Свята-Ефрасіннеўская царква (Полацк)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Ефрасіннеўская трапезная царква ў Полацку

Свята-Ефрасіннеўская «цёплая» царква — храм Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ефрасіннеўская царква. Фота 1890 года

На час аднаўлення Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, у 1841 годзе, у ім быў адзін храм — Спаса-Праабражэнская царква. З адраджэннем манаскага жыцця паўстала неабходнасць у будаўніцтве яшчэ адной царквы для здзяйснення богаслужэнняў. Ужо ў 1842 годзе ў жылым манастырскім доме была ўладкована дамавая царква і асвечана ў гонар заснавальніцы манастыра прападобнай Ефрасінні Полацкай. Аб тым, як выглядаў Свята-Ефрасіннеўскі храм у 1845 годзе, ёсць звесткі ў кнізе Д. С. Леанардава, дзе гаворыцца[1]:

"

Царква прап. Ефрасінні была простаю дамавою царквою; толькі крыж адрозніваў яе ад звычайных жылых памяшканняў. Цесная і бедная царква ўяўляла з сябе толькі вялікі пакой, аддзелены калідорам ад манаскіх келляў.

"

У 1847 годзе дамавую царкву перабудавалі ў цёплы каменны храм. У 1886 годзе яна была значна пашырана: былі надбудаваны сцены, узнята столь, зроблены хоры, прыбудаваны алтар, прытвор і рызніца, збудаваныя новыя прастол і ахвярнік. Пасля заканчэння будаўнічых работ 12 снежня 1886 года царкву зноў асвяцілі. Каменная дабудоўка 1886 года, прызначаная ў мінулым для рызніцы, цяпер служыць асобнай малельняй для сясцёр у час богаслужэнняў, а драўляная дабудоўка, зробленая ў 1990-я гады, выкарыстоўваецца ў якасці рызніцы.

Богаслужэнні ў Свята-Ефрасіннеўскім храме праводзіліся да самага закрыцця манастыра. Для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра XX стагоддзе стала перыядам заняпаду. З гістарычных дакументаў вядома, што, калі каля 1925 года па загаду савецкіх улад манастыр закрылі і ўсе яго будынкі перадалі ваеннаму ведамству і іншым дзяржаўным структурам, храмы манастыра былі пашкоджаныя як звонку, так і ўнутры.

У Вялікую Айчынную вайну Ефрасіннеўская царква моцна пацярпела. Пра гэта сведчаць фатаграфіі 1950-х гадоў. Храм заставаўся ў паўразбураным стане да 1987 года.

На працягу 1987—1989 гадоў гарадскімі ўладамі ў царкве быў зроблены капітальны рамонт, былі ўстаноўлены драўляныя хоры з лесвіцай. У Спаса-Праабражэнскім храме здзяйсняліся богаслужэнні ў нядзельныя і святочныя дні, а ў Ефрасіннеўскай царкве — хрышчэнне, вянчанне, адпяванне і іншыя трэбы.

З 1991 года, калі манастыр ужо быў адроджаны, Свята-Ефрасіннеўскі храм часова служыў манаскай трапезнаю.

У 2009 годзе, у сувязі са святкаваннем 100-гадовага юбілею перанясення святых мошчаў прападобнай Ефрасінні з Кіева ў Полацк, былі пачаты рамонтныя работы ў храмах абіцелі. Спачатку быў адрамантаваны Свята-Ефрасіннеўскі храм, і пасля 82-гадовага перапынку ў царкве, нарэшце, аднавіліся богаслужэнні.

З 27 сакавіка па 9 верасня 2009 года, з прычыны рамонту Крыжа-Узвіжанскага сабора, у Свята-Ефрасіннеўскай царкве знаходзіліся мошчы прападобнай Ефрасінні. У тым жа годзе царква была ўпрыгожана двух'ярусным разным дубовым іканастасам і разьбянымі ківотамі, выкананымі майстрамі-разьбярамі М. М. Юрэвічам і В. М. Юрэвічам. Іконы для іканастаса напісаны мінскімі іканапісцамі П. А. Жаравым і А. П. Жаравым.

Царкву наведвалі патрыярхі Рускай праваслаўнай царквы Аляксій II (у 1998 годзе) і Кірыл (у 2009 годзе).

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Царква ўяўляе сабой прамавугольны ў плане аб'ём з 5-граннай апсідай (з усходу), 4-гранным прыдзелам (з поўдня) і прытворам (з захаду). Накрыта 2-схільным дахам, у цэнтры якога невялікі купал з галоўкай на драўляным 8-гранным барабане. Уваход у выглядзе арачнага партала з шырокай лесвіцай, сцены дэкарыраваны рустам, аконныя праёмы паўцыркульныя з ліштвамі.

Службы[правіць | правіць зыходнік]

У цяперашні час у Свята-Ефрасіннеўскім храме праводзяцца ўстаўныя богаслужэнні, у святочныя і нядзельныя дні — ранняя Боская Літургія.

Святыні[правіць | правіць зыходнік]

Храм мае свае святыні: шанаваныя іконы Божай Маці «Іверская» і «Усецарыца», напісаныя на Святой Гары Афон, каўчэг-машчавік, дубовую раку з труной, у якім раней спачывалі мошчы прападобнай Ефрасінні, а цяпер знаходзяцца вярыгі святой. У Свята-Ефрасіннеўскім храме маецца часціца святых мошчаў прападобнай Ефрасінні.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Леонардов Д. С. Памяти настоятельницы Полоцкого Спасо-Евфросиниевского монастыря игумении Евгении (Говорович). Витебск, 1900.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 467—468.
  • Леонардов Д. С. Памяти настоятельницы Полоцкого Спасо-Евфросиниевского монастыря игумении Евгении (Говорович). † 24 марта 1900 года. Витебск, 1900.
  • Полоцкое Радование: Свято-Евфросиниевские Торжества 1910 года. Полоцк: Спасо-Евфросиниевский женский монастырь, 2010.
  • Слюнченко В. Г. Архитектурные памятники Полоцка: Историко-архитектурный очерк. Минск, 1988.
  • НИАБ, ф. 2563, оп. 1, д. 6, л. 41—41 об. Летопись о монастыре. Формулярная ведомость о Полоцком Спасо-Евфросиниевском первоклассном женском монастыре за 1912 год.
  • Архив Полоцкого Спасо-Евфросиниевского монастыря. Летопись Спасо-Евфросиниевского монастыря за 1989—2009 годы.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]