Руская псеўдаготыка
- Пра неагатычную архітэктуру за межамі Расіі гл. неаготыка.
Псеўдаготыка, несапраўдная готыка ці руская готыка — перадрамантычны кірунак у рускай архітэктуры екацярынінскай эпохі, заснаваны на вольным спалучэнні элементаў еўрапейскай готыкі і маскоўскага барока з гратэскнымі прыўнясеннямі архітэктараў, якія працавалі ў гэтым стылі, нярэдка насычанымі масонскай сімволікай. Пасля смерці Кацярыны II развіццё рускай готыкі ішло паралельна са станаўленнем неагатычнага кірунку ў архітэктуры Заходняй Еўропы, але, у адрозненне ад неаготыкі, з сапраўдным сярэднявечным дойлідствам руская готыка мае мала агульнага.
Екацярынінская псеўдаготыка
[правіць | правіць зыходнік]Архітэктурную мову рускай готыкі, як лічыцца, вынайшаў В. І. Бажэнаў пры будаўніцтве Царыцынскага палаца (пачынаючы з 1776 года). Тут адразу кідаецца ў вочы адрозненне ад манахромнай еўрапейскай готыкі — шырокае выкарыстанне чырвонага цэглы з белакаменнымі дэталямі — спалучэнне, якое выклікае ў памяці вежы Маскоўскага Крамля і цэрквы нарышкінскага барока. Апроч царыцынскіх пабудоў, Бажэнаву таксама прыпісваецца псеўдагатычная Уладзімірская царква ў сядзібе Быкова (1789).
Пасля таго, як імператрыца забракавала бажэнаўскі праект, будаўнічыя працы ў Царыцыне працягнуў М. Ф. Казакоў, які таксама пабудаваў для яе і псеўдагатычны «Пятроўскі замак». Яго вучням Радзівону Казакову і Аляксею Бакараву[1][2] — належаць раннія спробы накладання гатычнага дэкору на традыцыйную для праваслаўя форму крыжова-купальнага храма — саборны храм Зачацьеўскага манастыра і Нова-Мікольскі сабор у Мажайску. У канцы 1780-х мода на гатычныя матывы пранікае ўсё далей у глыбінку, на што паказваюць іх нечаканыя інтэрпрэтацыі ў сядзібах Разанскай губерні — Краснае, Балаўнёве і Вешалаўцы.
Пры пецярбургскім двары ў адзін час з Бажэнавым матывы гатычнага дойлідства распрацоўваў Ю. М. Фельтэн. Пабудовы Фельтэна ў касмапалітычнай паўночнай сталіцы — Чэсменскі палац і царква пры ім, царква Ражства Іаана Прадцечы на Каменным востраве — далёкія ад канонаў маскоўскага барока і бліжэйшыя да ранніх узораў еўрапейскай неаготыкі. Зрэшты, непадрыхтаваны глядач наўрад ці уловіць у пабудовах Кацярыны і яе прыдворных штосьці, што нагадвае заходнееўрапейскае Сярэднявечча.
У эпоху рамантызму
[правіць | правіць зыходнік]З узыходжаннем на прастол Паўла I стылізатарства ў гатычным духу атрымала новы імпульс, бо гэты манарх імкнуўся адрадзіць у Расіі ідэалы сярэднявечнага рыцарства, стаўшы главой Мальтыйскага ордэна. Свае рэзідэнцыі ён называў «замкамі», хоць яны цалкам адпавядаюць эстэтыцы класіцызму. З пабудоў паўлаўскай эпохі найбольш «гатычны» Прыярацкі замак, але, у кантэксце іншых садова-паркавых павільёнаў Гатчыны, ён успрымаецца як архітэктурнай капрыз.
Пры Аляксандры I цікавасць да готыкі упершыню распаўсюджваецца за межы вузкага кола прыдворных: В. А. Жукоўскі знаёміць рускіх чытачоў са страшнымі баладамі ў гатычным духу, а А. А. Марлінскі апявае ў прозе рыцарскія турніры — і гэтымі творамі зачытваецца ўся дваранская Расія.
Перанясенне заходняга Сярэднявечча на рускую глебу відавочна і ў вобласці архітэктуры: тым часам старажытнарускія архітэктурныя ансамблі перабудоўваюцца або завяршаюцца ў псеўдагатычным духу. У Маскоўскім Крамлі будаваць «пад даўніну» спрабуюць нават прыезджыя італьянцы акадэмічнай вывучкі — А. І. Руска (Мікольская вежа, 1806) і К. І. Росі (Екацярынінская царква Узнясенскага манастыра, 1808).
Далейшая эвалюцыя
[правіць | правіць зыходнік]Узмацненне пры Мікалаі I нацыяналістычных настрояў пад лозунгам «Праваслаўе, Самадзяржаўе, Народнасць» спрыяла адраджэнню К. А. Тонам і іншымі архітэктарамі мастацкіх матываў візантыйскага і старажытнарускага, а не заходнееўрапейскага Сярэднявечча. Звароты да псеўдаготыкі накшталт бажэнаўскага носяць адзінкавы характар. Найбольш паслядоўна традыцыю рускай готыкі працягваў, мабыць, М. Д. Быкоўскі, які пабудаваў, у прыватнасці, такія маляўнічыя ансамблі, як падмаскоўная сядзіба Марфіна.
Вычышчаную ад «рускасці» неаготыку (т.з. «англійскі стыль») падтрымлівалі асобныя члены імператарскага сямейства на чале з імператрыцай Аляксандрай Фёдараўнай, якая паходзіць з Прусіі. Для яе ў Пецяргофе пабудаваў «Капэлу» знакаміты прускі архітэктар К. Ф. Шынкель. З айчынных дойлідаў густ імператарскага сямейства да неаготыкі задавальняў М. Л. Бенуа, сярод пецяргофскіх праектаў якога вылучаюцца імператарскія стайні і мудрагелісты будынак вакзала. Прыязджаў у Расію і знакаміты знаўца неаготыкі Віяле-ле-Дзюк. У 1890-х гадах у Маскве архітэктар Ф. В. Шэхтэль увасобіў шэраг праектаў у гатычным стылі, сярод якіх былі асабняк З. Р. Марозавай на Спірыдонаўцы, уласны дом дойліда ў Ермалаеўскім завулку, шэраг іншых пабудоў[3].
Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]На Беларусі першыя ўзоры несапраўднай готыкі паявіліся ў палацавым будаўніцтве (Крычаўскі палац, Косаўскі палац). У сядзібным будаўніцтве XIX стагоддзя выяўлялася ў асобных гаспадарчых і службовых пабудовах (капліца сядзібы ў в. Закозель Драгічынскага раёна). Рысы несапраўднай готыкі мелі шматлікія станцыйныя будынкі першай паловы — сярэдзіны XIX стагоддзя, у якіх выкарыстоўваліся псеўдагатычныя стральчатыя аконныя праёмы і парталы ўваходаў (паштовыя станцыі ў г. Крычаў, в. Кузьміно Гарадоцкага рааёна). З сярэдзіны XIX стагоддзя несапраўдная готыка стала адной з найбольш значных плыней архітэктуры эклектыкі, узорным стылем у культавым дойлідстве (Мінскі Троіцкі Залатагорскі касцёл). Найбольш дасканалыя кампазіцыйна-пластычныя магчымасці несапраўднай готыкі выявіліся ў збудаваннях другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзяў. Некаторыя будынкі набылі рысы несапраўднай готыкі пасля перабудовы (Віцебскі Варварынскі касцёл). У драўляным дойлідстве несапраўдная готыка выявілася ў распрацоўцы вытанчанага па форме сілуэта, шырокім выкарыстанні прыёмаў кантрастнага спалучэння ашаляваных паверхняў зруба і высокіх пластычных дахаў, вежаў-званіц і г.д. (касцёлы ў вёсках Мяжаны Браслаўскага, Лінава Пружанскага раёнаў)[4].
У пачатку XX стагоддзя псеўдагатычныя збудаванні характарызуюцца адраджэннем мастацкай цэласнасці готыкі і эстэтызацыяй каркаснай канструкцыі. Несапраўдная готыка паўплывала на станаўленне стылю мадэрн, неарамантычных кірункаў і зараджэнне функцыяналізму[4].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Руская псеўдаготыка на Вікісховішчы |
- Палацава-паркавы ансамбль Царыцына
- Ян Санціні — роднасны прыклад спалучэння барока і готыкі ў архітэктуры Цэнтральнай Еўропы
- Гатычная архітэктура
Зноскі
- ↑ Московская энциклопедия / С. О. Шмидт. — М.: Издательский центр «Москвоведение», 2007. — Т. I, Книга 1. — С. 116-117. — 639 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-5-903633-01-2.
- ↑ Бакарев В. А. Где найдешь Москву другую?. — М.: Контакт-Культура, 2012. — С. 6-9. — 960 с. — ISBN 978-5-903406-32-6.
- ↑ Нащокина М. В. Архитекторы московского модерна. Творческие портреты. — 3-е. — М.: Жираф, 2005. — С. 451, 468—469. — 536 с. — 2 500 экз. — ISBN 5-89832-043-1.
- ↑ а б В. М. Чарнатаў. Несапраўдная готыка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Руская псеўдаготыка