Драўлянае дойлідства Беларусі
Драўлянае дойлідства — від архітэктуры, якому ўласцівы адзінства будаўнічага матэрыялу (дрэва), спецыфічныя канструкцыі і сродкі мастацкай выразнасці; мастацтва ствараць будынкі і збудаванні з дрэва, арганічна спалучаючы вырашэнне функцыянальных, канструкцыйна-тэхнічных і мастацкіх задач.
Дрэва дзякуючы сваёй трываласці, малой аб’ёмнай вазе, нізкай цеплаправоднасці, лёгкасці апрацоўкі здаўна шырока ўжывалася як будаўнічы і аддзелачны матэрыял, пераважна ў лясных раёнах. У аснове драўляных будынкаў і збудаванняў ляжыць модуль, роўны даўжыні бервяна або бруса (да 10 м), які вызначае параметры асноўных элементаў (зруба, перакрыцця і іншых). Мастацкая выразнасць збудаванняў з дрэва дасягаецца простымі геаметрычнымі формамі аб’ёмаў (асноўныя — васьмерыкі і чацверыкі) і іх завяршэнняў, натуральнай фактурай і тэкстурай дрэва, дэкаратыўнай разьбой і размалёўкай, мастацкім шаляваннем. У драўляным дойлідстве склаліся 2 віды канструкцый: каркасная (аснову складала сістэма звязаных паміж сабой стоек, бэлек і ўкосін) і вянковая (будаўніцтва з асобных зрубаў). Была пашырана і мяшаная вянкова-каркасная канструкцыя.
Драўлянае дойлідства на тэрыторыі Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Драўлянае дойлідства на тэрыторыі Беларусі вядома з каменнага веку. У мезаліце, неаліце, бронзавым веку будавалі лёгкія каркасныя дамы (наземныя, заглыбленыя ў зямлю або прыўзнятыя на па́лях), якія нярэдка накрываліся конусападобнымі дахамі. У жалезным веку ў плямён культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай (II—III стагоддзі нашай эры) пашырыліся зрубныя наземныя жылыя дамы. Драўлянае дойлідства ў IX—XIII стагоддзях развівалася ў агульным рэчышчы старажытнарускай архітэктуры. Найбольш пашыраны тып жылля — 1-камерны прамавугольны або квадратны ў плане будынак пад 2-схільным ці вальмавым дахам, пастаўлены падрубай на драўляныя плашкі або камяні, абнесены звонку прызбай, з валаковымі акенцамі ў верхняй частцы зруба. Дрэвам масцілі двары і гарадскія вуліцы ў Брэсце, Віцебску, Мінску, Пінску, Полацку, Тураве і іншых гарадах. Драўлянымі былі абарончыя збудаванні.
У XVI — 1-й палове XIX стагоддзя, нягледзячы на павелічэнне аб’ёму мураванага будаўніцтва, вядучай галіной архітэктуры заставалася драўлянае дойлідства. Яно развівалася на традыцыях мясцовага народнага будаўніцтва, творча перапрацоўваючы мастацкія прыёмы стыляў готыкі, Адраджэння, барока, ракако, класіцызму. Своеасаблівасць развіцця беларускага драўлянага дойлідства выявілася ў трывалых сувязях з будаўніцтвам суседніх народаў. Прафесійныя майстры-дойліды аб’ядноўваліся ў арцелі або ўваходзілі ў цэхавыя карпарацыі. Многія дойліды працавалі ў магнацкіх вотчынах, замках (так званыя «замкавыя дойліды»); з XVII стагоддзя вядомы асобныя «дойлідскія» вёскі (вёска Дойліды Іўеўскага раёна). У буйных гарадах (Брэст, Віцебск, Магілёў, Пінск і іншых) у XVII—XVIII стагоддзях сфарміраваліся самабытныя школы дойлідства — Віцебская школа дойлідства, Магілёўская школа дойлідства, Полацкая школа дойлідства, Заходнепалеская школа дойлідства, Усходнепалеская школа дойлідства. З дрэва пабудавана большасць замкаў і абарончых збудаванняў XVI—XVIII стагоддзяў. Найбольш пашыраны тып пабудоў драўлянага дойлідства — народнае жыллё. Традыцыйнае сялянскае жыллё XVII — пачатку XX стагоддзя — 2-камернае (хата і сенцы) і 3-камернае (хата, сенцы, хата) з 2-, 3-, 4-схільным дахам з драніцы, саломы, чароту. Жыллё рамеснікаў і гандляроў у гарадах і мястэчках было больш развітым па складу памяшканняў, уключала рамесніцкія майстэрні і крамы, часам было 2-павярховым. Сярод драўляных грамадскіх будынкаў вылучаліся ратушы, гандлёвыя рады, гасціныя двары, важніцы, корчмы і іншыя. Для іх характэрна жывапіснае спалучэнне рознавысокіх аб’ёмаў, вылучэнне асноўных частак вежамі, шатрамі, купаламі, афармленне фасадаў падчэнямі, галерэямі, разьбой, размалёўкай. Манументальнымі формамі вызначалася архітэктура драўляных сядзіб і палацаў. Традыцыйнымі тыпамі драўляных будынкаў былі вадзяныя млыны і ветракі.
Культавае драўлянае дойлідства
[правіць | правіць зыходнік]У культавым драўляным дойлідстве XVII—XIX стагоддзяў (больш раннія помнікі не зберагліся) развіваліся 3 асноўныя кампазіцыйныя схемы: падоўжана-восевая, глыбінна-прасторавая і крыжова-цэнтрычная.
Будынкі падоўжана-восевай кампазіцыі мелі 1-3 зрубы (асноўны, бабінец, алтар), якія размяшчаліся па падоўжанай восі, мелі асобныя пакрыцці над кожным зрубам, або аб’ядноўваліся агульным пластычным па малюнку дахам (царква ў вёсцы Здзітава Жабінкаўскага раёна). У некаторых цэрквах, касцёлах і кальвінскіх зборах дынаміку кампазіцыі ўзмацняла ярусная вежа-званіца над бабінцам (збор у вёсцы Дзяляцічы Навагрудскага раёна, Спаса-Праабражэнская царква ў Віцебску).
Храмы глыбінна-прасторавай кампазіцыі развіваліся таксама па падоўжанай восі, аднак яны мелі вертыкальныя дамінанты — шатровыя або ярусныя вярхі над асобнымі аб’ёмамі. Найбольш пашыраны храмы з 1 верхам над цэнтральным аб’ёмам (Георгіеўская царква ў вёсцы Сінкевічы Лунінецкага раёна), са званіцай над бабінцам (Ільінская царква ў Гомелі, царква ў вёсцы Кудзінавічы Капыльскага раёна). Вядомы храмы з 2- і 3-яруснымі вярхамі (Міхайлаўскія цэрквы ў Слуцку і вёсцы Рубель Столінскага раёна).
Крыжова-цэнтрычныя храмы бываюць 4- і 5-зрубныя з 1 або 5 вярхамі, утвараюць у плане роўнаканцовы або выцягнуты па падоўжанай восі крыж (Мікалаеўская царква ў вёсцы Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна). Кампазіцыя храмаў з яруснымі вярхамі грунтавалася на сістэме прапорцый, якая склалася яшчэ ў старажытнарускім дойлідстве. Для шэрагу будынкаў характэрна вызначэнне агульнай вышыні даўжынёй збудавання (прапорцыя квадрата) або дыяганаллю прамавугольніка, у які ўпісаны план храма.
У XVIII стагоддзi пад уплывам мураванай архітэктуры стылю барока паявіліся 2- і 3-зрубныя, а таксама базілікальныя храмы з бязвежавым і 2-вежавым галоўнымі фасадамі, бяскупальныя і крыжова-купальныя (цэрквы ў вёсках Валавель Драгічынскага, Смаляны Аршанскага, Опаль Іванаўскага раёнаў і іншыя). Арыгінальную кампазіцыю мелі драўляныя сінагогі, якія вырашаліся суцэльнымі кампактнымі аб’ёмамі з алькежамі, завяршаліся складанымі дахамі, афармляліся балюстраднымі галерэямі (сінагога ў вёсцы Воўпа Ваўкавыскага раёна).
Традыцыйныя тыпы званіц — слупавыя, каркасныя і ярусныя зрубна-каркасныя. Для капліц найбольш характэрны падоўжана-восевая і пірамідальна-цэнтрычная кампазіцыі.
У 2-й палове XIX — пачатку XX стагоддзя ў культавым драўляным дойлідстве адбываецца заняпад мясцовых школ дойлідства, што звязана з будаўніцтвам буйных храмаў па тыпавых праектах з рысамі стыляў псеўдарускага, «мадэрн» або неаготыкі (царква ў вёсцы Хатляны Узденскага раёна, касцёл у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна). Павялічылася роля дэкаратыўнай разной аздобы на фасадах, аднак у многіх выпадках разьба была пазбаўлена вытанчанасці і арыгінальнасці трактоўкі.
Драўлянае дойлідства ў XX стагоддзі
[правіць | правіць зыходнік]У XX стагоддзі традыцыі народнага драўлянага дойлідства развіваюцца пераважна ў сельскім жыллёвым будаўніцтве, а таксама ў забудове гарадоў. Важнае значэнне набыло мастацкае аздабленне жылля. Розныя раёны Беларусі вылучаюцца своеасаблівасцю мастацкай шалёўкі, разьбой ліштваў, франтонаў, вуглавых накладак, карнізаў, вырашэннем малых архітэктурных форм (альтанкі, вароты, калодзежы, лаўкі для адпачынку і іншыя). БелНДІдзіпрасельбудам распрацавана серыя жылых будынкаў з індустрыяльных драўляных шчытавых канструкцый. Вядзецца работа па творчаму асваенню народных традыцый у сучасным індустрыяльным будаўніцтве.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Якімовіч Ю. А. Драўлянае дойлідства // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Т. 2. Габой — Карціна. — 702 с. — 9 500 экз.