Райца
Аграгарадок
Райца
| ||||||||||||||||||||
Ра́йца[1] (трансліт.: Rajca, руск.: Райца) — аграгарадок у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці, на аўтадарозе Карэлічы — Наваельня. За 16 км на паўднёвы захад ад г.п. Карэлічы, 214 км ад Гродна, 35 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня. 320 жыхароў, 119 двароў (2001). Адміністрацыйны цэнтр Райцаўскага сельсавета.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Першая згадка гэтага маёнтка прыпадае на 1510 год, калі Райца належала Багушу і Мішку Верашчакам. Далей гаспадарылі ў ёй, па чарзе, Наўмовічы і Гаштольды. Але ў другой палове XVI стагоддзя Райца стала ўласнасцю роду, які ўзяў прозвішча ад назвы маёнтка — Раецкіх (або Дунін-Раецкіх)[2].
У дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Новагародскага сабораў 1680—1682 гадоў у Райцы ўпамінаецца царква ў гонар Раства Хрыстова, збудаваная з фундацыі Раецкіх. Святаром у парафіі служыў а. Мікалай Раецкі, яму дапамагаў а. Андрэй Тамашэўскі. Парафія аб’ядноўвала 405 вернікаў[3].
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Райца апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Наваградскім павеце. У 1816—1817 гадах палкоўнік Канстанцін Раецкі адбудаваў у вёсцы знішчаную ў 1811 годзе пажарам Спаскую царкву. Новая царква з бутавага каменю і цэглы выконвала ролю пахавальні Раецкіх. У царкве захоўваўся мясцовашанаваны абраз Божай Маці, пакрыты масіўнай срэбнай рызай.
Пасля смерці ў 1838 годзе Атона, сына навагрудскага маршалка Францішка Раецкага, маёнтак перайшоў у спадчыну да старэйшай дачкі Францішка, Людвікі. А тая прынесла Райцу свайму мужу — навагрудскаму маршалку Юзафу Верашчаку, брату каханай Адама Міцкевіча Марылі[2].
Перад ліквідацыяй Уніі ў 1839 годзе да парафіі Святога Спаса (Перамянення Гасподняга) у Райцы Наваградскага дэканата належалі 1661 вернік, якімі апекаваліся святары: а. Язэп Гарбацэвіч (парах, 50 гадоў) і а. Міхал Бараноўскі (вікары, 30 гадоў). Парафіі належала 2 валокі зямлі, укладавы капітал складаў 3000 рублёў срэбрам, а яе гадавы даход быў 150 рублёў срэбрам[4] Пасля скасаванні царква належала рыма-каталікам, аднак па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання (1863—1864) расійскія ўлады адабралі яе ў Святога Прастола і перадалі Маскоўскаму патрыярхату.
Ва ўласнасці Верашчакаў маёнтак заставаўся да 1898 года, калі Казімір, сын Юзафа, перадаў Райцу сваяку Ваўжынцу Путкамеру, унуку Марылі Верашчакі[2].
У 1910 годзе яго атрымала ў пасаг дачка Ваўжынца Яніна, пабраўшыся шлюбам з прафесарам Кракаўскага ўніверсітэта, графам Адамам Жалтоўскім. Маёнтак, які стаў летняй рэзідэнцыяй прафесара, часам здаваўся ў арэнду[2].
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Райца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[5]. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Райца апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Напярэдадні Другой сусветнай вайны Жалтоўскія падаравалі свой маёнтак разам з домам, бібліятэкай, калекцыямі жывапісу і антыкварыяту сёстрам-палацінкам, а самі канчаткова перабраліся жыць у Кракаў. Палацінкі гаспадарылі ў ім з 1933 па 1943 гады[2].
У 1939 годзе Райца ўвайшла ў БССР. Падчас Другой сусветнай вайны ў колішнім шляхецкім доме размясціўся шпіталь, пазней — бальніца і паліклініка, потым — вясковая амбулаторыя. У канцы 1990-х гадоў будынак апусцеў і, як і парк, пачаў прыходзіць у заняпад. У 2009 годзе моцна занядбаны будынак набыла сям’я мастакоў, якія забавязаліся стварыць тут прыватны дом-музей саломкі і сучаснага мастацтва[6].
За савецкім часам улады спрабавалі разбурыць царкву трактарамі. Аднак, зрабіць гэтага не здолелі і далі рады толькі зрынуць статую Дзевы Марыі з фасаду і пабурылі дэкаратыўныя вежы і кантрафорсы, якія ўмацоўвалі будынак. Помнік адбудавалі ў 2000-я гады як царкву Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату пад тытулам Святой Барбары.
На 2001 год у Райцы было 119 двароў. У 2000-я гады яна атрымала афіцыйны статус аграгарадку.
-
Сядзіба. Т. Барэці, да 1894 г.
-
Сядзіба. Т. Барэці, да 1894 г.
-
Сядзіба. Т. Барэці, да 1894 г.
-
Сядзіба. Я. Булгак, 1910 г.
-
Царква. Т. Барэці, да 1894 г.
-
Царква, каля 1900 г.
-
Царква, 1916—17 гг.
-
Царква. А. Віслоцкі, 1923 г.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XX стагоддзе: 1999 год — 319 чал.
- XXI стагоддзе: 2001 год — 320 чал.[7]; 2010 год — 305 чал.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]У Райцы працуюць сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддзяленне сувязі.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Плябанія (XIX ст.)
- Слуп з гербам Раецкіх — «Лебедзь»
- Сядзібна-паркавы комплекс Путкамераў (XVIII—XIX стагоддзі)
- Спаса-Праабражэнская царква (1817; Былы касцёл, цяпер царква Святой Варвары Беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхата)
- Помнікі М. Ф. Гастэлу і землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Агульны выгляд
-
Брама
-
Слуп з гербам
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ а б в г д Адрадзіць старую сядзібу… № 22 (1513) 29.05.2021 — 04.06.2021 г(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 чэрвеня 2022. Праверана 9 чэрвеня 2022.
- ↑ Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг." / Уклад. Д. Лісейчыкаў. — Мн., 2009.
- ↑ Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796—1839. — Lublin, 2004. S. 21.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Сляды спадчыны. Райца(недаступная спасылка). Intex-press (27 жніўня 2012 г.). Архівавана з першакрыніцы 20 ліпеня 2014. Праверана 1 лістапада 2017.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. С. 273.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Райца // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг." / Укладальнік Д. Лісейчыкаў. — Мн.: І. П. Логвінаў, 2009. — 270 с.
- Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796—1839. — Lublin: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2004. ISBN 83-917615-5-X.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Райца
- Райца на сайце Radzima.org
- Райца на сайце Глобус Беларусі (руск.)