Крыж Ефрасінні Полацкай

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Kryž Eŭfrasińni Połackaj. Крыж Эўфрасіньні Полацкай (1890).jpg
Выява крыжа з выдання «Белоруссия и Литва», 1889[1]
Лазар Богша
(узнаўленне: Н. П. Кузьміч)
Крыж Ефрасінні Полацкай, 1161
(узнаўленне: 19921997)
Кіпарыс, золата, срэбра і інш.
51,8×21 см
Арыгінал: месцазнаходжанне невядома; копія: Спаса-Праабражэнская царква, г. Полацк
Памятная манета «Крыж Ефрасінні Полацкай». Зваротны бок. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2007, серабро.
Паштовая марка «850-годдзе стварэння крыжа Ефрасінні Полацкай». Беларусь, 2011.

Крыж Еўфрасінні Полацкай — напрастольны крыж, выраблены ў г. Полацку для царквы Святога Спаса па заказу прападобнай ігуменні Ефрасінні Полацкай майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе. Мае шасціканцовую форму, вышыня — 51,8 см. Згублены падчас Другой сусветнай вайны і да гэтага часу не знойдзены. У 1997 годзе брэсцкі ювелір-эмальер Н. П. Кузьміч вырабіў копію крыжа ў поўны памер.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Шасціканцовы крыж вышынёй 51,8 см, даўжыня верхняга перакрыжавання — 14 см, ніжняга — 21 см. Аснова выканана з кіпарыса. Да пярэдняй і зваротнай паверхняў прымацавана 21 залатая пласціна з эмалевымі вобразамі малых памераў, да бакавых — сярэбраныя пласціны з надпісам. Крыж аздабляюць 8 каштоўных камянёў і арнамент, край пярэдняга боку крыжа апраўлены ніткай жэмчуга[2].

Пласціны пярэдняга боку ўяўляюць сабой іканапісную кампазіцыю — вялікі, або пашыраны дэісус. На верхніх канцах крыжа размешчаны паясныя выявы Ісуса Хрыста, Маці Божай і Іаана Прадцечы, у цэнтры ніжняга перакрыжавання — чатыры евангеліста; на канцах — арханёлы Гаўрыіл і Міхаіл, у ніжняй частцы крыжа, пасля перакрыжавання — выявы святых Ефрасінні Александрыйскай, Сафіі і вялікапакутніка Георгія (нябёсныя заступнікі заказчыцы і яе бацькоў)[2].

У верхнім перакрыжаванні прымацаваны невялікі чатырохканцовы, а ў ніжнім — шасціканцовы крыжыкі.

На адваротным боку крыжа вобразы айцоў царквы — святых Іаана Залатавуста, Васіля Вялікага, Рыгора Назіянзіна, апосталаў Пятра і Паўла, першапакутніка Стэфана, вялікапакутнікаў Дзімітрыя Салунскага і Панцеляймона. Над кожным абразком часткова грэчаскімі, часткова славянскімі літарамі зроблены надпісы[2].

У сярэдзіне крыжа ў пяці квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: фрагменты Крыжа Хрыстова з кроплямі яго крыві, камень з грабніцы Божай Маці, часціца з Гроба Гасподняга, часціцы мошчаў святых Стэфана і Панцеляймона, кроў святога Дзімітрыя[2].

У ніжняй частцы крыжа змяшчаецца аўтарская прыпіска: «Г(оспод)и, помози рабоу своему Лазорю, нареченомоу Богъши, съдѣлавшемоу крьстъ сии црькви С(вя)таго Спаса и Офросиньи».

На усіх бакавых паверхнях былі прымацаваны сярэбраныя пласціны, з іх захавалася 20, маецца жэмчуг; па спіралі ў два шэрагі змешчаны наступны надпіс:

Въ лѣ[то] 6000 и 669 покладаеть Офросинья чьстьныи кр(е)стъ въ манастыри своемь въ ц(е)ркви С(вя)т(о)го Сп(а)са. Чьстьное дрѣво бесцѣньно есть, а кованье его злото, и серебро, и камѣнье, и жьнчигъ въ 100 гривнъ, а др[ѣво] 40 гривнъ.
Да нѣ изнесѣться из манастыря никогда же, яко ни продати, ни отдаті, аще се кто прѣслоушаеть, изнесѣть и от манастыря, да не боуди емоу помощникъ чьстьныи кр(е)стъ ни въ сь вѣкъ, ни въ боудщии, и да боудеть проклятъ С(вя)тою Животворящею Троицею и с(вя)тыми отци 300 и 18 семию съборъ с(вя)тыхъ от(е)ць и боуди емоу часть съ Июдою, иже прѣда Х(ри)с(т)а.
Прарысоўка надпісу на крыжы[3].
Кто же дрьзнеть сътвори с[ие], властелинъ или князь, или пискоупъ, или игоумѣнья, или инъ которыи любо ч(е)л(о)в(е)къ, а боуди емоу клятва си. Офросинья же раба Х(ри)с(то)ва, сътяжавъши кр(е)стъ сии, прииметь вѣчную жизнь съ всѣ[м]и с[вятыми][4].

Надпісы — на старажытнаславянскай мове (на салунскім дыялекце Кірыла і Мяфодзія), вядомай як царкоўнаславянская, і на мясцовым дыялекце старажытнабеларускай мовы[5].

У геральдыцы[правіць | правіць зыходнік]

Выява крыжа Ефрасінні Полацкай змешчана на шчыт конніка на гербе «Пагоня» — дзяржаўнага сімвала Рэспублікі Беларусь у 1991 — 1995 гадах (мастакі Я. Кулік, Ул. Крукоўскі, Л. Талбузін)[6].

Зноскі

  1. Бацюшкоў П. І.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 845 гадоў Крыжу Ефрасінні Полацкай // Цэнтральная бібліятэчная сістэма горада Полацка. — 2006, снежань.  (Праверана 16 снежня 2010)
  3. Сементовский, А. М. Белорусские древности / А. М. Сементовский — Санкт-Петербург, 1890. — С. 125.
  4. Надпіс на крыжы прападобнай Ефрасінні Полацкай (1161 год). Сайт "Гісторыя Беларусі IX-XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы".  (Праверана 12 сакавіка 2011)
  5. Побаль Л. Індаеўрапейскія і раннехрысціянскія сімвалы на крыжы Еўфрасінні Полацкай // З глыбі вякоў. Наш край: Гісторыка-культуралагічны зборнік. — Вып. 2. — Мн., 2002. — С. 16
  6. Артыкул С.Мікулевіча "Сапраўдныя беларускія сімвалы" ў "Нашай Ніве"

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Commons