Храм-пахавальня полацкіх епіскапаў
Праваслаўны храм | |
Храм-пахавальня полацкіх епіскапаў | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | Полацк |
Канфесія | Праваслаўе |
Архітэктурны стыль | Полацкая школа дойлідства |
Дата заснавання | XII стагоддзе |
Дата пабудовы | XII стагоддзе |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Храм-пахавальня полацкіх епіскапаў — колішні праваслаўны храм у Полацку, узведзены, верагодна, у пачатку — першай палове XII ст [1]. Храмы-пахавальні на Ніжнім замку і ў Ефрасіннеўскім манастыры будавала адна арцель, але храм-пахавальня Ефрасіннеўскага манастыра быў пабудаваны першым[2].
Рэшткі храма-пахавальні былі выяўлены пры раскопках на тэрыторыі Спаса-Праабражэнскага манастыра[1].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Храм уяўляў сабой шасціслуповы, трохнефны крыжова-купальны будынак з адной апсідай і хорамі на захадзе. 3 паўднёвага, паўночнага і заходняга бакоў храм абкружала шырокая галерэя, аб'ёмы якой мелі выгляд прытвораў. Пад яе падлогай знойдзены старажытныя пахаванні ў цагляных скляпах, магчыма, полацкіх епіскапаў. Сцены будынка былі выкладзены з плінфы ў тэхніцы «са схаваным радам», у яго аздобе шырока выкарыстоўваліся роспісы, у пакрыцці падлогі — дэкаратыўныя керамічныя пліткі і мазаікі[1].
Фрэскавым жывапісам былі пакрыты сцены асноўнага храма і галерэй, ад якога захаваліся, па-сутнасці, толькі асобныя фрагменты. Па манеры пісьма яны падобныя да кіеўскай школы жывапісу[2].
Аднаапсіднасць вылучае полацкія храмы-пахавальні сярод усіх помнікаў усходнеславянскага дойлідства, бо падобныя такія прыёмы будаўніцтва на Русі дагэтуль не сустракаліся. Новаўвядзенні, на думку П. А. Рапапорта, могуць тлумачыцца тым, што полацкія князі ў час вяртання са ссылкі ў Візантыю маглі прывезці з сабой новага дойліда, які развіў некаторыя мясцовыя традыцыі і ўключыў у іх новыя архітэктурныя прыёмы, напрыклад, шырока распаўсюджаную ў Візантыі муроўку сцен «са схаваным радам». Не выключана, што візантыйскі дойлід быў запрошаны ў Полацк да высылкі князей, г.зн. да 1130 г., што вельмі верагодна, калі ўлічыць даўнія сувязі Полацка з Візантыяй[2].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. С. 467—468.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Храм-пахавальня Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра // сайт Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра
- Храм-пахавальня полацкіх епіскапаў на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Звесткі пра храм-пахавальню на сайце Radzima.org