Перайсці да зместу

Пячатка з раскопак у Лаўрышаве

Checked
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Пячатка з раскопак у Лаўрышава)
Пячатка з раскопак у в. Лаўрышава і прыклад адбітку з яе. Навіны тэлеканалу «Беларусь 1» 11.09.2015.

Пячатка з раскопак у Лаўрышаве — прыкладна́я каменная пячатка-матрыца, выяўлена ў 2015 годзе пры раскопках на археалагічным селішчы Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра ў в. Лаўрышава Навагрудскага раёна. Формай падобная да бруска, на адным з тарцоў выразаны надпіс у 2 радкі. Адметнасць знаходкі ў захаванасці менавіта матрыцы, бо звычайна сярэдневяковыя пячаткі знаходзяць у выглядзе адбіткаў. Аналагаў у Беларусі няма.

Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, манастыр «на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам»[1] заснаваў каля 1260 года сын вялікага князя літоўскага МіндоўгаВойшалк (вялікі князь літоўскі ў 12641267). Паводле царкоўнага падання, манастыр заснаваны ў сярэдзіне XIII ст. прападобным ігуменам Елісеем.

Археалагічныя даследаванні ў Лаўрышаве

[правіць | правіць зыходнік]
Інвентарны вопіс манастыра, 1601. Фрагмент тытульнага аркуша. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.
Мясцовасць у в. Лаўрышава, дзе вяліся раскопкі. Свята-Успенская царква, пабудавана каля 1795 г. як манастырская.

Месцазнаходжанне Лаўрышаўскага манастыра з XVI ст. вядома па дакументах. Археалагічныя абследаванні ў Лаўрышаве пачаў у 1990 годзе А. К. Краўцэвіч, які зрабіў выснову: «На падставе здабытага падчас раскопак археалагічнага матэрыялу можна сцвярджаць, што мы знайшлі культурны слой Лаўрышаўскага манастыра[2].» У 2011—2015 гадах раскопкі ў гэтым месцы праводзілі Лаўрышаўскія археалагічныя экспедыцыі, якія складаліся з добраахвотнікаў, пад навуковым кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара С. Я. Рассадзіна. Па выніках даследаванняў ім была зроблена выснова, што манастыр існаваў на гэтым месцы з часу заснавання ў XIII ст.[3]

Выяўленне пячаткі

[правіць | правіць зыходнік]
Археалагічныя раскопкі ў Лаўрышаве, 2015.

У экспедыцыі вялася палявая апрацоўка археалагічных матэрыялаў, кіраўнік — гісторык Т. В. Маслюкоў[3], знаходка была папярэдне вызначана як каменны брусок і вылучана для далейшага навуковага даследавання. Ёй быў нададзены шыфр «Л15 37/5».

Пры абследаванні знаходкі ў Мінску С. Рассадзін выявіў на тарцы бруска надпіс. Т. Маслюкоў выказваў меркаванне, што гэта можа быць імя уладальніка, якое трэба прачытаць[4]. На меркаванне С. Рассадзіна, знаходка выраблена са сланцавага каменя, які здабывалі і апрацоўвалі ў Сярэдневякоўі да XIII ст.[5] (сланцавыя вырабы з'яўляюцца ў археалогіі датавызначальнымі прадметамі, паколькі ў 1240 г. камнездабыўныя майстэрні былі разбураны падчас мангола-татарскага нашэсця і пазней не аднаўляліся[6]). Для прачытання надпісу знаходка была перададзена спецыялісту па эпіграфіцы, кандыдату гістарычных навук І. Л. Калечыц.

Прачытанне і вызначэнне

[правіць | правіць зыходнік]
Зверху ўніз: матрыца (літары размешчаны ў зваротным парадку, які звычайны для матрыц), адбітак тэксту для чытання і малюнак з яго паводле С. Шупы. Пры такім прачытанні крайняя левая літара ў другім радку на пячатцы адсутнічае.

Прачытанне надпісу ў лабараторных умовах і вызначэнне тыпу знаходкі прапанавала І. Калечыц. Паводле яе высновы, артэфакт з'яўляецца пячаткай, а надпіс чытаецца як Святая пу́стынь, пры гэтым першае слова напісана скарочана на грэчаскай мове[7], што было характэрна для XII—XIV стагоддзяў: Ά(για) Пꙋ[С]ТІN[8]. Літару «н» ва ўсходнеславянскай кірыліцы да XIV ст. пісалі ў грэчаскай форме Ν. У такім разе, знаходка папаўняе шэраг ранніх пячатак часоў Вялікага Княства Літоўскага.

Іншае прачытанне, па апублікаваных фотаздымках матрыцы і адбітку, прапанаваў журналіст С. Шупа (Чэхія). На яго думку, на здымках «на тарцы каменнага бруска… можна… без вялікіх намаганняў» прачытаць напісанае квадратным яўрэйскім шрыфтам імя Іцхак-Айзі[к] (יצחק אייזיק)[9]. З такім прачытаннем пагадзіліся доктар гуманітарных навук Л. Лемперт (выкладчыца гісторыі і культуры яўрэяў гістарычнага факультэта Вільнюскага ўніверсітэта)[10], доктар гістарычных навук К. Цукерман[en] (прафесар візантыністыкі Практычнай школы вышэйшых даследаванняў, Парыж)[11], а ў Беларусі — калекцыянер яўрэйскіх пячатак, рабін Ш. Ізаксон (Віцебск)[10].

Каментуючы паведамленні пра яўрэйскае прачытанне, І. Калечыц патлумачыла, што яе версія пра грэка-славянскі тэкст з'яўляецца папярэдняй, і што спецыяльным вывучэннем гэтага надпісу яна не займаецца[11]. Ніхто з беларускіх навукоўцаў, і ніхто з эпіграфістаў ці сфрагістаў не апублікаваў сумненняў адносна прачытання І. Калечыц.

Прадстаўленне

[правіць | правіць зыходнік]

У Лаўрышаве 1 лістапада 2015 года адбылося прадстаўленне пячаткі грамадскасці[12][13], а 5 лістапада, у дзень прастольнага свята Лаўрышаўскага манастыра, пячатка разам з археалагічнай экспазіцыяй была паказана мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму, Патрыяршаму экзарху ўсяе Беларусі Паўлу, духавенству і гасцям[14].

Паведамленне С. Я. Рассадзіна і І. Л. Калечыц «Каменная матрыца пячаткі з Лаўрышаўскага манастыра» было ўключана ў праграму міжнароднай навуковай канферэнцыі «Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура», у секцыі «Духоўная і матэрыяльная культура» (5—6.11.2015, Мінск)[15].

  1. Пераклад са старажытнарускай мовы паводле артыкула: Краўцэвіч, А. К. Войшалк (1264 — 1267 г.). Інтэлігент на троне // pawet.net [Электронны рэсурс] — 2008. — 27 чэрвеня. — Дата доступу: 13.11.2015.
  2. Краўцэвіч 1996.
  3. а б Пракопчык, Б. Загадкі лаўрышаўскага манастыра // Звязда. — 2015. — 4 жніўня. — Дата доступу праз інтэрнет: 13.11.2015.
  4. Маслюкоў, Т. В. Ад каменнага нажа да шахматнай фігуры: новыя раскопкі ў Лаўрышаве Архівавана 1 студзеня 2017. // gomelcivil.org [Электронны рэсурс] — 2015. — 15 жніўня. — Дата доступу: 29.10.2015.
  5. Гл., напр.: Рыбаков, Б. А. Ремесло древней Руси(недаступная спасылка). — М., 1947. — С. 195—196. (руск.)
  6. Гл., напр.: Векслер, А. Г. Раскопки в Москве на Арбате / А. Г. Векслер, Ю. Ю. Васильев // Наука и жизнь. — 1996. — № 11. — Дата доступу праз інтэрнет: 12.11.2015. (руск.)
  7. Археологи говорят о второй за год сенсации Архівавана 8 снежня 2015. // tvr.by [Электронный ресурс] — Минск. — 2015. — 11 сентября. — Дата доступа: 24.11.2015. (руск.)
  8. Галоўка, С. Тайны Лаўрышаўскага манастыра: шлях да разгадак Архівавана 27 студзеня 2016. / С. Галоўка // Беларуская думка. — 2015. — № 11. — С. 50—57. ISSN 0023-3102.
  9. Шупа, С. Які Іцхак-Айзік згубіў пячатку ХІІІ стагодзьдзя ў Лаўрышаўскім манастыры? // Радыё Свабода [Электронны рэсурс]. — Прага. — 2015. — 22 кастрычніка. — Дата доступу: 22.10.2015.
  10. а б Надпіс на старажытнай пячатцы: іўрыт ёсьць, а габрэяў не было? // Радыё Свабода [Электронны рэсурс] — Прага. — 2015. — 28 кастрычніка. — Дата доступу: 29.10.2015.
  11. а б Гісторык Рассадзін — адзіны праціўнік іўрыту на пячатцы з Лаўрышаўскага манастыра? // svaboda.org [Электронны рэсурс]. — Прага. — 2015. — 30 кастрычніка. — Дата доступу: 30.10.2015.
  12. Петрова, А. Печать XIII века представили на подворье Свята-Елисеевского мужского монастыря Архівавана 2 лютага 2016. / А. Петрова // novgazeta.by [Электронны рэсурс] — Навагрудак. — 2015. — 1 ноября. — Дата доступу: 9.11.2015. (руск.)
  13. Пячатку XIII стагоддзя прэзентавалі на падвор'і Свята-Елісееўскага мужчынскага манастыра Архівавана 8 снежня 2015. // tvr.by [Электронны рэсурс] — Мінск. — 2015. — 2 лістапада. — Дата доступу: 4.11.2015.
  14. Митрополит Павел посетил Елисеевский Лавришевский мужской монастырь / Фото: А. Мизей // Официальный портал Белорусской православной церкви [Электронный ресурс] — Минск. — 2015. — 5 ноября. — Дата доступа: 10.11.2015. (руск.)
  15. Праграма міжнароднай навуковай канферэнцыі «Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура» // Інстытут гісторыі НАНБ [Электронны рэсурс] — Мінск. — Дата доступу: 04.11.2015.