Раіса Андрэеўна Баравікова
| Раіса Андрэеўна Баравікова | |
|---|---|
| | |
| Асабістыя звесткі | |
| Дата нараджэння | 11 мая 1947 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 26 мая 2026 (79 гадоў) |
| Месца смерці | |
| Грамадзянства | |
| Альма-матар | |
| Месца працы | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | драматург, перакладчыца, пісьменніца, паэтка |
| Гады творчасці | з 1960 |
| Жанр | лірыка |
| Мова твораў | беларуская |
| Грамадская дзейнасць | |
| Член у | |
| Прэміі | |
| Узнагароды | |
Раіса Андрэеўна Баравікова (11 мая 1947, Пешкі, Брэсцкая вобласць — 26 мая 2026, Мінск[1]) — беларуская паэтэса, празаік, перакладчыца.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася ў 1947 годзе ў сям’і служачага на Брэстчыне. У 1965 годзе скончыла сярэднюю школу № 1 г. Бярозы. У гэтым жа годзе сям’я Баравіковых пераехала на радзіму бацькі на Магілёўшчыну.
Друкавацца пачала ў юнацкія гады. Першы верш быў апублікаваны ў бярозаўскай раённай газеце «Маяк камунізму» ў 1960 годзе.
Працавала літаратурным супрацоўнікам у Быхаўскай раённай газеце «Маяк Прыдняпроўя». Скончыла аддзяленне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Працавала рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм» (1971—1972). У 1972—1977 гадах — карэспандэнтка газеты «Літаратура і мастацтва», у 1983—88 — літаратурная кансультантка рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». Член Саюза пісьменнікаў БССР і Саюза пісьменнікаў СССР (з 1977).
У 1996—2000 гадах намесніца, у 2000—2002 гадах галоўная рэдактарка часопіса «Алеся». Галоўная рэдактарка часопіса «Маладосць» (2002—2011). Супрацоўніца газеты «Літаратура і мастацтва» (2011—2012).
Памерла ў 2026 годзе.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]У зборніках паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987), «Пад небам першага спаткання» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992) дамінуе тэма кахання, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра час, нацыянальна-патрыятычная тэматыка. Піша пра долю жанчыны, пошук чалавечага шчасця. Эпізоды беларускай гісторыі адлюстраваны ў вострасюжэтнай драматычнай паэме «Барбара Радзівіл» (1992).
Вершы і паэмы Раісы Баравіковай надзвычай эмацыянальныя, напоўненыя экспрэсіяй, вызначаюцца вытанчанасцю лірычных пачуццяў. Важнымі вынікамі творчасці лічацца кнігі выбранай паэзіі «Сад на капялюшыку каханай» (1998), «Дрэва для райскай птушкі» (2007).
Аўтарка аповесці «Кватарантка» (1980) пра моладзь, пошукі свайго месца ў жыцці. Выдала кніжку казак і апавяданняў для дзяцей «Галенчыны „Я“, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў» (1990), зборнік апавяданняў «Вячэра манекенаў» (2002). Аўтарка п’ес «Барбара Радзівіл» (паст. 1994), «Пятля часу» (1996).
Перакладала з рускай, украінскай і польскай моў.
Прэміі і ўзнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- Літаратурная прэмія СП БССР імя А. Куляшова (1988) за кнігу лірыкі «Каханне».
- Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1994) — за кнігу паэзіі «Люстэрка для самотнай».
- Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998).
Выбраная бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Люстэрка для самотнай: вершы, пераклады і драматычная паэма / Раіса Баравікова. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1992. — 206 с.
- Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў: для дзяцей сярэд. шк. узросту / Раіса Баравікова. — Мінск: Литература и искусство, 2006. — 158 с.
- Дрэва для райскай птушкі: лірыка / Раіса Баравікова. — Мінск: Мастацкая лiтаратура, 2007. — 270 с. — (Залатое пяро).
- Барбара Радзівіл / Раіса Баравікова // Звон — не малітва: п’есы / уклад. І. Дабрыян. — Мінск, 2008. C. 148—207. (Бiблiятэка школьнiка).
- Казкі з гербарыя / Раіса Баравікова. — Мінск: Литература и искусство, 2008. — 139 с.
- Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў: для сярэд. шк. узросту / Раіса Баравікова. — Мінск: Лiтаратура i Мастацтва, 2010. — 141 с.
- Распагоджаныя дні: аповесць / Раіса Баравікова // Полымя. 2013. № 3. С. 8-36.
- Свята ў хату: народны каляндар часопіса «Вясёлка» / Раіса Баравікова. — Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2015. — 39 с.: іл. — (Бібліятэка часопіса «Вясёлка»).
- Пра кашэчага караля Варгіна і мышку Паднорку: казкі з міфалагічнага люстэрка / Раіса Баравікова. — Мінск: Звязда, 2017. — 121 с.: iл.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Баравікова Раіса // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- Раіса Баравікова // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Баравікова Раіса Андрэеўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 287. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Куртаніч В. Што поспехі, што адчуванне ўлады супраць гарачай волі пачуцця?! // Вольга Куртаніч // Крыніца. Славянскі свет. — 2003. — № 2. — С. 202—214.
- Падліпская З. Яно і нараканне, і сонца, і пякучай цемры сплаў : духоўны свет лірычнай гераіні Р. Баравіковай / Зоя Падліпская // Роднае слова. — 2006. — № 3. — С. 11-13.
- Смаль В. А на душы і светла, і шчымліва: паэтычная сцяжына Р.Баравіковай / Вячаслаў Смаль // Полымя. — 2005. — № 11. — С. 188—194.
- Шынкарэнка В. Слухаць сэрцам / Вольга Шынкарэнка // Полымя. — 2002. — № 3/4. — С. 239—258.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Раіса Андрэеўна Баравікова на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Нарадзіліся 11 мая
- Нарадзіліся ў 1947 годзе
- Нарадзіліся ў Бярозаўскім раёне
- Памерлі 26 мая
- Памерлі ў 2026 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Выпускнікі Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага
- Постаці Беларусьфільма
- Супрацоўнікі газеты «Літаратура і мастацтва»
- Супрацоўнікі газеты «Чырвоная змена»
- Супрацоўнікі часопіса «Маладосць»
- Члены Саюза пісьменнікаў СССР
- Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
- Лаўрэаты літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова
- Лаўрэаты прэміі «Залаты Купідон»
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
- Узнагароджаныя медалём Францыска Скарыны
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Пісьменніцы Беларусі
- Пісьменнікі Беларусі
- Беларускамоўныя паэты
- Беларускамоўныя пісьменнікі
- Дзіцячыя пісьменнікі паводле алфавіта
- Драматургі Беларусі
- Паэты Беларусі
- Перакладчыкі Беларусі