Старажытныя македонцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Македонцы
(Μακεδόνες)
Выява на магільні Аляксандра Македонскага: Македонскі коннік
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Балканскі паўвостраў
Мова старажытнамакедонская, старажытнагрэчаская
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы грэкі або фракійцы

Македонцы (грэч. Μακεδόνες) — старажытны народ, карэнныя насельнікі поўначы Балканскага паўвострава, стваральнікі старажытнамакедонскай дзяржавы.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне старажытных македонцаў з'яўляецца дыскусійным пытаннем, прычым навуковыя дыскусіі ўскладняюцца палітычнымі спрэчкамі паміж Грэцыяй і Рэспублікай Македоніяй, паколькі Грэцыя лічыць назву Македоніі грэчаскай і не пагаджаецца прызнаваць яе за Рэспублікай Македоніяй.

Тэрыторыя Македоніі здаўна з'яўлялася кантактнай зонай розных народаў, у тым ліку фракійцаў і ілірыйцаў. У сярэдзіне VII ст. тут ўзнікла Македонская дзяржава, якая паступова пашыралася. Дзякуючы блізкасці да Грэцыі македонцы былі рана ўцягнуты ў агульнагрэчаскія палітычныя справы, таксама адбывалася хуткая элінізацыя мясцовага насельніцтва.

Частка навукоўцаў лічаць старажытных македонцаў элінізаванымі фракійцамі або ілірыйцамі. Звычайна спасылаюцца на шматлікія грэчаскія крыніцы, якія адрозніваюць Македонію ад Грэцыі, а македонцаў ад грэкаў. Асабліва выразна гэта праяўляецца ў прамовах Дэмасфена. Вядома, што македонскія ўладары выводзілі свой род з Аргаса і лічылі сябе грэкамі па паходжанню, але ім прыходзілася даказваць гэта. Герадот апавядаў гісторыю македонскага ўладара Аляксандра, саюзніка грэкаў у вайне с персамі. У маладыя гады ён пажадаў удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях, але прысутныя эліны запярэчылі супраць гэтага. "Гэтыя гульні, казалі яны, для элінаў, а не для варвараў. Аляксандр здолеў давесці, што ён аргасец, і суддзі прызналі яго элінскае паходжанне"[1]. Магчыма, што заява Аляксандра Македонскага аб яго нараджэнні ад Зеўса была накіравана на спыненне спрэчак сярод грэкаў аб блізкасці да іх македонцаў.

Аднак у старажытнагрэчаскіх крыніцах няма аднадушнасці. Герадот узгадваў старажытнае племя македны, што былі продкамі грэкаў-дарыйцаў[2]. Фукідыд, які сам меў фракійскае паходжанне, вылучаў Македонію са складу Грэцыі, але не лічыў македонцаў фракійцамі. Згодна яго разважанням, македонцы былі грэкамі. У ранейшыя часы яны ўварваліся на поўнач і заваявалі частку фракійскіх зямель разам з мясцовымі жыхарамі. Некаторыя з фракійцаў у яго час працягвалі існаваць у межах Македонскай дзяржавы і нават мелі сваё кіраванне[3].

Думка пра грэчаскае паходжанне македонцаў часткова падцвярджаецца археалогіяй і мовазнаўствам. Вядома, што ўжо пры жыцці Аляксандра Македонскага македонцы шырока карысталіся грэчаскай мовай. Раней меркавалася, што гэта было адным з наступстваў элінізацыі. Некаторыя антычныя аўтары ўзгадвалі асабістую македонскую мову. Знойдзеныя нешматлікія надпісы на ёй паказваюць, што гэта быў адзін з паўночных дыялектаў грэчаскай мовы, дастаткова адрозны ад літаратурнага, каб лічыць яго проста вынікам запазычвання грэчаскай культуры.

Выбітныя старажытныя македонцы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Герадот, V:22
  2. Герадот, I:56
  3. Фукідыд, II:99

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]