Рэймскае Евангелле
| ||
Рэймскае Евангелле. XI ст. | ||
Матэрыял | Пергамент | |
---|---|---|
Тэхніка | рукапіс | |
Памеры | 23 × 17,5 см | |
Францыя, Рэймс | ||
(інв. Manuscrit 255) | ||
![]() |
Рэ́ймскае Ева́нгелле — рукапіснае Евангелле стараславянскага паходжання. Першая частка рукапісу змяшчае чытанні святочных Евангелляў паводле абраду праваслаўнае царквы і напісана кірыліцай; другая змяшчае Евангеллі, апостальскія лісты, парэміі на святы паводле рыма-каталіцкага календара і напісана ў 1395 годзе харвацкай (вуглаватай) глаголіцай.
Назва рукапісу паходзіць ад месца ягонага цяперашняга захавання ў рэймскай гарадской бібліятэцы. Даўней на Евангеллі, якое знаходзілася ў Рэймскім саборы, пры каранаванні прысягалі французскія каралі.
Мінуўшчына
[правіць | правіць зыходнік]Час і месца стварэння старэйшай, кірылічнай часткі дакладна невядомыя. Распаўсюджаная з XIX стагоддзя легенда звязвае Рэймскае Евангелле з асобаю Ганны Яраслаўны, дачкі Яраслава Мудрага. Евангелле нібыта было захоўвалася ў князевай бібліятэцы і трапіла ў Францыю ў пасагу Ганны, якая каля 1048 выйшла замуж за французскага караля Генрыха I[1].
У XIV стагоддзі імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Карл IV, прыдбаўшы рукапіс «недзе ў Вугрыі» (Венгрыі), ахвяраваў яго ў Эмаўскі кляштар, заснаваны ў 1347 годзе. Поўны кодэкс, імаверна, быў вывезены з Прагі[заўв 1] падчас Гусіцкіх войнаў.
Праз пэўны час[2] ён з’явіўся ў Канстанцінопалі, дзе яго набыў кардынал Карл Латарынгскі . З 1574 рукапіс захоўваўся ў Рэймскай кафедры; на ім прысягалі пры каранацыі французскія каралі[3].
У час Вялікай Французскай рэвалюцыі рукапіс знік, пакуль у 1830-я не быў выяўлены ў Рэймскай бібліятэцы. Каштоўныя камяні, якімі быў аздоблены пераплёт, былі раскрадзеныя[3].
Цяпер Евангелле захоўваецца ў рэймскай гарадской бібліятэцы.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Фармат Евангелля (23 × 17,5 см) амаль адпавядае памерам Тураўскага Евангелля[1].
Рэймскае Евангелле складаецца з 47 двухбаковых аркушаў:
- кірылічных евангельскіх чытанняў[3][4] (16 аркушаў; 19 пачатковых аркушаў адсутнічаюць)
- харвацка-глагалічнае часткі (31 аркуш)[3][4]
Рукапіс мае багата ілюстрацый і прыгожыя арнаментальныя буквіцы ў глагалічнай частцы. Кніга першапачаткова была багата аздоблена золатам, каштоўнымі камянямі і рэліквіямі, сярод якіх была і частка Жыватворнага Крыжа[4]. Каштоўныя рэліквіі былі выдаленыя з вокладкі, імаверна, ў часы Вялікай Французскай рэвалюцыі.
Пэўныя дэталі літараў і стылістыкі ўдаюць падабенства з Тураўскім Евангеллем[5] і Чудаўскім псалтыром[1].
Змест
[правіць | правіць зыходнік]Кірылічная частка змяшчае чытанні з 27 кастрычніка да 1 сакавіка ў адпаведнасці з праваслаўным канонам (у евангеллях-апракасах гэтыя чытанні размяшчаюцца ў канцы, пасля тыднёвых).
Глагалічная частка ўтрымлівае евангельскія і апосталавыя чытанні і парэміі ў Рымска-Каталіцкай традыцыі з Вербнай нядзелі да Дабравешчання (25 сакавіка)[4]; спісаная з харвацкага арыгінала 1395 года чарняцом Эмаўскага кляштара для каталіцка-славянскага богаслужэння.
Даследаванне
[правіць | правіць зыходнік]Першае факсімільнае выданне Евангелля выйшла пасля яго знаходкі ў Рэймскай бібліятэцы. Яго дэталёва аналізаваў польскі палеограф Корвін Ян Ястржэмбскі. Устазад Сільвестр дэ Сасі зрабіў літаграфічную копію рукапісу, якую перадаў рускаму цару Мікалаю I[3]. Пасля гэтага Мікалай аплаціў стварэнне яшчэ аднае копіі метадам глыбокага друку (1843) і дазволіў славацкаму лінгвісту Ернею Копітару яе даследаваць. Копітар выказаў меркаванне, што ўвесь рукапіс створаны ў XIV стагоддзі[3].
У 1846 чэшскі філолаг Вацлаў Ганка выпусціў агульнадаступнае выданне Рэймскага Евангелля, за што быў узнагароджаны ордэнам святой Ганны ад рускага цара і брыльянтавым пярсцёнкам ад аўстрыйскага імператара Фердынанда I[3].
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Эмаўскі кляштар быў спалены ў 1421.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Пуцко, Васіль. Ілюмінацыя Тураўскага Евангелля . Тураўская епархія БПЦ (19 ліпеня 2013).(недаступная спасылка)
- ↑ Auguste Vallet De Viriville: Bibliothèque de l'école des chartes, Volume 15, 1854, pp.192-194
- ↑ а б в г д е ё František Bílý: Od kolébky našeho obrození, Prague 1904, pp. 7-12
- ↑ а б в г Jacques-Paul Migne: Dictionnaire d'épigraphie Chrétienne, Paris 1852
- ↑ Сяргей Харэўскі Тысяча гадоў беларускай Кнізе.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Реймсское евангелие // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Л. П. Жуковская. Реймское евангелие: история его изучения и текст. — Институт Русского Языка АН СССР, 1978. — 64 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]![]() |
Рэймскае Евангелле на Вікісховішчы |
---|
- Электронная версія Архівавана 6 чэрвеня 2013. на сайце Рэймскай гарадской бібліятэкі