2024. Праверана 7 студзеня 2025.
  3. а б Якім будзе знутры кінатэатр «Перамога» ў Мінску . Наша Ніва (1 лістапада 2023). Праверана 8 жніўня 2025.
  4. а б Данилович, Анастасия. Теперь официально. Кинотеатр «Победа» наконец открылся для посетителей - Недвижимость Onlíner (руск.). Onlíner (7 верасня 2024). Праверана 8 жніўня 2025.
  5. Инанец, Снежана. Строители cняли гипсокартон в кинотеатре «Победа» и вот что нашли - Недвижимость Onlíner (руск.). Onlíner (22 лютага 2022). Праверана 8 жніўня 2025.
  6. Названыя найлепшыя архітэктурныя працы Беларусі апошніх гадоў ШМАТ ФОТА . Наша Ніва (29 кастрычніка 2023). Праверана 8 жніўня 2025.
  7. Міцянін А., с. 84