Сяргей Адамавіч Кавалёў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Сяргей Адамавіч Кавалёў
руск.: Сергей Адамович Ковалёв
Партрэт
Род дзейнасці палітык, праваабаронец, біяфізік
Дата нараджэння 2 сакавіка 1930(1930-03-02)[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 9 жніўня 2021(2021-08-09)[3] (91 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Месца працы
Альма-матар
Партыя
Член у
Узнагароды і прэміі
Commons-logo.svg Сяргей Адамавіч Кавалёў на Вікісховішчы

Сяргей Адамавіч Кавалёў (руск.: Сергей Адамович Ковалёв, 2 сакавіка 1930, Сярэдзіна-Буда, Сумская вобласць, Украіна — 9 жніўня 2021, Масква) — савецкі дысідэнт, праваабаронца, грамадскі дзеяч. Першы ўпаўнаважаны па правах чалавека ў Расійскай Федэрацыі (1994—1995). Адзін з аўтараў расійскай Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна (1991 год) і 2-й главы Канстытуцыі Расіі — «правы і свабоды чалавека і грамадзяніна» (1993). Быў старшынёй Расійскага гісторыка-асветніцкага і праваабарончага таварыства «Мемарыял», прэзідэнт арганізацыі «Інстытут правоў чалавека».

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. У 1932 годзе яго сям’я пераехала пад Маскву, у пасёлак Падліпкі. У 1954 годзе скончыў біялагічны факультэт МДУ імя М. В. Ламаносава. Біяфізік, займаўся вывучэннем клеткавых мембран, спецыяліст у галіне нейронных сетак.

Жыў і працаваў у Маскве. Апублікаваў больш за 60 навуковых прац; у 1964 годзе атрымаў вучоную ступень кандыдата біялагічных навук, абараніўшы дысертацыю па тэме «Электрычныя ўласцівасці міакардыяльных валокнаў сэрца жабы»[5]. У 1964—1969 гадах працаваў у МДУ загадчыкам аддзела матэматычных метадаў у біялогіі міжфакультэцкай лабараторыі (лабараторны корпус «А»)[5].

Кавалёў пачаў займацца грамадскай дзейнасцю з сярэдзіны 1950-х гадоў — ён браў удзел у барацьбе супраць «вучэння Лысенкі», прызнанага пасля антынавуковым. Абараняў генетыку.

Праваабарончая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У 1966 годзе арганізаваў у Інстытуце біяфізікі збор подпісаў пад зваротам у прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР у абарону А. Сіняўскага і Ю. Даніэля, якія былі асуджаныя па арт. 70 («антысавецкая прапаганда») за публікацыю сваіх мастацкіх твораў за мяжой[6]. У 1969 годзе звольнены з пасады загадчыка аддзела матэматычных метадаў у біялогіі міжфакультэцкай лабараторыі МДУ[6]. З 1968 года стаў актыўным удзельнікам руху ў абарону правоў чалавека ў СССР. У маі 1969 года ўвайшоў у склад «Ініцыятыўнай групы абароны правоў чалавека ў СССР» — першай незалежнай праваабарончай грамадскай асацыяцыі ў краіне. З 1971 года — адзін з вядучых удзельнікаў выдання «Хроніка бягучых падзей» — машынапіснага інфармацыйнага бюлетэня савецкіх праваабаронцаў.

28 снежня 1974 года арыштаваны па абвінавачванні ў «антысавецкай агітацыі і прапагандзе»[5]. У снежні 1975 года суд у Вільнюсе прысудзіў яго да 7 гадоў пазбаўлення волі і 3 гадоў высылкі[5] (на суд прыязджаў А. Д. Сахараў). Тэрмін адбываў у калоніі строгага рэжыму Перм-36 і ў Чыстапольскай турме; у ссылку быў адпраўлены ў Магаданскую вобласць. Па адбыцці тэрміну высылкі пасяліўся ў горадзе Калініне (Цвер). У Маскву вярнуўся ў 1987 годзе[5]. Да 1990 года працаваў у Інстытуце праблем перадачы інфармацыі АН СССР[5].

Сяргей Кавалёў — адзін з герояў дакументальнага фільма «Яны выбіралі свабоду», тэлекампанія RTVi, 2005).

У Вярхоўным Савеце РСФСР[правіць | правіць зыходнік]

У снежні 1989 года па рэкамендацыі Андрэя Сахарава вылучыў сваю кандыдатуру і падчас выбараў у сакавіку 1990 года быў абараны ў першым туры галасавання народным дэпутатам РСФСР ад аднай з маскоўскіх акруг[6]. У 1990—1993 гадах — член Вярхоўнага Савета РСФСР, член Прэзідыума Вярхоўнага Савета, старшыня парламенцкага Камітэта па правам чалавека. Быў адным з аўтараў Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна, прынятай у студзені 1991 года[6]. Камітэт па правах чалавека пад яго старшынствам правёў праз Вярхоўны Савет законы «Аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій» (1991), «Аб надзвычайным становішчы» (1991)[6].

12 снежня 1991 года, будучы членам Вярхоўнага Савета РСФСР, прагаласаваў за ратыфікацыю Белавежскага пагаднення аб спыненні існавання СССР[7][8].

У Дзяржаўнай Думе Расіі[правіць | правіць зыходнік]

У 1993—2003 гадах — дэпутат Дзяржаўнай Думы (у 1993 і 1995 гадах абіраўся адпаведна ў Варшаўскім і Чартанаўскім аднамандатных акругах Масквы, у 1999 — па федэральным спісе выбарчага блоку «Саюз правых сіл»). У студзені 1994 года вылучаўся на пасаду старшыні Дзяржаўнай Думы.

У 1993—1996 гадах — старшыня Камісіі па правах чалавека пры прэзідэнце Расійскай Фэдэрацыі. У студзені 1996 года ў адкрытым лісце[9] на імя Барыса Ельцына заявіў аб сваёй адстаўцы з пасады старшыні камісіі, а таксама выхадзе з Прэзідэнцкага савета. У сваім лісце Кавалёў дае разгорнутую і рэзка адмоўную характарыстыку дзеянняў прэзідэнта Ельцына, кажа пра тое, што той адышоў ад палітыкі дэмакратычных рэформ і аддае перавагу сілавым метадам вырашэння палітычных праблем:

<…> Я лічыў сваім абавязкам заставацца, хоць і «на грамадскіх пачатках», на сваіх пасадах унутры органаў дзяржаўнай улады да тых часоў, пакуль гэты статус дазваляў мне хоць неяк, хаця б у асобных выпадках, супрацьстаяць антыправавым і антыгуманным тэндэнцыям у дзяржаўнай палітыцы. Быць можа, і цяпер гэтыя магчымасці не да канца вычарпаныя. Але я не магу больш працаваць з прэзідэнтам, якога не лічу ні прыхільнікам дэмакратыі, ні гарантам правоў і свабод грамадзян маёй краіны.

— «С. А. Кавалёў». Адкрыты ліст прэзідэнту Расіі Б. М. Ельцыну

У 1994—1995 гадах — першы Упаўнаважаны па правах чалавека ў Расійскай Федэрацыі. Журналіст «Эхо Москвы» Цімур Алеўскі адзначаў у 2012 годзе: «Быў такі амбудсмен Кавалёў, вядомы праваабаронца. Гэта быў першы амбудсмен, які ў 1995 годзе сядзеў у Грозным, для таго каб расійскія самалёты не бамбілі горад. Ён лічыў, што вось ён павінен там быць, каб паспрабаваць спыніць бамбардзіроўкі. Не спыніў і пазбавіўся сваёй пасады»[10].

Быў адным з заснавальнікаў руху «Выбар Расіі» і партыі «Дэмакратычны выбар Расіі» (ДВР). Да 2001 года — член палітсавета ДВР. Пасля самаліквідацыі ДВР адмовіўся ўступаць у партыю СПС, застаючыся пры гэтым членам яе фракцыі ў Дзяржаўнай Думе.

У 1996—2003 гадах — член Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. У снежні 2000 года фракцыя СПС у Дзярждуме панізіла Кавалёва на пасадзе: замест прадстаўніка СПС у дэлегацыі Расіі ў ПАСЕ ён стаў намеснікам прадстаўніка (які не мае права голасу). Новым прадстаўніком стаў Алег Навумаў. Дзмітрый Рагозін, старшыня думскага камітэта па міжнародных справах, адзначыў, што Кавалёў «займаў антырасійскія пазіцыі»[11].

На прэзідэнцкіх выбарах 2000 года Кавалёў падтрымліваў Яўлінскага, заявіўшы, што Уладзімір Пуцін — гэта вектар, які «накіраваны на канструяванне аўтарытарнай паліцэйскай дзяржавы, дзе ва ўладзе ў відавочным або, што яшчэ горш, у не зусім відавочным выглядзе будуць прысутнічаць спецслужбы»[6]. У 2001 годзе падпісаў ліст у абарону тэлеканала НТБ[12].

Кавалёў і Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Быў кіраўніком камісіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў справе зніклых у Беларусі і сцвярджаў: «Беларуская ўлада заведама датычная да знікненняў і найбольш верагодных забойстваў Ганчара і Красоўскага, — тлумачачы сваю пазіцыю: — Палітык стварае не толькі атмасферу ў краіне, ён стварае, калі хочаце, механізмы ўладнага самавольства». Пра Беларусь і Расію Сяргей Кавалёў казаў: «Месца права ў нашых краінах займае ўладнае самадурства»[13].

Зноскі

  1. Sergei Kovalev // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Sergej A. Kowaljow // Munzinger Personen Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. https://www.yabloko.ru/cat-news/2021/08/09#43385
  4. https://www.yabloko.ru/content/kovalev_sergei_adamovich#block-yabloko2018-content
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 5,4 5,5 Федеральное Собрание Российской Федерации: Биографический справочник / А. С. Барсенков, В. А. Корецкий. — М., 1997.
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 6,4 6,5 Биологический оппозиционер Сергей Ковалёв(недаступная спасылка) // Газета.Ru
  7. На гибель Советского Союза // «Национальные интересы». — 2006. — № 5. Архівавана з першакрыніцы 13 лістапада 2013.
  8. Уладзімір Прыбылоўскі, Рыгор Точкін. Кто и как упразднил СССР?. «Новая ежедневная газета», № 242 (316) (21 снежня 1994).
  9. С. А. Ковалёв. Открытое письмо Президенту Российской Федерации Б. Н. Ельцину // «Известия», 24 января 1996
  10. Они: Владимир Лукин. Ведущие: Владимир Роменский, Тимур Олевский // Эхо Москвы, 2 снежня 2012.
  11. Сергея Ковалёва отлучают от ПАСЕ (недаступная спасылка). Lenta.ru (27 снежня 2000). Архівавана з першакрыніцы 22 лютага 2014. Праверана 21 верасня 2010.
  12. Ліст вядомых дзеячаў навукі, культуры і палітыкі ў абарону НТБ newsru.com
  13. Памёр расійскі праваабаронца Сяргей Кавалёў Архівавана 9 жніўня 2021., Радыё Свабода, 9-08-2021