Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Слуцкая персіярня)
Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў
Заснаванне 1740
Скасавана 1844
Размяшчэнне
Прадукцыя кунтушовы пояс
Слуцкія паясы

Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, або Слуцкая персіярня — мануфактура ў 1740—1846 гадах у Слуцку.

Комплекс персіярні — архітэктурны ансамбль з некалькіх драўляных збудаванняў, з цэнтральным галоўным будынкам з рысамі класіцызму, упрыгожаным двума порцікамі з калонамі. Пазней, пасля закрыцця мануфактуры, комплекс перабудаваны пад вайсковыя кашары.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Амафор, імаверна, вытканы па спецыяльным заказе на Слуцкай мануфактуры каля 1780-х гадоў. Яраслаўскі краязнаўчы музей

Гісторыя Слуцкай мануфактуры пачалася з 1730-х гадоў з майстэрань, закладзеных Геранімам Фларыянам Радзівілам[1]. На мануфактуру быў запрошаны з г. Станіслава (цяпер Івана-Франкоўск, Украіна) майстар Ян Маджарскі.

У 1760-я гады да Слуцкай мануфактуры далучана Нясвіжская персіярня, што існавала з 1740-х гадоў у Нясвіжскім прыгарадзе Альба.

У 1793 годзе працавала 60 майстроў, было 24[2] станкоў. Выраблялі слуцкія паясы, а таксама шаўковыя пакрывалы і махры, залатыя і сярэбраныя галуны, аксельбанты, падвязкі, стужкі, габелены, дываны[1].

У перыяд росквіту мануфактуры, паводле рапарту Мінскага губернскага праўлення 1797 года ў ведамасці аб мануфактуры за 1796 год[3], на ёй выраблялася каля 200 паясоў штогод[4][5]. Па ацэнцы Лідзіі Якунінай на кожным стане за год выраблялася ў сярэднім 45 метраў тканых паясоў[5].

Палітычныя ўмовы, якія неспрыяльна склаліся для Польшчы, прымусілі Лявона Маджарскага спачатку згарнуць вытворчасць паясоў напалавіну, а затым, у 1792 годзе, зусім ад яе адмовіцца[6].

У 1807 годзе тэрмін арэнды Лявона Маджарскага скончыўся і фабрыка перайшла ў непасрэднае падначаленне Радзівілаў. Кіраўніком быў назначаны беларус, былы пісар Фама Барсук[5].

З пачатку XIX стагоддзя выпускала пераважна тканіны для літургічнага ужытку.

У вайну 1812 года мануфактура была разрабавана, яе будынкі пашкоджаны, а работнікі распушчаны ці збеглі. Аднаўленне адбылося ў 1814 годзе і праца працягвалася без вялікага поспеху да 1846 года, пакуль тагачасны гаспадар горада В. Радзівіл не зачыніў яе назаўсёды[7]. Пры гэтым характар прадукцыі апошняга перыяду (1807—1844) зусім змяняецца. Пасля далучэння Беларусі да Расіі ў пачатку XIX стагоддзя было забаронена насіць кунтушы. У сувязі з гэтым адпала неабходнасць у слуцкіх паясах, і вытворчасць іх спынілася. Слуцкая фабрыка пачала выпускаць узорыстыя і залотныя тканіны, галоўным чынам для патрэбы царквы[5].

Абсталяванне і матэрыял[правіць | правіць зыходнік]

Даследчыкам невядома паходжанне ткацкіх станаў. Магчыма, што яны былі зроблены на месцы. Частка інструментарыя дастаўлялася з-за мяжы. Напрыклад, металічныя каткі для пракатвання залотных паясоў літых былі па частках тайна прывезена з Канстанцінопаля Янам Маджарскім. Пазней гэтыя каткі рабіліся мясцовымі майстрамі ў Слуцку[8].

Матэрыял для ткацтва — шоўк, залотную нітку і іншае — прывозілі з-за мяжы праз Гданьск[8].

Майстры[правіць | правіць зыходнік]

Напачатку тут працавалі турэцкія майстры, потым падрыхтаваны беларускія майстры ручнога шаўкаткацтва М. Баранавіч, І. Барсук, Я. Гадоўскі, Капчыла, Дойка, Т. Хаецкі і інш.

Трэба адзначыць, што на Слуцкай мануфактуры ад першых да апошніх гадоў яе работы працавалі толькі мясцовыя майстры — галоўным чынам мяшчане і шляхціцы са Слуцка і ваколіц, з Нясвіжа, Урэчча, Свержня. Аднак у некаторых дакументах згадваюцца асобы з больш далёкіх рэгіёнаў Вялікага Княства Літоўскага[7].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Лазука 2015, с. 18.
  2. D-r Longin Zarnowiecki. Historya tkanin jedwabnych, Kijow, 1915, стар. 114
  3. И. Зеленский  (руск.). О мануфактурах Минской губернии. Описание Минской губернии. 1864
  4. Лазука 2015, с. 25.
  5. а б в г Якуніна 1960, с. 32.
  6. Якуніна 1960, с. 30.
  7. а б Лазука 2015, с. 20.
  8. а б Якуніна 1960, с. 32-33.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лазука, Барыс Андрэевіч. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII стагоддзя. Малы лексікон / Б. А. Лазука; [фота: Б. А. Лазука, М. П. Мельнікаў]. — Мінск: Беларусь, 2015. — 170, [2] с. : каляр. іл., партр. ; 30 см. Фактычная дата выхаду ў свет ― 2014. ― Бібліяграфія: с. 170―171.
  • Якуніна, Лідзія Іванаўна. Слуцкія паясы = Слуцкие пояса. Малы лексікон / Л. І. Якуніна ; [рэдактары: А. І. Залескі, К. П. Кабашнікаў ; Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР]. — Мінск: Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1960. — 237, [2] с. : іл., каляр. іл.. — 3 000 экз.
  • Трызна Дз. С. Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, Слуцкая персіярня // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 30. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Карпачоў Я. М. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АН БССР. Сер. грамад, навук. 1982. № 3.