Брама-званіца Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Брама-званіца Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.

Бра́ма-звані́ца — набрамная званіца Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку.

У цяперашні час справа і злева ад званіцы знаходзяцца царкоўныя крамы і манастырскія карпусы (1912 і 2002 гадоў).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Драўляная званічка на замалёўцы Д. М. Струкава. 1865 год.
Званічка перад Спаскай царквой. Фота 1870 года.

Першая званіца на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра была пабудавана ў 1832 годзе, пасля правядзення рамонтных работ у Спаса-Праабражэнскім храме. Гісторык А. П. Сапуноў пісаў пра яе наступнае: «Звонку, паблізу [Спаскай] царквы, уладкованы драўляны звонавы слуп з дахам». У 1834 годзе на гэтым жа месцы была пабудавана простая драўляная званіца, якая праслужыла нядоўга. Дакументы ўжо за 1868 год кажуць аб званіцы, якая спарахнела і нават пагражала падзеннем. Таму ўзнікла неабходнасць у новай і больш трывалай пабудове.

У 1882 годзе над брамаю манастыра ўзвялі каменную званіцу. Пад ёй былі ўладкованыя чатыры жылыя келлі для манашак і кніжная крама. У 1898 і 1906 гадах праводзіўся рамонт званіцы. Пра далейшы лёс манастырскай званіцы можна меркаваць толькі зыходзячы з захаваных фатаграфій 1950-х гадоў, на якіх яна ўжо адсутнічае. Верагодней за ўсё, званіца была разбурана ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У 1992 годзе да свята 1000-годдзя Полацкай епархіі яна была рэканструявана. У 1998—1999 гадах праведзена правільная развеска званоў з падзелам іх на зазвонныя, падзвонныя і благавеснікі, а таксама ўстаноўлены пульт для званара.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Званіца вырашана цэнтрычным, вежападобным аб'ёмам — два чацверыкі, верхні з якіх завершаны звонападобным купалам з цыбулепадобнай галоўкай на высокім 8-гранным барабане ў завяршэнні. Першы ярус мае арачны праезд пад цыліндрычным скляпеннем, верхні прарэзаны высокімі арачнымі прасветамі. Ярусы вылучаны тонкапрафіляванымі карнізамі з зубчастымі фрызамі. У падножжы верхняга яруса па 4 гранях створаны прафіляваныя арачныя нішы з абразамі.

Да брамы далучаны 2-павярховы мураваны жылы корпус пад вальмавым дахам — помнік архітэктуры пачатку 20 ст. 8-восевы сіметрычны галоўны фасад, расчлянёны прамавугольнымі на 1-м i лучковымі на 2-м паверхах аконнымі праёмамі, дэкарыраванымі фігурнымі ліштвамі, паверхі расчлянёны філёнгавым поясам, цокаль крапаваны прамавугольнымі нішамі, вуглы — лапаткамі.

Званы[правіць | правіць зыходнік]

У 2001 годзе з-за нездавальняючага гучання ранейшых званоў на ахвяраванні прыхаджан былі заказаныя і зробленыя ў Мінску на прадпрыемстве «Выдатнае ліццё» тры падзвонныя званы сярэдняй велічыні (32, 48, 80 кг). 11 сакавіка 2002 года на званіцу паднялі самы вялікі звон — святочны благавеснік вагой 330 кг.

Сёння на званіцы спалучаюцца сучасныя званы мінскай фірмы «Выдатнае ліццё», а таксама званы мінулага стагоддзя завода Самгіна і галандскія званы XVII—XVIII стагоддзяў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Памяць: Полацк: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. С. С. Чарняўская; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 2002.
  • Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. С. 467—468.
  • НИАБ, ф. 2503, оп. 1, д. 23, л. 38. Акт от 28 июня 1868 года об осмотре и описании состояния церкви во имя Всемилостивого Спаса.
  • НИАБ, ф. 2563, оп. 1, д. 6, л. 41 об. Летопись о монастыре. Формулярная ведомость о Полоцком Спасо-Евфросиниевском первоклассном женском монастыре за 1912 год.
  • Архив Полоцкого Спасо-Евфросиниевского монастыря. Летопись Спасо-Евфросиниевского монастыря за 1989—2002 годы.
  • Сапунов, А. П. Древности Спасо-Евфросиниевского девичьего монастыря в Полоцке // Полоцкие Епархильные Ведомости. 1885. № 10.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]