Сцяпан Андрэевіч Умрэйка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Сцяпан Андрэевіч Умрэйка
Дата нараджэння 19 снежня 1908(1908-12-19)
Месца нараджэння
Дата смерці 19 чэрвеня 1978(1978-06-19) (69 гадоў)
Род дзейнасці педагогіка
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат педагагічных навук
Навуковае званне
Альма-матар
Член у
Узнагароды

Сцяпан Андрэевіч Умрэйка (19 снежня 1908, в. Пясочнае, Капыльскі раён, Мінская вобласць — 19 чэрвеня 1978) — беларускі вучоны ў галіне педагогікі. Член-карэспандэнт АПН СССР, Заслужаны настаўнік БССР.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ён у в. Пясочнае (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці) ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сямігадовай школы паступіў у Менскі педагагічны тэхнікум. З 1928 г. працаваў настаўнікам у в. Пясочнае. Дзякуючы намаганням Умрэйкі і яго калег вёска стала адным з першых культурных цэнтраў раёна. Тут пабудавалі новае памяшканне школы-сямігодкі, адкрылі клуб, хату-чытальню. Школа доўгія гады была ў ліку лепшых школ раёна. У 1930 г. Сцяпан Умрэйка пераехаў у Менск, працаваў у райкаме камсамола, рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», быў настаўнікам, завучам, дырэктарам сярэдняй школы. У 1939 г. назначаны начальнікам упраўлення сярэдніх школ Народнага камісарыята асветы БССР. У 1941 г. завочна закончыў гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага.

У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на фронце. Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. Сцяпан Умрэйка прымаў актыўны ўдзел у аднаўленні народнай гаспадаркі і ўстаноў адукацыі. Быў назначаны першым намеснікам наркама Народнага камісарыята асветы БССР. Ён разгарнуў актыўную дзейнасць па будаўніцтве і арганізацыі школ, забеспячэнні іх вучэбнымі дапаможнікамі і метадычнымі распрацоўкамі, падрыхтоўцы і падборы педагагічных кадраў. З 1948 па 1952 г. С. А. Умрэйка ўзначальваў Навукова-даследчы інстытут педагогікі Міністэрства асветы БССР.

У 1952 г. абараніў дысертацыю на тэму «Очерки по истории советской общеобразовательной школы в БССР (1920—1941 гг.)» на атрыманне вучонай ступені кандыдата педагагічных навук. У гэтым жа годзе прызначаны намеснікам міністра асветы БССР, на гэтай пасадзе працаваў да 1964 г. Работу ў міністэрстве сумяшчаў з педагагічнай дзейнасцю ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага і Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. І. Леніна. З 1964 па 1972 г. С. А. Умрэйка загадваў кафедрай педагогікі і псіхалогіі БДУ, у 1972 г. стаў прафесарам. Адначасова з 1967 па 1974 г. працаваў прарэктарам па вучэбнай рабоце БДУ. У 1968 г. стаў членам-карэспандэнтам Акадэміі педагагічных навук СССР. У апошнія гады сваёй дзейнасці з’яўляўся прафесарам-кансультантам кафедры педагогікі БДУ.

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Навуковыя працы С. А. Умрэйкі прысвечаны станаўленню і развіццю агульнаадукацыйнай школы, гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Ім напісана больш за 300 навуковых работ. Сярод іх — «Состояние народного образования в БССР и осуществление закона о перестройке школы» (1961), «Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі» (у суаўтарстве, 1968), «Патриотизм учителей и школьников Белоруссии в борьбе против немецко-фашистских оккупантов» (у суаўтарстве, 1980) і інш. С. А. Умрэйка падрыхтаваў 4 доктара і 22 кандыдата педагагічных навук. З’яўляўся членам рэдкалегіі Беларускай савецкай энцыклапедыі, членам прэзідыума Рэспубліканскага таварыства «Веды», членам вучэбна-метадычнага савета Міністэрства асветы БССР, намеснікам старшыні Рэспубліканскага савета па каардынацыі навукова-даследчых работ па педагагічных навуках, членам экспертнай камісіі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі СССР, старшынёй Савета БДУ па абароне дысертацый і прысуджэнні вучоных ступеней па філасофскіх і гістарычных навуках.

Вучоны выступаў з лекцыямі перад настаўніцкай аўдыторыяй у многіх гарадах Беларусі. Выбіраўся дэлегатам Усесаюзнага з’езда настаўнікаў. Неаднаразова С. А. Умрэйка прадстаўляў нашу краіну на міжнародных канферэнцыях па праблемах адукацыі.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

У 1971 г. стаў заслужаным настаўнікам БССР. Імя С. А. Умрэйкі прысвоена Песачанскай сярэдняй школе. Ён узнагароджаны баявымі і працоўнымі ордэнамі і медалямі СССР, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]