Сёгі ў Беларусі
Сёгі — папулярны від інтэлектуальных гульняў і від спорту ў свеце і ў Беларусі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя сёгі ў Беларусі непараўна звязана з асобай аднаго з вядучых выкладчыкаў сёгі ў Еўропе Сяргея Лысенкі . З 2005 па 2010 год пры БДПУ імя М. Танка дзейнічаў клуб сёгі пад яго кіраўніцтвам, а ў 2010 годзе ён стаў кіраўніком секцыі сёгі пры мінскім Палацы дзяцей і моладзі.
З 2016 года С. Лысенка з’яўляецца старшынёй грамадскага аб’яднання «Федэрацыя японскіх шахмат сёгі», а ў 2017 годзе стаў сузаснавальнікам мінскага сёгі-клуба «Гінкамуры».
Першым міжнародным спаборніцтвам па сёгі, якое было праведзена на тэрыторыі Беларусі, стала Адкрытае першынство БДПУ імя М. Танка ў 2007 годзе. Таксама ў Мінску праводзіліся Чэмпіянат свету і Чэмпіянат Еўропы 2013 года, апошні сабраў рэкордную на той момант колькасць удзельнікаў з Еўропы, Азіі і Паўднёвай Амерыкі. Чэмпіянат Еўропы 2020 года таксама планаваўся ў Мінску, але быў адменены з прычыны пандэміі каранавіруса.
Вядомыя гульцы
[правіць | правіць зыходнік]На жнівень 2020 года ў топ-10 еўрапейскага спісу рэйтынга Эла для сёгістаў уваходзяць пяць гульцоў, якія выступаюць за Беларусь[1]:
- Сяргей Карчыцкі (3 месца)
- Вінсент Танян (4 месца)
- Максім Шапараў (6 месца)
- Уладзіслаў Закржэўскі (7 месца)
- Антон Старыкевіч (8 месца)
Таксама высокія месцы ў рэйтынгу займаюць Пётр Шчаслёнак, Іван Марцаў, Сяргей і Андрэй Лысенкі і Аляксей Лаўрыновіч.
Беларусь займае другое месца ў свеце па сярэднім рэйтынгу пяці найлепшых гульцоў краіны пасля Японіі[2] і мае самую высокую колькасць актыўных гульцоў з усіх краін топ-20 гэтага рэйтынгу — 304 чалавекі.