Сярэдняя школа № 4 (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сярэдняя школа № 4 г. Мінска
Заснавана 1918
Дырэктар Наталля Уладзіміраўна Малярэвіч
Тып школа
Вучняў больш за 700
Адрас Беларусь, г. Мінск, вул. Чырвонаармейская, д. 11
Сайт sch4.minsk.edu.by
Мовы беларуская, расійская, англійская

Сярэдняя школа № 4 — сярэдняя навучальная ўстанова ў Мінску, адна з найстарэйшых школ горада.

Знаходзіцца на вуліцы Чырвонаармейскай. Будынак навучальнай установы, узведзены ў 1936 годзе, ахоўваецца дзяржавай як помнік архітэктуры. У 2018 годзе была прызнана найлепшай сярэдняй школай у Мінску па выніках гарадскога конкурсу «Найлепшыя ўстановы адукацыі 2018 года»[1]. Адукацыйная сістэма школы заснавана на асабова-арыентаваным падыходзе ў навучанні і выхаванні вучняў у межах рэалізацыі праграмы «Сталічная адукацыя»[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Партрэт Канстанціна Восіпавіча Фальковіча, заснавальніка гімназіі. Янкель Кругер, 1908. НММРБ

Паводле архіўных звестак, у 1906 годзе была адчынена Мінская прыватная з правамі ўрадавай мужчынская гімназія З. П. Зубакіна і К. В. Фальковіча (у некаторых крыніцах — «філалагічная гімназія»), якая знаходзілася на месцы цяперашняга будынка гістарычнага факультэта БДУ на вуліцы Скобілеўскай, 8 у даходным доме, які належаў Іосіфу Маісеевічу Падвальнаму.

У 1918 годзе гімназія была рэарганізавана ў 4-ю школу другой ступені, а ў 1921 годзе атрымала статус сямігадовай. У 1934 годзе школе было прысвоена імя С. М. Кірава, а з 1936 года ўстанова атрымала ў сваё распараджэнне будынак па вуліцы Чырвонаармейскай, 11. Ён быў спраектаваны ў рамках праграмы новай забудовы вуліцы Кірава, разам з узведзеным у той жа перыяд Домам Піянераў і комплексам Ленінскай бібліятэкі, па праекце архітэктара Герасіма Якушкі.

Прыбудова
Вітражы ў прыбудове

Падчас Другой сусветнай вайны школа была цалкам знішчана. У 1979 годзе яна была рэканструявана, да галоўнага корпуса быў прыбудаваны 6-павярховы аб’ём па праекце архітэктараў B. Каракі і В. Шалкоўскага, і такім чынам установа атрымала статус школы з музычным ухілам. З 2009 года музычныя прадметы вывучаюцца на факультатыўных занятках.

Музычная плынь[правіць | правіць зыходнік]

З 1979 года школа носіць статус установы з музычным (інструментальным) ухілам. На сягонняшні дзень на музычным аддзяленні працуюць 52 педагогі і канцэртмайстры, з якіх 24 педагогі маюць вышэйшую катэгорыю, 20 — першую катэгорыю, 1 — другую катэгорыю.

З 1989 года музычную плынь узначальвае Людміла Міхайлаўна Вінаградава — выдатніца адукацыі Беларусі. Сярод выкладчыкаў ёсць артысты буйных канцэртных калектываў Беларусі, выкладчыкі вядучых музыкальных ВНУ Мінска, лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў.

У бягучым вучэбным годзе ў музычных класах навучаюцца больш за 400 чалавек па 13 спецыяльнасцях: фартепіяна, скрыпка, віяланчэль, флейта, кларнет, трамбон, ударныя інструменты, баян, акардэон, цымбалы, мандаліна, балалайка, гітара. Штогод вучні прымаюць удзел у міжнародных конкурсах і фестывалях, рэспубліканскіх і гарадскіх мерапрыемствах. На базе школы адбываюцца розныя мерапрыемствы як гарадскога, так і рэспубліканскага значэння.

У рамках фестывалю-конкурсу «Спадчына» у сценах школы адбываецца рэспубліканскі фестываль імя І. Дабравольскага. Лекцыі выкладчыкаў школы наведваюць слухачы курсаў АПА. На музычных аддзяленнях праходзяць практыку студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.

Школьная тэлестудыя[правіць | правіць зыходнік]

У школе з 1981 года паспяхова працуе школьнае тэлебачанне. За гады існавання тэлецэнтра накоплены вялікі аўдыё і відэаматэрыял па ўсіх вучэбных прадметах. Знята шмат дакументальных фільмаў і тэлеперадач. Тэлецэнтр дазваляе трансляваць тэлеперадачы ў любы кабінет школы па трох каналах. Шырока выкарыстоўваецца і школьнае радыё: транслюцца абвесткі, радыёперадачы, музычныя перапынкі.

Ужо з 1980 года, калі ў школе яшчэ не было тэлецэнтра, а працаваў толькі кінагурток, фільмы школы прымалі ўдзел у абласных і рэспубліканскіх конкурсах аматарскага кіно і былі ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі. Удзельнікі школьнага кінагуртка, а пазней — кінастудыі «Жураўлік» неаднаразова прымалі ўдзел у перадачы Беларускага тэлебачання «Мы і наша кінакамера».

Спіс тэлефільмаў, якія прымалі ўдзел у нацыянальных фестывалях аматарскіх і студэнцкіх фільмаў і былі узнагароджаны дыпломамі:

  • «Пад шатамі старога сквера» — дыплом за кінематаграфічнае даследаванне гістарычнага сюжэта;
  • «Школьная старонка» — за найлепшы тэлерэпартаж;
  • «Смачная старонка» — за відэафільм у намінацыі «Негульнявое кіно».
  • 2009 г. — відаэролік «Мы абіраем жыццё».
  • 2011 г. — відаэролік «Чарадзейная гісторыя» — у намінацыі «Найлепшая творчая праца вучняў па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энэргарэсурсаў» рэспубліканскага конкурсу «Энэргамарафон».
  • 2015 г. — відаэролік «Зберагай» — II месца ў гарадскім этапе рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці «Энэргамарафон».

Ігравы фільм «Экспромт» быў прызнаны найлепшым фільмам VII Нацыянальнага фестывалю любіцельскіх і студэнцкіх фільмаў у 2002 годзе. А ў 2007 годзе на 1-ым адкрытым гарадскім моладзевым фестывалі відэаролікаў «Кінагрань» у намінацыі «Мой Мінск» перамогу атрымала праца вучаніцы школы № 4 Марыі Курачовай «Горад майго спакою».

Педагагічны калектыў[правіць | правіць зыходнік]

У школе працуе больш за 150 настаўнікаў, сярод якіх 4 выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, 49 педагогаў вышэйшай катэгорыі, 53 педагога першай катэгорыі, выкладчыкі ВНУ і Беларускай Дзяржаўнай акадэміі музыкі.

За перыяд існавання школы яе ўзначальвалі дырэктары А. Н. Станкевіч, В. М. Струсевіч, В. П. Пушкарэвіч, І. Ф. Крук, Л. І. Жыліна, В. К. Фінкевіч, Л. К. Дарафеева, В. А. Новікава, А. П. Цэдрык, Т. А. Бурдыка (1997—2019). З 2019 года школу ўзначальвае Н. У. Малярэвіч.

У ліку настаўнікаў школы былі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны: Уладзімір Мікалаевіч Вярбіцкі, Георгій Ільіч Масюк, Мая Мікалаеўна Рэзаноўская, Елізавета Аляксандраўна Сакалоўская. Працавалі заслужаныя настаўнікі БССР: Анастасія Сафронаўна Бельская, Надзея Паўлаўна Гаўрусейка, Валянціна Казіміраўна Кісялёва. 18 настаўнікаў былі ўзнагарожданы знакам «Выдатнік народнай адукацыі БССР»: Людміла Канстанцінаўна Дарафеева, Зінаіда Сяргееўна Хадасевіч, Серафім Серафімавіч Апанасік, Ніна Іванаўна Казак, Надзея Емяльянаўна Давідовіч, Уладзімір Самойлавіч Брандабоўскі, Клара Львоўна Новікава і іншыя. Некалькі настаўнікаў школы былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Міністэрства асветы СССР, 25 настаўнікаў — ганаровымі граматамі Міністэрства асветы БССР.

Супрацоўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Школьны тэлецэнтр супрацоўнічае з філалагічным факультэтам БДУ. Супольна са студэнтамі факультэта быў створаны тэлефільм «Настаўнік, якога чакаюць дзеці». Запісаны сустрэчы студэнтаў філалагічнага факультэта з пісьменнікамі і паэтамі Беларусі: Іванам Навуменка, Янкам Брылём, Нілам Гілевічам, Рыгорам Барадуліным, драматургам Аляксеем Дударавым і іншымі. Сустрэча з Іванам Шамякіным адбылася літаральна ў апошні год яго жыцця. На аснове гэтых матэрыялаў робяцца перадачы для паказвання вучням на ўроках беларускай літаратуры. У жніўні 2007 года была скончана праца над тэлефільмам «Спадчына», які прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]