Сапяжанка
Сапяжанка | |
---|---|
![]() Грушы сорту Сапяжанка, выява ў кнізе «Атлас плодов» пад рэдакцыяй Адама Грабніцкага. | |
Сістэматыка | |
Род | Груша |
Від | Pyrus communis |
Сорт | 'Сапяжанка' |
Сінонімы | |
Pyrus domestica | |
Паходжанне | |
Рэзкасць | |
Узнагароды |
Сапяжанка, або Бергамот польскі — летні сорт грушы, папулярны ў Рэчы Паспалітай у XVIII ст.[1], а цяпер у Беларусі і Літве. Разам з Берэ слуцкай і Вінёўкай лічыцца мясцовым беларускім сортам.
Паходжанне назвы
[правіць | правіць зыходнік]Бергамотамі называюць групу сартоў грушы з пладамі пляскатай формы, падобнай да пладоў бергамоту — гібрыднага віду раслін сямейства Рутавых. Слова bergamotta італьянскага паходжання — ад горада Бергама, у ваколіцах якога вывелі і пачалі вырошчваць бергамот. Таксама ёсць версія турэцкага паходжання ад слова bеgarmudu (турэцк.: bеg — князь; турэцк.: аrmud — груша)[2] або beyarmudu (турэцк.: bey — пан).
Назва Сапяжанка звязана з магнацкім родам Сапегаў, які прычыніўся развядзенню сорту ў Вялікім Княстве Літоўскім, на тэрыторыях якога яшчэ на пачатку XX ст. захаваліся дрэвы, пасаджаныя ў XVIII ст.[3].
Адам Грабніцкі-Дактаровіч адзначаў, што месцамі ў Курляндыі Сапяжанку называлі Курляндскім Бергамотам (Kurländische Bergamotte)[3]. У Віленскай губерні і ў Пецярбургу была вядома таксама пад назвай Жыдоўкі або Жыдоўскай грушы, напэўна, бо прадавалі яе на рынках яўрэі. У Мінску лепшую яе разнавіднасць, адметную вялікімі смачнымі пладамі, называлі Галавянкай[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]З’яўленне сорту ў Рэчы Паспалітай звязваюць з імем найуплывовейшага вялікалітоўскага магната свайго часу — Казіміра Яна Сапегі (1637—1720). Паводле адной версіі, месцам адкуль Сапяжанкі распаўсюдзіліся па Рэчы Паспалітай быў сад пры палацы Сапегаў у Мінску, дзе высадзілі флянсы вывезеныя з Францыі дочкамі Казіміра Яна Сапегі, кашталяна менскага. Паводле другой, паведамленай Паўлам Шпілеўскім, грушы прывёз з Венгрыі сам Казімір Ян Сапега і пачаў разводзіць у сваёй рэзідэнцыі ў Беразіне. Паводле трэцяй, прывезеныя з замежжа флянсы высадзілі ў Быхаўскім замку[2].
Не ўсё ў версіях адпавядае фактам, генеалогам вядома толькі адна дачка Казіміра Яна — Кацярына-Схаластыка, не быў ён і менскім кашталянам, ёсць пытанні да перыяду валодання ім Беразіном і Быхавам. Трэба аднак разумець асаблівыя заканамернасці развіцця паданняў, часцей яны захоўваюць ключовую інфармацыю змяняючы пры гэтым дэталі.
Батанічнае паходжанне сорта
[правіць | правіць зыходнік]![]() | ||||||||||
Выява грушы сорта Bergamotte rouge у кнізе В. Лаўхэ «Deutsche Pomologie»
|
![]() | ||||||||||
Выява грушы сорта Bergamote d'été у кнізе В. Лаўхэ «Deutsche Pomologie»
|
Э. Янкоўскі лічыў Сапяжанку ідэнтычнай французскаму сорту Bergamote ronde d'été або Runde Sommer-Bergamotte[4], але А. Грабніцкі лічыў[3], што гэта розныя сарты і дапускаў, што хутчэй, Сапяжанка — уласна літоўскі сорт, бо апісанні і выявы, пададзеныя Флотавым і Леруа, на яго думку, не адпавядаюць Сапяжанцы[3]. З’яўленне сорту прыпадае на канец XVI — пачатак XVII ст., напэўна, Сапега ўвёз яго неўзабаве пасля з’яўлення. Аднак Bergamote ronde d'été хоць і тоесны з Сапяжанкай, і мае такі самы моцны рост, але дрэвы не дасягаюць велізарных памераў, а маладыя парасткі нават у Германіі цярпяць ад маразоў, тады як Сапяжанка была дастаткова вынослівай у літоўскіх і польскіх губернях. Яшчэ меней падстаў каб лічыць Сапяжанку сортам, які паходзіць ад Bergamotte rouge, дае іх адрозная форма, смак мякаці і час паспяванне пладоў[3].
Батанічнае апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Дрэвы
[правіць | правіць зыходнік]У садзе дрэва дасягае буйных памераў і глыбокай старасці[3]. Рост дрэва троху мацнейшы за Бессямянку[3].
Крона сярэдняй гушчыні, шырокапірамідальная, з разлапістымі, крывымі галінамі. Маладыя парасткі тонкія, светла-бурыя, з рэдкімі чачавічкамі. Двухгадовыя галіны шэра-бурыя, з круглымі чачавічкамі[3]. Парасткі простыя, злёгку каленчатыя, сярэдняй таўшчыні. Міжвузеллі значнай даўжыні, бо пупышкі сядзяць рэдка[3]. Кара на парастках даволі светла-аліўкава-бураватая, гладкая, паўматавая. Чачавічкі вельмі дробныя, пераважна доўгія, востра скончаныя, малалікія, вохрыстага колеру[3].
Пладовыя галіны сярэдняй даўжыні і кароткія, слаба разгалінаваныя, не тоўстыя[3]. Пладовыя маткі кароткія (10-12 мм), голыя, арэхава-зеленаватага колеру, шурпатыя ад густых скапленняў дробных чачавічак, ссечана-канічнай формы, сярэдняй таўшчыні, з 2-3 пупышкамі, нясуць ва ўраджайны год па 1-3 плады кожная[3].
Ліставыя пупышкі дробныя, шырока канічныя, слаба аттапыраныя ад парастка, з кончыкам, нахіленым да парастка, гладкія, чорнабурыя ці нават зусім чорныя, сядзяць на нямоцных падушачках з вузкім серпападобным рубцом[3].
Лісце невялікае, авальнае, завостранае[3], цёмна-зялёнага колеру, з моцным бляскам з верхняга боку і матавае ярка-зялёнае знізу, зусім голае з абодвух бакоў[3]. Ліставыя жылкі далікатныя, сеткавыя, больш светла-зялёныя за саму паверхню, моцна выдаюцца[3]. Край ліста даволі слаба зазубраны ля лістоў на роставых парастках і цэльна-крайні, часам злёгку пухнаты па краі[3].
Чарашок ліста вельмі доўгі, якра светла-белавата-зялёны, тонкі, голы, амаль просты, злучаны з пласцінкай пад тупым вуглом. Прылісткі шылападобныя, хутка ападаюць[3].
Пупышкі пладовыя таксама голыя, цёмнакарычнева-бурыя, сярэдняй велічыні, яйкападобнай формы[3].
Плады
[правіць | правіць зыходнік]Вялічыня ніжэйшая за сярэднюю ці сярэдняя, вышыня 55-60, шырыня 62-70[1]. Вага пладоў каля 60 г[1].
Форма ў верхняй частцы плоская, з шырокай тупой верхавінкай, да ножкі круглява-канічная, са слабым канічным завастрэннем, якое бывае больш сільным толькі ў нетыповых пладоў, якія маюць востра-канічнае аснаванне. Ніжняя частка звычайна нераўнабокая. Паверхня роўная, без рабрыстых выступаў і барознаў[3].
Чашачка не развітая, адкрытая, з малымі, кароткімі чорнымі чашалісцікамі. Паглыбленне чашачкі (верхняя ямка) шырокае, даволі паглыбленае, правільнае, з дробнымі баразёнкамі ці без іх[3].
Ножка крыху выгнутая, доўгая, роўная ўсёй вышыне плода, ці ад 1⁄2 да 3⁄4 яе. Ніжняя ямка дробная, полая, з невялікім аднабаковым мясістым вырастам (часта колцападобным), што некалькі адхіляе ножку ўбок[3].
Скура тоўстая, плотная, гладкая ці некалькі шурпатая ад іржавых кропах, слаба глянцавая ці тусклая, у паўспелых пладоў зелянява-жоўтая, у спелых светла-жоўтая, часам васкова-белая, на сонечным баку ці на большай частцы плода з разлітым мутным малінавым румянцам, які часам вельмі прыгожы ў спелых пладоў[1]. Падскурныя кропкі дробныя, частыя, шэрыя ці бурыя, акружаныя ружовым абадком, ад чаго яны здаюцца ружовымі, пры гэтым яны рэзка вылучаюцца на светла-жоўтай афарбоўцы. Ад ніжняй часткі ямкі часта ідуць прамяні і пятны тонкага, шэра-жоўтага, іржавага налёту, які рассеяны па ўсяму плоду і прыдаюць яму ў спеласці шэраваты колер[3].
Водар фенхельны[3].
Насеннае гняздо невялікае, з вузкім восевым каналам, акружана мякаццю рыхлай грануляцыі, больш камяністай ля чашачкі[3].
Падчашачкавая трубка варонкападобная ці канічная. Насенне тоўстае, кароткае, чорнабурае, падобна на яблычнае[3].
Мякаць белая, дробназярністая, каля гнёздаў мала камяністая і рыхлая, спачатку плотная і цяжкая, потым мягкая, паўталая, дастаткова сакавітая, саладкаватая, у паўспелага плода некалькі кіславатая, з даўкім смакам, без астраты[1]. У параўнанні з Бессямянкай , мякаць грубаватая, менш сакавітая і не далікатная, але больш сладкаватая. На думку В. Пашкевіча Сапяжанка далікатней і высакародней за Бессямянку, апошнюю ён лічыць грубейшай[5].
Масляністай мякаці, уласцівай сапраўдным бергамотам , Сапяжанка не мае, нават у рэгіёнах, дзе дасягае высокіх якасцяў[3].
Арэал
[правіць | правіць зыходнік]Сорт культывуюць, галоўным чынам, у Беларусі і Літве, сустракаецца таксама ў заходніх абласцях Украіны, у Варонежскай, Курскай, Арлоўскай абласцях Расіі[6].
Экалогія
[правіць | правіць зыходнік]![]() | ||||||||||
Плод іншага сорта, пашкоджаны грыбком вентурыя грушавая (Venturia pyrina)
|
Дрэвы Сапяжанкі (Бергамота польскага) моцнарослыя, вызначаюцца адноснай вынослівасцю да ўмоў росту, але ў суровыя зімы падмярзаюць.
Дрэва любіць добрую, пажыўную глебу, і на дрэнных глебах плады яго застаюцца мала смачнымі і дробнымі[3].
Плоданашэнне пачынаецца позна, ва ўзросце 7—9 гадоў. Плады размешчаны на 3-4-, радзей і на 5-гадовай драўніне, так што яны сабраны больш на верхняй частцы сукоў, нанізаўшыся на іх даволі густа, як бы гронкамі, ад чаго яны слаба звешваюцца дугападобна ўніз[3]. Трымаюцца плады на дрэве дастаткова крэпка, так што асаблівай аховы ад ветру не патрабуюць.
Завязваюцца плады шматліка, пераважна на верхняй палове і на самай верхавіне кроны[3]. Ураджайнасць добрая.
Паводле паспявання пладоў Сапяжанку хутчэй можна лічыць познім летнім, чым асеннім сортам. Плады яе паспяваюць у Літве і Беларусі да 15-20 жніўня і могуць захоўвацца да сярэдзіны верасня[3]. Пасля чаго яны мучнеюць і мякчэюць унутры. Толькі пры добрых умовах захоўвання могуць заставацца ў добрым стане да канца верасня, калі сарваны былі няспелымі[6]. У «Атласе пладоў» прыводзяцца звесткі пра тое, што ў Тамбоўскай губерні Сапяжанка паспявае ў пачатку верасня і нібыта можа захоўвацца ў падвале два месяцы, але сам А. Грабніцкі лічыць іх сумнеўнымі[3].
Плады блага пераносяць перавозку, таму сорт мае толькі мясцовае значэнне.
Паўсюль плады лічацца дэсертнымі і цэняцца вышэй іншых груш сярэдняй паласы Расіі[3].
У сырое і прахалоднае лета плады пакутуюць ад паражэння грыбком вентурыя грушавая (Venturia pyrina), робяцца калянымі і нясмачнымі[3].
Сорт выключаны са стандарту Рэспублікі Беларусь з-за моцнай паражальнасці дрэваў і пладоў паршой . Плады схільныя да паршы ў вялікай ступені, так што часта на ўсім дрэве грушы дробныя, плямістыя, нераўнабокія і пакрытыя чорнымі расколінамі[3]. Аднак, багатае ўгнаенне падглебы і правільнае апрыскванне бардоскай вадкасцю дапамагаюць перамагчы хваробу[6]. Пры такім доглядзе груша плоданасіць вялікай колькасцю пладоў выдатнага выгляду, дасканала гладкіх, сакавітых, даволі салодкіх, хоць яны і не бываюць дасканала масляністымі, а толькі паўмасляністымі, з дастаткова крохкай, крыху даўкай мякаццю[3].
Сорт практычна самобесплодны. Лепшы апыляльнік — Бессямянка[7].
Вытворныя сарты
[правіць | правіць зыходнік]Іван Мічурын удала прышчапіў гэты сорт у Казлове Тамбоўскай губерні[8][9].
З удзелам Сапяжанкі створаны сорт груш 'Кудзесніца': (Сапяжанка х Дружба) х Лагодная[10]. Гэты сорт уключаны ў Дзяржаўны рэестр сартоў і дрэўна-кустовых парод Рэспублікі Беларусь у 2011 годзе[10].
З гібрыднай сям’і Сапяжанка х Дуля остзейская атрымана груша Бергамотная, а з сям’і Вінёўка х Сапяжанка — Беларуска[11].
У літаратуры
[правіць | правіць зыходнік]У аповесці «Над Нёмнам» Элізы Ажэшкі: «Стагадовая, мабыць, сапяжанка, сваё галлё, ужо бясплоднае, але густа пакрытае лісцем, паклала на вокны і сцены дому, чые пабеленыя аканіцы і нарожнікі весела з-за яе выглядалі». Не раз сапяжанку настальгічна згадваў у сваіх творах нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш. Якуб Колас стварыў аўтабіяграфічнае вершаванае апавяданне «Грушы-сапяжанкі», у якім апісваецца, як хлапчукі, нарваўшы груш, змаглі ўцячы ад гаспадара сада[12]. Сапяжанкам таксама прысвяціў верш Аляксей Зарыцкі[2].
Зноскі
- ↑ а б в г д Рылов Г. П., Стеркин И. В. Путешествие за сортом. — М.: Агропромиздат, 1987.
«Летний сорт Сапежанка (Бергамот польский), получивший в XVIII веке широкое распространение в Литве, а затем в Белоруссии. Дерево сильнорослое. Плоды ниже средней или средней величины, плоскоокруглой формы. Кожица вначале зеленовато-желтая, при созревании светло-желтая с размытым румянцем малинового цвета на солнечной стороне. Мякоть сочная, сладкая, приятного освежающего вкуса». - ↑ а б в Кухмістр Верашчака Сапяжанка — арыстакратка сярод груш / Ігуменскі тракт № 19 (77) // Звязда № 106 (27716) за 10.06.2014.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав аг ад ае аё аж аз А. Гребницкий. Сапежанка // Атлас плодов / под редакцией Адама Гребницкого. — 1906. — С. 518.
- ↑ Паводле A. Leroy, D., 1867, p. 237, № 114, Bergamote D'été, p. 239, у немцаў Bergamote ronde d'été, паводле v. Flotow , III. Н., № 270, Runde Sommer-Bergamotte
- ↑ В. Пашкевич. Сапежанка // Атлас плодов / под редакцией Адама Гребницкого. — 1906. — С. 518.
- ↑ а б в Сапежанка Архівавана 7 верасня 2016. (руск.)
- ↑ Сапежанка (руск.)
- ↑ Аврора (руск.)
- ↑ Бергамот // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ а б КУДЕСНИЦА (руск.)
- ↑ Частная генетика растений / Редактор(ы): А. Кильчевский,Л. Хотылева
- ↑ Паэмы «Прапаў чалавек»
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кухмістр Верашчака Сапяжанка — арыстакратка сярод груш / Ігуменскі тракт № 19 (77) // Звязда № 106 (27716) за 10.06.2014.
- Рылов Г. П., Стеркин И. В. Путешествие за сортом. — М.: Агропромиздат, 1987.
- J. Strumiłło. Ogrody Północne, VII изд., Вильна, 1880 г., стар. 167 (пад назвай Sapieżanka (rothe Bergamotte))
- E. Jankowski . Sad i ogród owocowy, 1882, стар. 327, 41 (пад назвай Sapieżanka (Bergamote ronde d'été, Runde Sommer-Bergamotte) і 1893, с. 327, 52, таксама
- Н. Кичуновъ. Вѣстн. С., 1889 г., с 63, 65 (пад назвай Сапѣжанка ці бергамотъ польскій) — першае падрабязнае памалагічнае апісанне сорту з хромалітаграфіяй не тыповага плоду, з моцным канічным завастрэннем да ножкі і не характэрнай жоўтай афарбоўкай
- G. Kuphaldt . Der Rationelle Obstbau in den nordwestlichen Provinzen des russischen Reiches : ein Handbuch der Obstkultur für Gärtner und Gartenfreunde, Riga, 1896, s. 160 (пад назвай Bergamotte Sapieganka).
- Гоше . Руководство к плодоводству для практиков по Гоше" под общей редакцией проф. А. Ф. Рудзкого, изд. II, 1899 г., с. 79. (пад назвай Сапѣжанка) — з малюнкам разрэзу плода, якаснае апісанне, з пазначэннем, між іншым, што мяжа развядзення гэтага сорта праходзіць некалькі далей на поўдзень, чым мяжа сорта Бессямянка , у Арле дрэва ўжо не стойкае да марозаў, але ў Варонежы толькі ў выключна суворыя зімы некалікі пашкоджваецца.
- Осламовская опытная помологическая станція, 1899 г., с. 55, № 55 (пад назвай Сапежанка) — з пазначэннем, што ў Асламаве (Падольскай губерні) яна ў два-тры разы буйнейшая, чым на сваёй радзіме, у Літве, але саступае амаль усім астатнім грушам. Дрэва здаровае, вялікае і вельмі ўраджайнае.
- Л. Симиренко. Иллюстр. опис., 1901 г., с. 90, 89 (пад назвай Bergamotte Sapiejanka, Sapieżanka, Бергамотъ польскій, Сапѣжанка)