Солы (Смаргонскі раён)
Аграгарадок
Солы
| ||||||||||||||||||||||||||
Солы на Вікісховішчы
|
Со́лы[2] (трансліт.: Soly) — аграгарадок у Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Ашмянка. Цэнтр Сольскага сельсавета. Насельніцтва 1475 чал. (2004). Знаходзяцца за 15 км на захад ад Смаргоні, за 252 км ад Гродна. Чыгуначная станцыя на лініі Маладзечна — Вільнюс.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню Солы згадваюцца ў XVI стагоддзі як сяло Віленскага ваяводства. Мястэчка знаходзілася ў шляхецкай уласнасці.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Солы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1849 годзе ў мястэчку пабудавалі касцёл, з 1870 года працавала народнае вучылішча. Станам на 1886 год у Солах існавалі валасная ўправа, касцёл, сінагога, 5 крамаў, карчма, вінакурны завод (за 4 км ад мястэчка), на 1890 год — пошта, тэлеграф, станцыя Лібава-Роменскай чыгункі (адкрылася ў 1873 годзе). У пачатку XX стагоддзя ў мястэчку працаваў лекарскі ўчастак.
У канцы 1917 года ў Солах адбылася падзея, якая прапісала паселішча ў гісторыі: 4 снежня прадстаўнікі 2-й, 3-й і 10-й армій на чале з шараговым Салігаліцкага палка 81-й пяхотнай дывізіі бальшавіком Шчукіным падпісалі перамір’е з немцамі. Баявыя дзеянні на працягу ўсяго фронту ад Відзаў да Прыпяці спыняліся з 5 снежня на два месяцы. Праз 10 дзён — 15 снежня — перамір’е падпісалі ўжо ў Брэсце, надаўшы дагавору шырэйшы статус.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Солы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Цягам 1926—1934 гадоў у мястэчку вялася будова касцёла Маці Божай Ружанцовай. Ахвяраванні на яе склалі паўмільёна злотых, велізарную для таго часу суму.
У 1939 годзе Солы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года сталі цэнтрам сельсавета Смаргонскага раёна. Статус паселішча змянілі да вёскі. На 2000 год тут быў 1271 двор.
-
Даўні касцёл
-
Касцёл
-
Рынак
-
Станцыя
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе: 1882 год — 421 чал.[3]; 1886 год — 560 чал.
- XX стагоддзе: 1901 год — каля 880 чал. у мястэчку Солы і 70 чал. на станцыі Солы; 2000 год — 2899 чал.[4]
- XXI стагоддзе: 2001 год — 1525 чал., 594 двары[5]; 2004 год — 1475 чал.[6]
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Капліца могілкавая
- Касцёл Маці Божай Ружанцовай (1926—1934)
- Могілкі яўрэйскія
- Сядзіба (XVIII—XIX стст.)
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Касцёл Маці Божай Ружанцовай (XIX ст.)
- Сінагога (XIX ст.)
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Іехуда Алмог
- Галіна Баляславаўна Лазоўская (нар. 1960) — беларускі палітык.
- Уладзімір Аляксандравіч Бізюк (нар. 1955) — беларускі педагог, Ганаровы грамадзянін горада Ашмяны (2019).
У вёсцы памёр і пахаваны Эдуард Сташкевіч (1928—1974) — сябра мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ SgKP 1890.
- ↑ ЭГБ 2001.
- ↑ БелЭн 2002.
- ↑ Памяць. Смаргонскі раён 2004.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дулеба Г. І. Солы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 80. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Смаргонскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004. — 640 с. — ISBN 985-11-0296-2.
- Дулеба Г. І. Солы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 387. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Soły // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola (польск.). — Warszawa, 1890. — S. 70.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Солы (Смаргонскі раён)
- Солы на сайце Radzima.org
- Солы на сайце Глобус Беларусі (руск.)