Прыслоўі англійскай мовы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Прыслоўі англійскай мовы (English adverbs) — гэта часціны мовы, якія выкарыстоўваюцца для «азначэння іншых часцін мовы акрамя назоўнікаў»[заўв 1].

Звычайна прыслоўі англійскай мовы ставяцца для азначэння дзеясловаў ці даданых сказаў (He drove fast — Ён ехаў хутка). Могуць быць выкарыстаны для азначэння іншых прыслоўяў (He drove very fast — Ён ехаў вельмі хутка) альбо прыметнікаў (She's extremely beautiful — Яна надзвычайна прыгожая). У сказе, як правіла, прыслоўі выконваюць сінтаксічную ролю акалічнасці розных тыпаў: месца, часу і г.д.

Утварэнне прыслоўяў англійскай мовы[правіць | правіць зыходнік]

Некаторыя прыслоўі з'явіліся як «пераасэнсаваныя» прыметнікі: яны пішуцца і чытаюцца аднолькава з прыметнікамі, ад якіх былі створаны (fast — хуткі і хутка). У сказе такія прыслоўі можна адрозніваць ад прыметнікаў наступным чынам: прыметнікі выкарыстоўваюцца для азначэння назоўнікаў, а прыслоўі — дзеясловаў. Значная колькасць прыслоўяў з'явілася з дапамогай далучэння суфікса ly да прыметнікаў: beautiful (прыгожая) — beautifully (прыгожа).

У сувязі з наяўнасцю такіх двух спосабаў утварэння прыслоўяў узнік шэраг падобных прыслоўяў з рознымі значэннямі.

Прыслоўе без ly Значэнне ці асаблівасці выкарыстання Прыслоўе з ly Значэнне ці асаблівасці выкарыстання
cheap танна (з дзеясловамі get — набыць, buy — купіць, sell — прадаць, hire — наняць) cheaply танна (з усімі астатнімі дзеясловамі)
clean прама, непасрэдна cleanly чыста
clear прэч, паводдаль clearly ясна, зразумела
easy лёгка (з выразамі go easy about it — асцярожней і take it easy — не хвалюйся) easily лёгка (з усімі астатнімі дзеясловамі)
fair сумленна (з дзеясловамі fight — біцца і play — гуляць (у карты і інш.)) fairly сумленна (з усімі астатнімі дзеясловамі)
free бясплатна freely свабодна
hard рупліва (пасля дзеяслова-выказніка) hardly з цяжкасцю, ледзь (у пачатку сказа ці ў складаным выказніку паміж мадальным дзеясловам і інфінітывам немадальнага дзеяслова)
late позна lately нядаўна
near блізка nearly амаль што
pretty вельмі prettily прыгожа
short раптам shortly неўзабаве[1].

Вышэйшая і найвышэйшая ступені прыслоўяў англійскай мовы[правіць | правіць зыходнік]

У адрозненні ад прыметнікаў, прыслоўі англійскай мовы не маюць шматлікіх выключэнняў з правілаў утварэння вышэйшай і найвышэйшай ступені. Прыслоўі з аднаго складу ўтвараюць вышэйшую і найвышэйшую ступені суфіксальным спосабам, а прыслоўі з двух складоў і больш у такіх выпадках карыстаюцца словамі more і most. Выключэнне з гэтых правілаў складае прыслоўе early (рана), якое ўтварае вышэйшую і найвышэйшую ступені як аднаскладовае прыслоўе[2]. Перад найвышэйшай ступенню прыслоўя не ставіцца азначаны артыкль (the).

Прыслоўе Вышэйшая ступень Найвышэйшая ступень
Slow (марудна) slower slowest
Politely (ветліва) more politely most politely

Шэраг прыслоўяў англійскай мовы маюць спецыяльныя формы вышэйшай і найвышэйшай ступеняў: well (добра) — better — best, badly (блага) — worse — worst i інш. Гэтыя прыслоўі «ўзялі ў спадчыну» свае формы вышэйшай і найвышэйшай ступеняў ад тых прыметнікаў, ад якіх былі самі створаны.

Месца прыслоўя ў сказе[правіць | правіць зыходнік]

Існуюць 4 асноўных пазіцыі прыслоўя ў сказе: у пачатку сказа; паміж дзейнікам і выказнікам; пасля слова, якое азначаецца гэтым прыслоўем; у канцы сказа[3]. У некаторых выпадках прыслоўе можа мяняць сваю пазіцыю ў сказе пры змене сэнсу гэтага сказа. Так прыслоўі always (заўсёды), never (ніколі) і інш. могуць стаяць у пачатку сказа, калі на іх робіцца акцэнт: Never he comes home early — Ён ніколі не прыходзіць дадому рана (эмацыянальнае выказванне, акцэнт робіцца на слове «ніколі») (Звычайна такія прыслоўі ставяцца паміж дзейнікам і выказнікам: He never comes home early.) Калі прыслоўі накшталт generally, morally, scientifically ставяцца у пачатку сказа яны азначаюць пункт гледжання і аддзяляюцца коскай: Generally, he answered the question — Увогуле, ён адказаў на пытанне. Але ў канцы сказа гэтыя прыслоўі будуць мяняць адценне значэння дзеяслова-выказніка: He answered the question generally — Ён адказаў на пытанне ў агульных рысах[4].

Праблемы перакладу прыслоўяў англійскай мовы[правіць | правіць зыходнік]

Увогуле большая частка прыслоўяў англійскай мовы маюць адпаведнікі ў беларускай і перакладаюцца з дапамогай прыслоўяў. Некаторыя асобныя прыслоўі не маюць эквівалентаў у беларускай мове і перакладаюцца фразамі. Напрыклад, I often travel internationally — Нярэдка я езджу па розных краінах. Некаторыя прыслоўі беларускай мовы таксама не маюць эквівалентаў у англійскай і перакладаюцца фразамі: Ён размаўляў з ёй дружалюбна — He spoke to her in a friendly manner.

Некаторыя іншыя праблемы перакладу прыслоўяў англійскай мовы звязаны з падабенствам прыслоўяў з суфіксам ly і без (hard i hardly) і з пазіцыяй прыслоўя ў сказе, аб чым напісана вышэй.

Прыслоўі already і yet[правіць | правіць зыходнік]

Гэта пара прыслоўяў выкарыстоўваецца ў падобным значэнні («яшчэ», «ужо»). Пры гэтым already пераважна ставіцца ў сцвярджэннях, а yet — у пытаннях і адмоўных сказах. У некаторых сітуацыях яны паказваюць падзею з супрацьлеглых пунктаў гледжання. Напрыклад: It is already dark — Ужо сцямнела; it is yet dark — Яшчэ цёмна. Пры перакладзе слова yet таксама трэба звяртаць увагу на яго шматзначнасць[1] і на кантэкст.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. WordWeb. Offline Dictionary

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Krylova, I.P.; Gordon, E.M. (2008). A Grammar of Present-day English. Practical Course (12th ed.). М.: КДУ.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]