Свята-Петра-Паўлаўская царква (Моўчадзь)
Праваслаўны храм | |
Свята-Петра-Паўлаўская царква | |
---|---|
53°18′43″ пн. ш. 25°42′00″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Моўчадзь |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Пінская і Лунінецкая |
Благачынне | Баранавіцкае |
Архітэктурны стыль | псеўдарускі |
Архітэктар | Мікалай Ільіч Ціхвінскі |
Будаўніцтва | 1869—1873 гады |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Петра-Паўлаўская царква — праваслаўны храм у цэнтры вёскі Моўчадзі Баранавіцкага раёна, помнік архітэктуры псеўдарускага стылю XIX ст.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Храм узведзены ў 1869—1873 гадах па тыпавым праекце, дапрацаваным і «прывязаным» архітэктарам Мікалаем Ціхвінскім[1].
Падрадчыкамі выступалі купцы Нахман Буткоўскі, Шыман Скідзельскі і Абрам Прэхнер, з іх жа было спагнана на гэтыя мэты 2475 рублёў з-за неплацежаздольнасці прыхаджан і шэрагу неўраджаяў і падзяжу жывёлы.
Згодна з апісаннем 1897 года настаяцелем храма з 6 снежня 1843 года быў Венядыкт Качаноўскі. Пры царкве было царкоўна-прыходскае папячыцельства, 5 царкоўных школ: у Белалозах, Кузявічах, Саўцавічах, Харашоўцы і Ярашове з 144 навучэнцамі хлопчыкамі і 14 дзяўчынкамі. Мелася народнае вучылішча ў Моўчадзі са 112 навучэнцамі хлопчыкамі і 18 дзяўчынкамі.
Пры царкве мелася прыпісная драўляная могілкавая Свята-Крыжаўзвіжанская царква ў Моўчадзі з драўлянай званіцай. Царква была пабудавана ў 1800 землеўладальнікам Валовічам. Паблізу з агароджай і дарогай мелася капліца з вялікай іконай прападобнага Антонія Кіева-Пячэрскага.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Храм узведзены на высокім штучным плато на месцы разабранага касцёла пасярод мястэчка Моўчадзь і пануе ў навакольнай забудове. Царкоўны пагост адасоблены бутавай агароджай з чатырохслуповай брамай і старымі пасадкамі клёна.
Белакаменная царква ўяўляе сабой кананічны чатырохчасткавы храм: званіца, трапезная, малітоўная зала, апсіда. У падоўжана-восевай сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуе трох’ярусная, два васьмерыкі на чацверыку, званіца з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай (два званы былі з былога касцёла). Асноўны кубападобны аб’ём пад чатырохсхільным дахам увянчаны маляўнічым пяцікупаллем (цыулепадобныя галоўкі на васьмігранных барабанах), апяразаны карнізам у выглядзе падугі з дзвюма цягамі-выкружкамі. У інвентарным вопісе 1873 г. адзначана, што купалы былі бляшанымі і завяршаліся пазалочанымі шарамі і чыгуннымі крыжамі.
Прамавугольны ў плане прытвор і бакавыя прыдзелы аформлены па франтальных фасадах кілепадобнымі франтонамі на кароткіх пілястрах, маюць глыбокія ўваходныя арачныя парталы таксама з кілепадобнымі франтонамі. Кілепадобнымі ліштвамі аформлены і арачныя аконныя праёмы — высокія адзінарныя ў асноўням аб’ёме і паўкруглай апсідзе і строеныя ў трапезнай. Сцены храма традыцыйна выкладзены з мясцовага бутавага каменю, а элементы архітэктурнага дэкору выведзены з цэглы.
Малітоўная зала перакрыта плоскай столлю і аддзелена ад апсіды трох’ярусным пабеленым і пазалочаным іканастасам на 13 абразоў, выкананых алеем і ўстаўленых у пазалачоныя рамы. Іканастас, крыжы, аконныя краты, шкляныя і сталярныя работы выкананы варшаўскім мешчанінам-яўрэем Абрамам Прэхнерам, які пражываў у Слоніме па кантракце ад верасня 1871 г. Абраз «Святы Аляксандр Неўскі» (1866).
Капліца
[правіць | правіць зыходнік]На могілках. Пабудавана ў другой пал. 19 ст. з цэглы. Вырашана цэнтрычным чатырохгранным аб’ёмам, завершаным шатровым дахам з макаўкай. Атынкаваныя фасады прарэзаны арачнымі ўваходнымі і аконнымі праёмамі.
Зноскі
- ↑ Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2018. — С. 78—79
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна // Г. К. Кісялёў (галоўны рэдактар), Р. Б. Венцэль, М. К. Дзёмін і інш. (рэдкал.), М. І. Бернат (укладальнік). — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 736 с.: іл. — ISBN 985-6302-28-5. — С. 642—643.
- Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века, издание второе, Воронеж 1899 г.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Петра-Паўлаўская царква (Моўчадзь)
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Моўчадзь) на сайце Radzima.org
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Моўчадзь) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Моўчадзь) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)