Шахматы ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Шахматы ў Беларусі.

Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву № 11 па шахматах і шашках у Ракаўскім прадмесці

Гістарычныя сведчанні[правіць | правіць зыходнік]

Сярэднявечча[правіць | правіць зыходнік]

Як сведчаць археалагічныя раскопкі, шахматы прыйшлі на Беларусь ужо ў XI стагоддзі. Датаваныя гэтым часам шахматныя фігуры былі знойдзены на тэрыторыі Мінскага Замчышча, а таксама ў Брэсце, Віцебску і Полацку. Цяпер яны захоўваюцца ў музеі старажытнай беларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі[1]. У XI — XIII стагоддзях беларускія землі паводле распаўсюджанасці дадзенай гульні займалі пераважнае месца ва Усходняй Еўропе. З дваццаці ўсходнеславянскіх гарадоў часоў Полацкага і Тураўскага княстваў, у якіх знойдзена хаця б адна шахматная фігурка, пятнаццаць (Брэст, Ваўкавыск, Віцебск, Гродна, Друцк, Копысь, Лукомль, Мінск, Мсціслаў, Наваградак, Полацк, Рагачоў, Слонім, Тураў і горад на рацэ Менка) знаходзяцца ў межах сучаснай Беларусі.

Першыя шахматы на Беларусі мелі абстрактную форму, вобразна не звязаную з лексічным значэннем назвы. Прыкладна ў ХІXII назіраецца адыход ад усходняга канона. Фігурка ставіцца на точаную, амаль як у сучасных шахматах, круглую аснову з кароткай шыйкай, падзеленай кругавым борцікам на два ярусы. Шахматныя фігуры страчваюць падабенства са сваімі ўсходнімі папярэднікамі і набываюць ускладненую форму.

Параўнанне знойдзеных на Беларусі абстрактных шахмат з іх аналагамі з Кіева, Вялікага Ноўгарада і Сандаміра (Польшча) паказвае, што ўсе яны выкананыя ў адным традыцыйным стылі. Дакладнае тэхнічнае-кампазіцыйнае падабенства дазволіла польскім навукоўцам Е. і Г. Гансоўскім зрабіць выснову, што ў Польшчу шахматы трапілі з «суседняй Русі», г. зн. з Беларусі.

Цікава, што ў Кормчай кнізе (1262), якая з’яўлялася зборам рэлігійных кананічных правіл і норм, шахматы параўноўваліся з п’янствам, гуляць у іх забаранялася пад страхам адлучэння ад царквы. Аднак гэта не перашкодзіла павелічэнню попыту на шахматы, пра што сведчыць узнікненне новай рамесніцкай спецыяльнасці — «шахматнікаў».

У пазнейшы час шахматы не страцілі сваёй папулярнасці: так, у адпаведнасці з археалагічнымі даследваннямі ў Троцкім замку, атачэнне князёў Вялікага Княства Літоўскага вельмі захаплялася шахматамі[2]. Не абміналі ўвагай шахматную гульню і славутыя літоўскія (беларускія) шляхецкія роды: вядома, што ў шахматы гуляла Барбара Радзівіл[3], а канцлер ВКЛ Леў Сапега меў уласны набор фігурак, якія былі зроблены са слановай косці[4]. На Беларусі існавалі дзве традыцыі вырабу шахматных фігурак — стылізаваныя шахматы і шахматы-выявы як творы мастацтва. Матэрыяламі для вырабу шахмат з’яўляліся косці, рогі, дрэва і камень. У розных мясцінах шахматныя фігуркі мелі розную форму. Да прыкладу, віцебская ладдзя нагадвала трызубец, гродзенская — баявы карабель з вёсламі, ваўкавыскія пешкі ўяўлялі з сябе барабаншчыкаў, а лукомльскі ферзь — военачальніка[1]. Апісанні шахматных фігурак пад рознымі назвамі сустракаюцца ў летапісных зводах.

Новы час[правіць | правіць зыходнік]

Пасля ўваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі шахматы працягваюць карыстацца папулярнасцю сярод мясцовай шляхты, а шахматная гульня робіцца адным з атрыбутаў вялікалітоўскіх кавярань[5]. Цікава, што сярод асабістых рэчаў Кастуся Каліноўскага, канфіскаваных расійскімі ўладамі, згадваецца і скрынка з шахматамі[6]. На пачатку XX ст. папулярнасць шахмат на Беларусі значна ўзрастае. Так, у 1902 годзе ствараецца шахматны гурток у Мінску1903 годзе быў надрукаваны яго статут)[7], а ўжо ў 1904 годзе гурток праводзіў шахматны турнір, пераможца якога мусіў атрымаць жэтон з надпісам «Найлепшы шахматыст Мінска». У 1902 г. з’явіўся і першы шахматны аддзел у друкаваным выданні на тэрыторыі сучаснай Беларусі (у газеце «Мінскі лісток»; праіснаваў каля 8 месяцаў да 1903 г.)[8]. Значнай падзеяй у спартыўным жыцці Віцебска было стварэнне гуртка аматараў шахматнай гульні ў 1901 годзе[9]. Першымі значнымі мерапрыемствамі віцебскіх шахматыстаў былі ўдзел у сеансе адначасовай гульні супраць майстра Я. Зноска-Бароўскага (Віцебск, 11 студзеня 1913 года)[10], матч па перапісцы з шахматыстамі Цвяры[11], які доўжыўся ў 1913—1915 гг. і завяршыўся ўнічыю (1:1)[10].

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

Найвялікшага свайго развіцця шахматная гульня на Беларусі дасягнула ў часы БССР. У гэты час шахматы робяцца па-сапраўднаму масавай гульнёй. Шахматамі захапляліся класікі беларускай літаратуры Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, акадэмікі І. Вятохін, Б. Сцяпанаў, Ф. Фёдараў, прафесар, доктар медыцынскіх навук М. Місюк, а народны паэт БССР Аркадзь Куляшоў і народны артыст рэспублікі кампазітар Д. Смольскі выступалі ў афіцыйных спаборніцтвах і мелі першы спартыўны разрад. Першым чэмпіёнам БССР стаў доктар Саламон Розенталь у 1924 г., першай чэмпіёнкай БССР — работніца мінскага завода «Метал» Дунер у 1928 г. У міжваенны перыяд віцяблянін Уладзіслаў Сіліч, мінчане Ісак Мазель, Гаўрыла Верасаў і гамяльчанін Абрам Маневіч здабылі званне майстра. Усе яны выступалі ў чэмпіянатах СССР і паказвалі някепскія вынікі. Так, у 1940 годзе Верасаў падзяліў у чэмпіянаце СССР сёмае месца, атрымаўшы перамогі над гросмайстрамі Керасам, Котавым, Левенфішам і Пятровым. На пачатку 1950-х гадоў у БССР былі запрошаны выдатны гросмайстар і тэарэтык Ісак Баляслаўскі, майстры Аляксей Суэцін, Аляксей Сакольскі, Барыс Гальдзенаў, чэмпіёнка СССР Кіра Зварыкіна. Першым поспехам зборнай каманды БССР былі бронзавыя медалі на III Спартакіядзе Народаў СССР. Выдатныя вынікі былі дасягнуты на міжнароднай арэне — гэта перамогі над камандай Польшчы, адной з наймацнейшых на той час камандай Венгрыі, зборнай ГДР і Заходняга Берліна. Найбуйнейшымі шахматнымі спаборніцтвамі, праведзенымі ў гэты час на Беларусі, былі чэмпіянаты СССР 1979 і 1987 гадоў. У канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў з’явілася вялікая група маладых таленавітых шахматыстаў — Альберт Капенгут, Віктар Купрэйчык, Тамара Галавей, Галіна Арчакова, Вячаслаў Дыдышка і іншыя. У 1980 годзе Віктар Купрэйчык, першы з выхаванцаў беларускіх трэнераў, здабыў званне міжнароднага гросмайстра. У далейшым званне гросмайстра атрымалі Барыс Гельфанд, Ілья Смірын, Андрэй Кавалёў, Вячаслаў Дыдышка, і іншыя. Увогуле, Беларусь мае звыш 15 гросмайстраў[12].

Наш час[правіць | правіць зыходнік]

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках у Мінску

У цяперашні час папулярнасць шахмат у Беларусі некалькі знізілася: спыніла існаванне тэлевізійная перадача «Пра шахматы і шахматыстаў» на БТ, закрыліся спецыялізаваны бюлетэнь «Шахматы, шашки в БССР» і часопіс «Шахматы», эмігрыравалі з Беларусі заслужаныя трэнеры Міхаіл Шарашэўскі, Аба Шагаловіч, Альберт Капенгут і Тамара Галавей, а таксама гросмайстры Барыс Гельфанд, Ілья Смірын, Яўген Агрэст[13]. У рамках «аптымізацыі» структур міністэрства спорту і турызму на пачатку 2010-х гадоў закрыта частка аддзяленняў шахмат у беларускіх ДЮСШ (напрыклад, у Бабруйску, Клімавічах)[14].

Беларусь, па стане на 2015 год, займала 22-е месца ў рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі шахмат. У краіне налічвалася 17 гросмайстраў і каля 30 майстроў. У беларускіх ДЮСШ працуе шэраг аддзяленняў шахмат, спецыялізаваная шахматна-шашачная школа (СДЮШАР-11 у Мінску). Каардынуе шахматнае жыццё ў краіне ГА «Беларуская федэрацыя шахмат». Сярод яе дасягненняў — удзел у арганізацыі штогадовых чэмпіянатаў краіны, а таксама буйных міжнародных турніраў, напрыклад, Мемарыяла Бранштэйна (Мінск, люты 2014), чэмпіянатаў Еўропы па бліцы і хуткіх шахматах (Мінск, снежань 2015).

Дэбюты, звязаныя з Беларуссю[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Шахматы и шашки(недаступная спасылка)
  2. Вячаслаў Ракіцкі. Шахматы — народная гульня: Размова з Алегам Трусавым // «Скарбы» 1992-5 [1]
  3. Барбара Радзівіл Архівавана 22 ліпеня 2011.
  4. Сяргей Чыгрын. У Слонімскай друкарні адноўленая цэнзура // Радыё Свабода, 12.07.2005
  5. Алег Дзярновіч. Кава // Наша Ніва, 2005-19
  6. Віктар Корбут. Па віленскім бруку Архівавана 6 ліпеня 2011. // «Турызм і адпачынак» № 22/2008
  7. Рубінчык, Вольф. З гісторыі Беларусі шахматнай. Мінск: Шах-плюс, 2012. С. 83-86.
  8. https://belisrael.info/?p=17619
  9. Ала Галубовіч, Ларыса Лісава. Віцебская губерня ў дакументах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Архівавана 5 верасня 2007. // Беларускі гістарычны часопіс, 2002-04
  10. а б Віцебскія шахматысты на пачатку ХХ ст. / Рубінчык В. Нарысы шахматнай мінуўшчыны і будучыні. Мінск: Шах-плюс, 2014. С. 45-48.
  11. Витебск — город спортивных традиций
  12. Абрам Ройзман. Игра миллионов. // Шахматы в Беларуси
  13. Евгений Мочалов. Битва интеллектов продолжается // Физкультурник Белоруссии, 22 июля 2008
  14. Рубінчык, Вольф. Нарысы шахматнай мінуўшчыны і будучыні. Мінск: Шах-плюс, 2014. С. 86.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]