Райсн
Райсн (Беларусь) | |
---|---|
רייסן | |
| |
Жанр | паэма |
Аўтар | Мойшэ Кульбак |
Мова арыгінала | ідыш |
Дата напісання | 1922 |
Дата першай публікацыі | 1922 |
Выдавецтва | Цукунфт, Нью-Ёрк |
Месца публікацыі | Нью-Ёрк |
Пераклад на беларускую | Райсн (Беларусь) |
Электронная версія |
«Райсн» ці «Белару́сь» (ідыш: רייסן) — паэма Мойшэ Кульбака, якая ўпершыню была надрукавана ў лютым 1922 года ў Нью-Ёрку ў часопісе «Цукунфт»[1]. Паэма апявае краявіды Беларусі і яе насельнікаў. Беларускі перакладчык Сяргей Шупа параўноўвае паэму Мойшэ Кульбака з «Новай зямлёй» Якуба Коласа і баладамі Адама Міцкевіча[1].
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Знаўца творчасці Мойшэ Кульбака Сяргей Шупа адзначае, што паняцці Райсн і Беларусь шмат у чым супадаюць — гістарычна і геаграфічна, яны існуюць як бы ў розных вымярэннях, як два паралельныя сусветы ў адной часапрасторы[1]. Райсн — паняцце яўрэйскай ментальнай геаграфіі, якое называе гістарычную тэрыторыю пражывання яўрэяў на беларускіх землях[1]. Тэрыторыя Райсн фактычна заўсёды супадала з тэрыторыяй Беларусі, прычым калі лакалізацыя Беларусі з часам мянялася і ўдакладнялася — гэтак жа паралельна за ёй перамяшчалася ў прасторы і Райсн[1]. Можна таксама вызначыць наступнае значэнне тэрміну Райсн — гэта тэрыторыя, дзе суседзі яўрэяў размаўлялі па-беларуску[2].
Аднак ужо на пачатку XX стагоддзя гэты тэрмін у яўрэйскім асяроддзі ўспрымаўся як архаічны, старасвецкі, легендарны — нешта са старонак старадаўніх рукапісаў і з народных легенд[1]. Згадваў пра яго з 1918 годзе ў часопісе «Крывічанін» Вацлаў Ластоўскі:
У жывой мове, як і ў старых друках, Беларусь па-яўрэйску называецца Райсен. Цікава, што пад найменнем «Райсен» яўрэі разумеюць не толькі цэнтральную Беларусь, але і найдалей на ўсход і захад высунутыя беларускія акраіны…[1] |
Гісторыя твору
[правіць | правіць зыходнік]Стварыць паэтычны свет краіны Райсн Кульбак задумаў на чужыне, калі ён на некалькі гадоў пакінуў родны край[1]. У Берліне, у 1921 годзе, у яго раптам абудзілася вострая настальгія, якая дала яму натхненне напісаць самыя свае райснскія (ці беларускія) творы[1]. Верш «Вялля і Нёман» у паэме нагадвае настальгічны верш «Вялля» ў паэме «Конрад Валенрод» Адама Міцкевіча, напісанай таксама неўзабаве пасля таго, як паэт пакінуў родны край[3].
|
Іншы райснец і паэт Аўром Лесін надрукаваў твор «Райсн» у сваім прэстыжным літаратурным часопісе «Цукунфт» ў Нью-Ёрку ў лютым 1922 года і назваў твор «паэмай трывалай, свежай, прымітыўнай прыземленасці», у якім паэт стварае са звычайных вяскоўцаў класічных герояў — як яўрэяў, так і неяўрэяў, якія «выпраменьваюць свежы духмяны водар палёў, лясоў і рэк»[2].
Перакладчык паэмы Сяргей Шупа адзначае:
«У вуснах наратара паэма гучыць як успамін, як мара, як пераказаная сямейная сага — вельмі хочацца ўбачыць у ёй элементы аўтабіяграфічнасці. Кульбака ўсё жыццё вабіла да сябе яго прымроеная, ідылічная краіна Райсн, яна клікала яго далей і далей на Усход, ён ішоў за ёй — з Берліна ў Вільню, з Вільні ў Менск — але ўрэшце на месцы яе знайшоў рэальнасць бязлітаснага свету»[1]. |
Пераклад
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню на беларускую мову частковы пераклад паэмы «Райсн» зрабіў Язэп Семяжон у 1970 годзе[2]. У 2022 годзе ва ў 117 выпуску часопіса Дзеяслоў быў упершыню надрукаваны цалкавіты пераклад паэмы «Райсн» на беларускую мову, вершаваны пераклад ажыццявіў беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, а пераклад з ідыш зрабілі Сяргей Шупа і Вольф Рубінчык[5][1]. У 2022 годзе таксама выйшаў двухтомнік Мойшэ Кульбака. Першы том быў выдадзены на ідыш, мове арыгіналу[6]; у другі том уключылі лацінскую транслітарацыю вершаў і іх пераклад на беларускую мову[7].
На рускую мову твор пераклаў ураджэнец Мінска Аляксандр Рывін. На англійскую мову Райсн пераклаў Леанард Вольф.
Ушанаванне памяці
[правіць | правіць зыходнік]- У 1950-я яўрэйскі знакаміты паэт Герц Гросбард выпусціў пластынкі з найграннем тэкстаў класічных твораў яўрэйскай літаратуры XІX-XX стагоддзя на ідышы[8]. На другой з дзесяці пласцінак ёсць урывак паэмы Райсн. Гросбард чытае на літаратурным, літоўскім вымаўленні, у той час, як Кульбак пісаў у беларускім вымаўленні: усе ой у арыгінале гучаць як эй.
- У 2014 г. выйшаў музычны альбом гурта «Літвакус», названы «Райсн» у гонар знакамітай паэмы[9].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і к Мойшэ Кульбак. З паэмы «Беларусь». Паэзія Мойшэ Кульбака ў перакладзе Андрэя Хадановіча і Сяргея Шупы
- ↑ а б в Raysn|רייסן|Беларусь. A Song of the People and Landscape of Belarus
- ↑ Kulbakas
- ↑ Мойшэ Кульбак. Я да цябе спяшаў. Вершы
- ↑ Дзеяслоў, 117
- ↑ Mojše Kulbak. Ale lider un poemen / משה קולבאַק. אַלע לידער און פּאָעמען
- ↑ Мойшэ Кульбак. Усе вершы і паэмы
- ↑ The Grosbard Project. Online Archive of Grosbard’s Word Concerts
- ↑ Hey Antoshe
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Райсн, вершаваны пераклад Андрэя Хадановіча, пераклад з ідыш Сяргея Шупы і Вольфа Рубінчыка, пераклад апублікаваны ў 117 выпуску часопіса Дзеяслоў, с. 148—159.
- Райсн арыгінал на ідыш.
- Райсн на англійскай мове, пераклад Леанарда Вольфа, а таксама частковы пераклад Язэпа Семяжона на беларускую мову.
- Art.Context. Андрэй Хадановіч, Весна Вашко, Сяргей Шупа Андрэй Хадановіч і Сяргей Шупа чытаюць урывак з паэмы Райсн.