Свята-Георгіеўская царква (Давыд-Гарадок)
Праваслаўны храм | |
Свята-Георгіеўская царква | |
---|---|
52°03′21,87″ пн. ш. 27°13′41,53″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Давыд-Гарадок |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Пінская і Лунінецкая |
Благачынне | Столінскае |
Архітэктурны стыль | Беларускае народнае дойлідства |
Першае згадванне | 1675 |
Дата пабудовы | XVII стагоддзе |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000711 |
Матэрыял | драўніна |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Георгіеўская царква — помнік драўлянага дойлідства. Адносіцца да Столінскага благачыння Пінскай і Лунінецкай епархіі[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Царква пабудавана ў другой палове XVII стагоддзя ў г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна на старажытных могілках майстрамі Усходнепалескай школы дойлідства. Пабудавана разам з 3-яруснай васьмерыковай званіцай (не захавалася) у 1724—1726 гадах з дрэва[2]. Перабудаваная ў 1724 годзе. Папярэдні 2-зрубны храм упамінаецца ў інвентары 1675 г., знаходзіўся за паселішчам, па дорозе да фальварка Высокае; у 1663 годзе Іван Дубянецкі завяшчаў царкве маёнтак[3].
У 1990 годзе царква перададзеная веруючым[4]. Помнік рэспубліканскага значэння.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Трохзрубны храм глыбінна-восевай кампазіцыі ўключае прамавугольны ў плане бабінец, асноўны аб’ём і алтарную апсіду, накрытыя чатырохграннымі шатровымі дахамі з галоўкамі на васьмігранных барабанах. Да апсіды з поўначы прыбудавана рызніца, да бабінца з захаду — тамбур, завершаныя двухсхільнымі дахамі. Асноўны аб’ём мае дадатковы чацверыковы ярус, які абапіраецца на бэлькі паміж зрубамі бабінца і алтара. Ярусы падзяляе прычолак. Сцены знадворку ашаляваныя гарызантальна ў верхняй частцы, вертыкальна і ў «елку» ў ніжняй частцы, умацаваныя шырокімі лапаткамі. Вокны з трохгранным завяршэннем і крыжападобныя (у верхнім ярусе асноўнага аб’ёма). Дахі над бабінцам і апсідай крыху ссунутыя на захад і ўсход і злучаныя з цэнтральным аб’ёмам (двухсхільнымі стрэшкамі паміж асобнымі вярхамі). У кампазіцыйнай будове царквы выкарыстаная старажытна-руская сістэма прапорцый, пры якой дыяганаль цэнтральнага аб’ёму ў плане вызначае яго вышыню да асновы барабана купальнай галоўкі[4].
Званіца змешчана ў чатырохпавярховым будынку, таксама пабудаваным з дрэва[4].
Інтэр’ер
[правіць | правіць зыходнік]У інтэр'еры дамінуе цэнтральны двухсветлавы аб’ём, злучаны з бабінцам арачным праёмам і аддзелены ад апсіды іканастасам. Усе памяшканні маюць плоскія бэлечныя перакрыцці. Мяркуюць, што раней шатровыя вярхі былі адкрыты ў інтэр’ер.
Драўляны разны іканастас створаны ў 1751 г. у стылі барока (майстар невядомы), устаноўлены на высокім цокалі з жывапіснымі кампазіцыямі «Хрыстос Пастыр», «Пейзаж з гарой», «Архістратыг Міхал». Мае чатыры рады. Першы знізу (мясцовы) падзелены разнымі залачонымі калонкамі на сем праёмаў: у цэнтральным знаходзіліся царскія вароты (цяпер у Заслаўскім музеі рамёстваў і народных промыслаў), паабапал размешчаныя абразы «Маці Божая Адзігітрыя» ў абкладзе 1752 г., выкананым майстрамі Мікітай і Пархомам, і «Хрыстос Уседзяржыцель» у абкладзе 1767 г. работы Д. Ткачука і С. Грэчкі. Другі рад святочны, складаецца з дванаццаці кампазіцый на тэмы жыцця Маці Божай і Ісуса Хрыста. У трэцім (апостальскім) радзе — выявы дванаццаці апосталаў. Завяршае іканастас чацвёрты (прарочы) рад з шасці абразоў. Вертыкальную вось іканастаса складаюць размешчаныя над царскімі варотамі абразы «Тайная вячэра», «Спас Архірэй» і «Саваоф».
Адзінства кампазіцыйнай будовы твораў і іх колеравага рашэння садзейнічае стварэнню суцэльнага вобразу, адпаведнага архітэктуры царквы. У іканастасе дамінуе апостальскі рад, абразы якога вылучаюцца манументальнасцю кампазіцыі, урачыстасцю эмацыянальнага ладу, характэрным тыпажом. Іканастас багата размаляваны і аздоблены асобнымі залачонымі разнымі накладкамі.
Верагодна, у афармленні царквы прымалі ўдзел мясцовыя майстры-мастакі Піліп (1663—1681), Пётр (1681), Яцко Кавалевіч (1691—1696), Карней (1702—1763), Яцко (1724—1760), Камей і Ярко (1734—1785), залатары Пракоп Грэчка (1633—?), Андрэй (1653—1702), Сайка (1665—1724), Ярко (1681—1724), Пархом (1724—1760), Сямён і Мікіта (1724—1760), Хвяско, Андрэйка, Грышка (1724—?). У 1734 г. у Давыд-Гарадку працавалі тры разьбяры — Буяк Лявон, Ян, Сямён.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Царква ў 1929 годзе
-
Царква ў 1929 годзе
-
Царква ў пачатку 1936 года
-
Царква ў 1936 годзе. Фота Д. Геаргіеўскага
Зноскі
- ↑ Столинское благочиние Архівавана 24 верасня 2015. (руск.)
- ↑ Историко- статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии архимандритом Николаем. Спб., 1864
- ↑ СДГи А. Мн., 1848. № 132 °C. ХХХІХ.
- ↑ а б в G. Rąkowski Ilustrowany przewodnik po zabytkach kultury na Białorusi. — Burchard Edition. — Warszawa, 1997. — С. 44. — ISBN 83-904446-9-0.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0389-4.
- Беларускі праваслаўны каляндар. 1997. — Мн., 1996. — С.113.
- Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 258. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Свята-Георгіеўская царква (Давыд-Гарадок) на Вікісховішчы |
- Свята-Георгіеўская царква (Давыд-Гарадок) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Свята-Георгіеўская царква (Давыд-Гарадок) на сайце Radzima.org
- Свята-Георгіеўская царква (Давыд-Гарадок) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Свята-Георгіеўская царква (Давыд-Гарадок) на сайце «Архіварта»
- Храмы паводле алфавіта
- Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
- Усходнепалеская школа дойлідства
- Праваслаўныя храмы Столінскага раёна
- Помнікі беларускага народнага дойлідства
- Давыд-Гарадок
- Храмы Святога Георгія
- Драўляныя цэрквы Беларусі
- Храмы Пінскай і Лунінецкай епархіі
- XVII стагоддзе ў Беларусі