Сан-Жоржы
Сан-Жоржы | |
---|---|
парт. São Jorge | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 243,65 км² |
Насельніцтва | 9 171 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 37,64 чал./км² |
Размяшчэнне | |
38°40′09″ пн. ш. 28°07′19″ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Азорскія астравы |
Акваторыя | Атлантычны акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сан-Жо́ржы (парт.: São Jorge) — востраў у цэнтральнай групе Азорскіх астравоў у Атлантычным акіяне. Плошча - 243,65 км². Насельніцтва (2011 г.) - 9 171 чал.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Сан-Жоржы знаходзіцца ў цэнтральнай групе Азорскіх астравоў у 18,3 км на поўнач ад Піку, у 36 км на поўдзень ад Грасіёзы, у 37 км на паўднёвы захад ад Тэрсейры. Выцягнуты з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 54,8 км. Найбольшая шырыня - 6,8 км.
Сан-Жоржы мае вулканічнае паходжанне. Сфарміраваўся ў выніку некалькіх масіўных вывяржэнняў падводных вулканаў. Вывяржэнні і моцныя землетрасенні характэрны і для нашага часу. Рэльеф скалісты. Уздоўж цэнтральнай часткі цягнецца вулканічны хрыбет з гарамі, кратарамі і азёрамі. Гара Піку-да-Эшперанса дасягае вышыні 1053 м. Берагі рэзка ўзняты над паверхняй акіяна, асабліва на поўначы. Месцамі вылучаюцца прыбярэжныя нізкія платформы fajãs.
Клімат умераны міжземнаморскі. Сярэднегадавая тэмпература +17 °C. Сярэднегадавая норма ападкаў 1020. Найбольш вільготная пара года — зіма.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Сан-Жоржы ўпершыню ўзгадваецца ў партугальскіх пісьмовых крыніцах у 1439 г. як ненаселены кавалак сушы. Аднак да 1470 г. тут з'явіліся дзве групы перасяленцаў з Партугаліі і Фландрыі. Фламандскія каланісты заснавалі паселішча Велаш на паўночна-заходнім узбярэжжы. У 1483 г. Велаш атрымаў статус горада. Перасяленцы вырошчвалі вінаград і пшаніцу.
У 1583 г. Сан-Жоржы быў захоплены іспанцамі, улада якіх працягвалася да 1640 г. У XVI — XVII стст. на востраў нападалі англійскія, французскія і алжырскія піраты. Згодна паданню, калі англійскія піраты высадзіліся на бераг, мясцовыя жыхары кідалі ў іх камяні, бо не мелі іншай зброі. Адзін з партугальскіх салдат, выхапіў у піратаў сцяг. Напады алжырцаў працягваліся да 1816 г. У 1580 г., 1757 г. і 1808 г. астравіцяне пацярпелі ад моцных землетрасенняў.
У XIX — трэцяй чвэрці XX стст. жыхары Сан-Жоржы займаліся здабычай кітоў. З'явілася сталая эміграцыя. У канцы XX ст. парты Велаш і Кальета былі рэканструяваны. Асновай эканомікі сталі жывёлагадоўля, рыбалоўства і кансервавая прамысловасць. Важнае месца займае экспарт мясцовага сыра.
Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]Большасць жыхароў вострава Сан-Жоржы — прамыя нашчадкі сярэдневяковых перасяленцаў з Партугаліі і Фландрыі. Яны займаюцца пераважна рыбалоўствам, жывёлагадоўляй і земляробствам. Захаваліся некаторыя старажытныя рамёствы. Згодна старадаўняй традыцыі, рамеснікі і землеўладальнікі аб'яднаны ў карпарацыі, якія ў нашы дні маюць сімвалічнае значэнне. Важную ролю ў гуртаванні астравіцян адыгрывае каталіцкі касцёл. Асноўныя мясцовыя святы прысвечаны рэлігійным каляндарным падзеям. У XX ст. многія выхадцы з Сан-Жоржы перасяліліся ў ЗША, Бразілію, Бельгію, аднак эмігранты працягваюць захоўваць шчыльныя сувязі з малой радзімай.
Адметнай рысай пабытовай культуры вострава Сан-Жоржы з'яўляецца мясцовая кухня. Для яе характэрна перавага вельмі вострых і салодкіх страў. Астравіцяне ўжываюць шмат свініны, рыбы, ямсу, малюскаў. Хлеб пякуць з кукурузнай мукі.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сан-Жоржы
- Saojorge.com Архівавана 21 снежня 2014.
- São Jorge — Azores