Ліст да Рымлян Святога Апостала Паўла

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Рымлянам)
Ліст да Рымлян Святога Апостала Паўла

Выява апостала Паўла на фрэсцы з Рымскіх катакомбаў
Раздзел: Новы Запавет
Вікікрыніцы: Пасланьне да Рымлянаў сьв. ап. Паўлы

Тэкст на Вікікрыніцах

Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ліст да Ры́млянаў Свято́га Апо́стала Па́ўла[1], Ліст да Ры́млянаў[2], Пасла́нне да Ры́млян[3] — адзін з лістоў апостала Паўла, які ўваходзіць у спіс кніг Новага Запавету. Паводле заходняй традыцыі, знаходзіцца пасля кнігі Дзеянняў апосталаў, паводле ўсходняй традыцыі — пасля ліста Іуды і перад першым лістом Карынфянам.

Адрасат[правіць | правіць зыходнік]

Ліст адрасаваны да хрысціянаў сталіцы Рымскай імперыі, горада з больш чым мільённым насельніцтвам. І хаця з пачатку пропаведзі Евангелля прайшло ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў, у Рыме ўжо склалася даволі моцная хрысціянская суполка.

Але ліст апостала па-свойму ўнікальны. Звычайна Павел пісаў лісты тым суполкам, якія засноўваў ці ён асабіста, ці яго бліжэйшыя супрацоўнікі. У дадзеным выпадку апостал піша ліст суполцы, з якой ён асабіста незнаёмы. Нягледзячы на тое, што паданне звязвае ўзнікненне царквы ў Рыме з імёнамі Пятра і Паўла, на самой справе хрысціяне з’явіліся ў Рыме нашмат раней за прыбыццё апосталаў. Магчыма, суполка ўтварылася пасля таго, як яўрэі з Рыма пачулі пропаведзь Пятра ў дзень Пяцідзесятніцы. Калі так было насамрэч, то гісторыя існавання царквы да моманту прыбыцця апосталаў Пятра і Паўла налічвала ўжо больш за 20 год. У любым выпадку, да моманту напісання ліста суполка была шматлюднай, яна часткова складалася з яўрэяў, але большую частку вернікаў складалі былыя язычнікі, што можна бачыць з аргументаў, якія прыводзіць у сваім лісце апостал.

Мэта напісання ліста[правіць | правіць зыходнік]

Паколькі Рым быў самым вялікім горадам імперыі, то апостал шмат разоў меў намер наведаць сталіцу, але кожны раз акалічнасці былі супраць яго. Але пасля таго як Павел, як ён піша ў сваім лісце, «узвясціў Вестку ад Ерусаліма да самай Ілірыі», перад ім зноў паўстала мэта наведвання Рыма. Згодна з лістом, апостал вырашыў рушыць у місіянерскую вандроўку ў Іспанію, а на сваім шляху наведаць і Рым. Для гэтага Паўлу было патрэбна заручыцца падтрымкай Рымскай царквы, каб ён мог атрымаць дапамогу ў тым, што яму будзе неабходна ў сваім падарожжы.

З-за таго, што праца Паўла неадназначна ўспрымалася ў хрысціянскіх суполках, асабліва ў яўрэйскіх вернікаў, ухвала ад рымскай суполкі была асабліва неабходнай. Акрамя таго, сталічная суполка была даволі ўплывовай.

Нягледзячы на тое, што апостал не быў асабіста знаёмы з многімі яе сябрамі, ён ад іх ведаў пра праблемы, якія існавалі ў суполцы. Таму ў сваім лісце ён вельмі далікатна дае парады па праву апостала язычнікаў.

Змест ліста[правіць | правіць зыходнік]

З ліста да хрысціян Рыма пачынаецца спіс лістоў Паўла. Ён самы вялікі і, без сумневу, самы важны. Ліст да Рымлянаў аказаў большы ўплыў на развіццё хрысціянскай думкі і багаслоўя, чым любая іншая кніга ў Новым Запавеце. Мабыць, гэта адзіны ліст Паўла, які б мог называцца не лістом, а пасланнем, таму што твор мае рысы хутчэй багаслоўскага трактата, чым прыватнага ці афіцыйнага ліста. З лістоў Паўла найбольш падобны да гэтага ліст Галатам, але апошні напісаны ў эмацыйным і хуткім тоне, тады як тон ліста Рымлянам спакойны і павольны. Аўтар паслядоўна крок за крокам выкладае свае думкі пра вернасць Бога, Які даў нашчадкам Аўраама выратаванне праз пакутніцкую смерць на крыжы Свайго Адзінага Сына. У лісце як нідзе выразна апісваюцца галоўныя тэмы багаслоўя Паўла: апраўданне праз веру ў Ісуса Хрыста, а не праз справы Закона Майсея; выратаванне даецца чалавецтву як падарунак, які нічым не заслужаны і нічым не выкліканы, акрамя бязмежнай ласкі Божай; Радасная Вестка пра выратаванне ад пагібелі цяпер больш не адносіцца толькі да яўрэйскага народа, але перад светам Крыжа становяцца ўсе роўнымі: як яўрэі, так і язычнікі.

Павел пачынае ліст са слоў пра тое, што ўсё чалавецтва зграшыла прад Богам. Язычнікі, пакланяючыся вобразам і выявам замест Творцы, страцілі магчымасць адрозніваць дабро ад зла, а таму дайшлі да крайняй формы распусты. Яўрэі, ведаючы Божы Закон і лічачы сябе правымі прад Богам, тым не менш, парушаюць Закон, а таму прад Богам нічым не лепшыя за язычнікаў, якія не ведаюць пра Божыя патрабаванні да іх. Такім чынам, усё чалавецтва апынулася ва ўладзе граху. Моц граху настолькі вялікая, што чалавек самастойна не толькі не можа пераадолець такое становішча, але і не хоча рабіць гэтага. Сумным вынікам такога становішча стала смерць людзей. Але Бог па Сваёй дабрыні замест пакарання прапануе ўсім прабачэнне, і ўсе маюць магчымасць атрымаць мір з Богам. Кожны, хто прымае праз веру Божую Ахвяру, атрымлівае магчымасць жыць святым і праведным жыццём. І зараз ён становіцца вольным ад рабства граху і смерці, ад патрабаванняў плоцкай істоты.

У лісце апостал звяртаецца да тэмы выключнасці Божага народа, які меў перавагу перад язычнікамі, але адверг волю Бога і не прыняў Яго Сына. Аднак Павел, прылічаючы сябе да Ізраіля, упэўнены, што Бог застаўся верным Сваім абяцанням і што Ізраіль адышоў ад Пана толькі часова, што ў гэтым крыецца план Божага выратавання, а ў канцы света ўвесь Ізраіль звернецца да Пана і будзе выратаваны.

Не абмінае ўвагай апостал тэму ўзаемаадносін хрысціян у грамадскім жыцці. Павел апавядае пра абавязкі хрысціян перад свецкай уладай, пра адносіны вернікаў у суполцы і наогул пра неабходнасць весці хрысціянскае жыццё. Гэтай важнай тэме аўтар удзяляе некалькі раздзелаў у канцы ліста.

Час і месца напісання ліста[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што гэта апошні ліст, які быў напісаны апосталам, калі ён быў яшчэ на волі. Магчыма, ён быў напісаны ў самым канцы яго служэння, недзе паміж 56 і 57 гадамі. Дакладнае месца напісання таксама невядома, але лічыцца, што гэта быў Карынф.

Структура ліста[правіць | правіць зыходнік]

Ліст падзены на 16 раздзелаў і мае строгую прадуманую структуру. Коратка ліст можа быць падзелены на дзве часткі: тэарэтычную (раздзелы 1-11) і практычную (раздзелы 12-16), у якіх Павел паслядоўна разглядае пастаўленыя пытанні.

Сціслы план ліста[правіць | правіць зыходнік]

  • Прывітанне і малітва (1:1-17)
  • Грэшнасць чалавецтва і неабходнасць выратавання (1:18-3:20)
  • Божы план выратавання (3:21-4:25)
  • Новае жыццё ў яднанні з Хрыстом (5:1-8:39)
  • Ізраіль і выратаванне (9:1-11:36)
  • Практычныя паводзіны хрысціян (12:1-15:13)
  • Планы і прывітанні (15:14-16:27)

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Райт Н. Т. Павел. Послание к римлянам. Популярный комментарий. Пер. с англ. (Серия «Читая Библию»). — М.: Библейско-богословский институт св. апостола Андрея, 2009. — 243 с.
  • Жан Кальвин. Толкование на Послания апостола Павла к Римлянам и Галатам. Пер. с латинского И. В. Мамсурова. — Мн.: МФЦП, 2007. 560 с. ISBN 978-985-454-327-7
  • Карл Барт. Послание к Римлянам. Пер. с нем. (Серия «Современное богословие»). — М.: Библейско-богословский институт св. апостола Андрея, 2005. — 580 с. ISBN 5-89647-075-4

Зноскі

  1. Анатоль Клышка. Новы Запавет. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2014. — 610 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6983-42-2.
  2. Уладзіслаў Чарняўскі. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. — Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2012. — 1127 с. — 4 000 экз. — ISBN 978-985-6183-14-6.
  3. Васіль Сёмуха. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя. У беларускім перакладзе. — DUNCANVILLE, USA: WORLD WIDE PRINTING, 2002. — 1538 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-58712-085-2.