Санта-Марыя (Азорскія астравы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Санта-Марыя
парт. Santa Maria
Від на Віла-ду-Порту
Від на Віла-ду-Порту
Характарыстыкі
Плошча96,89 км²
Насельніцтва5 552 чал.
Шчыльнасць насельніцтва57,3 чал./км²
Размяшчэнне
36°58′14″ пн. ш. 25°06′18″ з. д.HGЯO
АрхіпелагАзорскія астравы
АкваторыяАтлантычны акіян
Краіна
Санта-Марыя (Азорскія астравы) (Атлантычны акіян)
Санта-Марыя
Санта-Марыя
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Санта-Марыя (парт.: Santa Maria) — востраў ва ўсходняй групе Азорскіх астравоў у Атлантычным акіяне. Плошча — 96,89 км². Насельніцтва (2011 г.) — 5 552 чал.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Санта-Марыя — самы паўднёвы з усіх буйных Азорскіх астравоў. Знаходзіцца за 80,54 км на поўдзень ад вострава Сан-Мігел, за 1410 км на паўднёвы захад ад Лісабона, сталіцы Партугаліі. Даўжыня з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход — 16,58 км. Найбольшая шырыня з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — 9,17 км.

Мае вулканічнае паходжанне. З’яўляецца самым старым з Азорскіх астравоў. Узнік у выніку вывяржэння каля 7 млн гадоў таму. Знойдзены пароды, якія датуюцца 130—117 млн гадоў. На працягу сваёй доўгай геалагічнай гісторыі некалькі разоў апускаўся пад ваду. Востраў Санта-Марыя адрозніваецца значна меншай сейсмічнай актыўнасцю за астатнія Азоры. Маюцца радовішчы вапны арганічнага паходжання. Найвышэйшы пункт — гара Піку-Альту (587 м).

Клімат міжземнаморскі ўмераны, пераходны да субтрапічнага. Найбольш цёплы месяц — жнівень, калі сярэдняя тэмпература трымаецца каля +22 °C. У найбольш прахалодным месяцы лютым яна паніжаецца да +14 °C, але ніколі не падала ніжэй за +6 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 760 мм.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Адкрыты ў 1427 г. партугальскімі мараплаўцамі. Згодна паданню, сучасная назва была дадзена ў гонар Св. Марыі першапасяленцамі з поўдня Партугаліі, якія прыбылі ў 1432 г. У 1493 г. Санта-Марыю наведаў Х. Калумб падчас свайго зваротнага плавання пасля адкрыцця Новага Света.

У XVI - XVII стст. на паселішчы астравіцян некалькі разоў рабілі напады французскія, англійскія і асманскія карсары. Для абароны ўзбярэжжа было ўзведзена некалькі крэпасцяў, у тым ліку Сан-Браз і Сан-Жуан-Баптыста. Крэпасць Сан-Браз у Віла-ду-Порту існуе і ў нашы дні. У XIX ст. выхадцы з Санта-Марыі прымалі ўдзел у грамадзянскай вайне ў Партугаліі.

У 1944 г. амерыканцамі быў пабудаваны і адкрыты аэрапорт, які доўгі час выкарыстоўваўся для трансатлантычных пералётаў ваеннай авіяцыі. З канца XX ст. на востраве працуе станцыя ЕКА.

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйна жыхары вострава займаліся вырошчваннем пшаніцы, рубкай і экспартам лесу. У нашы дні лясы Санта-Марыі ахоўваюцца законам. Галоўныя галіны эканомікі — абслугоўванне паветранага і марскога транспарту і турызм.

На востраве існуе некалькі вёсак. Ролю адміністрацыйнага цэнтра выконвае вёска Віла-ду-Порту на паўднёвым усходзе. Тут працуе марскі порт, наладжана сталая паромная сувязь з востравам Сан-Мігел. Важнае эканамічнае значэнне мае аэрапорт на ўсходзе Санта-Марыі. Ён дае працу значнай частцы мясцовых жыхароў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]