Развіццё БССР у пасляваенны перыяд (1945—1991)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР) да 1991 саюзная рэспубліка СССР.

Размініраванне і ачышчэнне ад зброі тэрыторыі рэспублікі. Дэмабілізацыя арміі[правіць | правіць зыходнік]

Рашэннем Дзяржаўнага камітэта абароны (ДКА) ад 19 лютага 1944 правядзенне работ па размініраванні і ачыстцы тэрыторыі ад зброі і боепрыпасаў ускладвалася на органы Асавіяхіма. 9 сакавіка 1944 СНК БССР і ЦК КП(б)Б прынялі пастанову «Аб прыцягненні арганізацый Асавіяхіма да работ па размініраванні і збору трафейнай і айчыннай маёмасці ў раёнах, вызваленых ад нямецкай акупацыі»[1]. Цэнтральнаму савету Асавіяхіма БССР даручалася сфарміравацьу кожным раёне каманду ў складзе ад 50 да 100 чал., правесці абучэнне байцоў-размінёраў. Да пачатку правядзення работ былі створаны 32 раённыя каманды, у склад якіх уваходзілі 1516 байцоў і 106 інструктараў з ліку быўшых партызанскіх падрыўнікоў, камандзіраванных з арміі афіцэраў-мінёраў. Усе члены каманд прайшлі спецыяльную падрыхтоўку па 70-гадзіннай праграме.

Першы этап размініравання пачаўся ў красавіку 1944. Да канца чэрвеня 1944 работы па размініраванні ў Гомельскай вобласці ў асноўным былі завершаны ў 12 раёнах, Магілёўскай — 6, Палескай — у 5. Да гэтага часу каманды праверылі і здалі больш за 25 тыс. км2 тэрыторыі. На абследаванай плошчы было знішчана больш за 220 тыс. мін, не улічваючы іншых відаў боепрыпасаў[2]. Справа размініравання ўскладнялася вялікай геаграфіяй паходжання выбуховых прадметаў. Сярод іх значыліся нямецкія, бельгійскія, французскія, італьянскія, англійскія і савецкія, якія мелі свае «сакрэты». У 1944 загінулі 70 чал., 70% з іх складала моладзь ва ўзросце 17—18 гадоў, 89 байцоў атрымалі раненні. У двлейшым страты змяншаліся, тым не менш за 1944—1946 пры размініраванні загінулі 157 чал., 136 атрымалі раненні.[3]

3 кастрычніка 1944 СНК БССР і ЦК КП(б)Б з мэтай актывізацыі работы прынялі пастанову «Аб дадатковых мерапрыемствах па прыцягненні арганізацый Асавіяхіма да работ па размініраванні і збору трафейнага і айчыннага ўзбраення, боепрыпасаў і маёмасці ў раёнах, вызваленых ад нямецкай акупацыі»[4]. Была пастаўлена задача да 20 лістапада 1944 завяршыць работу па размініраванні і збору трафеяў на пахатных палях, лугах і пашах, а асноўную ачыстку тэрыторыі завяршыць да 1 ліпеня 1945. У 1944 байцы прайшлі больш за 58 тыс. км2 тэрыторыі. сабралі і знішчылі 2 млн 151 тыс. выбуховых адзінак, у т.л. больш за 520 тыс. супрацьтанкавых і 489 тыс. супрацьпяхотных мін[5].

Да канца 1945 размініраванне тэрыторыі БССР у асноўным было завершана. Выканаўчыя камітэты абласных Саветаў зацвердзілі акты прыёму ачышчаных зямель. За 1944—1946 асавіяхімаўскія каманды, воінскія сапёры правялі разведку і ачысцілі ад мін і боепрыпасаў каля 109 тыс. км2 тэрыторыі рэспублікі, 18 879 населенных пунктаў, 22 948 мінных палёў, сабралі 9 млн. 500 тыс. узрыўных адзінак. Работу праводзілі 1 тыс. інструктараў і14 280 байцоў-размінёраў[6]. 21 снежня 1946 Савет Міністраў БССР зацвердзіў акт камісіі па праверцы аб'ёму і якасці работ па размініраванні і ачыстцы ад выбуховых сродкаў тэрыторыі рэспублікі. Адзначалася, што да таго часу на абарончым рубяжы заставаліся 110 неразмініраваных палёў з агульнай плошчай 8,6 км2. Паўторна праверкі патрабавалі значныя плошчы ў Дубровенскім, Лёзненскім, Суражскім, Віцебскім, Сіроцінскім, іншых раёнах. Урад БССР прыняў рашэнне захаваць ва ўсіх раёнах рэспублікі падраздзяленні мінёраў у колькасці 5—10 чал, якія працягвалі работу па ачыстцы тэрыторый. Яна завяршылася толькі ў 1953. Было размініравана больш за 800 тыс. га плошчы, на якіх былі адшуканы і абяскоджаны 13 млнрозных відаў зброі, каля 10 млн мін. «Не апрацаванымі» заставаліся некаторыя тэрыторыі, заросшыя хмызняком, маладым лесам, якія прыносілі нямала трагічных выпадкаў. У 1953 выбухі ўнеслі жыццё 80 чалавек, 1954 — 79, 1955 — 50, у 1956 — 61 чал.[7]

За самаадданую працу, праяўленую мужнасць 76 удзельнікаў размініравання былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, 88 — знакам «Выдатны мінёр», 76 — граматамі Цэнтральнага саветаАсавіяхіма БССР[8].

Адной з важнейшых задач кіраўніцтва БССР і СССР з'яўляліся пытанні дэмабілізацыі ваенных. Сесія Вярхоўнага Савета СССР 23 чэрвеня 1945 прыняла Закон аб дэмабілізацыі ў другой палове 1945 ваеннаслужачых 13 старэйшых узростаў асабовага складу Чырвонай Арміі. Паўсюдна праходзілі мітынгі і сходы, дзе выказвалася падзяка ўдзельнікам вайны. На чыгуначныых вузлах ствараліся неабходныя ўмовы для адпраўкі кожнага прыбыўшага да месца назначэння. На ст. Магілёў франтавікам, якія ад'язджалі далей, было абсталявана памяшканне для адпачынку, працавала сталовая, лазня, агітпункт, стол даведак, кіёск па продажу газет і часопісаў[9].

Рэпатрыяцыя[правіць | правіць зыходнік]

Барацьба з антысавецкім падполлем[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заканчэння вайны на тэрыторыі Беларусі яшчэ некалькі гадоў дзейнічалі антысавецкія партызанскія групы.[10][11] З некаторымі з іх спрабавалі ўсталяваць сувязь заходнія спецслужбы. Атрады НКУС ладзілі карныя аперацыі супраць антысавецкага падполля.

Аднаўленне органаў дзяржаўнай улады (1944-1953)[правіць | правіць зыходнік]

У перыяд нямецкай акупацыі Беларусі, савецкія вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіравання былі змушаны эвакуіравацца ў РСФСР. а мясцовыя спыніць працу. У эвакуацыі працягвалі сваю дзейнасць толькі Прэзідыум Вярхоўнага Савета і Савет Народных Камісараў БССР. Гэтая дзейнасць, натуральна, мела абмежаваны характар.

У чэрвені 1942 мінуў тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета БССР I-га склікання, але, улічваючы немагчымасць правядзення ва ўмовах ваеннага часу новых выбараў, Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР адтэрмінаваў іх і падоўжыў яго паўнамоцтва[12].

У сакавіку 1946 г. СНК БССР ператварыўся ў Савет Міністраў.

Ажраджэнне эканомікі (1944-1950 гг.)[правіць | правіць зыходнік]

Амаль адразу пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. пачалося аднаўленне эканомікі БССР. У вызваленую Беларусь з іншых рэспублік СССР былі накіраваны тысячы трактараў і аўтамашын, дзесяткі тысяч галоў жывёлы. За 1 год і 9 месяцаў пасля вызвалення саюзныя рэспублікі прыслалі Беларускай ССР на 8,2 млн. руб. розных тавараматэрыяльных каштоўнасцей[13]. Першачарговыя задачы і шляхі аднаўлення гаспадаркі былі вызначаны ў пастанове ЦК УКП(б) і СНК СССР ад 21 жніўня 1943 г. «Аб неадкладных мерах па аднаўленню гаспадаркі ў раёнах, вызваленых ад нямецкай акупацыі»[14].

Аднаўленне прамысловасці і транспарту[правіць | правіць зыходнік]

На пачатку 1946 г., калі ўжо некаторая частка прадпрыемства была часткова ці цалкам адноўлена, аб'ём прамысловай вытворчасці, па даных Дзяржплана БССР, складаў толькі 20,4% ад узроўню 1940 г. Трэба адзначыць, што шмат якія даныя афіцыйнай савецкай статыстыкі тэндэнцыйныя і сумніўныя, аднак навукоўцы звяртаюцца да яе, паколькі дакладныя звесткі аб развіцці эканомікі ў пасляваенны перыяд або адсутнічаюць, або іх надзвычай мала. У выніку вайны было страчана больш за палову нацыянальнага багацця рэспублікі (па СССР — каля 30% нацыянальнага набытку)[15].

У сакавіку 1946 быў прыняты чацвёрты ўсесаюзны пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі, у якім у якасці асноўнай задачы абвяшчалася «забяспечыць першачарговае аднаўленне і развіццё цяжкай прамысловасці і чыгуначнага транспарту...». Планавалася да канца 1950 не толькі дасягнуць даваеннага ўзроўню вытворчасці, але і значна перавысіць яго. Пры гэтым меркавалася ўжо «ў бліжэйшы час» дагнаць і пераўзысці «дасягненні навукі за межамі СССР»[16]. У верасні таго ж года 8-й сесіяй Вярхоўнага Савета БССР быў зацверджаны чацвёрты план аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі БССР, які з'яўляўся састаўной часткай агульнасаюзнага плана. Найбольш высокімі тэмпамі павінна было адбывацца аднаўленне і развіццё машынабудавання. Прадугледжвалася аднаўленне і ўвядзенне ў дзеянне Гомельскага завола сельскагаспадарчага машынабудавання, станкабудаўнічых заводаў агульнай вытворчасцю 4500 станкоў у год, завяршэнне будаўніцтва аўтамабільнага, трактарнага, веласіпеднага і інш. заводаў[17]. Дзякуючы гераічным намаганням рабочых і калгаснікаў, да канца 1950 г. аб'ём валавай прадукцыі на 15% пераўзышоў адпаведны паказчык 1940 г. За гэты час былі пабудаваны новыя прадпрыемствы: аўтамабільны, трактарны, гіпсавы заводы, камвольны камбінат у Мінску, завод дарожных машын у Жодзіне, дываноў – у Віцебску і г. д.

У 1947 г. адмянялася картачная сістэма размеркавання прадуктаў.

Але спадзяванні народа на лібералізацыю жорсткага сталінскага рэжыму не спраўдзіліся. Сталін пайшоў на некаторае змягчэнне свайго курсу падчас вайны толькі дзеля больш паспяховай мабілізацыі народных мас на барацьбу з ворагам. Пачаліся новыя масавыя арышты, расстрэлы, высылкі ў савецкія канцэнтрацыйныя лагеры. Любы чалавек, які трапіў на акупіраваную тэрыторыю ў ваенны час, быў пад сумненнем. Ужо ў 1947 г. па сцэнарыі 30-х гадоў былі праведзены новыя сфабрыкаваныя працэсы супраць "нацыяналістычных" беларускіх арганізацый. Перамога ў вайне выкарыстоўвалася як важны патрыятычны козыр для ўмацавання аўтарытэту партыі і яе правадыра – Сталіна.

Адраджэнне вёскі тармазілася апорай на калгасы і саўгасы, у фонд якіх прымусова вярталі зямлю, перададзеную сялянам падчас вайны. Аграрная палітыка ў Заходняй Беларусі была накіравана на скасаванне прыватнай гаспадаркі як асноўнай формы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. За два гады (1949 – 1950) чатыры пятых сялянскіх двароў былі аб'яднаны ў калгасы. Вёска, як і раней, разглядалася ў якасці донара індустрыялізацыі. У выніку па ўсіх важных паказчыках у сельскагаспадарчай вытворчасці ў 1950 г. узровень 1940 г. не быў дасягнуты.

У 1944 г. БССР атрымала права знешніх зносін. У 1945 г. яна стала адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ААН), а пасля і іншых уплывовых арганізацый. Аднак міжнародная дзейнасць БССР была вельмі абмежавана. Тым не менш гэта паспрыяла росту аўтарытэту рэспублікі.

Хрушчоўская адліга[правіць | правіць зыходнік]

Смерць Сталіна (1953) мела пераломнае значэнне для ўсіх сфер жыцця савецкага грамадства. На ХХ з'ездзе КПСС у 1956 г. быў асуджаны культ асобы. Адбылася некаторая дэмакратызацыя грамадскага жыцця, былі рэабілітаваны многія ахвяры рэпрэсій. У 1961 г. новая праграма партыі мела намер пабудаваць камунізм у СССР да 1980 г., на працягу жыцця аднаго пакалення. З гэтага моманту партыйнае кіраўніцтва афіцыйна атрымала права адміністрацыйнага кантролю.

Ужо ў 1953 г. былі прыняты першыя рашэнні, якія садзейнічалі развіццю вёскі. Паляпшалася матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне калгасаў і саўгасаў, былі павялічаны закупачныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю, памяншаліся падаткі з сялян. У 1958 г. тэхніка машынна-трактарных станцый (МТС) была прададзена калгасам, каб павялічыць ступень іх самастойнасці. Але кардынальнаму паляпшэнню дзейнасці сельскай гаспадаркі перашкаджаў шэраг аб'ектыўных абставін:

  • калектыўная гаспадарка не стварала дзейсных стымулаў для працы сялян з поўнай самааддачай;
  • было прынята памылковае стратэгічнае рашэнне аб павелічэнні пасяўной плошчы за кошт апрацоўкі цаліны. Мэтазгодна было б укласці выкарыстаныя на гэта грошы ў наяўны сельскагаспадарчы фонд для павелічэння прадукцыйнасці.
  • адсутнічала паслядоўнасць у правядзенні сельскагаспадарчых рэформ. Характэрнай была "кампанейшчына" – правядзенне мерапрыемстваў па змяненні кіравання сельскай гаспадаркай, па масавых пасевах кукурузы і іншых паўднёвых раслін у не прыдатных для яе раёнах.

Планы па развіцці сельскай гаспадаркі перыядычна не выконваліся. Так, калі за сямігодку (1959 – 1965) аб'ём прамысловай прадукцыі ўзрос у 2,1 раза, то валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі – толькі на 38%.

Нягледзячы на хуткія тэмпы росту і развіцця новых важных галін прамысловасці (хімічнай, нафтаперапрацоўчай і г. д.), электрыфікацыю і газіфікацыю, прамысловасць апынулася ў няпростай сітуацыі. У эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі (НТР) ў эканоміцы развітых краін свету адбываліся вельмі істотныя змены, якія мелі далёка ідучыя наступствы. Спажыванне станавілася больш спецыялізаваным, колькасць новых тэхналогій падвойвалася і патройвалася ўсяго за некалькі год, тэхналогіі ўсё больш хутка станавіліся састарэлымі і патрабавалі замены. Адсутнасць развітай сферы паслуг толькі пагаршала сітуацыю. Нарастаў дэфіцыт, які быў непазбежным вынікам бюракратызаванай структуры кіравання.

У 1964 г. Першы сакратар ЦК Кампартыі М. Хрушчоў быў вызвалены ад займаемай пасады, кіраваць партыяй і краінай быў пастаўлены Л. Брэжнеў...

Эпоха брэжнеўскага застою. Дзейнасць П. Машэрава[правіць | правіць зыходнік]

Пасля змены кіраўніцтва ў сакавіку і верасні 1965 г. пленумы ЦК КПСС разгледзелі пытанні аб развіцці сельскай гаспадаркі і паляпшэнні кіравання эканомікай. Замест створанай у 1957 г. тэрытарыяльнай сістэмы кіравання была зноў уведзена галіновая пад кіраўніцтвам асобных міністэрстваў. Былі пашыраны правы прадпрыемстваў па распараджэнні прыбыткамі (прадпрыемствы атрымалі магчымасць будаваць жыллё, дзіцячыя садкі, санаторыі для сваіх супрацоўнікаў, што павялічвала стымуляванне працы), былі прыняты меры па барацьбе з безгаспадарчасцю, па лепшым выкарыстанні рэсурсаў.

З калгасаў і саўгасаў спісваліся даўгі, павялічваліся закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю, узрасла тэхнічная ўзброенасць вытворчасці. Канчаткова былі ліквідаваны апошнія прыкметы савецкага прыгонннага права для калгаснікаў – як і ўсе іншыя грамадзяне краіны, яны атрымалі пашпарты, права на пенсію, на гарантаваную аплату працы. Большая свабода была дадзена ў развіцці ўласнай гаспадаркі.

У 1965 г. на Беларусі кампартыю ўзначаліў П. Машэраў. Пяцігодка 1966 – 1970 гг. была настолькі паспяховай, што потым атрымала назву "залатой". У БССР аб'ём вытворчасці прадукцыі прамысловасці ўзрос на 79%, сельскай гаспадаркі – на 45%. Дзякуючы нізкім коштам на паліва і з'яўленню новых прадпрыемстваў, у 70-я гг. ВНП БССР перасягаў адпаведныя паказчыкі большасці рэспублік Савецкага Саюза, а таксама Аўстрыі, Венгрыі і Балгарыі. Нягледзячы на гэта, узровень аплаты працы заставаўся даволі нізкі. Пры агульным росце ўзроўню жыцця насельніцтва павялічвалася колькасць дэфіцытных тавараў, паколькі пры планавай эканоміцы немагчыма прадказаць рэальную патрэбу ў асобных відах прадукцыі. Хранічнай праблемай заставалася нізкая якасць тавараў, іх небагаты асартымент. У краіне пачаўся перыяд застою. Узмацніўся пераслед інакшдумаючых (дысідэнтаў). Аднак канцлагеры цяпер замяняліся на турмы і псіхіятрычныя шпіталі.

У сферы адукацыі на працягу 1960 - 1970 гг. беларускамоўныя школы пераводзіліся на рускую мову навучання.

Палітыка перабудовы. Дэмакратызацыя. Распад СССР[правіць | правіць зыходнік]

Напачатку 1980-х гадоў перад кіраўніцтвам СССР з усёй неадкладнасцю паўстала задача карэннага рэфармавання палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, культурнага і інш. бакоў жыцця краіны. Неабходнасць пераменаў абумоўлівалася як унутранымі, так і знешнімі абставінамі. Усё больш відавочным станавіўся крызіс і нізкая эфектыўнасць адміністрацыйна-каманднай сістэмы гаспадарання, зніжэнне папулярнасці камуністычнай ідэалогіі, імклівае паглыбленне адставання СССР ад эканамічна развітых краін Еўропы і ЗША.

У красавіку 1985 г. на пост Генеральнага сакратара ЦК КПСС быў абраны М. С. Гарбачоў. Новы эканамічны і палітычны курс, прапанаваны М. Гарбачовым, атрымаў назву «перабудова». Праграма пераўтварэнняў абмяркоўвалася на красавіцкім (1985) пленуме ЦК КПСС і XXVII з'ездзе партыі (1986). Напачатку перабудова задумвалася як шэраг мер, якія павінны былі паскорыць сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, удасканаліць пабудаваны сацыялізм. Дамагчыся гэтага, планавалася шляхам перагрупоўкі і канцэнтрацыі сіл і сродкаў на прыярытэтных напрамках.

Асноўная ўвага адводзілася машынабудаўніцтву, тэмпы развіцця якога планавалася павялічыць у 1,5—2 разы[18].

У адрозненне, напрыклад, ад Кітая, у якім рэфарміравалася галоўным чынам эканамічная сфера, перабудова ў СССР была накіравана на маштабныя змены адразу ва ўсіх сферах, уключаючы дэмакратызацыю грамадства. Ініцыятарам перабудовы была КПСС, на канферэнцыях, з'ездах, пленумах ЦК распрацоўваліся мерапрыемствы па яе рэалізацыі ў жыцці.

Асобнымі мерапрыемствамі перабудовы стала палітыка галоснасці, дзяржразліку, адраджэння прыватнай ініцыятывы ў рамках кааператыўнага руху. Палітыка галоснасці прадугледжвала паступовае адмаўленне ад кантролю КПСС за ідэалагічнымі працэсамі ў грамадстве. Цэнзура над публікацыямі была зменшана, дазволены сходы для абмеркавання палітычных працэсаў. Акрамя кантралюемых камуністычнай партыяй і ўрадам грамадскіх арганізацый сталі ўзнікаць самастойныя дыскусійныя клубы і нефармальныя аб'яднанні, у якіх можна было праявіць асабістую грамадскую ініцыятыву.

15.12.1986 група творчай інтэлігенцыі Беларусі (28 чал., у т.л. В. Быкаў, Н. Гілевіч, Р. Барадулін) накіравала на імя Генеральнага сакратара ЦК КПСС М. Гарбачова пісьмо з прапановамі па паляпшэнні становішча нацыянальнай мовы ў рэспубліцы. У чэрвені 1987 прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі (134 чал.) накіравалі Гарбачову новы ліст пра сітуацыю з беларускай мовай і культурай. Пытанні нацыянальнага адраджэння набывалі палітычнае значэнне ў дзейнасці Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (БНФ), Таварыства беларускай мовы іншых арганізацый і аб'яднанняў.

Тэмай для шырокага абмеркавання ў прэсе сталі культ асобы Сталіна і палітычныя рэпрэсіі 30 — пач. 50-х гг. Выкрыццё культу асобы Сталіна ў найвышэйшых партыйных органах сярэдзіны 50-х гг. мела адносна абмежаваны характар. Зараз жа грамадства атрымлівала ўсё больш інфармацыі пра жахі канцэнтрацыйных лагераў, пра рэпрэсіі супраць мільёнаў ні ў чым не вінаватых людзей. Важную ролю адыгрывалі літаратурныя і публіцыстычныя творы, у якіх паказваліся скалечаныя рэжымам лёсы. Узнавіліся працэсы рэабілітацыі бязвінна рэпрэсіраваных. Але яшчэ не дазвалялася рэзка крытыкаваць сучасную палітыку партыі.

Дзяржразлік (пераход прадпрыемстваў да самастойнага разліку затрат, прыбытку і аб'ёмаў прадукцыі) пачаў рэалізоўвацца з 1987 г. Але ва ўмовах штучна сфарміраваных цэн, не адпавядаўшых рэчаіснасці, гэта мерапрыемства не дало чаканага выніку. Адсутнічалі спецыялісты, здольныя эфектыўна выкарыстоўваць новыя магчымасці — менеджары і маркетолагі. Іх у той час яшчэ нават не рыхтавалі. Акрамя дзяржразліку на прадпрыемствах для павышэння кантролю над якасцю прадукцыі ўводзілася дзяржаўная прыёмка (дзяржпрыёмка). Гэта мерапрыемства мела значны пазітыўны эфект, бо супрацоўнікі дзяржпрыёмкі не залежалі ад кіраўніцтва прадпрыемстваў.

У 1988 г. дзяржразлік на прадпрыемствах быў дапоўнены рэспубліканскім гасразлікам. Фактычна гэта азначала павелічэнне гаспадарчай самастойнасці рэспублік, у тым ліку БССР. Лічылася, што на месцах лепш бачна, як больш эфектыўна развіваць эканоміку без працяглых узгадненняў з цэнтрам. Але рэспубліканскі дзяржразлік прывёў да росту месніцкіх настрояў з боку рэспубліканскіх чыноўнікаў.

Дазвол прыватнай эканамічнай ініцыятывы таксама не прынёс доўгачаканага плёну. Меркавалася, што кааператывы дапамогуць дзяржаве забяспечыць насельніцтва дэфіцытнымі відамі прадукцыі, выпуск якой дзяржава не змагла самастойна арганізаваць. Але кааператары здолелі гэта зрабіць толькі часткова. Большасць з іх займалася пасрэдніцкімі аперацыямі ці працавала ў сферах паслуг і гандлю.

Страшэнныя экалагічныя і эканамічныя наступствы для ўсёй тэрыторыі Беларусі мела аварыя на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС), якая адбылася 26 красавіка 1986 г. На тэрыторыю Беларусі прыпала 70% радыеактыўнага забруджвання. Асабліва ў цяжкім становішчы апынулася насельніцтва паўднёвага ўсходу БССР — усяго 2 100 000 чалавек. З абароту было выведзена 20% сельгасугоддзяў і 14% ляснога фонду. Толькі 4 мая 1986 г. было прынята рашэнне аб высяленні жыхароў трыццацікіламетровай зоны вакол ЧАЭС. Вынікі катастрофы ўсяляк замоўчваліся. Насельніцтва не атрымоўвала аператыўнай інфармацыі. У 1989 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў праграму доўгатэрміновых дзеянняў па ліквідацыі наступстваў аварыі, разлічаную да 1995 г. Аднак цалкам яна так і не была выканана.

У 1988—1989 гг. ліквідацыя былых аўтарытарных механізмаў запалохвання і кантролю прывяла да таго, што ў рамках палітыкі галоснасці дэмакратычна настроеныя грамадзяне пачалі крытыкаваць сістэму кіраўніцтва партыі над выбарнымі органамі ўлады. Нарасталі нацыянальныя працэсы ў рэспубліках, з'явілася палітычная і нацыянальная апазіцыя, якая пачала заклікаць да выхаду з СССР. Кіраўніцтва асобных рэспублік прыслухоўвалася да гэтых заклікаў, наладжвала кантакты з апазіцыянерамі, збірала рэсурсы, неабходныя для набыцця самастойнасці.

У БССР працэс дэмакратызацыі грамадства ішоў значна больш марудна, чым у іншых рэспубліках. Тым не менш, тут таксама ўзнікалі апазіцыйныя арганізацыі — «Талака», «Тутэйшыя», «Паходня» і г. д.

24 — 25 чэрвеня 1989 г. ў Вільнюсе адбыўся ўстаноўчы сход Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» (БНФ). Калі падчас першага сходу размова ішла галоўным чынам аб падтрымцы палітыкі перабудовы і галоснасці, дык на канферэнцыі БНФ 30 чэрвеня — 1 ліпеня 1990 г. ўжо адкрыта абвяшчалася аб немагчымасці дасягнення суверэнітэту і дэмакратыі ў складзе СССР.

У сакавіку — красавіку 1990 г. у БССР адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет рэспублікі, а таксама ў мясцовыя саветы. Упершыню за многія дзесяцігоддзі яны праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. 10 лютага 1990 г. на Усебеларускім дэмакратычным форуме быў створаны Беларускі дэмакратычны блок, які аб'ядноўваў прадстаўнікоў дэмакратычна арыентаваных арганізацый. У выніку ў зноў выбраным Вярхоўным Савеце з'явіліся апазіцыйныя фракцыі БНФ і «Дэмакратычны клуб». 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. У тых умовах гэта былo хутчэй толькі пажаданнем. Аднак мела надзвычай важныя наступствы.

Між тым унутрыэканамічная і палітычная сітуацыя ў СССР значна пагоршылася. Пачаліся міжнацыянальныя сутыкненні. Фактычна ішла грамадзянская вайна паміж Арменіяй і Азербайджанам. Незалежнасць сваёй рэспублікі абвясціў парламент Літвы. Вясной 1991 г. антысавецкія мітынгі прайшлі і на Беларусі. М. Гарбачоў рабіў непаслядоўныя крокі ў вырашэнні канфліктаў. Так, выкарыстанне ваенных часцей супраць мірнага насельніцтва для вырашэння праблемы апазіцыйных настрояў не дало станоўчых вынікаў. Аўтарытэт саюзнага кіраўніцтва моцна аслаб. З цяжкасцю ішлі перагаворы з кіраўніцтвам рэспублік аб заключэнні новага саюзнага дагавора.

Канчатковы лёс Савецкага Саюза вырашыў дзяржаўны пераварот у жніўні 1991 г. ў Маскве (гл. ДКНС (ГКЧП), які паказаў поўную бяздзейнасць цэнтральных уладаў.

У снежні 1991 г. на сустрэчы кіраўнікоў Беларусі, Расіі і Украіны, якая праходзіла ў Віскулях (Белавежская пушча) было прынята рашэнне аб дэнансацыі дагавора 1922 г. аб стварэнні СССР. Замест яго 8 снежня 1991 г. стваралася Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД), каардынацыйным цэнтрам якой стала сталіца Беларусі — Мінск. (Н. К.В.)

Зноскі

  1. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 6: Беларусь у 1946—2009 гг. / Рэдкал.: М. Касцюк (галоўны рэд.) і інш.; Рэд. тома У. Навіцкі. — Мн.: Современная школа — Экоперспектива, 2011. — 728 с.: іл. — ISBN 978-985-539-242-0. — С. 23. Са спасылкай на: НАРБ. — Ф. 4. — Воп. 61. — Спр. 20. — Арк. 23—25.
  2. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 6: Беларусь у 1946—2009 гг... — С. 24. Са спасылкай на: НАРБ. — Ф. 263. — Воп. 1. — Спр. 10. — Арк. 19.
  3. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 6: Беларусь у 1946—2009 гг. / Рэдкал.: М. Касцюк (галоўны рэд.) і інш.; Рэд. тома У. Навіцкі. — Мн.: Современная школа — Экоперспектива, 2011. — 728 с.: іл. — ISBN 978-985-539-242-0. — С. 25. Са спасылкай на: НАРБ. — Ф. 263. — Воп. 1. — Спр. 65. — Арк. 15, 72.
  4. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 6: Беларусь у 1946—2009 гг... — С. 26. Са спасылкай на: НАРБ. — Ф. 263. — Воп. 1. — Спр. 3. — Арк. 22, 23.
  5. Школа мужества и патриотизма: краткий очерк истории ДОСААФ Белорусской ССР / [П. К. Максимов и др.]. — Мн.: Беларусь, 1988. — 268, [2] с., [16] л. ил. — ISBN 5-338-00098-9. — С. 115.
  6. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 6: Беларусь у 1946—2009 гг... — С. 26.
  7. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 6: Беларусь у 1946—2009 гг... — С. 26—27. Са спасылкай на: НАРБ. — Ф. 4. — Воп. 62. — Спр. 504. — Арк. 175, 176.
  8. Школа мужества и патриотизма... — С. 116.
  9. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 6: Беларусь у 1946—2009 гг... — С. 27. Са спасылкай на: НАРБ. Ф. 4. Воп. 47. Спр. 72. Арк. 229.
  10. «Салiдарнасць» Правал спецаперацыі
  11. Сяргей Ёрш Праект "Беларускія Аўтары"
  12. История государства и права Белорусской ССР: В 2 т. Т. 2. — Мн., 1976. — С. 173—174; НАРБ. Ф. 7. Воп. 3. Спр. 5. Арк. 6.
  13. Народное хозяйство Белорусской ССР за 40 лет: [Сборник] / Госплан БССР; Под ред. С. Н. Малинина. — Мн.: [б. и.], 1957. — 287, [1] с., [6] л. цв. диаграмм. — С. 49.
  14. Решения партии и правительства по хозяйственным вопросам: [Сборник документов за 50 лет]: В 5 т. Т. 3: 1941 — 1952 годы. — М.: Политиздат, 1968. — 751 с. — С. 131.
  15. Экономическая история Беларуси: Учебное пособие для студентов экономических специальностей вузов / В. И. Голубович, Г. И. Ермашкевич, Г. П. Бущик и др.; Под ред. В. И. Голубовича. — Мн.: УП «Экоперспектива», 2001. — 399 с. — С. 277. — ISBN 985-6598-81-8.
  16. Решения партии и правительства по хозяйственным вопросам: [Сборник документов за 50 лет]: В 5 т. Т. 3: 1941—1952 годы. — М.: Политиздат, 1968. — 751 с. — С. 250.
  17. Восьмая сесія Вярхоўнага Савета БССР, 9—11 верасня 1946 г.: Стэнаграфічная справаздача. — Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1947. — 266 с. — С. 235—242.
  18. Горбачев, М. С. Избранные речи и статьи. Т. 2. — М., 1987. — С. 157.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]