Сяргей Яноўскі
Cяргей Яноўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 19 жніўня 1925 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 15 снежня 2010 (85 гадоў) |
Месца пахавання | |
Бацька | Пётр Яноўскі |
Жонка | Марыя Сяргееўна Яноўская |
Альма-матар | |
Член у |
Сяргей Яноўскі (19 жніўня 1925 — 15 снежня 2010) — удзельнік беларускага патрыятычнага падполля ў 1946—1947 гг. у Маладзечанскай вобласці, кіраўнік маладзечанскай групы арганізацыі «Чайка»[1].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Першыя гады
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў 19 жніўня 1925 годзе ў в. Залессе Вілейскага павета (Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка, цяпер Вілейскі раён Мінскай вобласці). Бацька, Пётр Яноўскі, настаўнічаў, меў вялікую гаспадарку. Прадзед, Тамаш Яноўскі, удзельнічаў у вызвольным паўстанні Каліноўскага, загінуў у баі атрада Вінцэнта Козела-Паклеўскага з расейскімі войскамі каля Уладыкаў 17 мая 1863 г. У 1930-я гады ў тым месцы быў насыпаны курган, на мемарыяльнай пліце выбілі прозвішчы загінулых паўстанцаў, на галоўнай плошчы Ільі паставілі помнік з польскім надпісам «Сzesc poleglym za wolnosc». Дзед Фёдар Шэрамет быў таксама настаўнікам, да яго прыязджалі вядомыя людзі: Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пятро Мятла, якія былі пасламі ў польскім сейме. Сяргей Яноўскі пазней успамінаў, што яны спрачаліся, бо дзед крытычна ставіўся да савецкай улады, і мажліва гэтыя гутаркі паўплывалі на беларускую свядомасць Сяргея. Маці была адоранай, рана навучыла Сяргея пісаць і чытаць, але ён быў найстарэйшым з чатырох братоў, таму яму прыходзілася дапамагаць з гаспадаркай. Бацька адчыніў беларускую прыватную школу ў іх доме, таму ў адной палове жыла сям'я, у другой была школа. Часам бацька Сяргея прыцягваў братоў да самадзейнасці, ставіў сцэнкі, спектаклі на беларускай мове. У 1929 г. польскія ўлады прапанавалі бацьку Сяргея прайсці перакваліфікацыю на польскага настаўніка, але той адмовіўся, пасля чаго беларускую школу зачынілі і адчынілі польскую ў Залессі, у якой Сяргей Яноўскі навучаўся з шасці гадоў.
Падчас Другой сусветнай вайны
[правіць | правіць зыходнік]У 1939 г. скончыў школу. Здаў экзамены ў Віленскую электрамеханічную гімназію, але вучыцца там не выпала. Пасля пачатка савецкай акупацыі бацькі адмовіліся ад зямлі і пачалі працаваць настаўнікамі, а Сяргей Яноўскі навучаўся ў 5 і 6 класах савецкай школы. У 1941—1942 гадах раённы аддзел адукацыі, які ўзначальвала выпускніца Віленскага ўніверсітэта Ганна Сухая, арганізаваў настаўніцкія курсы для моладзі: навучанне вызваляла ад высылкі на прымусовую працу ў Германію. Скончыўшы настаўніцкія курсы Сяргей мусіў арганізоўваць школу ў вёсцы Сцюдзянец, а потым у Раёўцы.
Неўзабаве на Маладзечаншчыне была ўсталявана партызанская зона і зачыненыя беларускія школы. Па ўспамінах Сяргея Яноўскага, у гэты час набіралася моладзь у Беларускую краёвую абарону, але ён трапіў у партызанскі атрад «За Советскую Белоруссию» брыгады Смоліна ў Лагойскім раёне, дзе быў да чэрвеня 1944 г. Пра дзейнасць у партызанскім атрадзе ўспамінаў так: «Хлопцаў 17—18 гадоў у нас у вёсцы было чалавек дзесяць. Партызаны прыйшлі, пастроілі нас і пагналі ў лес, у атрад. Мы ваеннай справы ня ведалі. Усю зіму нас трэніравалі: палітзаняткі, маршыроўкі, матэрыяльная частка... Нікуды не ганялі, мы трымалі варту. Атрад быў вялікі — больш ста чалавек, чатыры ўзводы. Партызанамі былі ў асноўным рускія салдаты, якія трапілі да немцаў у палон, а з палону ўцяклі. Пасля таго як атрад быў разбіты, мы доўга хаваліся ў лесе, потым трапілі ў палон да немцаў. Дакладней узялі нас украінцы... Потым уцёкі, савецкая армія, перадавая і зноў школа — усё на некалькі месяцаў». З верасня 1944 г. быў прызначаны загадчыкам пачатковай школы ў вёсцы Сачыўцы Ільянскага раёна. Паступіў завочна ў Мінскае педвучылішча.
Пасля вайны
[правіць | правіць зыходнік]У 1946 г. скончыў у Мінскае педвучылішча. У 1947 годзе далучыўся да падпольнай арганізацыі «Чайка», якая планавала змаганне за нацыянальныя правы і годнасць беларусаў, культуру, мову, гісторыю, свабоду і незалежнасць Беларусі. Па заданні Цэнтра Беларускага Вызваленчага Руху (ЦБВР) быў упаўнаважаны заснаваць падпольную групу ў Маладзечанскай вобласці. Пра далучэнне да арганізацыі ўспамінаў так: «Магчыма, у нашых Сачыўках, дзе мы былі адасобленыя, гэтая ідэя ўзнікла і раней за Васіля Супруна, кіраўніка «Чайкі». Дагэтуль мы сустракаліся з настаўнікамі з цэлага раёна. Антон Кабак з Сачывак у гэты час вучыўся ў Ганцавічах у педагагічным вучылішчы разам з Супруном. Ён ведаў нашы погляды і расказаў пра нас. Хутка я атрымаў ліст ад Супруна і інструкцыю цэлай арганізацыі. Дамовіліся дзейнічаць. Асноўнай нашай мэтай было не ваяваць, а ўзяць у свае рукі выхаванне дзяцей, не даць іх русіфікаваць, зрабіць так, каб яны не згубілі свае песні, сваю мову. Кожнае пакаленне пакідае свой след і плён. Мы адыгралі сваю ролю, калі нам было па 20 гадоў. Ня ведалі мы камуністычнага грамадства, ня ведалі як патрэбна дзейнічаць, аберагацца. Пры Польшчы нас ніхто не чапаў, а тут чапляліся за кожнае слова. Мала часу прайшло, але былі вялікія праекты. Я не шкадую. Мы зрабілі шмат. Мы — як прыклад, наш след застаўся».
Арышт і зняволенне
[правіць | правіць зыходнік]У сярэдзіне 1947 года арганізацыя была выкрытая ў сувязі з дэканспірацыяй Саюза вызвалення Беларусі, які выдаў савецкі агент Алесь Бажко. У выніку «Чайка» была выкрытая, бо з СВБ некаторыя сябры «Чайкі» утрымлівалі сувязь праз канспірацыйную памылку. Сяргей Яноўскі быў арыштаваны савецкімі карнымі органамі 6 жніўня 1947 г. Па прыгавору ваеннага трыбунала войскаў МУС Беларускай акругі ад 21 лістапада 1947 г. Сяргей Яноўскі быў асуджаны па артыкулаў 63-1 і 76 крымінальнага кодэксу БССР на 10 гадоў канцлагераў, з пазбаўленнем правоў на тры гады і канфіскацыяй маёмасці: «за ўдзел у антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі, створанай В. Супруном у маі 1946 г. для правядзення антысавецкай прапаганды. Распаўсюджваў антысавецкія погляды, захоўваў у сябе антысавецкія распараджэнні цэнтра, вёў падрыхтоўку па прыцягненні ў арганізацыю іншых членаў і працу па пашырэнні дзейнасці арганізацыі». Ад расстрэлу выратаваў толькі прыняты ў 1947 годзе закон аб адмене смяротнага пакарання.
Пра суд і зняволенне Сяргей Яноўскі ўспамінаў так: «Нашу групу: Косьцю Альшэўскага, Антона Кабака, Васіля Супруна і мяне судзілі разам у Мінску, пасля адправілі ў Оршу на перасылку, якраз на Новы год. З Баранавіч там ужо былі Лёдзя Кавальчук і шмат тых, каго мы і не бачылі ніколі. Захацелі зрабіць прыемнасьць Лёдзі: напісалі паштоўку, дамовіліся з ахоўнікам, я пайшоў перадаваць, павіншаваў. Так і пазнаёміліся. Разам нас не пасылалі, разбівалі на групы максімум па два чалавекі. Этапіравалі ў Інту, адтуль пачалі рассылаць: маладых і моцных, сярод якіх і я, — на лесапавал у Котлас. Прывезлі, а потым яшчэ кіламетраў 25 пехатой гналі. Там на месцы былі ўжо баракі, але не абсталяваныя. Вокны пачалі забіваць дошкамі, каб не дзьмула, з бочак рабіць печкі. Холадна было. Ад блатных нас не адзялялі. І яны нас патроху пачалі абіраць. Быў адзін, таму адпор даць было цяжка. Праз тыдзень заганяюць нас у тайгу: пілы ў рукі, агароджваюць, даюць норму 6 кубоў, хто выконвае, даюць цэлую пайку, а хто не — 300 грам. Пад вясну многія пачалі слабець. У лагеры нікога не пакідалі, усіх застаўлялі цягнуцца ў тайгу, таму многія паміралі. Іх не хавалі — складвалі за баракам, снегам засыпала, так і ляжалі... Аб уцёках і гаворкі не было: у лесе ўсё роўна прападзеш, ці калі знойдуць — заб'юць». Увесну 1948 г. Сяргей Яноўскі запісаўся ў групу сталяроў, быў перавезены ў Сальвычагодск на дрэваапрацоўчы камбінат. Там трапіў у цэх да пажылых сталяроў-украінцаў, дзе ўсе былі палітвязнямі, а таксама было шмат украінскіх святароў. Сярод палітвязняў быў там мастак М. Бейранаў, які намаляваў партрэт Сяргея Яноўскага, каб той даслаў дадому маці. У 1950 г. быў перавезены на Брацкую ГЭС, а потым у Тайшэт у сталярныя мастэрні.
Пасля вызвалення
[правіць | правіць зыходнік]У 1954 г. Сяргея Яноўскага вызвалілі, але жыў і працаваў ён у Тайшэцкім раёне, дзе і пазнаёміўся са сваёй жонкай. У 1957 г. вярнуўся ў Беларусь, але ўжо ніколі больш не быў настаўнікам. Працаваў будаўніком, загадчыкам гаспадаркі піянерскага лагеру, інспектарам Міністэрства фінансаў. У 1991 г. падаваў дакументы на рэабілітацыю, але суд пацвердзіў прысуд 1947 г.
Памёр 15 снежня 2010 г. 18 снежня 2010 г. быў пахаваны на Каладзішчанскіх могілках пад Мінскам.
Зноскі
- ↑ http://slounik.org/154952.html Біяграфія Cяргея Яноўскага
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.
- Беларускі рэзыстанс №1(10)/2011