Слуцкі Псалтыр
| |
Слуцкі Псалтыр. XI стагоддзе | |
згублены |
Слу́цкі псалты́р — помнік стараславянскага пісьменства XI стагоддзя, знойдзены ў Слуцку ці яго наваколлях Д. М. Струкавым. Цяпер гэты псалтыр згублены.
Знаходка і страта
[правіць | правіць зыходнік]У 1867 годзе на Случчыне быў знойдзены ўнікальны помнік старажытнарускага пісьма XI стагоддзя — «Слуцкі Псалтыр». Гэтую рэдкую рукапісную кнігу выявіў вандруючы па паўночна-заходніх губернях Расійскай імперыі рускі мастак і археолаг Д.М. Струкаў. У 1864 годзе мастак быў запрошаны для ўдзелу ў мастацкай экспедыцыі па Паўночна-Заходнім краі, галоўнай задачай якой было адшуканне старажытнарускіх помнікаў. У ходзе экспедыцыі Струкаў замаляваў акварэллю цэлы рад захаваных помнікаў культуры і архітэктуры, знешні выгляд многіх з якіх цяпер вядомы толькі па яго малюнках. Падарожнічаючы па Мінскай губерні, мастак і выявіў згаданы старажытны Псалтыр.
Пяць лістоў рукапісу Струкаў перадаў акадэміку І. І. Сразнеўскаму, вядомаму знаўцу старажытнаславянскага пісьма. У 1868 годзе акадэмік выдаў стараславянскі тэкст новаадкрытага помніка ў сваёй працы «старажытнаславянскія помнікі юсавага пісьма».
Пасля таго як акадэмік І. І. Сразнеўскі даследаваў новаадкрыты рукапіс, лісты старажытнага Псалтыра Струкаў вярнуў у месца іх ранейшага захоўвання. На жаль, пры выданні звестак аб гэтым рэдкім помніку акадэмік не ўказаў яго месцазнаходжанне, і толькі назва рукапісу — «Слуцкі Псалтыр» — сведчыла аб яго паходжанні. Магчыма, Псалтыр захоўваўся ў нейкім слуцкім храме.
Неўзабаве аддзяленне рускай мовы і славеснасці імператарскай Акадэміі навук звярнулася да Менскага архіепіскапа Міхаіла (Галубовіча) з просьбай аказаць садзейнічанне ў адшуканні гэтага каштоўнага рукапісу. Уладыка даручыў гэтую справу памочніку наглядчыка Слуцкага духоўнага вучылішча А. Хвалебнаву і выкладчыку Мінскай духоўнай семінарыі А. Тавараву, але пошукі выніку не прынеслі.
У 1905 годзе ўжо іншы Мінскі архірэй Міхаіл (Цемнарусаў) паспрабаваў адшукаць старажытны рукапісны Псалтыр, звярнуўшыся праз «Мінскія епархіяльныя ведамасці» да духавенства епархіі, але таксама безвынікова. Рускі філолаг-славіст С. П. Кульбакін у 1917 годзе пісаў пра «Слуцкі Псалтыр», што ён «ў цяперашні час невядома дзе знаходзіцца».
Невядома пра яго месцазнаходжанне і па гэты дзень. Такім чынам, усё, што сёння мы ведаем аб гэтым помніку стараславянскага пісьменства, ўзята толькі з публікацыі акадэміка І. І. Сразнеўскага.
Нельга выключаць, што такое загадкавае знікненне Слуцкага псалтыра можа тлумачыцца тым, што ён трапіў у поле зроку калекцыянераў і быў тайна набыты і вывезены з Беларусі.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Знойдзены Псалтыр уяўляў сабой рукапіс, пісаны на пергаменце ў чацвёрку па 28 радкоў на старонцы некалькі скошаным уставам, то доўгімі, то кароткімі радкамі. У ім не было тлумачэнняў, але тэкст псалмоў быў напісаны з такімі інтэрваламі, што заставалася месца для іх прыпіскі. Падобных помнікаў XI стагоддзя ў Расійскай імперыі было ўсяго толькі тры: Псалтыр Чудаўскага манастыра, Псалтыр імператарскай Публічнай бібліятэкі і так званы Яўгеніеўскі Псалтыр (14 лістоў).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- И. И. Срезневский. Древние славянские памятники юсового письма с описанием их и с замечаниями об особенностях их правописания и языка. Архівавана 5 сакавіка 2016. СПб.: Им. АН, 1868. С. 21—24 (агульныя каментарыі), 155—165 (тэкст псалма 118-га).
- Имре Тот. Русская редакция древнеболгарского языка в конце XI — начале XII вв. София: Издательство Болгарской академии наук, 1985.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Антоній, епіскап Слуцкі і Салігорскі. Зніклы Псалтыр Архівавана 16 лютага 2020. // сайт Слуцкай епархіі. (руск.)