Скупліно

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Скупліно
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 31 чал. (2010)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 177
Паштовыя індэксы
222134
Аўтамабільны код
5
Скупліно на карце Беларусі ±
Скупліно (Беларусь)
Скупліно
Скупліно (Мінская вобласць)
Скупліно

Скупліно́[1] (трансліт.: Skuplino, руск.: Скуплино) — вёска ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Зембінскага сельсавета.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Старыя часы[правіць | правіць зыходнік]

Цяпер немагчыма дакладна высветліць час заснавання вёскі Скупліно. Найбольш старое пісьмовае сведчанне пра яе адносіцца да ХVII стагоддзя.

У 1724 годзе вёска мела 18 двароў. На 1800 год іх было ўжо 51 (290 жыхароў). Аднак XIX стагоддзе з вайной 1812 года і паўстаннямі было вельмі цяжкім для Скупліна. Як вынік, перад яго заканчэннем — у 1890 годзе — тут было ўсяго 13 сялянскіх гаспадарак. На мяжы XIX—XX стагоддзяў, асабліва на пачатку апошняга назіраецца хуткі рост вёскі. У 1908 годзе тут было ўжо 39 двароў і 265 жыхароў, што, аднак, было ўсё роўна меней, чым на сто год раней.

Адміністрацыйна Скупліно (па стане на 1870 год) адносілася да Карсакавіцкай воласці. Пазней (у прыватнасці, па стане на 1908 год) яна ўжо лічылася вёскай Зембінскай воласці.

Маёнтак[правіць | правіць зыходнік]

Капліца. 1909

Найбольш старыя звесткі пра маёнтак у Скупліне адносяцца да 1635 года. У 1724 годзе ў маёнтку ўжо быў млын. Гаспадарка належала К. Белазору. У далейшым маёнтак перайшоў да Ф. Канарскага. Не пазней як з 1800 года ім валодаў Л. Радзевіч. У гэты час акрамя панскага двара тут было два млыны, капліца. Па стане на 1834 год да маёнтку адносілася 1834 прыгонныя селяніны.

Тэатр Манюшкі. 1916

У 1843 годзе па закладным праве маёнтак пераходзіць ад Радзевіча да А. Наркевіча-Ёдкі, які валодае ім некалькі дзясяткаў гадоў. Уладальнік сам кіруе гаспадаркай. Па стане на 1847 год да маёнтку адносілася два фальваркі. У 1875 годзе маёнтак у Скупліне меў 1845 дзесяцін зручнай зямлі (1000 дзесяцін лесу і 845 дзесяцін астатняй) і 886 дзесяцін нязручнай.

У другой палове XIX стагоддзя ў маёнтку пачынае працаваць бровар. Пад канец XIX — пачатку XX стагоддзя ў маёнтку адбываюцца значныя пераўтварэнні. На яго ўскрайку будуюцца з часаных камянёў новыя будынкі для бровара. Адзін з іх, двухпавярховы, вылучаўся нязвыкла вялікімі памерамі для навакольных вёсак. Праз шмат год, у 1930 годзе, вядомы тутэйшы краязнаўца В. Уладзіміраў пісаў, што пры набліжэнні да вёскі «мімавольна звяртаеш увагу на велізарны двухпавярховы каменны будынак».

У другім дзесяцігоддзі XX стагоддзя гаспадарка маёнтку, відаць, перастала прыносіць даходы ў тым памеры, у якім прыносіла раней. А. Наркевіч-Ёдка ў сувязі з гэтым звярнуўся да ўладаў з просьбай паменшыць яму падаткаабкладанне. Гэта пытанне разглядалася ў лістападзе 1912 года на другім чарговым Барысаўскім павятовым сходзе. У выніку разгляду справы А. Наркевічу-Ёдку было адмоўлена.

Напярэдадні рэвалюцыі[правіць | правіць зыходнік]

Пры набліжэнні да маёнтку па дарозе з Палянаў на Карсакавічы перад невялікай рачулкай з левага боку ад шляху знаходзіліся будынкі бровара. З правага боку ад дарогі за рачулкай і да рэчкі — былі гаспадарчыя будынкі маёнтку. Там жа знаходзіўся вялікі аднапавярховы драўляны панскі дом. Уніз па рэчцы ад дарогі за метраў 200—300 знаходзіўся млын. Перад млыном была маляўнічая сажалка. Меўся ў маёнтку і парк з экзатычнымі для нашых мясцін раслінамі.

У больш старыя часы (яшчэ пад канец XIX стагоддзя) акрамя асноўнага быў другі млын, які знаходзіўся меней чым за кіламетр ніжэй ад першага па плыні ракі. Была ў маёнтку на пачатку XX стагоддзя і каплічка. Па стане на 1908 год у маёнтку Скупліна было 39 жыхароў.

Вёска ў гэты час размяшчалася паралельна рэчцы з левага яе боку налева ад дарогі з Палянаў у Карсакавічы.

Гаспадары маёнтку[правіць | правіць зыходнік]

Працяглы час гаспадарамі маёнтку з’яўляліся Наркевічы-Ёдкі. У XIX стагоддзі гэта быў вядомы род, які праславіўся сваімі прадстаўнікамі — навукоўцамі. Якуб Наркевіч-Ёдка (1847—1905) праславіўся сваёй дзейнасцю па даследаванні ўплыву электрычнасці на расліны, распрацаваў метады кантролю стану здароўя чалавека праз атрыманне фатаздымкаў з дапамогай электрычных разрадаў, ставіў доследы па прыёме і перадачы электрычных сігналаў без правадоў і іншыя. Пра Якуба і яго навуковую дзейнасць была выдадзена ў 1896 годзе ў Парыжы кніга.

Вітальд Наркевіч-Ёдка (1834—1898) быў вядомым вучоным-хірургам. Яго сын, які таксама насіў імя Вітальд (1864—1924) — польскі палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў Польскай сацыялістычнай партыі.

Іван Наркевіч-Ёдка (1845 — ?) актыўна ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года, быў сасланы ў Сібір. Пасля скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт. Быў жанаты з пляменніцай генерала Я. Дамброўскага. Пасля падзей 1905 года эмігрыраваў у ЗША, дзе набыў вядомасць як будаўнік мастоў.

Поўныя звесткі пра ўсіх яго гаспадароў Наркевічаў-Ёдкаў адсутнічаюць. Сярод тых звестак, што маюцца, нідзе не ўзгадваюцца ні Якуб, ні Вітальд, ні Іван. Пра тутэйшага А. А. Наркевіча-Ёдку (у прыватнасці, па стане на 1863 год) вядома, што ён меў землі не толькі ў Барысаўскім павеце (толькі ў Скупліне), але і ў Слуцкім (цікава адзначыць, што ўсе Наркевічы-Ёдкі — гаспадары маёнтку ў Скупліне ў XIX — пачатку XX стагоддзя мелі ініцыялы А. А.). Звяртае ўвагу, што бацька Якуба — Антон Ануфрыевіч меў тыя самыя ініцыялы і валодаў, у прыватнасці, землямі ў Слуцкім павеце і не толькі. Аднак больш дакладныя пошукі паказалі, што Наркевіч-Ёдка з Барысаўшчыны быў Аляксандрам Аляксандравічам. Акрамя таго вядома, што Якуб нарадзіўся ў маёнтку Турын на Случчыне, а сваю навуковую дзейнасць распачаў упершыню ў маёнтку Антонава там жа.

Па ўсіх «параметрах» (узросце, імі па бацьку) да «скуплінцаў» можа быць аднесены Вітальд Наркевіч-Ёдка (старэйшы), які з’яўляўся стрыечным братам Якуба. Дакладна вядома, што бацьку Вітальда звалі Аляксандр.

У сталым узросце Вітальд жыў і працаваў у Варшаве (быў доктарам). На схіле сваіх гадоў жыў у сваім маёнтку ў Слуцкім павеце.

Такім чынам выглядае на тое, што Скупліным кіраваў спачатку бацька Вітальда, а потым адзін з яго братоў і яго нашчадкі. Відавочна, што сам Вітальд у гэтым выпадку ў дзяцінстве мог жыць тут, а ў далейшым павінен быў часта бываць у Скупліне. Не чужы павінен быць маёнтак і для яго сына, таксама Вітальда.

Гэта ўсё меркаванне, якое грунтуецца хай сабе на ўскосных, але дастаткова праўдападобных фактах. Каб пераканацца, што гэта было сапраўды так, неабходна праводзіць далейшыя даследаванні. Але бясспрэчным з’яўляецца тое, што тутэйшыя Наркевічы-Ёдкі належалі да вядомага беларускага роду, які праславіўся сваімі сынамі ў XIX стагоддзі, і былі іх блізкімі сваякамі.

Змены ладу жыцця[правіць | правіць зыходнік]

Пасля 1917 года ў вёсцы (і асабліва ў маёнтку) былі вялікія змены. Амаль увесь 1918 год тут гаспадарылі немцы, з канца лета 1919 года амаль да сярэдзіны 1920 — палякі. Пазней пачалі стварацца калгасы. Не ўсе яны змаглі доўга праіснаваць. У 1925 годзе на месца маёнтку быў утвораны калгас «Чырвоная зорка». Першапачаткова гэта была выключна яўрэйская гаспадарка. Яе ўтварылі 13 сем’яў (усяго 33 чалавекі, дарослых: 14 мужчын, 13 жанчын). Паі сем’яў склалі ад 50 да 100 рублёў. У 1929 годзе ў калгасе ўжо было 18 сем’яў (80 чалавек). У пачатку 1930 года было прынята яшчэ 12 сем’яў. Пазней калгас быў перайменаваны ў «Чырвоны баец». У 1934 годзе яго наведаў Янка Купала і прысвяціў яму адзін са сваіх вершаў.

Тым часам частка панскай гаспадаркі выкарыстоўвалася па прызначэнні (млын і іншае), а частка не. Так бровар ужо болей не існаваў. У яго будынках былі размешчаны скуплінская школа і клуб. Велізарны кацёл ад яго быў проста выкінуты на двор і ляжаў у такім выглядзе тут шмат гадоў.

Вёска, нягледзячы на войны і крывавую барацьбу за ўладу, працягвала расці. У 1926 годзе ў ёй было ўжо 70 двароў і 374 жыхары. Перад апошняй вайной — (у 1940 годзе) у Скупліне было 110 двароў і 447 жыхароў. Вайна нанесла цяжкі ўдар па вёсцы. Загінула шмат яе жыхароў. У гэты ж час былі знішчаны будынкі маёнтку, комплекс будынкаў бровара.

У 1960 годзе ў Скупліне быў усяго 191 жыхар. За далейшым ростам было яшчэ большае памяншэнне яе жыхароў. У 2006 годзе іх у Скупліне істотна меней за сотню (у тры разы меней чым у 1800 годзе). Ад былога бровара засталіся толькі фрагменты будынкаў. Яшчэ прасочваецца былая сажалка, у наваколлях маёнтку можна сустрэць рэдкія для тутэйшых мясцін расліны. Але тут ужо няма прадстаўнікоў славутых родаў, якія б былі добра вядомы сваёй навуковай дзейнасцю, няма і будынкаў, якія б уражвалі выпадковых вандроўнікаў.

Да 30 кастрычніка 2009 года вёска ўваходзіла ў склад Карсакавіцкага сельсавета[2].

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • XVIII стагоддзе: 1724 год — 18 двароў; 1800 год — 51 двароў, 290 жыхароў
  • XIX стагоддзе: 1890 год — 13 двароў
  • XX стагоддзе: 1908 год — 39 двароў, 265 жыхароў; 1926 год — 70 двароў, 374 жыхары; 1940 год — 110 двароў, 447 жыхароў; 1960 год — 191 жыхар; 1999 год — 63 жыхары
  • XXI стагоддзе: 2006 год — менш за 100 жыхароў; 2010 год — 31 жыхар

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

  • Сядзібна-паркавы комплекс

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

  • Млыны
  • Капліца

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Скуплі́на, Скупліна́, ж.. Скуплі́н, м.
  2. Рашэнне Мінскага абласнога савета дэпутатаў ад 30.10.2009 № 219 «Аб змяненні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Мінскай вобласці» Архівавана 11 лістапада 2013. (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]